Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Ад фестываля да фестывалю(да 25-годдзя з часу яго заснавання)

Ад фестываля да фестывалю(да 25-годдзя з часу яго заснавання)

12 чэрвеня у Паставах пачынаецца фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Пра гісторыю яго заснавання і развіцця, фестывальныя традыцыі расказвае арганізатар правядзення фестывалю з часу яго заснавання Тадэуш Стружэцкі.

Фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” – адзін са старэйшых і самых адметных фестываляў народнага мастацтва нашай краіны, найбольш папулярны і цікавы ў прафесійным плане і для артыстаў-аматараў, кіраўнікоў творчых калектываў, і для даследчыкаў, навукоўцаў.

Першае рэспубліканскае свята гарманістаў “Іграй гармонік” адбылося ў Віцебску ў червені 1989 года. На яго правядзенні неабходна застанавіцца больш падрабязна, паколькі менавіта на яго базе фарміравалася будучая канцэпцыя фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” і закладваліся некаторыя яго традыцыі. З розных куткоў Беларусі на свята з’ехаліся тады больш за 250 удзельнікаў. Былі запрошаны самадзейныя выканаўцы, народныя майстры па вырабе музычных інструментаў, спецыялісты-музыказнаўцы і выкладчыкі навучальных устаноў, кіраўнікі вядучых аматарскіх калектываў. Напярэдадні свята ў Палацы культуры і тэхнікі лёгкай прамысловасці была адкрыта выстаўка беларускіх музычных інструментаў (самая першая ў рэспубліцы), на якой былі прадстаўлены не толькі экспанаты з музеяў, але і прыватныя музычныя інструменты. Прозвішчы многіх майстроў, напрыклад, дуды 19-га стагоддзя, цымбалаў пачатку 20-га стагоддзя і некаторых іншых на той час не захаваліся, там жа была прадстаўлена адна са старэйшых басэтляў у Беларусі вядомага майстра другой паловы 19-га стагоддзя С.Русака з Капыльшчыны. Шырока былі прадстаўлены на выстаўцы калекцыі акарынаў Ф.Целішоўскага з Івянца, свістулек З.Жылінскага з Пружанскага раёну, Г.Сіманькова з г.п.Дуброўна, М.Ржавуцкага з в.Нёманіца Барысаўскага раёну. Свае інструменты дэманстравалі кіраўнік ансамбля “Крупіцкія музыкі” Уладзімір Гром, вядомы майстар па вырабе скрыпак з Баранавіч І.Дударэвіч. У тым, што такая цікавая выстаўка адбылася, заслуга І.Назінай, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, якая не толькі дапамагла сабраць, але і прывезла многія інструменты з асабістай калекцыі.

На выстаўцы працавала творчая лабараторыя народных майстроў і спецыялістаў, тут была ўтворана Асацыяцыя народных майстроў, якая стала ў будучым каардынацыйным і метадычным цэнтрам па рабоце з майстрамі па вырабу народных музычных інструментаў. Было прынята рашэнне наступную выстаўку правесці ў Мінску ў 1990 годзе ў час IV фестывалю мастацкай самадзейнасці сацыялістычных краін.

А само свята выйшла на пляцоўкі Віцебска. Шмат гледачоў і ўдзельнікаў сабраў імправізаваны конкурс “Хто каго…”, які ў будучым стаў традыцыйным на ўсіх фестывалях. Першымі яго ўдзельнікамі і пераможцамі сталі Аркадзь і Аляксандр Ярохавы з Клімавіцкага раёну, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля песні і танца “Спадчына” з Маладзечна І.Сушко. Дарэчы, ён тады прадстаўляў новы выдатны гармонік, выраблены на Маладзечанскай фабрыцы музычных інструментаў. Заключны канцэрт свята меў назву “Запрашаем на вяселле”. Гаспадары запрашалі на традыцыйнае беларускае вяселле гасцей з усёй Беларусі. А кожны госць прыпас для маладых свой, асаблівы падарунак. Тут прыпеўкі і велічальныя абрадавыя песні, вясковыя полькі і пераплясы, але заўсёды ў цэнтры быў гарманіст. Побач з вядомымі ў рэспубліцы ансамблямі -“Лявоны” з Воранава, “Бараўлянская гармонь” з Мінскага раёну, — выступалі выканаўцы, якія ўпершыню выйшлі на такую вялікую сцэну. Удзячныя гледачы не пашкадавалі апладысментаў, а пасля канцэрту шчаслівыя ўдзельнікі прымалі віншаванні і ўзнагароды.

Па выніках свята былі выдадзены буклет і набор паштовак пра музычныя інструменты і народных майстроў…

(З артыкула Т.Стружэцкага “Іграй, гармонік” — “Літаратура і мастацтва”, №; 21 ад 21 ліпеня 1989 г.)

Ужо ў той час арганізатары свята марылі, што у яго павінна быць доўгае і прыгожае жыццё. Напэўна гэта сама творчая ідэя, людзі, якія стаялі ля яго вытокаў — народны артыст Беларусі, прафесар М.А.Казінец, на жаль, ужо адышоўшыя ад нас заслужаныя дзеячы культуры Беларусі першы рэжысёр святаў Уладзімір Васільевіч Таран і балетмайстар-рэжысёр Іван Арцёмавіч Серыкаў змаглі абудзіць нейкія патаемныя струны любові да народнай музыкі, да глыбокіх музычных традыцый нашага народу.

Па задумцы арганізатараў свята яны павінны былі праводзіцца па чарзе ў розных рэгіёнах рэспублікі, каб больш шырока адраджаць і папулярызаваць рэгіянальныя музычныя традыцыі. Наступныя два святы былі праведзены ў Магілёве, але па ацэнцы спецыялістаў у горадзе не было падрыхтавана адпаведнага асяроддзя, таксама як і яго жыхары не выказалі да святаў вялікай зацікаўленасці. І менавіта ў той час у мяне з’явілася думка перанесці гэты фестываль у Паставы… Гэту ідэю актыўна падтрымалі тагачасныя кіраўнікі Пастаўскага раёну — старшыня і намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама В.В.Чэпік і А.Э.Кейзік, загадчыца аддзела культуры Н.М.Булавінцава... Такім чынам, зноў вярнуўшыся на Віцебшчыну, фестываль стала прапісаўся на пастаўскай зямлі, дзе для гэтага было падрыхтаванае адпаведнае асяроддзе – найбольш багатае на рэгіянальныя і лакальныя музычныя традыцыі Паазер’я і Пастаўскага раёну. Як вобразна выказаўся вядомы паэт з Пастаўшчыны — “Паазер’е музычнае, тут мясціны крынічныя. Салаўі заліваюцца, цуда-песні спяваюцца”… Сапраўды, Паазер’е як ніякі іншы этнаграфічны рэгіён Беларусі захавала на той час народна-музычныя традыцыі, адметнасць рэпертуару і самабытнасць выканальніцкай школы ігры на народных інструментах, у тым ліку і на ўнікальных дыятанічных цымбалах. Асабліва адметны след у яго гісторыі пакінулі музыкі з в. Груздава і Пожарцы. Любоў да цымбалаў на Груздаўшчыне, па ўспамінах старжылаў, пайшла ад самабытнага цымбаліста Лявона Мельца. Без яго цымбалаў не абыходзіліся не адна вечарына, ні адно вяселле. Былі тут і цудоўныя скрыпачы Іван Мелец, Іосіф Мацкевіч, Міхаіл Давідовіч; гарманісты Браніслаў Качарга, Іван Крывенькі. Затойваючы дыханне, слухала і назірала за імі мясцовая моладзь — Пётр Рагіня, Іван Мацкевіч, Станіслаў Мелец, браты Нестар і Віктар Падгайскія, Аляксандр Кавалеўскі, Уладзімір Новік, Уладзімір Крывенькі. Напрыканцы 30-х гадоў менавіта яны стварылі ў Груздаве вядомы цымбальны аркестр, які праіснаваў больш за шэсць дзесяцігоддзяў. Пазней з яго вырас знакаміты народны цымбальны аркестр, музычныя сямейныя дынастыі (сем’і Мацкевічаў, Крывенькіх, Рагіняў, Новікаў, Падгайскіх). Менавіта дзякуючы гэтаму музычнаму гурту і мясцовым таленавітым майстрам на Пастаўшчыне захаваліся дыятанічныя цымбалы (такіх больш не захавалася і іных рэгіёнах Беларусі), сфарміравалася і захаваляся Груздаўская выканальніцкая школа, зберагліся мясцовыя народныя мелодыі і найгрышы.

Груздаўскія музыкі за свой 60 гадовы творчы шлях сталі вядомымі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі: выступалі у Малдове, Літве, ва Узбекістане, некалькі разоў у Маскве. У час заключнага канцэрта Усесаюзнага фестывалю самадзейнай творчасці, які адбыўся ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў у лістападзе 1987 года, Беларусь разам з некаторымі іншымі калектывамі прадстаўлялі і старэйшыя груздаўскія музыкі — “дзяды” як іх тады паважліва называлі..

Мне вельмі прыемна адзначыць, што яны яшчэ паспелі прыняць удзел у першых фестывалях на Пастаўшчыне, а арганізатары і ўдзельнікі фестываляў — аддаць даніну павагі гэтым захавальнікам векавых народных традыцый.

Выключную ролю ў захаванні груздаўскай школы і мясцовых рэагіянальных тардыцый сыграла ў 90-я гады Пастаўская музычная школа і яе апантаныя настаўнікі на чале з дырэктарам школы Анатолем Собалем. З мэтай захавання музычнай спадчыны з 1985 года у школе пачалі навучаць дзяцей ігры на дыятанічных цымбалах, і вельмі важна, што гэтыя навыкі пачалі перадаваць вучням сапраўдныя прадстаўнікі груздаўскай школы — былыя ўдзельнікі цымбальнага аркестра і сямейных ансамбляў (Ванда Мацкевіч, дачка знакамітага груздаўскага цымбаліста Івана Мацкевіча — “з рук у рукі” як калісці вучыў яе бацька). Тады ж быў створаны і дзіцячы фальклорны ансамбль… Дарэчы, Саша Палкіна — праўнучка знакамітага цымбаліста Івана Мацкевіча , неаднаразовая ўдзельніца фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” і пераможца конкурсаў “Хто каго?”зараз навучаецца ў Віцебскім музычным каледжы…

“У гэтым аркестры ўсё першаснае, арыгінальнае, музыкі не імкнуцца ствараць манатонію святочнасці — у іх ёсць сваё аблічча, карэктныя адносіны да народнай спадчыны. Груздаўцы тактоўна і не назойліва прыпадносяць нам тое, што ідзе ад народа” — пісала ў 1992 годзе член журы, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі І.Д.Назіна.

А ў 1991 годзе на базе школы быў створаны фальклорны ансамбль “Паазер’е”, які ўжо ў 1993 годзе атрымаў найменне “Народны”. Значна пазней, за высокі творчы ўзровень выдатныя дасягненні ў папулярызацыі народнага музычнага мастацтва ансамблю “Паазер’е” было прысваена ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

На падставае груздаўскіх тарадыцый і дзякуючы актыўнай пошукавай і збіральніцкай працы ансамбль сфарміраваў адметны рэпертуар, займеў сваю манеру выканання, пачаў весці актыўную канцэртную дзейнасць.

Вельмі важна, што Паставы маюць і багатую гісторыка-культурную спадчыну, у тым ліку і музычную. Яшчэ ў XVII – XVIII стагоддзях тут ганарыліся сімфанічным аркестрам, капэлай і балетнай школай, карціннай галерэяй і багатым заалагічным музеем…На Пастаўскай зямлі ў 19 ст. размяшчалася славутая на ўсю Расійскую імперыю Санкт-Пецярбургская афіцэрская кавалерыйская школа, адметнасцю якой было так званае парфоснае паляванне – да слова, нацыянальны від спорту ў Вялікабрытаніі. У 1899-1990 гг. былі пабудаваны ўсе неабходныя памяшканні для школы: паляўнічы замак, стайні на 200 коней, звярынец для аленяў і сабакарня. Акрамя гэтага былі абсталяваны траса для скачак і поле для канкуру. Для адпачынку адмыслова зрабілі тэнісныя корты. У 1901 г. вялікі князь і будучы імператар Мікалай Мікалаевіч наведаў Паставы і прыняў удзел у паляванні. У яго гонар паляўнічы замак атрымаў назву “Мікалаеўскі”. Невыпадкова паляванні ў Паставах карысталіся заслужанай славай. Быў нават напісаны і ў свой час карыстаўся папулярнасцю марш “Пастаўскія фанфары”…

Першы фестываль на Пастаўшчыне ў 1992 годзе з назвай “Звіняць цымбалы і гармонік” стаў добрым прыступкам для рэалізацыі шматгадовага навукова-творчага праекту па адраджэнню, развіццю і папулярызацыі нацыянальных і рэгіянальных музычных традыцый. З кожным годам фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” набіраў арганізацыйна-творчы ўзровень, прыцягваў новых творцаў і выканаўцаў, фарміраваў свае традыцыі, убіраў у сябе штосьці новае. Яркае і ўрачыстае адкрыццё фестывалю, традыцыйны конкурс “Хто каго”, “Пастаўскія балі”, творчыя лабараторыі і іншыя сфарміравалі цікавую палітру яго мерапрыемстваў.

З 1996 года фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гаромнік” пачаў праводзіцца ў рангу міжнароднага, сёння гэта ўжо XVIII па ліку. За гэтыя гады ў ім прымалі ўдзел творчыя калектывы з Венгрыі, Венесуэлы, Грузіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Казахстана, Кітая, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны, Славакіі, Чэхіі, Харватыі, Эстоніі.

Кожны фестываль быў своеасаблівым ацэначным барометрам творчага ўзроўню, стыляў і накірункаў традыцыйнага і сучаснага народнага музычнага мастацтва, на кожным з іх былі цікавыя творчыя адкрыцці. Фестываль стымуляваў пільную ўвагу да традыцыйнага музычнага мастацтва і актыўнае фарміраванне новых калектываў і выканаўцаў, многія адзначаныя і падтрыманыя на фестывалі калектывы атрымалі пуцёўку ў творчае жыццё і сёння з’яўляюцца шырока вядомымі не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. Фактычна ўсе сённяшнія вядучыя аматарскія інструментальныя калектывы ў свой час шырока заявілі аб сабе менавіта на фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” і атрымалі моцны стымул для далейшай творчай дзейнасці. Як тут не ўспомніць “Крупіцкіх музык” з Мінскага раёна, “Рагнеду” з Заслаўя і “Траецкіх музык” з Барысава, “Лявонаў”, “Музык”, “Грымату”, “Гасцінец” з Гродзенскай, “Фэст”, “Палешукоў”, “Выцінанку”, “Кантраданс” з Брэсцкай, “Радуніцу”, “Рэчыцкіх музык”, “Скарбонку” з Гомельскай, “Магілёўцаў”, “Бялыніцкіх музык”, “Мілавіцу” з Магілёўскай, “Талаку”, “Вытокі”, “Крыніцу” з Віцебскай абласцей. Заўсёды высокі творчы ўзровень прадстаўлялі на фестывалі сталічныя мастацкія калектывы — “Дударыкі”, “Мінскія музыкі”, “Шчодрыца” і іншыя. Усяго ж, ад пачатку правядзення фестывалю, у яго мерапрыемствах прыняло ўдзел звыш 500 аматарскіх музычных калектываў, каля 450 цікавых індывідуальных выканаўцаў.

Разам з фестывалем, практычна з самага пачатку правядзення ў Паставах, творча рос і ўдасканальваў сваё майстэрства фальклорны ансамбль “Паазер’е” – атрымаў высокае найменне “народны”, а пазней адным з першых у краіне – званне Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь. Ансамбль “Паазер’е” — як сімвал і прыгожая візітная картка фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” — усе гэтыя гады з’яўляецца яго важнай і неад’емнай часткай.

Да фарміравання фестывалю ў розныя гады актыўна далучыліся многія творча адораныя і вядомыя людзі – кампазітар Мікалай Пятрэнка, дырыжор і рэжысёр Уладзімір Таран, выдатны музыкант Уладзімір Гром, балетмайстар Іван Серыкаў, выкладчыца Валянціна Трамбіцкая і іншыя. Нажаль, гэтых таленавітых і апантаных людзей ужо няма з намі, але на фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” іх будуць заўсёды ўспамінаць.

Асобныя словы неабходна сказаць пра Заслужанага работніка культуры Беларусі, мастацкага кіраўніка Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Крупіцкія музыкі”, стваральніка першага ў рэспубліцы ансамбля народных духавых інструментаў “Гуды” Уладзіміра Грома. Ён быў душой і генератарам творчых ідэй фестывалю, рэалізоўваў вельмі цікавыя музычныя праекты. Фактычна, і дзякуючы фестывалю, У.Гром сфарміраваў у краіне адметную школу ў музычным мастацтве – па яго ініцыятыве была адкрыта спецыялізацыя “народныя духавыя інструменты” у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, лабараторыя па вывучэнню і вырабу вопытных узораў народных музычных інструментаў, музей народных музычных інструментаў. Сёння многія музычныя творы ў апрацоўцы У.Грома выконваюць аматарскія і прафесійныя калектывы, і не толькі ў нашай краіне. Засваенне на фестывалі спецыяльнага дыплома і прэміі імя У.Грома з’яўляецца часцінкай памяці і ўдзячнасці гэтаму незвычайнаму чалавеку.

Навогул, навукова-метадычны падыход у рэалізацыі ідэі фестывалю — правядзенне творчых лабараторый і майстар-класаў вядомых выканаўцаў, выставак народных беларускіх музычных інструментаў, прэзентацыі кніг і рэпертуарных зборнікаў, — застаецца важнай яго асаблівасцю.

Вакол фестывалю сфарміраваўся цэлы калектыў вядомых кіраўнікоў мастацкіх калектываў, навукоўцаў і практыкаў-выканаўцаў, якія спрыяюць захаванню яго высокага аўтарытэту і папулярнасці. Практычна з самага пачатку да фестывалю вельмі зацікаўлена і шчыра далучыліся выдатныя знаўцы і папулярызатары беларускага народнага мастацтва, народныя артысты Беларусі, прафесары Міхаіл Казінец і Міхаіл Дрынеўскі, заслужаныя работнікі культуры Уладзімір Гром і Уладзімір Таран, пазней – народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Гладкоў, дацэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Мірон Була і Валянціна Трамбіцкая, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко, кампазітар Віктар Малых і іншыя. Складу журы фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” можа пазайздросціць любы іншы – столькі тут вядомых і знакамітых людзей. Важныя ўнёскі і рэжысёрскія ідэі фестывалю ажыццявілі Уладзімір Таран, які быў галоўным рэжысёрам першага і наступных фестываляў, загадчык кафедры рэжысуры святаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Пётр Гуд. Шчырымі апякункамі і захавальніцамі традыцый фестывалю многія гады былі намеснік старшыні і начальнік аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Ала Кейзік і Наталля Булавінцава.

Фестываль знаходзіўся ў пастаянным развіцці, у яго праграму штогод уносіліся новыя мерапрыемствы. З 2006 года пачаліся праводзіцца цікавыя тэатралізаваныя прадстаўленні “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб” каля Палаца Тызенгаўза ў Паставах

У 1997 годзе адбыўся X рэспубліканскі і II міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”, на які былі запрошаны лепшыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы — лаўрэаты папярэдніх фестываляў. У праграму фестывалю быў лагічна ўключаны вялікі канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў, прысвечаны 90-годдзю знакамітага калектыву.

Упершыню ў Пастаўскім касцёле святога Антонія Падуанскага адбыўся канцэрт старадаўняй беларускай і класічнай музыкі з удзелам вядомай арганісткі, салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабору ў Полацку, дыпламанткі міжнародных конкурсаў Ксеніі Пагарэлай, ансамбляў “Крупіцкія музыкі” і “Кантраданс”. Менавіта пасля гэтага першага канцэрту практычна ўпершыню ў рэспубліцы на фестывалі шырока загучала беларуская старадаўняя музыка, якую выдатна прэзентавалі ансамблі “Кантраданс” з Баранавіч і “Пастараль” з Дзяржынска, “Брэвіс” з Мінска і “Зараніца” з Нясвіжа, “Ігуменская капэла” з Чэрвеня, ансамбль старадаўняй музыкі “Сальтарэлла” ДМШ № 1 г.Пінска. Лагічным працягам гэтай традыцыі сёння з’яўляюцца канцэртныя вечары і спецыяльныя праграмы “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб” каля Палаца Тызенгаўза…

Добрай традыцыяй фестывалю з’яўляецца пастаянны ўдзел у яго мерапрыемствах вядучых прафесійных калектываў нашай краіны, што надае фестывалю не толькі высокі творчы і выканальніцкі ўзровень, але і магчымасць ва ўсёй паўнаце прадставіць сучаснае музычнае мастацтва, розныя выканальніцкія школы. Сталымі і традыцыйнымі ўдзельнікамі фестывалю сталі Нацыянальны акадэмічны аркестр народных інструментаў Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча і Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, ансамбль салістаў Белдзяржфілармоніі “Класік-авангард”, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Мінскі струнны квартэт, заслужаныя калектывы Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” і Дзяржаўны ансамбль танца, Ансамбль народнай песні і музыкі “Бяседа” Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, ансамбль харэаграфічных і музычных мініяцюр “Бліскавіца”, Ансамбль танца, музыкі і песні “Талака” Віцебскай абласной філармоніі, рок-гурты “Палац”, “Дразды” , “Тяни-Толкай” і іншыя.

Можна сказаць, што фестываль стымуляваў або спрыяў актыўнаму развіццю і культурнай інфраструктуры горада і раёна. У 1996 годзе быў пабудаваны ўпершыню сярод раённых цэнтраў Беларусі ў гарадскім парку прыгожы амфітэатр, у 1998 годзе – адкрыты Дом рамёстваў у адрэстаўраваным будынку былога млына — помніку гісторыка-культурнай спадчыны, пазней была акрыта абноўленая экспазіцыя раённага краязнаўчага музея, адрэстаўраваны будынак Палаца Тызенгаўза, рэканструяваны раённы дом культуры, а самі Паставы захаваўшы свой гістарычны воблік сталі сучасным вельмі прыгожым горадам са сваёй камернасцю і ўтульнасцю.

З 2010 года па ініцыятыве арганізатараў фестывалю ў Паставах пачалі праводзіцца пленэры рэзчыкаў па каменю з удзелам выкладчкаў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам прафесара А.Фінскага.. Усталяванне ў знакавых месцах горада прыгожых каменных скульптур надалі гораду дадатковую адметнасць. Прыгожым сімвалам горада стаў памятны знак у гонар Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, адкрыты ў гарадскім парку каля летняга амфітэатра ў 2013 годзе.

За гады правядзення фестывалю ў Паставах яму былі прысвечаны шмат вершаў мясцовых паэтаў А.Нафрановіча, Н.Захарэвіч, Ф.Касаткінай, Н.Карнілавай, І.Пракаповічам, В.Гучык, створана некалькі цікавых песен.

Сёння яшчэ і яшчэ раз хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто спрыяў і спрыяе правядзенню фестываляў, за тое, што на Пастаўшчыне захавана і выпеставана такое прыгожае і сапраўднае “свята душы народнае”, як аб ім у свой час напісала вядомая паэтка з Пастаў Ніна Захарэвіч, на якое заўсёды хочацца прыехаць, сустрэцца з сябрамі-аднадумцамі і сваімі землякамі, цікавымі творчымі калектывамі, наталіцца чысцінёй і свежасцю крыніц, з якіх працягвае жывіцца народнае мастацтва.

Хочацца яшчэ і яшчэ раз пажадаць фестывалю многіх гадоў існавання і нязменнага творчага плёну, новых адкрыццяў, а ўсім арганізатарам, удзельнікам і гасцям, шаноўным пастаўчанам – заўсёдных хвілін асалоды і радасці сустрэч з непаўторным і прыгожым народным мастацтвам.

Тадэуш Стружэцкі, старшыня аргкамітэтаў, аўтар праекта і і арганізатар правядзення фестываля з часу яго заснавання (1989 — 2015 гг.).

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 19

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 25

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 28

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 24

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 25

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 36

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 34

Сустрэча ўсяго каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі адбылася 17 лістапада ў Паставах (фота)

Хотите узнать больше? Сустрэча каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі ў Паставах 17 лістапада. Фота з сайта catholic.by 17 лістапада ў касцёле Беззаганнага Зачацця 30