Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Дзеткава цяпер на дзетак беднае

Дзеткава цяпер на дзетак беднае

Дарога з Пастаў на Браслаў пралягае праз невялікую вёсачку з цікавай назвай Дзеткава. Згодна з легендай, даўно-даўно тут было шмат дзяцей, адсюль і назва. Цяпер жа менш за дваццаць жыхароў. А дзетак  — толькі двое. І ўсё ж вёска яшчэ жыве, працуе ферма. Трое гаспадароў трымаюць уласных кароў, летам у большасці двароў цвітуць кветкі. Старэйшыя жыхары з настальгіяй успамінаюць гады сваёй маладосці, калі ў кожнай хаце ярка свяціліся вокны, звінелі дзіцячыя галасы, кіпела работа на агародах. Чым жывуць вяскоўцы? Пра гэта чытайце далей.

Разам амаль паўстагоддзя

Дзеткава цяпер на дзетак беднае

— Першы раз лёс звёў нас восенню 1943-га, — кажа Кузьма Сямёнавіч Сідаровіч, паглядаючы на жонку. — Ёй было 9 месяцаў, мне — тры гады. Немцы спалілі хутары, а людзей пагналі абозам у Паставы. На адной падводзе ехала наша ­сям’я, на другой — Жэніна.

У Заброддзі Сідаровічы звярнулі ў адзін з двароў і адсталі ад абоза, а маленькая Жэня разам з маці, бабуляй і сястрой трапіла ў Германію. Старэйшыя працавалі на заводзе, дзяўчынку даглядала  дзевяцігадовая сястра.  Пастаянна думалі пра радзіму, пра бацьку, які ў той час, калі немцы зганялі людзей у абоз, быў у лесе і таму застаўся дома.

У Дзеткава вярнуліся восенню 1945-га.  К таму часу бацька паспеў пабудаваць жыллё. А потым стварылі калгасы, і з абжытага месца прыйшлося перабірацца ў вёску.

— Маім бацькам удалося пазбегнуць прымусовых работ у Германіі, — працягваў Кузьма Сямёнавіч. — Але і на папялішча не было як вяртацца. Прытулілі чужыя людзі. Жылі за некалькі кіламетраў ад свайго хутара, а ў вольны час бацька хадзіў туды будавацца.

У калгасе з’явіліся першыя трактары. Кузьму вабіла тэхніка. Тых, хто згаджаўся ехаць на асваенне цалінных зямель, на вучобу бралі без праблем. Рашыўся і Кузьма Сідаровіч. На цаліне адпрацаваў год. Многія заставаліся там на пастаяннае месца жыхарства, а яго цягнула ў родныя мясціны. Затым на тры гады прызвалі на службу ў арміі. Праходзіў яе ў Ленінградзе. Прапаноўвалі застацца. А ён зноў жа вярнуўся ў Дзеткава. Пакахаў працавітую, увішную Жэню і прыйшоў да яе ў прымакі.

— Мне не было і шаснаццаці, калі памёр тата, — змахвае слёзы Яўгенія Яўстаф’еўна. — Бабуля старая, мама пасля Германіі хворая, а мы з сястрой і за гаспадара, і за гаспадыню. І аралі, і  касілі самі. Да таго ж трэба было вяртаць пазыку, якую бацька ўзяў на будаўніцтва дома. Пайшла ў даяркі. Каровы стаялі ў прыстасаваным пад ферму току. Даілі ўручную. Зімой паіць ганялі да ракі. Там былі ўстаноўлены карыты, у іх ваду насілі вёдрамі з палонкі.  Карова менш за два вядры не выпівала. Уяўляеце, колькі трэба было яе нанасіць для 15-ці! А зімы тады былі суровыя, вада на спадніцы абмерзне, падол стане цяжкі, як жалезны,  аб калені бразгае. А як няпроста было раздойваць першацёлак! Таму цяпер і здароўя не маю — на ферме яно засталося. Разам са мной шчыравалі Фяўроння, Раіса, Марыя, Ніна. Ва ўсіх іх было прозвішча Сідаровіч. А яшчэ Вольга Курдзёнак.

Дзеткава цяпер на дзетак беднае

Былыя даяркі фермы «Дзеткава» Яўгенія Сідаровіч (першая злева ў другім радзе), Фяўроння Сідаровіч, Раіса Сідаровіч, Марыя Сідаровіч, Вольга Курдзёнак і Ніна Сідаровіч.

Кузьма Сямёнавіч быў  механізатарам, дваццаць пяць гадоў адпрацаваў на камбайне. У 1976-ым намалаціў 640 тон і выйшаў на першае месца ў вобласці, за што ўзнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”.

— Слухаю пра цяперашнія намалоты і радуюся: якая магутная тэхніка, — разважаў. — А камбайны «СК-3», на якіх працавала маё пакаленне, былі слабенькімі. Па сённяшніх мерках 600 тон — гэта не паказчык. Даўно мінуў той час.  Лічым, што мудра паступілі, не пакінуўшы бацькоўскі дом. Нашы равеснікі, якія выехалі ў вялікія гарады, ужо даўно памерлі, а нам родная зямелька дае сілы жыць. Перабіраем фотаздымкі, успамінаем тых, з кім разам шчыравалі ў полі. Талковы быў старшыня калгаса Віталій Якаўлевіч Лапушынскі, строгі і патрабавальны.

Кузьма Сямёнавіч і Яўгенія Яўстаф’еўна даўно на пенсіі, але не могуць без справы. Трымаюць казу, курэй, да сёлетняга лета былі свінні. Гаспадар любіць сталярнічаць, мае некалькі станкоў, можа зрабіць аконныя рамы і ўвогуле, здаецца, усё. Гаспадыня вяжа. Па выхадных чакаюць сына і дачку з сем’ямі. Яны жывуць у Паставах, таму маюць магчымасць часта наведвацца.

Кузьма Сямёнавіч — старэйшына вёскі. Перажывае, што з кожным годам усё больш дамоў пустуе. Карэнныя жыхары паміраюць, а моладзь абжываецца ў гарадах.

— Напішыце, што  ў Дзеткаве прыгожа летам, непадалёк працякае рэчка Мядзелка, — гаварыў старэйшына. — Магчыма, хтосьці захоча перабрацца сюды жыць. Будзем рады маладым гаспадарам.

Удваіх весялей

Дзеткава цяпер на дзетак беднае

Пятра Сямёнавіча Сідаровіча сустрэла ў двары яго суседкі Ірыны Яўстаф’еўны Карніенка. Ён рамантаваў дзверы ў хлеўчыку. Жартую, ці не пераблытаў пабудовы. “А як жа не дапамагчы, калі аб гэтым просяць?» — адказаў Пётр Сямёнавіч і запрасіў да сябе.

Яго дом стаіць першым на вясковай вуліцы. Мне ён запомніўся яшчэ з лета, калі ехала на Браслаў, яркім дываном з аксамітак, астраў, флёксаў і іншых кветак. Падумала: колькі ж часу трэба гаспадыні, каб выпеставаць такую прыгажосць!

— А чым нам, пенсіянерам, займацца? — усміхаецца гаспадар. — Я люблю што-небудзь майстраваць, а Тарэса зімой шмат  вяжа, вышывае, летам жа, здаецца, і начавала б у кветніках.

Пётр быў малодшым у сям’і. Старэйшы, Кузьма, працаваў на трактары, камбайне, сярэдні, Міхаіл, — на аўтамашыне. Падаўся ў Відзаўскае прафтэхвучылішча і ён.   Атрымаўшы прафесію, служыў у арміі, а затым вярнуўся дадому. Тым часам у калгас прыехала па размеркаванні маладая заатэхнік. Пётр ад яе не адступіўся  — і згулялі вяселле. Маладым выдзелілі спачатку жыллё ў Дзеткаве, потым у Кураполлі. А калі на ферме ў Дзеткаве спатрэбілася загадчыца, кіраўніцтва калгаса пабудавала для працавітай сям’і дом у роднай для Пятра вёсцы.

— І Зоя (пакойная жонка — аўт.), і Пётр — працаголікі, — расказвалі мне дзеткаўцы. — Яна ўсю сябе аддавала жывёлагадоўлі, ён — тэхніцы.

А з тэхнікай у той час была праблема, і старшыня былога калгаса “Прагрэс” В. Я. Лапушынскі  прапанаваў вучням сярэдняй школы №1 заняцца зборам металалому, а потым абмяняць яго  на новенькі трактар. Ключы ад імяннога МТЗ-80 Пётр Сідаровіч атрымаў на ўрачыстай школьнай лінейцы. А потым яму давяралася самая адказная работа. За прафесіяналізм і высокія паказчыкі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Быў звеннявым па вырошчванні бульбы, брыгадзірам камбайнераў.

Дзеткава цяпер на дзетак беднае

Гаспадарку на адным з раённых святаў прадстаўлялі вадзіцель Ілья Курыловіч, конюх Фёдар Пушкар, каваль Уладзімір Хаткевіч, камбайнеры Усевалад Бароўка, Ігар Пучынскі і браты Кузьма, Міхаіл, Пётр Сідаровічы.

— Я, Алег Бароўка, Аляксандр Піскуновіч, Мікалай Чарэнка, Юрый Сівы працавалі на падрадзе, — успамінаў. — Каб нікому не было крыўдна, вырашылі не лічыць кожнаму асобна намалочаныя тоны, а дзяліць пароўну. І ўсе стараліся.

Перажыў Пётр Сямёнавіч і цяжкую страту. Яго жонка Зоя недамаганне адчувала, але да дактароў не спяшалася. А калі выйсці далей, чым вароты, сіл не знайшлося, медыкі развялі рукамі. Хвароба спаліла яе за паўгода. Пятру было пяцьдзясят. У хляве дзве каровы, свінні, куры. І хоць умеў рабіць любую работу, старэнькая маці ўгаворвала не жыць аднаму. Доўга не мог рашыцца на такі крок. Дапамог знаёмы, які пасватаў яму Тарэсу Іосі­фаўну. Тая ўдавой была шэсць гадоў, і ёй таксама надакучыла адзінота.

— З Зояй пражылі дваццаць сем гадоў, — расказваў Пётр Сямёнавіч. — З Тарэсай — дванаццаць.  Чалавек так устроены, што павінен жыць у пары. Калі жонка едзе да сына ў Відзы, дзень здаецца годам. Днём спраў хапае, люблю што-небудзь майстраваць, а вось доўгімі вечарамі ўдваіх весялей.

Гаспадараць на ферме

Дзеткава цяпер на дзетак беднае

Адзіным месцам работы ў Дзеткаве была і застаецца ферма. На ёй гаспадараць Віктар і Любоў Яначкіны, Марына і Аляксандр Дзмітровічы, Галіна Пушко і Юрый Падгорны. Усе яны жывуць у вёсцы, і ўсе — прыезджыя. Яначкіны родам з Гомельшчыны. Пакінуць абжытае месца іх прымусіла аварыя на Чарнобыльскай атам­най электра­станцыі. Жылі некаторы час у Літве, а потым перабраліся ў Дзеткава. З таго часу мінула  25 гадоў. Віктар Цімафеевіч летам пасвіць статак, зімой забяспечвае яго кормам. Любоў Іванаўна — даярка. Гэту сям’ю вызначаюць адказнасць і працавітасць. Яна — прыклад для маладых.

— Якая вёска была тады, калі пераехалі! — з сумам у голасе гаварыў Віктар Цімафеевіч. — А цяпер душа баліць, бо пусцее: хто памёр, каго дзеці ў гарады забралі. Многія дамы пазносілі і фундаменты з зямлёй зраўнялі. Хацелася б, каб маладыя затрымаліся ў Дзеткаве, нарадзілі дзетак.

Сем’ям Марыны Дзмітровіч і Галіны Пушко кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла дамы. На ўласных падворках трымаюць жыўнасць.

— Мы ж не гараджане, — гаварылі. — А калі выбралі вёску, то і жыць трэба па-вясковаму: трымаць карову, курэй, іншую жыўнасць. Работы хапае. Але мы маладыя, трэба рупіцца.

“Трэба жыць, як набяжыць”

Ірыне Яўстаф’еўне Карніенка ідзе 80-ы год. Даўно не мае ніякай гаспадаркі, але і дроў прынесці ў печ, вады самой цяжкавата. А яшчэ даглядае хворага мужа, які ўжо каторы месяц не ўстае з ложка. Спраўляцца з паўсядзённымі клопатамі дапамагае сацыяльны работнік, а таксама суседзі Пётр і Тарэса Сідаровічы.

— Хапіла мне гора, — уздыхае жанчына. — Усяго восем гадоў мела, калі разам з жыхарамі суседніх хутароў вывезлі нас на прымусовыя работы ў Германію. Дачакаліся вызвалення, ды ў Нямеччыне ўтапіўся старэйшы за мяне на тры гады брат. Яго там і пахавалі. Вярнуліся на папялішча. Выратавала тое, што бацькавы браты, сёстры не былі вывезеныя. Яны і каня нашага захавалі, і нашай зямлі пуставацьне давалі. У той год пасеялі збожжа, пасадзілі бульбу. Потым дапамагалі тату будавацца.

Праз вёску будавалі дарогу. Прыгажуня Ірына прыглянулася будаўніку-дарожніку. Спадзявалася, што муж-украінец застанецца ў Дзеткаве, а ён паехаў са сваёй брыгадай ажно ў Якуцію. Пакінуўшы бацькам паўтарагадовую дачушку, Ірына падалася за ім.

— О дзе гора хапянула, — змахвае слёзы. — Жылі ў палатках. Клімат суровы. Былі дні, калі нават на работу не хадзілі. Мужчыны выязджалі на аб’екты, працавалі вахтавым метадам.  Вернуцца дадому і п’юць спірт. Не вытрымала я такога жыцця, кінула ўсё і вярнулася да бацькоў. Адна на ногі ставіла дачушку. На ферме працавала, гаспадарку вялікую трымала. Дачка вывучылася, жыве ў Ленінградзе. За пяцьдзясят мне было, калі прыняла ў дом чалавека. Ён у шахтах працаваў, а тады вярнуўся да бацькоў у Паставы. Цяпер ён цяжкахворы, і ў мяне здароўя няма: дзве аперацыі перанесла ў Бараўлянах, на вочы — у Мінску. Ды што зробіш: трэба жыць, як набяжыць.

“Адзіноты тут не адчуваю”

Дзеткава цяпер на дзетак беднае

Раіса Іванаўна Башэнка нарадзілася і вырасла ў Дзеткаве. У Кураполле хадзіла ў школу. У той час дзяцей збіралася шмат. А гуртам і адлегласць карацейшай становіцца, і час  хутчэй мінае. Потым вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце, працавала ў школах раёна. На вяселлі ў суседа пазнаёмілася з хлопцам з Гарадоцкага раёна, выйшла замуж, і маладыя выехалі ў Віцебск. Там 35 гадоў адпрацавала ў педагогіцы. А калі бацькі пастарэлі, прыязджала да іх на кожныя выхадныя. Калі зусім занемаглі, вымушана была перабрацца да іх.

—  Дарагія людзі адышлі ў свет іншы, — расказвала Раіса Іванаўна. — Спачатку тата, затым муж, чатыры гады таму — мама.  А я засталася ў Дзеткаве.

Сын жыве ў Цверы. Запрашае да сябе на пастаяннае месца жыхарства. Але жанчына пакуль ездзіць туды толькі ў госці.

— У  бацькоўскай хаце мне ўсё нагадвае шчаслівы час дзяцінства, — святлее твар Раісы Іванаўны. — Вяскоўцы як радня. У любой справе прыйдуць на дапамогу Пётр і Тарэса Сідаровічы. Яны і маму мне дапамагалі даглядаць. Удзячна сацыяльнаму работніку Марыне Смулько, якая клапацілася пра маму, і цяпер мы падтрымліваем з ёй сувязь.  Суседзі Яначкіны прыезджыя, але хутка сталі сваімі. У Дзеткаве я адпачываю душой і не адчуваю сябе адзінокай. Захочацца ў райцэнтр, аўтобуса не чакаю, на ведасіпед — і наперад.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара і з сямейнага альбома К. С. Сідаровіча.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 12

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 23

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 25

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 22

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 23

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 35

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 33

Сустрэча ўсяго каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі адбылася 17 лістапада ў Паставах (фота)

Хотите узнать больше? Сустрэча каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі ў Паставах 17 лістапада. Фота з сайта catholic.by 17 лістапада ў касцёле Беззаганнага Зачацця 27