Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

«Работе готова отдавать всё время и силы»

«Работе готова отдавать всё время и силы»

Галіна Эдуардаўна Барысюк

Яна — таленавіты педагог і музыкант. Чвэрць стагоддзя працуе выкладчыкам па класе цымбал у Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза і два дзесяцігоддзі іграе ў заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь фальклорным ансамблі “Паазер’е”. Свае майстэрства валодання інструментам і любоў да музыкі шчодра перадае дзецям, вучачы іх адчуваць прыгажосць кожнага гуку. Многія выхаванцы Галіны Эдуардаўны Барысюк, якую мы запрасілі да размовы, не раз станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі разнастайных конкурсаў і фестываляў, з’яўляюцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы талена­вітай моладзі. А вя­лікая работа педагога па навучанні дзяцей музыцы сёлета адзначана прысваеннем ёй ганаровага звання “Чалавек года Пастаў­шчыны”. 

— Галіна Эдуардаўна, ведаю, што Вашы карані не на Пастаўшчыне. Раскажыце крыху пра сябе: дзе нарадзіліся, хто бацькі, якім было дзяцінства?

— Нарадзілася ў Оршы. У сям’і былі мама, айчым і малодшы брат. Свайго роднага бацькі не памятаю: мама рассталася з ім, калі мне не было яшчэ і года, і ў далейшым сувязь не падтрымлівала. У маладосці яна працавала афіцыянткай у рэстаране, потым перайшла на льнокамбінат. Маё дзяцінства было шчаслівым, бесклапотным і актыўным, а сама я — спартыўным дзіцем. Вельмі любіла рухомыя гульні і сябравала пераважна з хлопчыкамі. Разам з імі ганяла ў футбол, лазіла па дрэвах. Ніхто нават не думаў, што калісьці ўсё зменіцца і я захаплюся музыкай.

— Калі яна з’явілася ў Вашым жыцці? І чаму выбралі менавіта цымбалы?

— Гэта адбылося ў 4 класе. Як звычайна бывае, у нашу школу прыйшлі выкладчыкі з музычнай і пачалі агітаваць дзяцей запісацца ў яе. Што я і зрабіла. Педагогі прапаноўвалі розныя інструменты, але я сказала, што хачу іграць толькі на цымбалах: раней чула іх па тэлевізары, і мне вельмі падабалася гучанне. Напэўна, гэта Усявышні накіраваў зрабіць такі выбар, бо ён аказаўся абсалютна правільным. Хоць у маім жыцці быў перыяд, калі хацела кінуць музычную школу. Празаймаўшыся тры гады, захапілася грэбляй. З задавальненнем наведвала трэніроўкі ў спартшколе, і трэнер, бачачы ўва мне будучую спартсменку, настойліва рэкамендаваў маме аддаць мяне ў прафесійны спорт. Але мама была непахіснай: дачка павінна закончыць музычную школу. І я вельмі ўдзячна ёй за гэта. З гадамі зразумела: музыка — маё прызванне.

— Ці была альтэрнатыва ёй у плане выбару будучай прафесіі?

— У дзяцінстве я не марыла, кім быць. А ўжо ў класе 7-8 цвёрда ведала, што звяжу сваё жыццё з музыкай, настолькі падабалася іграць, слухаць. Пасля заканчэння васьмігодкі паступіла ў Віцебскае музычнае вучылішча.

— А як трапілі на Пастаўшчыну?

— У нашым вучылішчы быў выкладчык Якаў Паўлавіч Нікіцін. Пэўны час ён кіраваў знакамітым Груздаўскім цымбальным аркестрам. Прывозіў на Пастаўшчыну сваіх студэнтаў, збіраў музыкантаў, якія разам з груздаўскімі музыкамі стваралі прафесійны аркестр. У тую пару з Пастаўскай музычнай школы звальнялася выкладчыца па класе цымбал. І дырэктар школы Анатолій Анатольевіч Собаль звярнуўся да Нікіціна з просьбай параіць яму добрую цымбалістку. Якаў Паўлавіч прапанаваў паехаць у Паставы мне. А каб не адмовілася, пачаў распісваць, як тут добра: маўляў, ёсць рэстаран, некалькі вайсковых часцей. Да заканчэння вучылішча заставалася паўгода, былі варыянты размеркавання паблізу Оршы, магла ўладкавацца на работу і ў самой Оршы. Але мяне чамусьці зусім не цягнула ў той бок, таму, не раздумваючы, згадзілася пераехаць у Паставы. Тут неўзабаве выйшла замуж за ваеннага, нарадзіла дзетак.

— За 25 гадоў работы ў школе мастацтваў Вы ўзгадавалі нямала лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Сярод іх Яна Пачкоўская, Яна Чалей, Саша Палкіна, Саша Барысюк, Ліза Глазава. Як Вам гэта ўдаецца? Раскрыйце сакрэт прафесійнага майстэрства.

— Мне здаецца, любы чалавек можа дасягнуць у сваёй прафесіі пэўных вышынь, калі любіць яе. Я проста гатова аддаваць рабоце ўвесь час і ўсе сілы. Зразумела, што для заняткаў з тымі ж лаўрэатамі адведзеных праграмай гадзін вельмі мала. Таму займаемся дадаткова, у выхадныя дні. Потым, калі бачу канчатковы вынік, слухаю вывучаную дзіцем музыку, атрымліваю вялікае задавальненне, бо ў кожнага дзіцяці свае адносіны да музыкі, і адзін і той жа твор яны выконваюць па-рознаму.

Што да паездак на конкурсы і фестывалі, на іх нас, як правіла, накіроўваюць з Віцебскага музычнага каледжа, куды прывожу паказаць сваіх вучняў. Лічу, што абавязкова трэба кансультавацца з педагогамі больш высокага ўзроўню, каб яны ўласным прафесійным вокам маглі ацаніць падрыхтоўку вучня. А адпраўляцца на конкурс трэба толькі тады, калі дзіця вельмі добра падрыхтавана. Падчас выступлення сваіх выхаванцаў заўсёды неймаверна хвалююся, здаецца, унутры ўсё абрываецца. Часам дзіця менш перажывае, чым я. Увогуле, і падрыхтоўка, і сама паездка забіраюць шмат сіл і эмоцый. Бывае, прыедзеш з конкурсу апустошаная і думаеш: усё, гэта быў апошні. А пройдзе час — і ўсё пачынаецца зноў.

— Вашы дзеці пайшлі па Вашых слядах — абое сур’ёзна займаюцца музыкай. Ці трэба было ў дзяцінстве прымушаць іх гэта рабіць?

— Я хацела, каб сын і дачка акунуліся ў музыку, але абсалютна не думала, што яны вырашаць стаць музыкантамі. Валодзю прывяла ў клас да Анатоля Анатольевіча Собаля ў 6 гадоў. Тады ён яшчэ не разумеў, што можна не хадзіць у музычную школу, і яе наведванне з маленства ўвайшло ў яго ў сістэму. Так жа было з Сашай. У 5-гадовым узросце яна паступіла на харэаграфічнае аддзяленне, потым запісалася на фартэпіяна, а затым паступіла яшчэ і на цымбалы. Абое вучыліся ахвотна, толькі зрэдку, пераважна летам, даводзілася нагадваць, што трэба сесці за інструмент пазаймацца, каб не страціць набытыя навыкі.

— Раскажыце, калі ласка, як зараз складваюцца лёсы сына і дачкі.

— Саша вучыцца ў 7 класе гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Вучыцца з жаданнем, у яе ўсё атрымліваецца. Нядаўна выступала ў філармоніі — іграла дуэтам з яшчэ адной дзяўчынкай. Жыве ў інтэрнаце. І выкладчыкі, і выхавальнікі характарызуюць яе як вельмі самастойнае дзіця. У каледж дачка паступіла ў 6 класе, і гэта быў яе асабісты выбар. Цэлы год Саша марыла аб паступленні туды, дзе займаецца старэйшы брат. Што да Валодзі, ён ужо на 4 курсе акадэміі, цяпер знаходзіцца ў акадэмічным водпуску.

— Ваш муж раздзяляе сямейнае захапленне музыкай?

— Канешне, раздзяляе. Тата ў нас украінец, а ўкраінская нацыя таленавітая і музычная. І я ўпэўнена на сто працэнтаў, што гэтыя якасці перадаліся нашым дзеткам ад яго. У дзяцінстве муж закончыў тры класы музычнай школы, нядрэнна іграў на баяне. Але выбраў прафесію вайскоўца, зараз працуе намеснікам начальніка па тэхнічна-эксплуатацыйнай часцы ў верталётнай часці. Не думаю, што мужу вельмі падабаюцца мае частыя паездкі з “Паазер’ем” і з вучнямі на конкурсы. Напэўна, ён хацеў бы, каб я больш часу праводзіла дома. Тым не менш ніколі нічога мне не сказаў і заўсёды прыглядваў за дзецьмі. Увогуле, Аляксандр — цудоўны бацька, вельмі любіць Сашу і Валодзю, радуецца іх поспехам.

— Галіна Эдуардаўна, на чым трымаецца Ваша сям’я? Што з’яўляецца галоўным ва ўзаемаадносінах з блізкімі?

— На ўзаемаразуменні, любові, даверы, падтрымцы. З сынам і дачкой мы найлепшыя сябры. Яны дзеляцца сваімі радасцямі і бедамі, я стараюся іх падтрымаць, ніколі не асуджаю, дзесьці вучу.

— У Вас шмат сяброў?

— Нямала. Ёсць добрыя знаёмыя, з якімі сазвоньваемся, сустракаемся, наколькі гэта атрымліваецца. Ёсць калегі па рабоце і ансамблі, з якімі праводжу большую частку свайго часу, і яны ўжо сталі амаль роднымі. Але па-сапраўднаму блізкая сяброўка ўсяго адна. Раней яна працавала ў нашай школе, зараз жыве ў Смаргоні. З ёй я магу пагаварыць на любую тэму, і ведаю, што яна мяне зразумее.

— Як Вы звычайна адпачываеце ў вольны ад работы час?

— Я працую на дзве стаўкі шэсць дзён у ты­дзень і прыходжу дамоў выціснутай як лімон. Павячэраўшы, магу нешта пачытаць, зайсці ў інтэрнэт паслухаць музыку, пашукаць штосьці цікавае па сваёй спецыяльнасці. У нядзелю хочацца проста адпачыць, выспацца, пабыць дома. Водпуск праводжу на дачы. Наталяюся цішынёй, рэлаксую, бывае, кудысьці выязджаю. Кожнае лета мы ўсёй сям’ёй адпраўляемся з палаткамі на Азоўскае мора.

— А ці ёсць у Вас яшчэ якія захапленні, акрамя музыкі?

— Яна маё галоўнае і адзінае захапленне. Але калі ёсць час і настрой, люблю займацца выпечкай.

— Разам з ансамблем “Паазер’е” Вы пабывалі ў многіх краінах бліжняга і дальняга замежжа. Калі б Вам прадаставілі магчымасць выбару месца жыхарства, дзе хацелі б пасяліцца?

— У Пскове. Шмат разоў была ў гэтым горадзе на конкурсе з дзецьмі і проста ўлюбілася ў яго. Там столькі цэркваў! У Старым горадзе яны на кожнай вуліцы, многія не дзейнічаюць. Цудоўны старажытны крэмль. Увогуле, у Пскове нейкі асаблівы дух, які мне вельмі падабаецца. Здорава і ў Заходняй Еўропе. Але і дома, у Паставах, таксама добра. Пастаўшчына стала для мяне роднай.

— Пра што Вы марыце?

— Як любая мама, хачу, каб мае дзеткі былі здаровыя, знайшлі сябе ў жыцці і ўсё ў іх склалася так, як яны жадаюць. Яшчэ мару, каб бацькі прыводзілі дзетак у нашу школу. Неабавязкова на цымбалы — на любы інструмент, які ім па душы. Няхай дзіця і не стане прафесійным музыкантам, але ў любым выпадку музыка развівае, робіць чалавека больш добрым і душэўным.

— Што для Вас шчасце? І ці лічыце Вы сябе шчаслівым чалавекам?

— Шчасце — гэта, напэўна, калі ты змог самарэалізавацца ў жыцці ва ўсіх адносінах. Я лічу сябе шчаслівай: у мяне сям’я, дзеці, якімі ганаруся і якія любяць мяне, сябры, якія разумеюць і падтрымліваюць, любімая работа. Што яшчэ трэба?

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Сколько лет в веке? (ответ числом)

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Фестиваль "Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны" пройдет 10-11 декабря

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен Поставский райисполком при поддержке Белорусского фонда культуры, прихода 21

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 25

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 30

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 33

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 29

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 27

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 39

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 42