Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

“Галоўная задача — павышаць якасць адукацыі”

“Галоўная задача — павышаць якасць адукацыі”

Славамір Часлававіч Каранеўскі

Дырэктар Пастаўскай гімназіі Славамір Часлававіч Каранеўскі — асоба ў раёне дастаткова вядомая. Часта ён і ўстанова, якую ўзначальвае, фігурыруюць у нашых публікацыях у сувязі з поспехамі гімназістаў на самых розных узроўнях, правядзеннем у гімназіі тых ці іншых мерапрыемстваў. За дасягнутыя высокія вынікі ў педагагічнай дзейнасці сёлета С. Ч. Каранеўскі ўдастоены звання “Чалавек года Пастаўшчыны” ў намінацыі “Адукацыя”. А чаму б не расказаць пра кіраўніка больш падрабязна? — падумалі мы і запрасілі яго стаць героем рубрыкі “15 пытанняў ад “Пастаўскага краю”.

— Славамір Часлававіч, чаму Вы вырашылі стаць педагогам?

— Гэта рашэнне было наколькі ўсвядомленым, настолькі і спантанным. У канцы 70-ых гадоў мінулага стагоддзя ў вёсцы — а сам я родам з Марцінелевіч Ваўкоўскага сельсавета — прафесія педагога, як і медыка, лічылася прэстыжнай. Гэта былі людзі з вышэйшай адукацыяй, якія годна прадстаўлялі беларускую інтэлігенцыю, увасаблялі сабой усё новае і перадавое. Зразумела, простыя вяскоўцы марылі пра тое, каб іх дзеці сталі настаўнікамі і ўрачамі. Такім было жаданне і маёй мамы. Яна настойліва рэкамендавала выбраць гэту прафесію. Акрамя таго, мне заўсёды падабалася вучыцца. Калі заканчваў 9-10 клас Дунілавіцкай СШ, вельмі не хацелася развітвацца са школай. Тады і ўзнікла думка звязаць з ёй далейшы лёс. Ну і, канешне, былі настаўнікі, якія з’яўляліся прыкладам. Заўсёды буду памятаць свайго класнага кіраўніка па Заўліцкай васьмігадовай школе Раісу Васільеўну Кішко, педагога з вялікім стажам, якая ў 50-ыя гады пакінула Мар’іну Горку і прыехала настаўнічаць на Пастаўшчыну, дзе да канца засталася вернай маленькай вясковай школе і абранай прафесіі. Не забуду таксама настаўніка гісторыі Юрыя Уладзіміравіча Ліп­скага. Не без яго ўплыву ў 1980 годзе я паступіў на прэстыжны тады гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

— Раскажыце, дзе рабілі першыя крокі ў прафесіі.

— Калі на 5-ым курсе паўстала пытанне аб працаўладкаванні, я ішоў у першай дзясятцы па размеркаванні і мог выбіраць, у які раён ехаць працаваць. Але, як кажуць, дом там, дзе сэрца. У апошні момант мяне пацягнула дамоў. Праз дырэктара сваёй школы звязаўся з раённым ад­дзелам адукацыі, які тады ўзначальваў Міхаіл Мяфодзьевіч Кішко. Там зрабілі на мяне запыт, і на выніковым размеркаванні студэнт Каранеўскі атрымаў накіраванне ў Пастаўскі раён. Так атрымалася, што трапіў у родную Заўліцкую школу. 1 верасня 1985 года быў назначаны настаўнікам гісторыі і па збегу абставін, паколькі дырэктар школы выходзіў на пенсію, стаў яшчэ і выконваючым яго абавязкі.

— А як далей складваўся Ваш прафесійны лёс?

— У будынку гэтай школы я адпрацаваў да 1991 года. Тады па ініцыятыве старшыні мясцовага калгаса У. М. Морнева была пабудавана новая школа, якая стала называцца ўжо не Заўліцкай, а Янчукоўскай. З 1991 па 2006 год з’яўляўся яе дырэктарам, а калі з базавай школу ператварылі ў пачатковую, давялося задумацца пра далейшае працаўладкаванне. Паступіла некалькі прапаноў, сярод якіх — стаць дырэктарам гімназіі. Канешне, выбар быў складаны, прыйшлося добра падумаць, перш чым прыняць рашэнне.

— Што адчувалі, калі Вам прапанавалі ўзначаліць новую навучальную ўстанову ў раёне?

— Пачуцці адольвалі супярэчлівыя. З аднаго боку, для мяне гэта быў давер, прэстыж, далейшы рост, у тым ліку кар’ерны, хоць само слова “кар’ера” не люблю. А з іншага — вялізная адказнасць, ноша, якую трэба было на сябе ўзваліць, таму што гімназія — справа новая. Практычна трэба было сабраць калектыў педагогаў, дзяцей, не падвесці людзей, кіраўніцтва раёна і аддзела адукацыі, апраўдаць аказаны мне давер.

— Наколькі складана было ўсё пачынаць з нуля?

— Нуль у дадзеным выпадку — паняцце адноснае. Справа ў тым, што мелася рашэнне райвыканкама, а таму я заўсёды адчуваў падтрымку і Алы Эдмундаўны Кейзік, і Эдуарда Пятровіча Казуры, і Аляксандра Яўгеньевіча Кашырына. А гэта ўжо вялікая справа. Былі немалыя ўкладанні ў матэрыяльную базу, зроблены рамонт будынка гімназіі. Перад яе адкрыццём сур’ёзная падрыхтоўка вялася на працягу паўгода. Разам з кіраўніцтвам ад­дзела адукацыі я наведаў шэраг гімназій у суседніх раёнах і набыў пэўны тэарэтычны вопыт. Педагогі, якія прыйшлі сюды, былі ўжо высокакваліфікаваныя і падрыхтаваныя, з жаданнем працаваць. А ў многіх дзяцей было жаданне вучыцца. Складана аказалася ў тым плане, што з гэтых асобных кавалачкаў трэба было сабраць калектыў — педагагічны і вучнёўскі, расставіць акцэнты, вызначыць прыярытэты, мэты і задачы. А часу на раскачку мы практычна не мелі, бо з першых крокаў трэба было знайсці сваю нішу ў сістэме адукацыі раёна, зарэкамендаваць сябе, каб да нас пайшлі дзеці, стварыць імідж навучальнай установы, якая б чымсьці адрознівалася ад іншых, мела свой твар.

— Ці задаволены зараз вынікамі сваёй работы?

— Цалкам задаволеным быць складана, бо няма межаў для ўдасканалення і росту. Але тое, што ўдалося зрабіць за першыя гады, лічу нядрэнным вынікам. Мы змаглі стварыць калектыў аднадумцаў, яго касцяк, які з часам “аброс” педагагічнымі работнікамі і дзецьмі, асаблівую атмасферу садзейнічання вучобе, якую адчуваюць усе, хто бывае ў нашай навучальнай установе. Як і імкнуліся, занялі сваё месца сярод школ раёна. За апошнія 5 гадоў, калі паўнацэнна запрацавалі, маючы ў тым ліку 10-11 класы, сталі ўдзельнікамі ўсемагчымых алімпіяд і конкурсаў. Столькі ж часу выходзім пераможцамі спаборніцтва сярод гарадскіх школ. У нас ёсць зрухі не толькі ў якасці адукацыі, але і ў плане выхавання. Многія госці гімназіі адзначаюць высокі ўзровень выхаванасці нашых дзяцей. Шмат зроблена для ўмацавання матэрыяльнай базы. На сённяшні дзень гімназія — самая моцная ўстанова адукацыі раёна ў плане інфарматызацыі, забяспечанасці электроннымі сродкамі навучання. Мы маем тры мультымедыйныя праектары, дзве інтэрактыўныя дошкі, два камп’ютарныя класы, добрыя актавую залу і спартыўную базу, уласны інтэрнат, выдатна аснашчаныя кабінеты фізікі, хіміі, замежнай мовы.

— А якія задачы ставіце перад навучальнай установай на перспектыву?

— Якая б высокая планка ні была ўзята, трэба працаваць далей, дабівацца новых вышынь. Сёння самая галоўная задача — павышэнне якасці адукацыі. Нашы навучэнцы павінны атрымліваць грунтоўныя веды, што немагчыма без павышэння кампетэнтнасці і прафесіяналізму педагогаў, сучасных сродкаў навучання. Таксама прыярытэтнымі з’яўляюцца пытанні выхавання. Мы павінны дапамагчы маладым людзям вызначыць мэты і крытэрыі ў жыцці, каб яны не згубіліся ў працэсе сацыялізацыі ў грамадстве.

— Вы лічыце сябе патрабавальным кіраўніком і педагогам?

— Я схіляюся да таго, што спачатку трэба стварыць умовы, каб чалавек адчуў адказнасць за даручаны ўчастак работы, сваю самастойнасць і значнасць у агульнай справе. А ўжо потым патрабаваць ад яго, не выходзячы пры гэтым за рамкі разумнага. Таму не імкнуся быць жорсткім адміністратарам, але і патураць у чымсьці таксама не буду. Стараюся прытрымлівацца залатой сярэдзіны, асноўную стаўку раблю на самасвядомасць і самадысцыпліну чалавека.

— Славамір Часлававіч, у Вашым жыцці былі людзі, якіх маглі б назваць сваімі настаў­нікамі?

— Так, былі. У першую чаргу гэта два мае дзядзькі — Мар’ян Іосіфавіч Плюта і Аляксандр Мікалаевіч Валахановіч. Лёс склаўся так, што бацька памёр рана, калі мне споўнілася ўсяго 12 гадоў. І хоць маці рабіла ўсё, што магла, мужчынскага выхавання мне не хапала. Яго давалі дзядзька ­Мар’ян і дзядзька Саша. Кожны з іх валодаў шэрагам цудоўных якасцей, сярод якіх былі працавітасць, адукаванасць, чалавекалюбства, дабрыня. З іх я ў многім браў прыклад. Ну, а калі гаварыць пра настаўнікаў у прафесіі, то іх ужо называў вышэй. Гэта і мой класны кіраўнік, і настаўнік гісторыі. Добрымі словамі ўспамінаю Міхаіла Мяфодзьевіча Кішко, які шмат зрабіў для таго, каб з учарашняга студэнта, выконваючага абавязкі дырэктара я стаў сапраўдным дырэктарам школы.

— Якім, на Вашу думку, павінен быць сапраўдны педагог?

— Высокапрафесійным, кампетэнтным, працавітым, сумленным, прыстойным, добрым, любіць дзяцей. Без апошняй якасці ў нашай прафесіі проста не абысціся. Яшчэ вельмі важным лічу ўменне знаходзіць кампраміс у адносінах з калегамі, дзецьмі і іх бацькамі, адміністрацыяй навучальнай установы. Гэтаму стараюся вучыць сваіх падначаленых.

— А ці шмат людзей, якія валодаюць пералічанымі якасцямі, у сучаснай школе?

— Складана ацэньваць школу ў цэлым, бо нават свайму калектыву не заўсёды атрымліваецца аб’ектыўна даць ацэнку. Тым не менш лічу, што нашы выкладчыкі адпавядаюць высокаму званню настаўніка. Безумоўна, усе мы — людзі са сваімі праблемамі і характарам, і ў педагагічнай рабоце шмат цяжкасцей. Былі выпадкі, калі да нас прыходзілі настаўнікі, якія праз год-два пакідалі гімназію. Тыя ж, хто працуе ў ёй з пачатку стварэння, думаю, з’яўляюцца менавіта такімі людзьмі, якія падыходзяць пад крытэрыі сучаснага педагога.

— Ведаю, што Вы — бацька дзвюх дачок. Раскажыце, як іх выхоўвалі: былі проста татам або строгім настаўнікам таксама?

— Дзеці педагогаў — асобная катэгорыя. А калі яшчэ твой бацька — дырэктар школы, а маці — настаўніца, гэта надае асаблівы статус дзіцяці. Цяпер, праз гады, думаецца, што, магчыма, мы з жонкай недзе і “пераціскалі”. Але, выхоўваючы іншых, хацелася, каб прыкладам для пераймання былі твае дзеці. Асабліва ў вёсцы, дзе ўсё на вачах. Гэты “сіндром” настаўніцкага дзіцяці накладваў павышаную адказнасць на Насцю і Юлю. Было даволі складана і ім, і нам. Тым не менш радасна, што дочкі сталі такімі, якія ёсць. Насця закончыла Віцебскі медуніверсітэт, зараз працуе ўрачом-тэрапеўтам у абласным цэнтры. Юля — студэнтка чацвёртага курса геадэзічнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта. Як і ў свой час Насця, вучыцца на бюджэце.

— Слова “настаўнік” — вытворнае ад “вучыць”, “вучыцца”. Нягледзячы на вялікі вопыт работы, Вы працягваеце ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі?

— Безумоўна. Любая прафесія патрабуе пастаяннага самаўдасканалення, а адукацыя — гэта ўвогуле спецыфічная сфера дзейнасці. Тут трэба не толькі адпавядаць сённяшняму дню, але і зазіраць крыху наперад, бачыць перспектыву, бо твой вучань будзе жыць у будучым. Да таго ж сучасныя дзеці патрабуюць адносін да сябе як да роўных. А для гэтага трэба быць у іх стыхіі. Маю на ўвазе авалоданне сучаснай тэхнікай, ці, як цяпер кажуць, гаджэтамі. Таксама сёння паміж установамі адукацыі ідзе жорсткая канкурэнцыя. І каб мець нешта новае, неабходна ўвесь час працаваць, у тым ліку над сабой. Спыніцца ў дадзеным выпадку — значыць, спыніць сваё існаванне ў прафесіі.

— Вядома, што работа ў гімназіі адбірае шмат часу. А як Вы звычайна адпачываеце?

— Як сельскі чалавек я люблю ўсё, што звязана з сельскагаспадарчай працай: касіць, араць, хоць гэтым зараз няма патрэбы займацца. Люблю прыроду, лес, збіраць ягады, грыбы. Звычайна хаджу ў лес адзін, бо там добра думаецца, марыцца. Таксама вельмі люблю сад. Цяжка сказаць, колькі за сваё жыццё пасадзіў фруктовых дрэў і кустарнікаў. Часам нешта майструю. Яшчэ падабаюцца палітыка, прэса, дакументальнае кіно.

— Вы сказалі, што, бываючы ў лесе, любіце падумаць і памарыць. Калі не сакрэт, пра што марыце ў жыцці?

— Найперш пра здароўе для сябе і блізкіх. Хочацца таксама бачыць іх шчаслівымі, самому як мага даўжэй заставацца “ў абойме” — адчуваць запатрабаванасць у сям’і і на рабоце.

— Дык няхай так і будзе! Дзякуй Вам за гутарку і поспехаў ва ўсім!

Алена ШАПАВАЛАВА.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 22

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 25

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 28

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 25

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 25

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 38

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 34

Сустрэча ўсяго каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі адбылася 17 лістапада ў Паставах (фота)

Хотите узнать больше? Сустрэча каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі ў Паставах 17 лістапада. Фота з сайта catholic.by 17 лістапада ў касцёле Беззаганнага Зачацця 32