Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

М. М. Яльчык з бацькамі жонкі — Сафіяй Антонаўнай і Іосіфам Анатольевічам Гутар.

Вёска амаль прыгарадная — напрасткі 9 кіламетраў ад Пастаў. Сёння яна нічым асаблівым не адрозніваецца ад шматлікіх іншых, на чый лёс паўплывалі рэарганізацыі. А вось гісторыя ў Целякоў свая, за што вяскоўцы іх і любяць. Каштоўна тое, што людзі памятаюць многія факты і па­дзеі, і не выключана, што ўжо дзесьці  кімсьці пішацца кніга — час пакажа. А пакуль прапаную свой кароткі аповед пра знаёмства з населеным пунктам. І дапамог мне гэта зрабіць старшыня Курапольскага сельвыканкама, ён жа целякоўскі зяць Мікалай Мікалаевіч Яльчык.

“Неапранутая” Мядзелка

Ідзём па Зарэчнай. Людзі, хто быў дома, віталіся, далучаліся да нас. Расказвалі, што рака ўвесну разлівалася, а цяпер абмялела. Раней вада ў ёй была чыстая, яе можна было піць. Да таго ж Мя­дзелка і рэчышча сваё памяняла. Міхаілу Міхайлавічу Целяку сёлета споўнілася 80, многае памятае. Расказваў, дзе чыя хата стаяла і хто раней тут жыў, чые пад дачы раскупілі, каторыя свайго часу чакаюць і ў якіх гаспадараць дзеці, унукі.

Увагу прыцягнуў калодзеж. “Першы ў вёсцы і дагэтуль дзейнічае, — даводзіць мне М. М. Яльчык. — Сам рамантаваў”. “Дык ён у вас незвычайны, з жоравам” — адзначаю. “Па-нашаму — асвер”, — хтосьці папраўляе. Я пагаджаюся і з задавальненнем слухаю пра тое, як некалі каля студні збіраліся вясковыя кабеты і абмяркоўвалі ўсе навіны. Прапануюць пакаштаваць вады — яе смак ацаніў рэдакцыйны вадзіцель Уладзімір Калібатаў. Дарэчы, яго запрасілі на рыбалку, казалі, што гэта лю­бімы занятак целякоўскіх мужчын, у тым ліку дзяцей і ўнукаў, якія жывуць у горадзе. Рэчка для ўсіх — цудоўнае месца адпачынку, з чым нельга не пагадзіцца. Прырода тут некранутая і берагі ў асфальт “не апранутыя”. А як уражваюць векавыя дубы, ліпы, бярозы!

Завяршылі экскурсію, калі дайшлі аж да самага поплаву, на якім пасвяцца каровы — на сённяшні дзень іх 22 галавы. Малайцы, целякоўцы!

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

Ажно чатыры Тамары Цяляк

— Пачатак жыццёвага шляху звычайна асацыіруецца са школай, — уступае ў гаворку Мікалай Мікалаевіч. — Маёй першай настаўніцай была Кацярына Аляксееўна Лаванава. Клас невялікі — дзесяць чалавек: Пеця Валодзька, Юзэфа Кірплюк, Ліда Лысёнак, Саша Лыга, Гена Мацкевіч… Мы ўсе — з пасляваеннага пакалення. Раслі і вучыліся, як і ўсе дзеці ў любой вёсцы. Але была ў нас адна адметнасць — канікулы: вясной яны пачыналіся тады, калі Мядзелка разлівалася так, што ні прайсці ні праехаць. У гэты час шчупакі заплывалі пад самую хату — іх лавілі рукамі.

Дарог не было, будаваць іх пачалі падчас старшынёўства Міхаіла Ігнацьевіча Юргеля. Тады ж узводзіліся і фермы, і майстэрні, і ўсё астатняе. Наступалі гады, калі людзі за сваю працу сталі атрымліваць грошы. У сем’і вяскоўцаў прыходзіў дастатак. У 1962 годзе, напрыклад, у Целяках у калгасніка Анатоля Юльянавіча Лыгі з’явіўся першы тэлевізар. Неў­забаве яго купілі і бацькі майго суразмоўцы. У хуткім часе пачалі дэманстраваць кіна­фільмы, і Мікалай Мікалаевіч успамінаў, як бегаў “у кіназалу” да суседскай бабулі.

— А пачыналіся Целякі з вуліцы Зарэчнай, — працягвае М. М. Дзіковіч.  — Потым стала забудоўвацца і другая — яе назавуць Цэнтральнай: туды звычайна адсяляліся дзеці ад бацькоў. Праз некаторы час яе заасфальтавалі, а працягнулася яна да таго месца, дзе цяпер магазін. Назву вёсцы, напэўна, даў перасяленец з мядзельскіх Целякоў. Чуў такую гісторыю, быццам пасля адмены прыгоннага права прыехаў адтуль чалавек, купіў у нас зямлю, абжыўся. Памятаю людзей, якія нарадзіліся ў пачатку мінулага стагоддзя. Уяўляеце, было такое, што адначасова ў вёсцы жылі чатыры Тамары Мікалаеўны, і ўсе — Цяляк. Прыйдзе пісьмо на пошту, а работнікі гадаюць, каторай аддаваць.

Успамінаў Мікалай Мікалаевіч чэргі за хлебам, цукеркі-падушачкі ў старым магазіне, пра дзеда свайго сябра — Юльяна Лыгу, які падчас Руска-японскай вайны быў на Далёкім Усходзе, пасля яе знаходзіўся некаторы час у Харбіне, потым вярнуўся дамоў, пазней расказваў дзецям пра кітайцаў, паказваў свае медалі.

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

Анатоль Курдзёнак.

М. М. Дзіковіч, як і многія карэнныя целякоўцы, ведае, як прайшлася Першая сусветная вайна па тэрыторыі Целякоў і які след пакінула пасля сябе. З цеплынёй расказваў, як шчыравалі людзі на зямлі, напрыклад, як апрацоўвалі лён. Дзялку стараліся  выбраць найбольш затравелую, каб і сена можна было накасіць. Бацька, Мікалай Фёдаравіч, працаваў і брыгадзірам, і трактарыстам, і пастухом. Маці, Агрыпіна Яфімаўна, — у паляводстве, на ферме, тэхнічкай у школе. Людзей працы ў калгасе “Шлях да камунізму” ўшаноўваць умелі. Вясной, пасля завяршэння пасяўной, і восенню, пасля ўборкі, ладзілася агульнакалгаснае свята. Гаварыў Мікалай Мікалаевіч і пра сціпласць тагачасных кіраўнікоў: напрыклад, першы старшыня калгаса Анатоль Курдзёнак ездзіў на кані, і калі ехаў па вёсцы, з ім віталіся ўсе жыхары.

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

«Пра ўсё пагаворым»

Праскоўя Юльянаўна Гіль, калі мы да яе завіталі, была ўся ў клопатах — чысціла яблыкі на кампот.

— Ці ведаеце нас? — пытаюся і тут жа збіраюся назвацца, а бабуля ўжо ўсміхаецца:

— Як жа не ведаць Яльчыка?!  Гэта ж наш старшыня сельсавета. Чалавек ваенны, любіць, каб ва ўсім быў парадак. Сам пра гэта клапоціцца і людзям дапамагае. Мікалаевічаў конь пасвіцца на поплаве, дык ён, калі ідзе па яго, спыніцца, пра ўсё распытае. Гаворым падоўгу, і пра вайну таксама. Я ўспамінаю, як была вывезена ў Германію на прымусовыя работы, як вярнулася, працавала ў калгасе. Пра касьбу таксама талкуем. Ганарымся, што ён такі адмысловы касец, ездзіць на конкурсы і перамагае. Хоць вочы ўжо і падво­дзяць, але ў раённай газеце пра гэта чытаю з задавальненнем.

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

Застала пакаленне рупліўцаў

Вясковага старэйшыну Лёнгіна Браніслававіча Маслюка папрасіла расказаць пра дбайных гаспадароў.

— Па ўсіх пытаннях — да майго памочніка — жонкі Людмілы Яўгенаўны, — аджартаваўся Лёнгін Браніслававіч. — Яна медык, ведае, каго пахваліць.

І тым не менш расказаў, што сярод вяскоўцаў нямала такіх, хто і на рабоце ў гаспадарцы шчыруе, і каля свайго дома парадак наводзіць. У іх ліку Міхаіл і Ірына Бурак, Георгій і Алена Цяляк, Святлана Кузняцова, Святлана і Андрэй Цяляк, Галіна Дзядкова.

Тэму прадоўжыла загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта Людміла Яўгенаўна Маслюк.

— Я ў Целяках з 1981 года, зраднілася з вёскай, — гаварыла. — За гэты час вырасла пакаленне целякоўцаў, якое стварыла сем’і і выхоў­вае ўжо сваіх дзяцей. Да мяне звычайна ідуць з праблемамі са здароўем. Трэба кожнага выслухаць, пагаварыць, супакоіць, параіць. А наконт прыгажосці навокал скажу так: залежыць ад чалавека. Я і сама гэтаму вучылася ў вяскоўцаў, бо застала пакаленне рупліўцаў. Бывала, прыйду да бабулькі, старой і нямоглай, а ў яе і ў хаце чысценька, і ў дварышчы парадак, і кветкі пад вокнамі цвітуць. Увогуле, наконт гэтага целякоўцы раней былі больш актыўнымі.

У Людмілы Яўгенаўны і на рабочым месцы камфортна і ўтульна — тут грэюць нават шпалеры, вакол будынка ідэальны парадак, каля ўласнага дома — таксама. Так што вяскоўцам ёсць з каго браць прыклад.

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

Жыццё як адзін дзень

Тамара Канстанцінаўна Цяляк даўнейшай гісторыі вёскі не ведае, а пра тое, што было на яе вяку  (бабулі ўжо 92-гі), памятае.

— Зямля пры Польшчы дзялілася на валокі, — гаворыць. — Магу пералічыць усе дванаццаць: Казакевічаў, Лыгаў, Ваўкоў, Чарэнкаў, Сівіцкіх, Чаркесаў… Астатнюю выкуплівалі за грошы. А грошы мелі тыя, хто ездзіў на заробкі ў Амерыку, Францыю. З нашай вёскі выязджалі Васіль, Данат, Мікалай, Нупрэй, Юстын, Міхаіл. Некаторыя адпраўляліся ў Расію, напрыклад, Антон, Віктар, Канстанцін. Канстанцін — мой тата, у Петрагра­дзе быў памочнікам машыніста. Вярнуўся і ў 1920 годзе ажаніўся. Я нарадзі­лася ў 1924-ым. Закончыла 4 класы польскай школы. Да 1932 года яна знаходзілася ў Целяках, потым — у Казлах (цяпер гэта тэрыторыя Целякоў). Памятаю, як добра радзіў лён. Тры гаспадары мелі малацілкі, хадзілі па вёсках і малацілі лён. У двух меліся кузні. Вёска ганарылася трыма сталярамі, чатырма музыкантамі. Была мода на швачак. У Турлах жыла адмысловая майстрыха, дык у яе па тры дзяўчыны вучыліся швейнай справе.

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

Вяскоўцы ў святочны дзень (даваеннае фота).

Тамара Канстанцінаўна прыгадала, як шанавалі­ся рэлігійныя святы. Напрыклад, да Ушэсця Гасподняга вясковыя жанчыны агулам ткалі на кроснах доўгае палатно — завес. Напярэдадні звечара вуліца прыбіралася і высцілалася аерам, а назаўтра ранічкай — палатном. Збіралася вёска, маліліся каля стала, а потым працэсіяй абыходзілі вёску: старэйшыя трымалі палатно, а дзеці пад ім праходзілі. Наперадзе ішоў той, хто ўмеў чытаць малітвы. Затым палатно неслі ў храм.

Вёска шумела, гудзела. Працавалі цяжка, але ж былі маладыя і здаровыя. Зямлю шанавалі, бераглі, бо дорага яна даставалася: у полі, каля дарог і пабудоў яе апрацоўвалі старанна.

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

На ўрачыстым раённым сходзе ўзнагароду з рук першага сакратара райкама партыі Б. І. Гаўрыльчыка атрымліваюць намеснік старшыні калгаса А. М. Цяляк і даярка Б. І. Бумбліс.

Тамара Канстанцінаўна памятае прыход савецкай улады ў 1939-ым, вайну і вызваленне, стварэнне калгасаў. Працавала свінаркай, даяркай, цялятніцай. Яе муж, Мікалай Пятровіч Цяляк, быў першым брыгадзірам.

Даўно на пенсіі. Нягледзячы на ўзрост, яшчэ бадзёрая, выпісвае і чытае газеты. Па прадукты ў магазін (і аўталаўка два разы на тыдзень прыязджае) не ходзіць, гэта робяць сын з нявесткай. А вось да суседкі Соф’і Гедроец наведваецца. Пра сваё жыццё-быццё любіць расказваць унукам і праўнукам, пры гэтым абавязкова паўтарае: “Праляцела, як адзін дзень”.

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

Тут аўра асаблівая

Зоя Уладзіміраўна Цяляк у школу прыйшла ў 1968 годзе. Работу вельмі любі­ла, паважліва ставілася да дзяцей, калег, бацькоў вучняў. Установу адукацыі ўзначаліла ў 1994-ым — тады яна размяшчалася ў Турлах, але называлася Целякоўскай. Вучняў было больш за сотню. Будынак стары, нарэшце ўвогуле прыйшоў у непрыгоднасць. Школу збіраліся закрываць.

— І мы папрасілі, каб нам перадалі ранейшую кантору (к гэтаму часу калгас “Шлях да камунізму” ўжо быў далучаны да калгаса імя Мічурына). Просьбу задаволілі, але гэтага будынка нам не хапала, — успамінала. — Праявілі энтузіязм і ўсім калектывам разам з будаўнікамі  дабудавалі памяшканне і размясцілі ў ім спартыўную залу, класы, майстэрню. 1 верасня 1996 года было ўрачыстае адкрыццё. А ў  2012-ым нашу школу закрылі, бо ў ёй заставалася толькі 12 вучняў.

Зоя Уладзіміраўна з сімпатыяй і гонарам гаварыла пра выпускнікоў. Яны працуюць ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, займалі і займаюць розныя пасады. У Паставах гэта, напрыклад, Пётр Леанідавіч Курто, Даната Валяр’­янаўна Крыштафовіч, Ганна Мар’янаўна Шубелька, Мікалай Сцяпанавіч Шубелька… На вечары сустрэч прыязджалі з розных гарадоў. Такія мерапрыемствы радавалі. Школа з’яўлялася асяродкам духоўнасці. Увогуле, той час быў насычаным, плённым для педкалектыву і для былой гаспадаркі, і вясковыя людзі ўспамінаюць яго з настальгіяй.

— У вёсцы аўра асаблівая, — працягвала З. У. Цяляк. — У свой час у мяне была магчымасць пераехаць у вялікі горад, але я засталася тут. І не шкадую. Цяпер гартаю старонкі свайго жыцця ў шматлікіх альбомах, у якіх гісторыя школы, класаў, сем’яў.

Пакуль жыве гісторыя, і Целякі будуць стаяць

Целякоўскі праўнук Ілья Радко.

І птушкі вернуцца ў пару

Хораша пра сваю вёску расказвалі многія яе жыхары, з кім давялося ўбачыцца.

Вольга Антонаўна Валодзька працуе аператарам-паштальёнам пункта паштовай сувязі. Як гаворыцца, з людзьмі ў кантакце амаль штодзень: каму газеты і часопісы прынясе, каму — пенсію, аказвае іншыя паслугі.

Ірына Мікалаеўна Цяляк — украінка, сюды прыехала за мужам у пачатку 60-ых. Увесь час працавала ў школе, цяпер на пенсіі. Са шкадаваннем гаварыла пра тое, што закрылі школу і многія маладыя пакінулі вёску.

Тамара Антонаўна Цяляк працавала настаўніцай пачатковых класаў. Пасля таго, як закрылі школу, пайшла на ферму цялятніцай. Пра яе гавораць: актыўная, ініцыятыўная, таленавітая. Дома яна — дызайнер, а свае ідэі рэалізуе разам з мужам: тэрыторыя вакол дома дагле­джаная і вабіць вока.

Тамара Мікалаеўна Урбель жыве ў Турлах. А нарадзілася ў Целяках. Тут і працавала: спачатку на ферме, потым у магазіне. Людзей ведае, вёску любіць, памятае шмат фактаў і падзей.

У Целяках пражываюць 106 чалавек. Вёска значна прырастае летам, калі на канікулы прыязджаюць  з гарадоў унукі і праўнукі. Маладзеюць Целякі і ад кветак. І няхай сабе квітнеюць яны не ў кожным двары, але настрой і ўтульнасць ствараюць. “Быць жыццю”, — казалі нам на развітанне вяскоўцы. І паказвалі на буслінае гняздо, якое пустуе. Да часу — у гэта шчыра вераць усе целякоўцы і спадзяюцца, што новая вясна наступіць і птушкі вернуцца ў пару.

Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА і з архіваў вяскоўцаў. 

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Фестиваль "Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны" пройдет 10-11 декабря

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен Поставский райисполком при поддержке Белорусского фонда культуры, прихода 20

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 24

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 28

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 33

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 27

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 27

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 38

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 37