Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Зямля і космас садавода Івана Сікоры

Зямля і космас садавода Івана Сікоры

Гадоў так дзесяць таму назад, яшчэ працуючы ў абласной газеце «Віцебскі рабочы», выпадкова даведаўся, што ў пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна жыве родная дачка Івана Сікоры Ліда, якая была першай яго памочніцай. Паехаў да яе, каб даведацца больш пра слыннага садавода-селекцыянера. Сустрэла яна вельмі хораша: ахвотна паказала свой сад, невялікі пладовы гадавальнік, а пачуўшы просьбу, задумалася: “Ведаеце, давайце я лепш  напішу ў спакойнай абстаноўцы”. На развітанне  падаравала саджанец яблыні сорту “Памяць Сікоры”.

Тая яблынька цяпер дае ўраджай пладоў на ўсю зіму і вясну, бо захоўваюцца яблыкі  цудоўна да самага лета. А вось з успамінамі выйшла іначай: неяк зацягнулася гэта справа, а потым са шкадаваннем даведаўся, што Лідзія Іванаўна пайшла з жыцця і ўсё незваротна страчана. Якое ж было здзіўленне, калі нядаўна наведаў Малыя Алашкі і ўнучка роднага брата Івана Сікоры Галіна Сікора дастала просценькую папку з пажаўцелымі лістамі, на якіх акуратным роўным почыркам былі напісаны тыя самыя ўспаміны, якія і прапануем нашым чытачам.

Помніць свайго бацьку я пачала прыкладна з чатырохгадовага ўзросту, з 1920 года. Свайго дома тады ў нас не было, жылі мы ў хаце нашага дзядулі разам са старэйшым братам бацькі Канстанцінам, у якога было 6 членаў сям’і, нас чацвёра, дзядуля з бабуляй — усяго дванаццаць чалавек. У доме былі кухня  з рускай печкай і адзін вялікі пакой, які для ўсіх з’яўляўся  і спальняй, і рабочым кабінетам. Канечне, было цесна. Асабліва бацьку неставала магчымасці спакойна чытаць і пісаць. Дзядуля і старэйшы брат лічылі майго бацьку мала прыстасаваным да сельскага жыцця і адносіліся да яго нават з якойсьці іроніяй.

Нарэшце было вырашана  аддзяліць нашу сям’ю. З пабудоў бацьку не выдзелілі нічога. Так што яму з мамай  без усялякіх зберажэнняў давялося абзаво­дзіцца сваёй гаспадаркай. І ў першую чаргу трэба было пабудаваць свой дом. Добра, што ў той час побач з нашай вёскай Алашкі знаходзіўся вялікі лес, дзе можна было  бясплатна нарыхтаваць драўніны. Бацькам  у гэтым вялікую дапамогу аказвалі два браты мамы. Паколькі каня не было, то бярвенні цягалі ўручную на двухколцы. Фундамент зрабілі з дубовых калодак. (Між іншым, ён нядрэнна захаваўся да нашага часу.) Пасля будаўніцтва дома бацька адразу паехаў у Кракаў на двухгадовыя курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў. Мы, застаўшыся з мамай, былі вечна паўгалодныя. Зямлі ў нас было надта мала, усяго адна восьмая валокі: палоска ніўкі вельмі вузенькая, шырынёй не больш за два метры. Ураджай збіралі скупы, бо не трымалі жывёлы і таму не было чым угнойваць зямлю. Хлеба ў хаце не было. Мама збірала ў лесе шмат брусніц, варыла іх без цукру і закладвала ў дзве велізарныя  драўляныя кадзі. І харчаваліся мы ў асноўным бульбай і гэтымі брусніцамі, якія саладзілі купленым у спекулянтаў якімсьці ядавітым сахарынам: як пакладзеш яго ў ягады, яны адразу станавіліся сінімі і гаркаватымі. Як жа хацелася хлеба! Памятаю, калі мама адпраўлялася ў суседнюю вёску праведаць сваіх бацькоў, мы з братам Пятром малілі яе прынесці  хоць маленькі акрайчык. А колькі радасці нам было, калі ў нейкае свята мама дастала аднекуль сталовую лыжку сметанковага масла! Паклала яго перад намі і кажа: “Ешце масла пакрышачку, бо ад яго слепнуць дзеці”. Вось мы і елі яго некалькі дзён.

У 1925 годзе вярнуўся дахаты з курсаў бацька. Узрадавалася наша сям’я. Нарэшце бацька стане працаваць, і нам лягчэй будзе жыць. Але радасць была нядоўгай. Толькі год бацька адпрацаваў у школе Глыбоцкага раёна, як яго без усялякага папярэджання звольнілі. Матывацыяй паслужыла тое, што ён — беларус і гаварыў на беларускай мове. Пасля некалькіх заяў  на наступны год яго зноўку назначылі настаўнікам у вёсцы Сямёнавічы Шаркаўшчынскага раёна, але і адтуль папрасілі неўзабаве па той жа прычыне. І куды потым бацька ні адпраўляў свае просьбы, не атрымліваў на іх ад польскіх улад ніякага адказу. А жыць жа неяк трэба было. Да таго часу наша сям’я  павялічылася: нарадзіўся Віктар. Ды і дзядуля з бабуляй перайшлі да нас.

Зямля і космас садавода Івана Сікоры

Але, як я гаварыла, непадалёк нашай вёскі быў лес. І цяпер у яго ўжо з’явіўся гаспадар — граф Канстанцін Пшаздзецкі. І лесу таго было 23 тысячы гектараў. Ён прадаваў лес купцам, якія высякалі яго і адпраўлялі за мяжу. Пасля гэтага на высечках заставаліся верхавіны з шышкамі. Мы збіралі гэтыя шышкі  і на саначках адвозілі дахаты. Дома на печцы сушылі іх. Потым, пасля ачысткі, бацька адсылаў насенне ў адну польскую лясную гаспадарку. Так зарабілі крыху грошай, каб перажыць зіму.

Бацька з дзяцінства любіў прыроду, лес. Вось і пачаў ён на сваім прысядзібным участку саджаць пладовыя і ягадныя расліны. Браў што лепшае было ў суседзяў, знаёмых, штосьці прыносіў з лесу. Пачаў перапісвацца з вядомымі польскімі вучонымі-садаводамі. Пісаў яму лісты, а потым і прысылаў чаранкі многіх сартоў яблыкаў і груш прафесар Адам Станіслававіч Грабніцкі, аўтар вельмі каштоўнага “Атласа пладоў Расіі”. Атрымліваў чаранкі і насенне ён і ад іншых вучоных- садаводаў. З кожным годам калекцыя раслін у бацькі павялічвалася. Вельмі стараўся, з любоўю даглядаў іх, вёў дакладныя назіранні. Выбіраў тое, што падыходзіла да нашых кліматычных умоў. З’явілася багатая калекцыя бэзу, руж і іншых кветак. Канечне, у першыя гады работы па нявопытнасці былі  памылкі і няўдачы.

У 1931 годзе ў наш сад заглянуў граф Пшаздзецкі. Яму ўсё вельмі прыглянулася, і ён запрасіў бацьку зрабіць закладку плодагадавальніка ў яго маёнтку ля Варапаева, а потым назначыў загадчыкам гэтага гадавальніка. Работа была пастаўлена вельмі добра. Гадавальнік быў рэнтабельным. Каштоўна было яшчэ і тое, што доследы, якія праводзіў бацька там, паўтараў дома. Аднак у 1937 годзе яго звольнілі. Адной з прычын было тое, што ён размаўляў з рабочымі не на польскай мове, а па-беларуску. (Але самая  сур’ёзная прычына, па некаторых звестках, што ў яго знайшлі забароненую літаратуру. У. С.)

Польскія ўлады  заўсёды з падазронасцю адносіліся  да нашай сям’і, часта рабілі вобыскі: усё шукалі камуністычную літаратуру. Рэквізавалі шмат кніг на рускай мове, не разбіраючыся. Нават падручнікі па аграноміі і садаводстве.

У нас адных у вёсцы быў радыё­прыёмнік, і вечарамі да нас прыходзілі суседзі паслухаць навіны ў свеце. На 1 Мая ці свята Кастрычніка ля радыёпрыёмніка заўсёды сядзеў паліцэйскі, каб мы не слухалі Маскву.

Пасля звальнення з работы бацька зразумеў, што польскія ўлады больш нідзе не дадуць яму працаваць, і нічога не заставалася, як займацца толькі садаводствам на сваім прысядзібным участку. Вырашыў павялічыць плодагадавальнік, для чаго  абмяняў з суседзямі свае вузенькія ніўкі ў полі на зямлю побач са сваім агародам ля хаты. Глеба тая была гліністая, і давялося  на тачцы цягаць шмат торфу, каб нейкім чынам яе палепшыць, зрабіць больш лёгкай для апрацоўкі.

Шчыравалі ўсёй сям’ёй. У гадавальніку ўсё расло вельмі добра. Была багатая калекцыя пладовых і ягадных культур. Размнажалі толькі тое, што пасля доследаў бацька лічыў лепшым для нашай мясцовасці. Саджанцы ахвотна набывала насельніцтва.

Я і брат Віктар закончылі 6 класаў польскай школы ў вёсцы Алашкі. Бацька разумеў, што нас, беларусаў, палякі не дапусцяць вучыцца ў якойсьці вышэйшай установе, таму вырашыў, каб займаліся завочна. Такім чынам  мы і паступілі за даволі вялікую плату на вышэйшыя агранамічныя курсы ў Варшаве, а рускай мове і іншым агульнаадукацыйным прадметам нас навучыў ён сам. Быў вельмі патрабавальны. Заўсёды паўтараў, што  ўсё страчанае можна вярнуць, а вось згублены без справы час прапа­дзе назаўсёды. І яшчэ — усё жыццё  вучыў  быць сумленнымі. Гаварыў: “Калі ты сумленна пражыў дзень, добра папрацаваў, нікога не пакрыўдзіў, не падмануў, то вечарам ляжаш спаць і спакойна заснеш. І наадварот, калі ты несумленна пражыў дзень, камусьці зрабіў зло, пакрыўдзіў, то не зможаш заснуць,  бо будзе грызці сумленне.

Зямля і космас садавода Івана Сікоры

З дзяцінства бацька вельмі любіў, цаніў кнігі. Лічыў іх лепшымі сябрамі чалавека. Любоў да іх прывіваў і нам, сваім дзецям, а таксама моладзі вёскі. Пры любой магчымасці, адмаўляючы сабе  ў іншым, за апошнія грошы ён купляў кнігі, часта пры гэтым залазячы ў даўгі. Толькі кнігі дарыў ён нам на дзень нараджэння. У яго была вельмі багатая бібліятэка, з якой бацька ахвотна даваў чытаць кнігі  вяскоўцам, асабліва моладзі. І надта перажываў, калі некаторыя чытачы вярталі кнігі пашарпанымі, з заламанымі старонкамі. Ён губляў павагу да такога чалавека і больш не хацеў яму даваць кніг.

У верасні 1939 года Заходнюю Беларусь вызвалілі ад панскай Польшчы. Да нас прыйшла савецкая ўлада. Саветам народных камісараў да бацькі была накіравана аўтарытэтная камісія па садаводстве. Яна абследавала наш агарод і дала высокую ацэнку назапашанаму тут матэрыялу пладова-ягадных культур.  Пасля гэтага Саветам народных камісараў БССР ад 15 красавіка 1941 года было вырашана на базе сада бацькі арганізаваць Паўночны апорны пункт Беларускай  плодаагародніннай вопытнай станцыі. Бацька быў назначаны загадчыкам апорнага пункта, мой муж — аграномам, а я — тэхнікам.

Нарэшце можна было свабодна заняцца любімай работай, але працягвалася гэта ўсяго 2 месяцы.  Грымнула Вялікая Айчынная вайна. У канцы жніўня немцы арыштавалі бацьку, мяне і майго мужа. Праўдай і няпраўдай, хабарам нам удалося на гэты раз выратавацца.

Нягледзячы на цяжкасці і небяспеку, бацька ўсе гады акупацыі нашай мясцовасці самастойна займаўся навуковай работай. Матэрыял для пашыву мяшэчкаў-ізалятараў, неабходных пры правядзенні гібрыдызацыі, яму падаравалі партызаны — кавалак парашутнага шоўку.

Падчас карнай экспедыцыі  немцамі было знішчана шмат кніг бацькі  і яго шматгадовы архіў перапіскі.

У 1944 годзе, калі наша мясцовасць была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў, апорны  пункт быў адноўлены. Бацька зноў быў назначаны яго загадчыкам, а я — тэхнікам. Было вельмі складана. Патрэбна было рамантаваць пабудовы, інвентар, які яшчэ захаваўся, агароджы, а не было чым. Не было нават ніводнага цвіка. Па цвікі мне даводзілася ездзіць ажно ў Мінск. На месцы, у райцэнтры Шаркаўшчына, не маглі нічога дастаць. За малую плату ў рабочых не было жадання працаваць.

Нарэшце мы дачакаліся Дня Перамогі. Бясконца былі гэтаму рады, але да радасці прымешваўся і смутак. Нашу сям’ю, як і іншыя, не пашкадавала вайна. На першым яе годзе загінуў брат Пётр. У 1943-ім  немцы расстралялі майго першага мужа. У 1944-ым памерла ад прастуды мая трохгадовая дачка. А ў 1945-ым, не дажыўшы ўсяго 10 дзён да Перамогі, пайшла з жыцця маці. Была яна выключна добрай душы і нястомная працаўніца. Раптоўная яе смерць прынесла нам вялікае гора. Больш за тое, 5 снежня гэтага ж года арыштавалі брата Віктара, як і многіх іншых у той час.

І засталіся мы з бацькам удваіх. Было цяжка і маральна, і матэрыяльна. Атрымлівалі невялікую зарплату, за якую з прадуктаў тады нічога нельга было купіць. Харчаваліся ў асноўным бульбай, агароднінай, пладамі.  Па рабоце на вопытнай станцыі нам рэгулярна прысылалі тэматычныя планы навукова-даследчай  работы. Бацька сам акуратна і добрасумленна выконваў усе заданні. Да гэтага ж прывучаў і мяне.

У бацькі завязалася вялікая і цікавая перапіска з вучонымі-садаводамі нашай краіны, доследнымі станцыямі і іншымі ўстановамі. Пісалі яму акадэмік П.Н. Якаўлеў і вучоны сакратар Барысаглебскі з інстытута імя Мічурына, прафесар Яблыкаў з Ленінградскага інстытута, вялікі знаўца кветкаводства і  аўтар некалькіх кніг Т. Е. Кісялёў з Масквы. А якая дружная пера­піска была з дырэктарам Алтайскай доследнай станцыі  М. А. Лісавенкам! Потым гэта станцыя была перайменавана ў Навукова-доследны інстытут пладова-ягадных культур. Акрамя пісьмаў, многія гэтыя таварышы абменьваліся з бацькам чаранкамі і пасадачным матэрыялам, а доследныя станцыі прысылалі пылок для скрыжавання. Работа была вельмі цікавай.

Вось толькі ў канцы 1945 года ў бацькі атрымалася непапраўная памылка ў жыцці — яго другі шлюб.  Да гэтай пары не магу зразумець, чым прыцягнула яго гэтая жанчына? (Размова ідзе пра Наталлю Фёдараўну. У.С.) У яе не было нічога станоўчага. Прычым 39 гадоў розніцы ў іх узросце. Як толькі прыйшла яна ў нашу сям’ю, адразу імкнулася ўнесці нязгоду паміж бацькам і мной. Дабіцца гэтага ёй, канечне, не ўдавалася, але былой еднасці між намі ўжо не стала. Гэта жонка бацькі любіла выпіваць, а потым і наогул стала алкагалічкай, што матэрыяльна адбівалася на сям’і. Бацька дрэнна харчаваўся і бедна апранаўся, перажываў, што, можна сказаць, у выніку і скараціла яго жыццё.

У 1948 годзе я ўладкавалася на работу аграномам у Дунілавіцкі плодагадавальнік, дзе калісьці, у 1931—1937 гадах, працаваў мой бацька.

Стаяў звычайны кастрычнік, была нядзеля. У мястэчку, ці, як больш пачало ўваходзіць ва ўжыванне, у гарадскім пасёлку Шаркаўшчына, ішоў кірмаш. І на тым жа адгароджаным жардзінамі кірмашовым пляцы была наладжана раённая сельскагаспадарчая выстава. Сціплая, няхітрая: коні, пародзістыя кныры, снапы жыта, ільну, буракі, рэдзька — усё тое, чым маглі пахваліцца толькі што створаныя калгасы.

Народу сышлося і з’ехалася нямала, больш чым у звычайны кірмашовы дзень. І ўсіх быццам магнітам цягнула да цэнтра, дзе перад доўгім прылаўкам, на якім ляжалі горкі яблыкаў, груш, агародніны, узвышалася напісаная вялікімі літарамі на лісце фанеры шыльда: “Паўночны апорны пункт”. Там над натоўпам уладарыў высокі, па-мужыцку жылісты чалавек у капелюшы, падобны на Мічурына. Ён дэманстраваў арэхі фундук, густа-карычневага колеру буйныя лузгунцы. Адзін арэх узяў у руку і без асаблівых намаганняў расціснуў шкарлупіну, дастаў цэлае ядро. Усе гатовы былі не паверыць: каб раскусіць звычайны лясны арэх, трэба мець моцныя зубы, а гэтыя можна было лушчыць, нібыта боб. Яшчэ адзін цуд: на вачах ва ўсіх прысутных быў разрэзаны крыж-накрыж бакасты памідор, унутры  якога была адна чырвоная мякаць без насення…”

Вось так прыгадвае сваю першую сустрэчу з земляком, садаводам-вучоным  Іванам Паўлавічам Сікорам пісьменнік Герман Кірылаў.

Сёння мы ведаем больш Івана Сікору, дзякуючы яго гібрыду яблыка пад нумарам 1337, які быў створаны  амаль сто гадоў таму назад і да сённяшняй пары не мае роўных сабе. Нездарма яго назвалі яблыкам XXI стагоддзя. Але ж гэта толькі маленькая кропелька яго работы. За паўвеку ў сваім гадавальніку ў роднай вёсцы Малыя Алашкі, які быў затым ператвораны ў Паўночны апорны пункт, Іван Сікора вывеў больш за тысячу сартоў яблыкаў, груш, вішань, арэхаў, ягад, агародніны, кветак. А выпрабаваў — у разы больш.

Самыя гучныя  перамогі атрымлівалі яго плады на міжнародных выставах. З ім раіліся,  вялі перапіску вядомыя на ўвесь былы Савецкі Саюз вучоныя.

“Нядаўна  мы атрымалі  15 узораў фундуку з Азербайджана. Параўнаў з Вашымі. Вашы — у 2-3 разы буйнешыя! Сваім фундуком Вы можаце ганарыцца!” — паведамляў  Сікору акадэмік  Павел Нікіфаравіч Якаўлеў.

Узнікае законнае пытанне: як магло быць, што чалавек, які закончыў толькі царкоўна-прыходскую школу і Краснагорскую настаўніцкую, змог дабіцца такога фенаменальнага поспеху ў звычайнай, аддаленай ад вялікіх шляхоў беларускай вёсачцы?

Лёс звёў яго з прафесарам Адамам Грабніцкім, беларусам родам з-пад Лепеля, які жыў на той час у Літве, у  маёнтку Роюс, менш за сотню кіламетраў ад Малых Алашак, меў цудоўны сад, вырошчваў выдатныя  сарты пладовых дрэў і шчодра дзяліўся сваімі ведамі з маладым Сікорам.

А штуршком заняцца садаводствам, як прыгадваў сам Іван Паўлавіч, стала наступнае:

— Яшчэ хлопчыкам я “захварэў” на кнігі. Іх было мала, і таму чытаў усё без разбору. Аднойчы трапілася кніга Міхаіла Прышвіна з сухавата-дзелавой назвай “Удобрение полей и лугов”. Яна  зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Гэты аграном, аўтар кнігі, здаўся мне  незвычайным чалавекам.  Ён навучыў мяне  ў раслінаводстве бачыць сяброў. Гэта ж жывыя істоты, якія паміраюць, растуць і размнажаюцца, п’юць ваду і патрабуюць харчавання. Значыць, аграном — гэта такі чалавек, які бачыць душу расліны. Пазней я даведаўся, што аграном Прышвін — пісьменнік”.

З цягам часу яны пазнаёміліся, абменьваліся лістамі, чаранкамі, насеннем раслін. Міхаіл Прышвін завяшчаў, каб на яго магіле быў пасаджаны фундук Івана Сікоры, што і было зроблена.

Нельга тут не ўзгадаць і перапіску Івана Сікоры з класікам рускай і сусветнай літаратуры Львом Талстым. Надарылася гэта наступным чынам. Сікора быў забраны на службу ў армію ажно на Поўнач, у Хабараўск. Там пасябраваў з салдатам Наварускім з Тулы, дом якога знаходзіўся непадалёк Яснай Паляны, маёнтка пісьменніка. Угаварыў Сікору напісаць Талстому ліст з пытаннямі, якія так хвалявалі: аб ролі чалавека ў грамадстве і наогул — сэнсе жыцця. Леў Мікалаевіч не толькі даслаў у адказ ліст, але і свой партрэт з кнігамі. На партрэце ў куточку быў надпіс: “И. П. Сикоре, Лев Толстой. 9 окт. 1907 г.”. Гэты партрэт ёсць і зараз. Знаходзіцца ён ва ўнука Івана Паўлавіча — Пятра. А вось ліст не захаваўся. Ён згарэў падчас пажару, хаця Сікора памятаў тыя радкі на памяць. Леў Мікалаевіч, адказваючы на пытанне,  як жыць, раіў прыслухоўвацца да голасу свайго сумлення, не рабіць іншаму таго, чаго б не жадалі, каб рабілі вам.

Зямля і космас садавода Івана Сікоры

Той самы партрэт Льва Талстога з аўтографам.

Перапісваўся Іван Паўлавіч і з такімі знакамітымі рускімі пісьменнікамі, як Леанід Лявонаў, Уладзімір Арсеньеў.

Асобна стаіць  перапіска з пісьменнікам-земляком Міхасём Машарам. Іван Паўлавіч быў першым чытачом яго твораў, падтрымліваў, як мог, маральна і матэрыяльна. Дзякуючы былому супрацоўніку абласной газеты  Леаніду Крэскіяну да нас дайшло 27 пісьмаў пісьменніка, датаваных 1935-1939 гадамі. Вось кавалачак зместу аднаго з іх:

“Дарагі Іван Паўлавіч! Вось ужо мінае паўтара тыдня, як я вярнуўся ад Вас дамоў і ніяк не змог дагэтуль напісаць Вам… Ад Вас прывёз надта многа  ўражанняў аб практычным падыходзе да жыцця. Хацеў бы сам скарыстаць  чагось і шмат над гэтым думаў, але чым больш думаю, тым больш здаецца —  гэта для мяне  неажыццявіма.

Першая прычына — гэта мушу думаць аб сродках, як пражыць бягучы дзень, а дрэвагадоўля  вымагае спачатку затраты сродкаў, часу і патрэбных ведаў. Тут, як і ў кожную рэч, калі хочаш дасягнуць вынікаў, трэба ўкладваць  усяго сябе.  Мне ж хацелася б выпрабаваць усе жыццёвыя магчымасці для маёй сучаснай працы, да якой, як Вы да дрэвагадоўлі, мне здаецца, я больш прыдатны…

Адно, што, безумоўна, буду рэалізоўваць  у блізкай прышласці, гэта развесці садок, у чым надта разлічваю на Вашу дапамогу, хоць, па сутнасці, і гэта пакуль што прыгожая  мроя, рэалізацыя якой залежыць ад таго, як складзецца  маё жыццё, бо цяпер, што далей, яно падыходзіць да сляпога тупіка, з якога не ведаю, ці я здолею вылезці, і вылезці так, каб знайсці мажнасць жыць і працаваць у маім напрамку.

Ад спаткання з Вамі ў мяне засталося  светлае і цёплае ўражанне, за якое я Вам вельмі ўдзячны. Вы творыце прыгожую паэму чыну і працы. У наш час надта мала такіх людзей, і я вельмі рады майму знаёмству з Вамі”.

Іван Паўлавіч дапамог Міхасю Машару саджанцамі, чаранкамі, насеннем у закладцы невялікага саду. У сваю чаргу Міхась Машара паўплываў на далейшы лёс самога Сікоры.

Было гэта так.  У верасні 1939 года Чырвоная Армія  вызваліла Заходнюю Беларусь ад белапалякаў. Іван Паўлавіч аказаўся ў цэнтры новага жыцця. Мясцовыя жыхары выбралі яго старшынёй сялянскага камітэта — часовага органа новай улады, які быў створаны на станцыі Полава, непадалёк Алашак. А неўзабаве, калі ў вёсцы Слабада адкрылася беларуская школа,  Сікора з задавальненнем згадзіўся стаць яе дырэктарам.  І хто ведае, мо першая, афіцыйная першая прафесія зацягнула б яго так, што не было б калі займацца садам і доследамі ў ім? Але Міхась Машара  на прыёме ў першага сакратара ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнкі не прамінуў расказаць пра свайго сябра садавода-аматара. У Малыя Алашкі была выслана аўтарытэтная камісія і неўзабаве адкрыты  Паўночны апорны пункт Беларускай плодаагародніннай вопытнай станцыі, навуковым кіраўніком якой назначаўся Іван Сікора. На тым і закончылася яго дырэктарства ў школе.

Афіцыйна пункт не працаваў у гады Вялікай Ачыннай вайны, а яго начальніка фашысты ледзьве не расстралялі як савецкага служачага. Цудам удалося выратавацца. І ўсё ж Іван Паўлавіч, наколькі дазвалялі абставіны, працягваў работу.  І яшчэ з’яўляўся партызанскім сувязным. Аб гэтым сведчыць пісьмовая Падзяка яму камандзіра брыгады імя Суворава А. Ц. Кляцова, камісара М. Я. Усава і начальніка штаба  Т. К. Раеўскага.

Пасля вайны апорны пункт у Малых Алашках стаў адным з цэнтраў навукова-даследчай работы. Сюды ехалі экскурсіі на грузавых машынах, веласіпедах,  дабіраліся пешшу. Сустракаў людзей ён вет­ліва, у нацыянальным касцюме з вышыўкай, расказваў, паказваў і ў той жа час перажываў, хваляваўся, каб не стапталі госці ніводнай травінкі. Пасля іх ён браў у рукі грабельцы і раўняў дарожкі, каб на іх не засталося слядоў.

Шмат цікавага з жыцця Івана Паўлавіча ведае ўнучка роднага брата Сікоры — Кастуся — Галіна Сікора, якая была дырэктарам той жа Слабодскай школы. Цяпер яна на пенсіі і жыве ў Малых Алашках:

— Памятаю, Іван Паўлавіч вельмі любіў слухаць, як я ў дзяцінстве спявала. Яму захацелася, каб я паступіла ў музычную школу. Але тады якую музычную адукацыю можна было атрымаць?  Такіх школ у нашых мясцінах не было. Ён і кажа: “Давай, Галя, мы напішам пісьмо ў “Пионерскую правду”. Можа, нам там якую параду дадуць”. Сама б я ніколі не  пісала ў газету. Гэта зрабіў Іван Паўлавіч. Атрымалі адказ, што ёсць музычная школа ў Віцебску. Паехала туды, але спасцігла няўдача. Набор студэнтаў закончыўся. Але Іван Паўлавіч не супакоіўся: “Не выйшла з музыкай — бу­дзеш настаўніцай!” І адправіў у Мінск, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Нягледзячы на вялікі конкурс, паступіла на факультэт беларускай і рускай моў. І так атрымалася, што ў першым сваім лісце да Івана Паўлавіча зрабіла памылку. Дык ён гэту памылку выдзеліў вялікімі літарамі: вельмі патрабавальны і адказны быў.

Да яго прыходзілі ў дзень дзясяткі пісьмаў з розных  куткоў краіны, і на ўсе ён даваў адказы. Часам пісаў цэлыя аповесці. Самае цікавае, што спачатку занатоўваў на чарнавы лісток, а потым перапісваў. Пошта была ў Вялікіх Алашках, і ён ра­нічкай шыбаваў туды, каб паслаць лісты, атрымаць паштоўкі і пасылкі з кнігамі. І, звычайна, ідучы па вясковай вуліцы, заглядваў да гаспадароў, дзе якое дрэўца ці кветкі пасаджаны, якія ён даваў раней, ці правільна даглядаюць іх. Даваў парады. Часам чытаў цэлыя “лекцыі”.  І нездарма, таму Малыя і Вялікія Алашкі былі самымі  прыгожымі вёскамі ў раёне.

Быў вельмі працавіты. На досвітку, з першымі промнямі сонца, ён ужо быў на нагах, у садзе.  Выконваў любую работу: ці то прапалоць дзялянку, ці то градачку ўскапаць. Зямлі было мала, да таго ж нізінная, дык ён сам зладзіў дрэнаж, каб зрабіць участак прыдатным для раслін. Сам асушыў тарфянікі і пасадзіў там ляшчыны.

Падзеяй для  алашкаўцаў  у тыя часы было кіно. Устаноўка была перасоўная. Кінамеханік  прыязджаў у вёску, збіраліся ў хаце майго бацькі.  Іван Паўлавіч прыносіў з сабой зэдлік, хоць яму ўступалі месца ў першых радах, і з вялікай цікавасцю засяроджваўся на тым, што было на экране. У зале, калі ён прыходзіў, усталёўвалася абсалютная цішыня.

…А сёння ў такой жа звычайнай вясковай хаціне, цяпер музеі Сікоры, наведвальнікі глядзяць кіно вытворчасці “Беларусьфільм” пра самога Івана Паўлавіча, знятае яшчэ пры яго жыцці, калі яму было 79 гадоў.  Вось ён у сваёй адметнай нацыянальнай кашулі з вышыўкай, падпаясаны кушаком, сустракае гасцей.  Вось трымае на далоні цяжкую гронку вінаграду. Вось частуе чырванабокімі яблыкамі дзяцей. А вось лушчыць буйны фундук, як некалі на калгасным кірмашы ў Шаркаўшчыне, каменціруючы, што нідзе няма столькі пажыўных і каштоўных рэчываў для чалавека, як у гэтым арэху. Маўляў, самая што ні ёсць страва для касманаўтаў. Не ўсведамляючы да канца, што ў космас з Малых Алашак ён  вывеў садаводства!

Зямля і космас садавода Івана Сікоры

Музей садавода-селікцыянера Івана Паўлавіча Сікоры

Мы добра ведаем адзін сорт яблыні Івана Паўлавіча “памяць Сікоры”, які яшчэ называюць яблыкам XXI  стагоддзя. Але ж ён вывеў у сваім садзе не горшыя, а мо і лепшыя за гэты сарты:  гібрыд пад №365 — марозаўстолівая антонаўка, якая захоўваецца да сакавіка; гібрыд пад № 1280 — ананас, плод якога дасягае вагі  400 грамаў і ляжыць ажно да лета; гібрыд пад №1335 — груша вагою да паўкілаграма; арэх-фундук, якому няма роўных нават на Поўдні. Толькі яблынь новых, апрабаваных у мясцовых умовах сартоў, на рахунку алашкаўскага садавода-селекцыянера звыш шасці соцень! Дзе ўсё гэта?

На жаль, Іван Паўлавіч не вёў дзённікаў. З-за сваёй занятасці і сціпласці не запатэнтаваў выведзеныя  ім арыгінальныя сарты пладоў, ягад, агародніны. Упэўнены, па нашым часе ён мог бы стаць доларавым мільянерам. А тады, у 60-ыя гады, жыў бедна. Ада Райчонак, якая настаўнічала ў Слабадской школе, дзе калісьці працаваў сам Сікора, прыгадвае:

— Як памёр Іван Паўлавіч, дык яго не было нават у што апрануць. Я была тады старшынёй прафкама і збірала з усіх настаўнікаў грошы, каб купіць яму  касцюм, кашулю, чаравікі.

Не лепшым чынам распарадзіўся Іван Паўлавіч спадчынай, як лічыць унучка роднага брата  садавода-селекцыянера Галіна Сікора:

— Усё ён завяшчаў сваёй другой жонцы Наталлі: хату, нажытае дабро. Яна  потым выходзіла замуж некалькі разоў. Адзін з яе мужоў паставіў кузню  ў садзе, дзе раслі кветкі. За гарэлку распрадавала ўнікальную бібліятэку Сікоры, у якой былі тысячы кніг. Частку іх потым забралі ў райкам партыі і  праз нейкі час з-за даўнасці… спісалі. Вяліся перамовы з музеем  у Яснай Паляне  аб продажы яму партрэта Льва Талстога, падараванага Івану Паўлавічу. Здзелка не адбылася толькі таму, што партрэт паспеў забраць сын Сікоры Віктар.

І ўсё ж удзячныя землякі захавалі памяць пра вялікага садавода. Яго музей быў спачатку адкрыты ў Слабадской школе, дзе некалі працаваў, а потым у Малых Алашках, роднай вёсцы, для чаго быў набыты сялянскі дом. У ім абсталяваны кабінет Сікоры: стол, крэсла, канапа, на якой ён адпачываў, старэнькая радыёла, трохі кніг, сшыткі з занатаванымі ў іх назіраннямі. Асобна ляжаць  прылады, якімі карыстаўся садавод: лейка для паліву, розныя сцізорыкі. А яшчэ — той самы льняны касцюм, у якім любіў Іван Паўлавіч сустракаць гасцей. Потым паказвалі дом праз дарогу, у якім звыш сарака апошніх гадоў жыў Іван Паўлавіч. І ў сувязі з апошнім фактам часта можна было пачуць пытанне: чаму музей не размешчаны ў гэтай хаце?

— Сапраўды, так і хацелі, бо гэта напрошвалася само сабой, — расказвае Ада Райчонак. — І Наташа спачатку пагадзілася пры ўмове, што стане ў ім гаспадыняй. Але сваякі адгаварылі яе, маўляў, гэта будзе не тваё, а дзяржаўнае. Калі Наташа моцна захварэла і яе прывезлі да нас у бальніцу, я наведвала яе, карміла і тады  даведалася, што яна ахвяравала хату пляменніцам. Удалося пераканаць яе перарабіць завяшчанне  на сына Сікоры Віктара. Некалькі гадоў дом стаяў запусцелы, а потым  Віктар вырашыў яго прадаць. Жонка яго, Фрося, выпадкова даведалася, што пакупнік той бярэ дом на дровы. І вось тэлефануе яна мне: “Ада Эльеўна, гэта будзе ганьба нам, дзецям і ўнукам, калі прададзім гэту хату на дровы”.  Кінулася я па знаёмых, заняла некалькі соцень долараў і набыла дом, хоць за яго і быў ужо дадзены задатак.

У планах Ады Райчонак было адкрыць у гэтым доме другі музей Івана Сікоры, але аказалася не пад сілу. Не наездзішся сюды ажно з Германавіч, за паўсотню кіламетраў, ды і гады ўжо не тыя.  А таму сёлета перадала хату дзяржаве. Трэба зазначыць, што навядзеннем парадку ў самой  хаце і ў старым Сікораўскім садзе, зборам экспанатаў, старадаўняй мэблі займаўся ці не ўвесь раён. Ва ўсялякім разе тут пашчыравалі прадстаўнікі самых розных арганізацый, а райгаз нават вырабіў  скульптуру сімвалічнага яблыка вагою амаль паўтоны, якая стала брэндам раёна. Аднаўленне сядзібы садавода праводзілася пад асабістым кантролем старшыні райвыканкама Мікалая Баговіча.

На адкрыццё дома-музея Івана Сікоры, якое адбылося летась на Спас, прыяз­джалі з Мінска ўнукі Івана Паўлавіча Андрэй і Пётр. У апошняга якраз захоўваецца цяпер партрэт Льва Талстога. У музей ён даставіў копію, а таксама некалькі дзясяткаў кніг з бібліятэкі дзеда. Дакументы, каштоўныя экспанаты падаравалі музею жыхары Малых Алашак Галіна Сікора, Ніна Брэсцкая, Соф’я Сікора, якія ведалі Івана Паўлавіча яшчэ пры яго жыцці.

У музейны комплекс Івана Сікоры ў Малых Алашках, які займае  4 гектары, увахо­дзяць  два плодагадавальнікі, у якіх расце каля 3800 саджанцаў. Ёсць тут і свой садоўнік на паўстаўкі Алег Сікора, бацька якога, Георгій, калісьці даглядаў сад Івана Паўлавіча. У гадавальніку такія беларускія сарты яблынь, як “памяць Сікоры”, “антэй”, “алеся” і іншыя.

Маладыя яблынькі з сікораўскіх гадавальнікаў растуць каля новай цэнтральнай бальніцы ў Шаркаўшчыне, у лясгасе. Іх жадаюць набыць і многія жыхары раёна, але… не могуць.

— Па той простай прычыне, — тлумачыць загадчык музея Наталля Перхуровіч, — што не маем на гэта ліцэнзіі. Каб атрымаць яе, патрэбны і грошы, і час.

Праўда, за гэта цяпер узялася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, якая ўжо вельмі шмат зрабіла для музея ў Малых Алашках.

З атрыманнем ліцэнзіі можна будзе рэштку заробленых ад даходу з плодагадавальнікаў грошай накіраваць на заахвочванне супрацоўнікаў музея, якія даглядаюць пасадкі, абкошваюць, полюць, а зарплату атрымліваюць не такую ўжо і вялікую (у сярэднім 2 мільёны 500  тысяч рублёў, і толькі за работу ў самім музеі).

Але нельга не заўважыць галоўнага: сёння збываецца мара Івана Сікоры ператварыць Беларусь у квітнеючы сад. На яго роднай Віцебшчыне — звыш 5 тысяч гектараў садоў, з іх трэцяя частка — маладыя: 500 гектараў — у Талочынскага кансервавага завода, 400 — у ЧСУП “Радуньскае” Аршанскага раёна. У апошнім перад самым Новым годам уведзена у строй  яшчэ адно сучаснае сховішча на 500 тон, аснашчанае аўтаматыкай. Вішнёвы сад забуяў ля Глыбокага.

Справу Івана Сікоры працягваюць Віктар Славецкі і Уладзімір Быкаў з Лепеля, Уладзімір Кашкур з Міёр і многія іншыя садаводы.

Пяць тысяч сартоў пладовых дрэў мае сёння РУП “Інстытут пладаводства” пры НАН Беларусі. Тая самая ўстанова, ад якой калісьці дзейнічаў апорны Паўночны пункт пладаводства ў Малых Алашках, загадчыкам якога быў Іван Сікора.

— У Беларусі за дзве апошнія пяцігодкі пасаджана 14 тысяч гектараў новых садоў. Рэспубліка не толькі сябе забяспечвае яблыкамі, але і прадае іх на экспарт. Многія сарты яблыкаў, ігруш і іншых культур створаны на аснове тых, што вывеў Іван Паўлавіч Сікора, — зазначае дырэктар інстытута па навуковай працы  Анатоль Крыварот. — І мы  яму ўдзячны за гэта!

А закончыць расказ пра Івана Паўлавіча Сікору хочацца адным з яго апошніх выступленняў-наказаў, якое ён зрабіў у жніўні 1962 года перад настаўнікамі Міёрскага раёна і якое не страціла актуальнасці ў нашы дні:

— Сады — упрыгажэнне нашай зямлі. Гэта і зялёная прыгажосць, і цудоўная квецень, і карысныя для чалавека прадукты харчавання, якія нельга замяніць. Сёння ў нас шмат садоў. І тым не менш павінны сабе прызнацца, што пладоў і ягад  усё ж у нас  малавата. А што ёсць, тое далёка не самае лепшае.

Нам патрэбна, каб добры сад меўся ў кожным калгасе, саўгасе, каля кожнай школы, хаты. Нядрэнна, каб пладовыя дрэвы раслі ля дарог, каля адміністрацыйных будынкаў. Трэба, каб людзі любілі сады, ведалі ў іх толк. Упрыгожваць садамі зямлю, на якой жывеш, — значыць, любіць яе!

Пры кожнай школе ёсць доследны ўчастак. Ён уяўляе сабой своеасаблівую лабараторыю, дзе вучань пазнае раслінны свет, вучыцца разумна ўздзейнічаць на яго і наогул прывучаецца да карыснай, творчай працы на зямлі. Аднак ці заўсёды так ёсць? Школьны ўчастак часта ператвараецца ў звычайную падсобную гаспадарку, дзе вырошчваюцца галоўным чынам бульба, буракі, капуста. Ёсць і якіясьці пладовыя дрэвы, ягадныя кусты, але яны невядомага паходжання, саджанцы часцей набытыя абы-дзе, выпадкова купленыя на кірмашы.

Канечне, бульба і іншая агародніна, плады з прышкольнага ўчастка становяцца добрай дабаўкай да харчавання вучняў. Аднак ці зможа школу задаволіць такая практычная карысць? На ўсё ў школе, думаецца, трэба глядзець з вышыні вучэбна-выхаваўчых задач. Гэтым задачам павінна быць падначалена ўсё. Нават вырошчваючы тую ж агародніну для школьнай сталовай, можна і трэба адначасова весці даследчую і выхаваўчую работу.

Чаму б, скажам, у школе не мець хаця б невялічкі плодагадавальнік? Упэўнены: дзеці ахвотна, з вялікай карысцю для сябе  працавалі б у ім. Гадавальнік змог бы стаць расаднікам выдатных сартоў у ваколіцах школы.

Вельмі добра было б, калі б кожны вучань, скажам, на ўроку прыродазнаўства пад кіраўніцтвам  настаўніка сам прывіў яблыньку, грушу. Справа гэта не такая ўжо цяжкая. А потым сам даглядаў бы са­джанцы, расціў іх. Запэўніваю вас: вы змаглі б абудзіць у вучня творчасць, зацікаўленасць, сапраўдную любоў да роднай прыроды, жаданне пазнаваць яе тайны, быць у яе клапатлівым, гаспадарлівым працаўніком. А гэта ўжо нямала. Няхай не кожны вучань стане аграномам, але кожны, як мае быць, атрымае добры душэўны зарад, які паслужыць у далейшым фарміраванню яго асобы. Ці гэта нармальна, калі вясковыя дзеці сёння вучаць прыродазнаўства толькі па кніжках ды малюнках, у лепшым выпадку па эпізадычных паходах у поле, у лес, на рэчку?..

Пакінуў гэты свет Іван Паўлавіч Сікора на 82-ім годзе жыцця. Пахаваны на могілках у суседняй вёсцы Мельніца побач з першай жонкай Марыляй і сынам Віктарам.

Уладзімір САУЛІЧ.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: 24 часа это - ?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 17

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 24

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 27

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 23

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 24

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 36

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 33

Сустрэча ўсяго каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі адбылася 17 лістапада ў Паставах (фота)

Хотите узнать больше? Сустрэча каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі ў Паставах 17 лістапада. Фота з сайта catholic.by 17 лістапада ў касцёле Беззаганнага Зачацця 29