Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

У Чорным людзі са светлай душой

У Чорным людзі са светлай душой

У Варапаеўскім сельсавеце побач адна з адной размешчаны вёскі Чорнае, Белае, Рудае. Прырода тут надзвычай прыгожая, ля кожнай ёсць возера. У адзін з дзён завітала ў Чорнае. Маладзейшыя вяскоўцы былі ў клопатах: чакалі камбайна, каб абмалаціць невялікія ўчастачкі з ячменем, пшаніцай. І толькі тыя, хто з прычыны паважанага ўзросту не трымае ніякай гаспадаркі, акрамя ката ды сабакі, актыўна сабраліся ў бібліятэцы. Яе загадчыца Аксана Іванаўна Шыцько многіх папярэдзіла загадзя, што прыедзе карэспандэнт і будзе пісаць пра вёску. Найперш пацікавілася паходжаннем назвы. Але, на жаль, ніхто з прысутных не расказаў ніякай гісторыі ці легенды. 

Пявунні і гарманісты

Дзякуючы звонкім мілагучным галасам гэтых жанчын у свой час пра Чорнае ведалі ў многіх куточках Пастаўшчыны. Ванда Уладзіміраўна Ганчар, Алена Аўгусцінаўна Андрэйчык, Глафіра Іванаўна Пяткоўская, Алена Баляславаўна Пяткоўская і Галіна Міхайлаўна Мажэйка (на здымку ўверсе) — найбольш актыўныя ўдзельніцы мастацкай сама­дзейнасці былога Чорнаўскага клуба.

— Пастарэлі мы, і клуб закрылі, але нашымі песнямі і цяпер многія цікавяцца, — расказвалі. — Вось і нядаўна прыязджалі работнікі культуры з Пастаў, і мы для іх спявалі. Запісвалі розныя абрады, без якіх раней у вёсцы не абыходзі­лася ні адно свята. Гэта вяселлі, хрэсьбіны, Купалле, Каляды, Вялікдзень і многія іншыя. Актыўна мы ўдзельні­чалі і ў раённых святах. Аб’ядноўваў самадзейных артыстаў загадчык клуба Уладзімір Кузьміч. Ён хораша грае на гармоніку. А з музыкай спяваецца ямчэй. Шкада, што сёння гарманіст заняты.

Жанчыны імправізавана зладзілі сапраўдны канцэрт. Гучалі песні пра нераздзеленае каханне, няпростую жаночую долю, увогуле пра жыццё. Многія вяскоўцы, пачуўшы іх, заспяшаліся ў біб­ліятэку. У мяне завязаліся новыя знаёмствы.

З былым загадчыкам клуба Ула­дзімірам Іванавічам Кузьмічом сустрэлася ў яго суседа Вальдэмара Іосі­фавіча Радзюка. Абодва — аматары музыкі. Змалаціўшы ячмень, прымасціліся ў цяньку пад яблыняй. Лілася музыка, мяняліся мелодыі, і святлелі твары мужчын.

У Чорным людзі са светлай душой

— Славіліся нашы артысткі, — гаварыў У. У. Кузь­міч. — А якія на пад’ём былі лёгкія! Скажу, што едзем куды-небудзь, як салдаты па трывозе збіраліся. І цяпер спяваюць хораша. А многім па 70-80 гадоў.

— І я музыку люблю, — уступае ў размову Вальдэмар Іосіфавіч. — Мне 78. З жонкай выхавалі пецярых дачок. Яны раз’ехаліся па свеце, я ўдавец. Спрабаваў прыжаніцца, ды не дабраў сабе па характары. Паглядзіце, які ў мяне парадак каля дома, у парніку і на градках спеюць памідоры, багаты ўраджай агуркоў, бульба добрая. Сам раблю розныя нарыхтоўкі на зіму і абед смачны здольны зварыць. Сумнавата вечарамі. А вазьму ў рукі гармонік — і на душы пасвятлее.

Актрыса тут набіраецца сіл

Новая дачніца ў Чорным з’явілася два гады таму. Па аб’яве ў інтэрнэце купіла вясковы домік і абжывала яго, купалася на возеры. Мясцовыя ведалі, што яна масквічка, а прыгледзеўшыся, ахнулі: “Дык гэта ж Антаніна з нашага любімага серыяла “Сердце Марии”! І сталі па чарзе ўспамінаць, у якіх яшчэ фільмах бачылі навасёлку: Раіса з “Принцессы цирка”, Зара — з фільма “Кармелита. Цыганская страсть”, Ніна Царова з “Братанов-2”, Святлана (“Земский доктор”). Сваім вачам не верылі: Алена Гальянава выбрала іх Чорнае!

У Чорным людзі са светлай душой

А яна сціпла “ўпісвалася” ў вясковае жыццё і хутка знахо­дзіла кантакт з суседзямі,  захаплялася прыродай, возерам, паветрам, адносінамі паміж людзьмі. Гэтым часам у Алены Юр’еўны адпачывае сям’я сябра-рэжысёра з Масквы. Мясціны іх так зачаравалі, што і яны прыгледзелі сабе домік непадалёк Чорнага.

— Я пабывала ў многіх замежных краінах, — дзялілася Алена. — Хораша ў Балгарыі, Егіпце. Але толькі ў чорнаўскім возеры ўмомант здымаецца стомленасць, якая накопліваецца за час здымкаў фільмаў. А якія адкрытыя, шчырыя тут людзі! Хтосьці частуе агародні­най, хтосьці — малаком. Суседзі Владак і Феня абкошваюць траву каля майго дома. Або выпадак. Спазнілася на цягнік, а мне тэрмінова трэба было ад’ехаць. Спыніла спадарожную машыну, і вадзіцель давёз ледзь не да Глыбокага. Такія бескарыслівасць, жаданне дапамагчы зусім чужому чалавеку кранаюць. Мае сын і дачка таксама ў захапленні ад Чорнага. Любім катацца на веласіпедах. Беларускі “Аист” лёгкі, надзейны. Увогуле, нам тут падабаецца ўсё.

А. Ю. Гальянава нарадзілася ў Ніжнім Ноўгарадзе, шмат гадоў жыве ў Маскве, але менавіта прырода Пастаўшчыны дае ёй сілы для новых роляў. Жыхары ж Чорнага вельмі ганарацца тым, што вядомая актрыса выбрала іх вёску.

 З Чыты — у Чорнае

Наталля Міхайлаўна Красілевіч нара­дзілася ў Чыце. Чорнаўскі хлопец Франц Красілевіч праходзіў там тэрміновую службу і закахаўся. Адслужыўшы, паехаў дамоў. Ды вярнуўся назад: сэрца не адпускала ад Наташы. Пажаніліся, каля года пажылі ў яе бацькоў і паехалі на радзіму мужа.

У Чорным людзі са светлай душой

— Гэта быў 1966 год, — успамінала Наталля Міхайлаўна. — Крытая саломай хата, два пакоі, а ў іх мужавы бацькі, сястра, брат і мы. За тры гады нарадзілася трое дзетак. І ўсім хапала месца. Свякроў дапамагала іх выхоўваць, бо ў той час дэкрэтны водпуск быў толькі 56 дзён, і трэба было ісці на работу. Потым пабудавалі дом. Нарадзілася яшчэ трое дзетак. Цяпер многія маладыя сем’і, спасылаючыся на цяжкасці, абмяжоўваюцца адным-дваімі дзецьмі. Хапала праблем і ў нас, і ад дзяржавы ніякай дапамогі ў той час не атрымлівалі. Але ўсе шасцёра сталі на ногі, атрымалі прафесіі. У мяне 9 унукаў і адна праўнучка.

На радзіме Наталля Міхайлаўна не была 34 гады. Вёска і яе людзі сталі роднымі. Працавала крыху ў клубе, магазіне, а найдаўжэй — на ДАКу. Атрымала права на пенсію і колькі часу адпачывала, а цяпер зноў з задавальненнем ходзіць на камбінат. Сем гадоў таму памёр муж. ­Адзінокай сябе не адчувае, бо побач спагадныя, чулыя вяскоўцы, якія і ў бядзе падтрымаюць, і радасць раздзеляць.

Кніжка — сябар для многіх

Аксана Іванаўна Шыцько ў мясцовай бібліятэцы працуе пятнаццаць гадоў. Але змяншаецца колькасць насельніцтва, і бібліятэку чакае лёс школы, клуба, пошты, магазіна — яны закрыліся. Пакуль жа вяскоўцы не абмінаюць гэты астравок духоўнасці. Большасць прыходзіць пагартаць часопісы і газеты, многія бяруць кніж­кі. Віка Клішэўская — выпускніца Варапаеўскай сярэдняй школы, плануе вучыцца на прадаўца-касіра. Каця Васілёнак — адзінаццацікласніца. Дзяўчынкі, акрамя літаратуры, якую трэба чытаць па праграме, любяць дэтэктывы, класіку. А Часлава Уладзіміраўна Ганчар — пенсіянерка, вольнага часу мае дастаткова. У біб­ліятэку наведваецца часта. Любіць пагаварыць з Аксанай, пагартаць перыёдыку. Ігар Брэс­кі гасцюе ў бабулі на канікулах і таксама з’яўляецца актыўным чытачом. Кожнаму з іх бібліятэкар параіць цікавую кніжку, прапануе штосьці новае. Нярэдка захо­дзяць вясковыя жан­чыны, каб абмеркаваць разам па­дзеі і навіны. Усе шкадуюць, што ў бліжэйшы час на ўстанове з’явіцца замок…

У Чорным людзі са светлай душой

У 90 маладым не ўступае

Ванда Уладзіміраўна Ганчар — найстарэйшая жыхарка. Ёй у наступным годзе споўніцца 90. Пражыта няпростае жыццё, але цяжкасці не зламалі жанчыну. Яна і цяпер лёгка ўпраўляецца з касой, лапатай, граблямі.

У Чорным людзі са светлай душой

Тэрыторыя каля дома абкошана, у агародчыку і каля веснічак цвітуць яркія кветкі, у якіх знаходзіць супакаенне для душы. Як і большасць вяскоўцаў, у Чорнае перабралася з суседняга хутара ў сярэдзіне 60-ых. Пасля няўдалага кахання застаўся сын. Пазней пашкадавала ўдаўца і з сямі гадоў выхоўвала яго дачку.

— Лепш адной быць, чым за ўдаўца замуж ісці, — гаварыла. — Цяжка з чужымі дзецьмі. Ды тады я пра гэта не думала, сэрца аддавала дзяўчынцы. Ва ўсіх жыццёвых сітуацыях мяне трымаюць Бог і песня — змахну слёзы і заспяваю. Забудуся на праблемы і крыўды. Як весела было некалі! Жыхароў — за 400 чалавек, кароў — больш за 200 галоў (на два статкі пасвілі). Цяпер з 80 жыхароў большасць — пенсіянеры, а ка­роў толькі 8. Па-ранейшаму вёска прыгожая, у ёй нейкая асаблівая атмасфера, бо нездарма ёсць ажно пяць буслянак. Толькі буслам няма каму дзяцей прыносіць. Маладыя раз’ехаліся па гарадах. Адна на­дзея на дачнікаў — многія дамы дзякуючы ім ажылі. І вяскоўцам весялей ад гэтага.

Прыходзіць як да радні

Таццяна Чаравуха родам адсюль. Дваццаць гадоў таму выйшла замуж у Рудку. Адзі­наццаты год працуе на пошце, другі год абслугоўвае жыхароў Чорнага.

У Чорным людзі са светлай душой

— Тут жыве мама, — гаварыла Таццяна. — Але і ў кожную хату заходжу як да блізкай радні. Выплачваю пенсіі, прыношу газеты, бяру плату за паслугі сувязі. Мне цікава, як жывуць мае землякі, што іх радуе, што турбуе. З кожным цікава пагутарыць.

Ядвіга Вікенцьеўна Адынец у мінулым працавала ў бібліятэцы. Даўно на пенсіі, але цікавасць да перыёдыкі не знікла. Таму выпісвае розныя часопісы. Яшчэ больш стала чытаць пасля таго, як зламала шыйку сцягна і разгрузіла сябе ад работы па гаспадарцы. У “Нашым доктары”, “Кулінарных парадах” знаходзіць шмат карыснага. Паштальёна пастаянна чакае з нецярпеннем.

У дзедаў дом жыццё ўдыхнулі

Іна нарадзілася ў Чорным. Валера — у Рудцы, працаваў там на цагельным заводзе. Пажаніліся і пачалі жыць разам са свёкрам і свекрывёй. А потым Ініны бацькі прапанавалі абуладкаваць дзедаў дом у Чорным.

— Ён пуставаў гадоў дзесяць, — расказвала Іна. — Вокны выбітыя, падлога разламаная. Боязна брацца было, ды ў Валеры майстравыя рукі. І тата, пакуль не захварэў, дапамагаў. Цяпер сваімі сіламі даводзім да ладу.

Па-сучаснаму абсталяваны пакоі. Пад адзін з іх перароблена варыўня. Усюды шмат кветак. Дабудавана веранда. Там жа будзе летняя кухня. Заліты арыгінальны ганак. Праход да гаспадарчых пабудоў абвіў вінаград. Каля дома і ўнутры і цяпер вядуцца работы.  У планах — гараж для аўтамабіля.

— Жыллё — адно са складальнікаў сямейнага шчасця, — гаварылі Сенкевічы. — Падаліся б у горад, прыйшлося б кватэру здымаць. А тут свой дом. Прастора, чыстае паветра.

Валерый працуе на варапаеўскім участку УП ЖКГ, Іна — сацыяльны работнік. Яначка — вучаніца чацвёртага класа, любіць іграць на акардэоне. Сваімі рукамі звіта гняздо, у якім пануюць каханне і згода.

У Чорным людзі са светлай душой

 У прыгожай жанчыны — прыгожыя кветкі

Не спыніцца ля дома Любові Рыгораўны Варабей немагчыма — кветкі, здаецца, самі запрашаюць палюбавацца імі. Гаспадыня сустракае прыветна, хваліць раёнку, успамінае матэрыялы карэспандэнтаў, надрукаваныя не адзін месяц таму. Сфатаграфавацца катэгарычна адмаўляецца: “У маладосці я лічылася самай прыгожай жанчынай Чорнага. Цяпер мне 76. Навошта здымак?” На самай справе Любоў Рыгораўна вельмі добра выглядае на свае гады. Але пераканаць яе ў гэтым мне не ўдаецца.

— Жыццё было цяжкім, — расказвае. — Працавала медсястрой у бальніцы. Не магла спакойна глядзець на пакуты хворых. А яшчэ і дома праблем хапала. Доўгі час інвалідам быў муж, малодшы сын таксама інвалід з дзяцінства. Ён дрэнна размаўляе, а вось у тэхніцы разбіраецца без усялякай вучобы. Дапамагае мне па гаспадарцы. Кветкі ж — бальзам для душы. Яны простыя і недарагія. Цвітуць прыгожа і радуюць не толькі мяне, але і кожнага, хто праязджае праз вёску. Дык чаму не старацца, каб панадворак стракацеў рознымі колерамі вясёлкі! Люблю і пакаёвыя. У вольны час вяжу. Вазьміце ходнічак на памяць…

“Мы юности нашей, как прежде, верны»

Гэтымі словамі з вядомай песні на маё пытанне: “Як жывецца?” адказаў старэйшына вёскі Іван Пятровіч Курыловіч.

У Чорным людзі са светлай душой

Чалавеку 64-ы год, але ён трымае форму, актыўны, няўрымслівы, руплівы. З жонкай Ганнай Збышаўнай пражылі разам 37 гадоў.  І цяпер муж з любоўю пазірае на сваю палавінку,  тая ласкай адказвае яму.

— Мы абое чорнаўскія, — расказваў. — У мяне былі чатыры браты-пагодкі. Бацька рана аўдавеў і прывёў маміну сястру, спа­дзеючыся, што яна нас палюбіць, як родных. Урэшце выхоўваліся ў школе-інтэрнаце. Са старэйшым братам марылі пра марскі флот і падаліся ў вучылішча. Ён паступіў, мне не хапіла балаў. Вярнуўся ў Чорнае, закончыў Друйскае сельгасвучылішча, потым Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхні­кум. Як узяў у рукі руль трактара ды штурвал камбайна, так да 58 гадоў і не выпускаў.

Аня была яшчэ невялікай, калі прыглянулася старэйшаму за яе на сем гадоў Івану. Ён «гадаваў» яе да 20 гадоў, а потым паклікаў замуж і перабраўся ў цесцеў дом, у якім выхавалі сына і дачку, дагледзелі маці і цяпер жывуць разам з бацькам.

— Як жа люблю я ўборку! — гаварыў Іван Пятровіч. — Прыедуць камбайны на поле каля Чорнага, пайду да хлопцаў, сяду ў кабіну і ўспомню сваё жніво, зраблю колькі кругоў — кроў закіпіць. Доўга працаваў на КСК-100, 18 гадоў — на “Доне”.

Асноўным месцам работы Ганны Збышаўны быў Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат. Апошнія пяць гадоў даглядала хворую маці. Цяпер Курыловічы займаюцца гаспадаркай. Замест каня набылі мотаблок. Прычэп да яго Іван Пятровіч змайстраваў сам.

— Праз сілу не працуем, — гаварылі, — але і без справы не можам.  Мы ж з дзя­цінства да зямлі прыраслі.

Курыловічы спяшаліся ў поле: там ляжаў змалочаны ячмень, які трэба было сабраць у мяшкі, загрузіць у прычэп і перавезці ў павець. Неба хмарылася, чуліся раскаты грому…

Развітаўшыся са сваімі новымі знаёмымі, такімі добразычлівымі і прыветнымі, праехалі яшчэ раз па вясковай вуліцы. Каля большасці дамоў — парадак і прыгажосць. Ёсць і такія, у якіх ніхто не жыве і не даглядае іх, ад некаторых засталіся толькі падмуркі. Спыніліся ля бібліятэкі, каб падзякаваць Аксане Іванаўне Шыцько за дапамогу ў арганізацыі сустрэч з цікавымі людзьмі.

— Сёння вы пазнаёміліся толькі з часткай вяскоўцаў, — гаварыла Аксана Іванаўна. — Можна зайсці ў любы дом і пачуць цікавую гісторыю. У кожнага чалавека свой лёс. Таму прыязджайце яшчэ: героі для публікацый ёсць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.  

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: 24 часа это - ?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 22

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 25

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 28

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 25

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 25

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 38

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 34

Сустрэча ўсяго каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі адбылася 17 лістапада ў Паставах (фота)

Хотите узнать больше? Сустрэча каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі ў Паставах 17 лістапада. Фота з сайта catholic.by 17 лістапада ў касцёле Беззаганнага Зачацця 32