Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

“Міру ўсім!”, або Пра тое, як жыць з любоўю і верай

Нядзеля. У храме Свяціцеля Ціхана шматлюдна. Стаяць жанчынкі сталых гадоў з мудрымі і такімі добрымі тварамі. Дапытліва паглядаюць на абразы вачаняты хлопчыкаў і дзяўчынак. Склаўшы тры пальцы ў пучок, хрысціцца юнак. Да высокіх царкоўных зводаў уздымаецца малітва, а за ёю такія важныя словы з вуснаў святара: “Міру ўсім!”. Богаслужэнне правіць айцец Пётр, настаяцель гэтага храма, чалавек, які не любіць гучных прамоў, які проста жыве і з любоўю і верай робіць сваю справу.

“Міру ўсім!”, або Пра тое, як жыць з любоўю і верай

Пабудуем храм

У Ганцавічы Пётр Піліпчук, учарашні семінарыст Маскоўскай духоўнай семінарыі, прыехаў шчодрай вераснёўскай раніцай. На малазнаёмым чыгуначным вакзале яго і маладую жонку, матушку Ірыну, ніхто не сустракаў. Дый навошта?! Шлях да царквы, што месцілася ў тагачасным прыстасаваным будынку былога Дома піянераў, малады святар добра ведаў. Хвалюючай і надзвычай кароткай падалася першая служба на свята Узвіжання Святога Жыватворнага Крыжа. Калі вернікі разышліся, а дзверы царквы зачыніліся, у бацюшкі мільганула трывожная думка: а дзе ж і ў каго застацца на начлег? Добрыя людзі знайшліся. Адна з прыхаджанак храма запрасіла спыніцца ў яе. За сціпла прыбраным сталом Пётр і Ірына Піліпчукі частаваліся духмянай гарбатай, жаўтабокім сырам хатняга прыгатавання і расказвалі аб сабе, аб сваіх планах на будучае.

А планы зводзіліся да аднаго — да будаўніцтва. Айцу Пятру Пінскай епархіяй было даручана арганізаваць на Ганцаўшчыне ўзвядзенне праваслаўнага храма, і ён з вялікай духоўнай радасцю згадзіўся. Ісці на гатовы прыход не хацелася, тым больш вопыт будаўніцтва ўжо быў. На прасторах бяскрайняй праваслаўнай Расіі залатымі купаламі зіхацелі храмы, да якіх і ягоныя рукі, душа былі прыкладзены.

Храм на Ганцаўшчыне пачалі будаваць на пачатку дзевяностых, безграшовых і незразумелых гадоў. Таму ўсе сродкі, якія паступалі ў бюджэт царквы, ішлі на будаўнічыя матэрыялы, выплату заработнай платы людзям з суседняй Украіны, што шчыравалі на будоўлі. Свае ўласныя жаданні і патрэбы прыходзілася адкладваць на другі план. Некаторыя прыхаджане ўспамінаюць і сёння, як малады святар садзіўся ў доўгай нязручнай расе на веласіпед і ехаў, ехаў да тых, хто мог зразумець, хто мог падтрымаць і дапамагчы.

Матушка Ірына неяк успамінала: “У нашай першай двухпакаёвай кватэры працерлася фарба на падлозе, а мне, маладой гаспадыні, так хацелася ўтульнасці, прыгажосці. На прапанову зрабіць хоць невялікі касметычны рамонт бацюшка сказаў: “Давай не будзем спяшацца. З Божай дапамогай пабудуем храм, а потым будзем думаць аб сваім, уласным”.

Царква — наш дом

Сям’я Піліпчукоў была шматдзетнай. У вялікай прасторнай хаце, што стаяла ў цэнтры вёскі Белавуша Столінскага раёна, гадаваліся два хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі. Нягледзячы на тое, што бацькам, Уладзіміру Адамавічу і Сцепанідзе Паўлаўне, даводзілася працаваць многа і цяжка, паход у царкву быў справай святой. Акрамя таго, маці спявала на клірасе і не прапускала без прычыны аніводнай службы. Да гэтага прывучала і ўсіх сваіх сямейнікаў, асабліва старэйшых дзяўчынак. Калі малодшанькаму, гарэзліваму і яснавокаму хлапчуку Пятру, не надта хацелася ісці ў храм, яго старэйшая сястра Марыя брала за руку і казала: “Ідзём усе! Мы — адна сям’я, і царква — наш дом!”.

Не змарнаваныя на пустое, прайшлі-праляцелі гады. Старэйшая з Піліпчукоў Надзея (у манастве Феадора) стала ігуменняй Казанскага жаночага манастыра, выйшлі замуж за святароў Марыя, Наталля і Вера. Пабудаваў храм у Івацэвічах, у гэтым жа раёне ўзнавіў да жыцця больш за дзесяць духоўных святынь раёна брат Рыгор, благачынны цэркваў Івацэвіцкай акругі. Дваццаць тры гады служыць Царкве і людзям зямлі Ганцавіцкай протаіерэй Пётр Піліпчук, аддана, шчыра, свята верачы, што “Богу трэба аддаваць усё самае лепшае”.

Сям’я

Пасля адыходу бацькоў у вечнасць дом у Белавушы айцец Пётр прадаў. Роспачы і шкадавання не было, тым больш, што атрыманыя грошы вырашана было “пусціць” на распачатае будаўніцтва храма ў гонар Свяціцеля Ціхана ў Ганцавічах. Рашэнне айца Пятра падтрымалі старэйшыя брат і сёстры. А недзе праз год, у ліку першых, сям’я Пятра Піліпчука атрымала беспрацэнтны крэдыт з боку дзяржавы на будаўніцтва ўласнага дома, вялікага, прасторнага, светлага. Дома, дзе сёння добра і ўтульна дзецям, дзе ёсць месца для шчырай малітвы і цёплых сустрэч.

Дзякуй Богу, дом не пустуе. У ім жыве шчасце. У ім добра і ўтульна дзецям Варвары і Дзянісу, Марыі і Мікалаю, Ільі і Кацярыне, Лізавеце і Ганне, Серафіму і малодшанькай Васіліне.

Некалькі гадоў таму Варвара пайшла замуж. Сёння са сваім мужам Ільёй (ён дыякан у Маладзечанскім саборы), дачушкай Ульянай і сынком Ціханам яна часта наведваецца да бацькоў, нязвыкла для сябе і, безумоўна, іншых называючы айца Пятра і матушку Ірыну простымі і такімі важнымі ў жыцці для кожнага чалавека словамі — бабуля і дзядуля. Дарэчы, Ціхан нарадзіўся 26 верасня, а гэтая дата ў жыццёвым календары Піліпчукоў адметная — роўна дваццаць тры гады таму айцец Пётр і матушка Ірына прыехалі на Ганцаўшчыну.

Сёння айцец Пётр, як некалі і ягоныя бацькі, стараецца шляхам веры весці сваіх дзяцей. Споведзь, прычасце, сістэматычнае наведванне храма — гэта не павіннасць для іх, а жыццёвая неабходнасць. У мінулым годзе дзевятнаццацігадовы Дзяніс стаў семінарыстам Маскоўскай семінарыі, да таго ён доўгі час дапамагаў бацьку ў храме. Хлопец добра адчувае на сабе магутную сілу малітвы, ён з павагай ставіцца да святарскай работы, да справы, якой служаць самыя родныя для яго людзі.

Ізбійскі Бор

Ізбійскі Бор — асаблівае месца для айца Пятра. Сюды яго душа імкнецца, калі добра і радасна, тут яму ўцешна і спакойна, калі распякае сэрца боль і неразуменне. У адзіноце, не назіраючы за імклівым часам, ва ўсёабдымнай цішыні, сярод векавых сосен і магутных паклонных крыжоў ён любіць пасядзець, памаўчаць, падумаць… Самыя нечаканыя мары прыходзяць да яго, каб потым стаць рэчаіснасцю.

Некалькі гадоў таму, мабыць, толькі айцец Пётр мог пераканаўча сцвярджаць: на святым месцы ў Ізбійскім Бары будзе стаяць казачная, таямнічая капліца ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. І будуць сюды прыязджаць, прыходзіць паломнікі, каб памаліцца, каб папрасіць у Маці Божай дапамогі і міласці Усявышняга.

Неяк мне давялося быць сведкай адной сустрэчы. Заснежаным, марозным днём у Ізбійскі Бор прыехалі журналісты са сталічнай газеты “Беларускі час”. Сустракаў гасцей і расказваў пра святое месца айцец Пётр. Трэба было чуць, якая магутная сіла была ў словах святара, глыбіня і вера, колькі ў ягоных вачах было радасці і шчасця. Пазней успомніліся словы матушкі Ірыны: “Бацюшка не можа жыць без справы. Калі быў пабудаваны храм у горадзе, я яму казала, што хопіць будоўляў, адпачні… Прайшло некалькі гадоў. І ў вачах бацюшкі патухла святло, адчувалася нейкае завяданне душы, ягонай надзвычай дзейнай і няўрымслівай натуры”.

Сёння, калі праходзяць святочныя богаслужэнні, глыбокую лясную цішыню парушае спрадвечная малітва і галасы вялікай колькасці людзей-вернікаў. Марыць айцец Пётр, што пройдзе час і на святым намоленым месцы прытулак для душы знойдуць манахі. І будуць яны маліцца за мір, за простае шчасце людское, будуць прасіць, каб Гасподзь умацоўваў дух людзей, даваў сілы і цярпенне ўсім.

Замест эпілога

Пасля летняга цёплага дажджу дыхаецца добра і лёгка. Асцярожнае сонца выпаўзае на сінім небе, пускаючы на зямлю паласу суцэльнага святла. Падставіўшы пад яго свае залатыя галоўкі з праваслаўнымі крыжамі, зіхаціць у маўчанні храм Свяціцеля Ціхана. Ля каваных уручную варот спыняецца аўто. Таропка і па-юнацку лёгка выходзіць з яго айцец Пётр. На дварэ вечарэе, але ж да канца яго працоўнага дня яшчэ так далёка. Няма часу, каб сядзець без справы і спачываць на лаўрах.

Наперадзе яшчэ адна будоўля. Побач з храмам стаяць амаль што раскіданыя старыя будынкі. Хоча айцец Пётр, каб на іх месцы з Божай дапамогай і падтрымкай людзей з’явіўся праваслаўны адукацыйна-досугавы цэнтр. І так будзе! Бо ў грудзях гэтага чалавека сэрца, жывое, поўнае святога агню і невымернай сілы жаданняў.

Протаіерэй Пётр Піліпчук, бацюшка, айцец Пётр… Ён можа быць розным — вясёлым і строгім, непакорным і даверлівым, жыццястойкім і знясіленым. Усё залежыць ад абставін, ад людзей, якія побач. Ён такі ж, як усе, ён чалавек! Нязменнымі застаюцца толькі адкрытасць душы, яго трапяткія адносіны да Бога і Царквы.

Галіна ПУПАЧ.

Фота аўтара.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Ганцевичей

Поздравление от руководства района с 30-летием вывода советских войск из Афганистана

Хотите узнать больше? Поздравление от руководства района с 30-летием вывода советских войск из Афганистана Уважаемые воины-интернационалисты, члены семей погибших! 21

Опыт — для всех, награда — лучшим

Хотите узнать больше? Важнейшим средством повышения педагогического мастерства учителей является хорошо организованная методическая работа. Главной структурой, 32

Тюбинг: зима прекрасна, когда безопасна!

Хотите узнать больше? Катание с горок – любимое зимнее развлечение как для детей, так и для взрослых. Тем не менее, надо помнить, чтоКатание с горок – любимое зимнее 18

Объявлен конкурс на включение в резерв руководящих кадров

Хотите узнать больше? Объявлен конкурс на включение в резерв руководящих кадров и перспективный кадровый резерв Ганцевичского райисполкома на 2019 год. Требования, которые 44

1 января 2019 года вступил в силу технический регламент ЕАЭС «О безопасности упакованной питьевой воды, включая природную минеральную воду»

Хотите узнать больше? 1 января 2019 года вступил в силу технический регламент ЕАЭС «О безопасности упакованной питьевой воды, включая природную минеральную воду» Документ 34

В субботу состоится турнир по многоповторному жиму штанги лежа, посвященный 30-летию вывода советских войск из Афганистана

Хотите узнать больше? Открытый турнир по многоповторному жиму штанги лежа, посвященный 30-летию вывода советских войск из Афганистана и Дню памяти 30

Конкурс «Селфи с мамой» продолжается

Хотите узнать больше? Напоминаем, что районная газета запустила конкурс «Селфи с мамой». Суть участия в нём проста – необходимо сделать фотографию с самымНапоминаем, что 35

Сотрудники РОЧС проверили состояние пожарной безопасности в «Березовце»

Хотите узнать больше? Инспекцией надзора и профилактики Ганцевичского РОЧС в январе 2019 года проведена выборочная проверка состояния пожарной безопасности ОАО «Березовец» 19