Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Брыльянтавы россып на стужцы жыцця

Брыльянтавы россып на стужцы жыцця

Ёсць сем’і, з якімі сустракаешся ўпершыню, а пры развітанні здаецца, што знаёмы шмат гадоў. Вочы гэтых людзей літаральна свецяцца добразычлівасцю, сардэчнасцю і спагадай. А тактоўная і шчырая размова яшчэ больш збліжае субяседнікаў.

Гэта ў поўнай меры датычыцца Мікалая Антонавіча і Соф’і Іванаўны Курылікаў. 12 жніўня яны адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця, інакш кажучы, брыльянтавае вяселле. Ці марылі Мікалай і Соф’я аб такой урачыстай даце?

— Мы ніколі не лічылі і не лічым сумесна пражытыя гады, — шчыра адказвае гаспадыня. — Ды і навошта іх лічыць? Усё залежыць ад Бога. Колькі ён адмерае часу, столькі чалавек і пражыве. Ні больш, ні менш.

Мікалай і Соф’я нарадзіліся і выраслі ў адной вёсцы — у Любашаве. Жылі і не ведалі адзін аднаго.

— Я ж амаль на пяць з паловай гадоў старэйшы, — усміхаецца Мікалай Антонавіч. — Проста не прыкмячаў Соф’ю. Ці мала бегае па вясковай вуліцы маленькіх дзяўчынак? А пазнаёміўся з будучай жонкай у 1953 годзе на танцах. Адразу кінуліся ў вочы яе прыгажосць, няўрымслівасць, вясёлы характар.

Мікалай толькі што адслужыў трохгадовую ваенную службу. Выконваў воінскі абавязак у Адэсе, быў звычайным… краўцом. Гэтую прафесію асвоіў у артэлі “Сцяг працы”, дзе адпрацаваў чатыры гады. Вось і накіравалі ў дывізіённую майстэрню, дзе абшываў ваеннае начальства. Пасля службы некалькі месяцаў працаваў мулярам на сушыльным заводзе. А затым выпадковыя абставіны крута змянілі лёс маладога хлопца.

Аднавясковец, які атрымаў павышэнне, прапанаваў Мікалаю сваю пасаду — начальніка каравула ў Ганцавіцкай прафесійнай пажарнай часці. Згадзіўшыся, хлопец потым ледзь не пашкадаваў аб сваім рашэнні. Трэба было прайсці, а дакладней, вытрымаць праверку ў КДБ. Выклікалі ў Пінск, замучылі пытаннямі. Адпусцілі толькі тады, калі пераканаліся ў палітычнай надзейнасці Мікалая. Пасля было накіраванне на вучобу ў Мінск. Вось у час прыезду дамоў і пазнаёміўся хлопец з маладзенькай Соф’яй. Тады яна працавала ў райфінаддзеле бухгалтарам.

Хутка прыйшло каханне. Пабраліся шлюбам у мясцовым, Любашаўскім сельсавеце, калі Мікалай закончыў вучобу.

— Быў звычайны будзённы дзень, — успамінае Соф’я Іванаўна. — На такую ўважлівую прычыну — рэгістрацыю шлюбу — на паўгадзіны адпусцілі з работы.

— А я пасля сутачнага дзяжурства быў на выхадным, — дапаўняе жонку Мікалай Антонавіч. —  Зарэгістравалі шлюб хутка. Соф’я пайшла на работу, а я адправіўся зграбаць і складваць у копы сена.

Сённяшнія маладыя людзі і ўявіць сабе не могуць, як пры такіх абставінах можна станавіцца мужам і жонкай. А яны, Мікалай ды Соф’я, не зважаючы ні на што, у той момант былі самымі шчаслівымі ў свеце.

Вяселле згулялі праз месяц. Шматлікім гасцям хапала і ежы, і пітва. Тады і павянчаліся ў Ганцавічах. У той час царквы не было. Бацюшка вянчаў маладых у сваёй хаце.

Знамянальныя даты ўпрыгожваюць чалавечыя лёсы. Гэта не толькі юбілеі. Адны з чаканых і запамінальных падзей — нараджэнне дзяцей. А іх у Соф’і і Мікалая Антонавіча двое — у 1955 годзе з’явілася на свет дачка Ірына, а праз пяць гадоў — сын Анатоль.

Як цяжка выхоўваць дзяцей, ведалі не па чутках. Самі выраслі ў шматдзетных сем’ях, зараз такіх рэдка знойдзеш. У бацькоў Мікалая было дзевяць дзяцей, у бацькоў Соф’і — шасцёра. Можа, таму і задаволіліся толькі сынам і дачкой.

Жылі ў бацькоўскай хаце. Праз 12 гадоў Мікалай вырашыў будаваць уласнае жыллё.

— Якія тады былі заробкі — мізэр! — успамінае ён. — Прыходзілася, як цяпер кажуць, круціцца. Каб зарабіць кубаметр будаўнічай драўніны, трэба было цэлы дзень у лясгасе грузіць бярвенні. Дапамагаў брат разам са знаёмым. Прычым, працавалі ў вольны ад асноўнай работы час. Даводзілася таксама падрабляць у будаўнічай брыгадзе, на сеялцы ў калгасе. Нягледзячы на розныя цяжкасці, праз два гады справілі наваселле. Як гэтаму мы радаваліся, нават  нельга перадаць словамі!

Жыццё працягвалася. Выраслі дзеці, займелі свае сем’і, парадавалі бацькоў дзвюма ўнучкамі і столькімі  ж унукамі. Усё, здавалася, ідзе так, як і ў іншых працавітых і харошых людзей. Вось і ўнучка Юля аддзячыла дзядулю і бабулю праўнучкай, а ўнук Дзяніс — праўнукам.

Мікалай Антонавіч і Соф’я Іванаўна пайшлі на заслужаны адпачынак. Гаспадар знаходзіўся на пасадзе начальніка каравула 36 гадоў, быў прызнаны ў вобласці лепшым па прафесіі. Гаспадыня з райфінаддзела перайшла ў райпо, дзе 34 гады адпрацавала бухгалтарам. З’явілася больш часу ўдзяляць увагі хатняй гаспадарцы, а яна была вялікай. Трымалі на падворку тры каровы, штогод выкормлівалі па чатыры, а то і больш парсюкоў, не лічачы індыкоў і  курэй.

Ды лёс яшчэ раз выпрабаваў Мікалая Антонавіча на загартаванасць характару. Летам 2002 года пры складванні сена гаспадар пахіснуўся і ўпаў са стога, моцна пашкодзіўшы пазваночнік.

— Я жанчына набожная. Увесь час малілася за мужа, — успамінае Соф’я Іванаўна. — Дзякуючы таленавітаму хірургу Сяргею Бабковічу аперацыя прайшла добра. Вось толькі ў майго гаспадара сталі менш дужымі рукі. Але галоўнае, што самастойна ходзіць, без мыліц.

— Усё ж нездарма кажуць, што гады бяруць сваё, — заканчвае размову Соф’я Іванаўна. — Зараз з жыўнасці ў нас толькі куры, сабачка Барсік ды каток Васька. З агародніны садзім агуркі, памідоры, бульбу. Яшчэ ў садзе растуць яблыні і чарэшні. Я займаюся вырошчваннем кветак: яны не толькі на падворку, але і ў хатніх пакоях. Я ўдзячна свайму Мікалаю за каханне і шчасце. Напэўна, гэта галоўнае, чаго жадае ў жыцці кожная жанчына.

Паважаныя Мікалай Антонавіч і Соф’я Іванаўна! Быццам 60 брыльянтаў зіхацяць на вашай прыгожай стужцы жыцця — 60 сумесных гадоў. Гэтая адметная дата — яскравае сведчанне моцнага кахання, сардэчнай спагады і душэўнай дабрыні.

Міхась АРЭШКА.

Фота аўтара.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Первый месяц весны?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Ганцевичей

Поздравление от руководства района с Днем спасателя

Хотите узнать больше? Поздравление от руководства района с Днем спасателя Уважаемые сотрудники и ветераны районного отдела по чрезвычайным ситуациям! Примите сердечные 14

График проведения единых информационных дней в 2018 г.

Хотите узнать больше? График проведения единых информационных дней в 2018 г. 12

На страже семейного равновесия

Хотите узнать больше?   Фото автора В период развития школы XXI века в центре внимания, как и прежде, стоит ребёнок. Но без совместной Фото автора В период развития 18

Профилизация — общемировая тенденция

Хотите узнать больше? В белорусские школы возвратилось профильное образование. Теперь знания на повышенном уровне по отдельным предметам можно получить не только в 20

Развиваем эмоционально-волевую сферу дошколят

Хотите узнать больше? Будик Алеся Анатольевна, педагог-психолог яслей-сада № 2 г. Ганцевичи, молодой, но достаточно энергичный и творческий сотрудник. Занятия с 14

Ні холадна, ні горача, або Чаму я не хачу быць на выбарах пабочным назіральнікам

Хотите узнать больше? 18 лютага 2018 года ў Беларусі пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. Як звычайна, перад важнай палітычнай падзеяй18 лютага 15

СВЕТЛАЙ ПАМЯЦІ ІРЫНЫ РУДКОЎСКАЙ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

Хотите узнать больше? І памяць, і радасць былая, і сённяшні боль 10 студзеня на 71-м годзе жыцця не стала нашай выдатнай зямлячкі Ірыны І памяць, і радасць былая, і 14

Памочнік Прэзідэнта Васіль Герасімаў правёў прыём грамадзян у Ганцавічах

Хотите узнать больше? З пытаннямі да прадстаўніка Кіраўніка дзяржавы звярнуліся 7 чалавек. Падрабязнасці чытайце ў друкаванай версіі «СП» за суботу.З пытаннямі да 14