Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Захоўваем мінулае для будучага

Захоўваем мінулае для будучага

Ёсць у Мінску адна ўнікальная бібліятэкаПрэзідэнцкая (да 1994 годаУрадавая) бібліятэка  Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца яна ў самым цэнтры нашай дзяржавы — на плошчы Незалежнасці, у правым крыле Дома Урада. Разам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўваходзіць у тройку самых буйных кніжніц нашай краіны. Сёння гэта спецыялізаваны галіновы цэнтр бібліятэчна-інфармацыйнага забеспячэння органаў улады і кіравання краіны, цэнтр навукова-дапаможнай бібліяграфіі па дзяржаве, праве, міжгаліновай эканоміцы. Сярод яе прыярытэтных абанентаў у Рэспубліцы Беларусь — Адміністрацыя Прэзідэнта, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў, Канстытуцыйны і Вярхоўны Суды, мясцовыя Саветы дэпутатаў і іх выканкамы, а таксама Выканаўчы сакратарыят СНД. Але інфармацыйныя рэсурсы адкрыты і для шырокага кола карыстальнікаў. 10 снежня 2013 года бібліятэка адзначыла сваё 80-годдзе.

Лёс нашай бібліятэкі як дзяржаўнай кніжніцы для  забеспячэння патрэб улады і кіравання сягае ў далёкую мінуўшчыну і ў асноўнай сваёй частцы як бы паўтарае агульны лёс развіцця беларускай культуры. Карані свайго радаводнага дрэва мы таксама выводзім ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, Аўраамія Смаленскага. Беларускія асветнікі, кніжнікі, бібліяфілы таго часу, гэтаксама як і дзяржаўныя мужы, безумоўна, мелі свае асабістыя бібліятэкі, і яны неслі пэўныя функцыі дзяржаўных інфармацыйных устаноў адпаведных сваёй эпосе.

Спачатку бібліятэка працавала як аддзяленне (філіял) Дзяржаўнай бібліятэкі БССР са статусам аб’яднанай бібліятэкі наркаматаў. З 1938 года яна стала поўнасцю самастойнай, з афіцыйным найменнем – Урадавая бібліятэка БССР імя Максіма Горкага. Амаль няма ў нас дакументаў з характарыстыкай даваеннага фонду. Але мы, прыкладна як і сёння, былі недзе на трэцім месцы па яго каштоўнасці і аб’ёме: пасля «Ленінкі» (сёння «Нацыяналкі») і навуковай бібліятэкі пры акадэміі навук. 250 тысяч адзінак захоўвання, кніжны фонд — каля 80 тысяч. Ужо тады ва Урадавай бібліятэцы было вельмі шмат рэдкіх выданняў — пасля канфіскацыі з маёнткаў, манастыроў, гімназій і семінарый быў створаны дзяржаўны фонд па размеркаванні літаратуры. Пасля яна паступала ў дзяржаўныя бібліятэкі. І да нас таксама. Такім чынам, наш даваенны фонд утрымліваў шмат беларусікі, якая была выдадзена да 1917 года. Да прыкладу, «Памятныя кніжкі» і «Агляды» беларускіх губерняў, матэрыялы губернскіх статыстычных камітэтаў, земстваў  і ўпраў. Было багата камплектаў дарэвалюцыйных газет і часопісаў і меўся поўны збор газет таго часу — 1920–30-ых гадоў.

У Вялікую Айчынную вайну фонд быў амаль цалкам страчаны, бо не эвакуіраваўся. Сумнавядомыя каманды нацысцкага «Штаба рэйхсляйтара Розенберга», якія вывозілі культурныя каштоўнасці з усёй Еўропы, таксама дзейнічалі і ў Беларусі. Пасля вайны літаратура з беларускіх бібліятэк была знойдзена на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Наш зямляк маршал Канстанцін Ракасоўскі дапамог вярнуць кнігі назад. І адзін ці два эшалоны кніг прыбылі з Германіі. З гэтымі эшалонамі трапіла і літаратура, якая была вывезена гітлераўцамі з іншых краін Заходняй Еўропы.

Такім чынам апынулася ў нас  частка Рускай Тургенеўскай бібліятэкі ў Парыжы. Гэта, варта нагадаць, была першая руская грамадская бібліятэка, створаная ў ХІХ стагоддзі рускімі эмігрантамі ў Парыжы, у многім дзякуючы менавіта Івану Тургеневу і яго каханай жанчыне Паліне Віардо. На пачатку Другой сусветнай нацысты вывезлі яе ў Германію, а потым кнігі са штэмпелем «Bibliothиque russe Tourguйneff» аказаліся раскіданымі па ўсім кантыненце. У Прэзідэнцкай бібліятэцы каля пяцісот яе дакументаў: кнігі, часопісы, газеты.

Таксама нешта маем з бібліятэкі Дрэздэнскай карціннай галерэі, Прускай каралеўскай бібліятэкі, Украінскай бібліятэкі імя Сымона Пятлюры ў Парыжы. Ёсць кнігі знакамітай акультысткі і экстрасэнса Алены Блавацкай — заснавальніцы міжнароднага Тэасофскага таварыства, кнігі на замежных мовах са штампамі і экслібрысамі тэасафічных бібліятэк Амстэрдама і Антверпена. Верагодна, некаторыя з такіх выданняў маглі раней знаходзіцца ў асабістых бібліятэках Гітлера. Мы ж ведаем, што ён захапляўся літаратурай кшталту містычнай і астралагічнай, дзеля чаго і вёўся пошук па ўсім свеце.

Вярнулася і частка нашага даваеннага фонду. А заадно — літаратура з іншых беларускіх бібліятэк: нацыянальнай, акадэмічнай, рэгіянальных — з Магілёва, Віцебска. Некаторая наша літаратура ў сваю чаргу трапіла ў гэтыя бібліятэкі. Атрымаўся такі вось вымушаны ліхалеццем культурніцкі абмен.

Пачынаючы з 1944 года, камплектатары бібліятэкі аб’­ездзілі ці не ўвесь былы СССР, каб аднавіць страчаны ў гады нямецкай акупацыі фонд.

Тут нам пашанцавала ў тым сэнсе, што да вайны, згодна з Палажэннем аб абавязковым экзэмпляры, кожны асобнік беларускай друкаванай прадукцыі накіроўваўся ў галоўныя — дзяржаўныя бібліятэкі саюзных рэспублік. Пасля вайны некаторыя з іх, найперш азербайджанская, армянская і грузінская, падзяліліся з намі захаванымі беларускімі скарбамі. Багата патрэбнай літаратуры было адшукана ў Вільні.

Фонд аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў  бібліятэкі з’яўляецца адным з самых унікальных і каштоўных у Беларусі. Ён налічвае звыш 70 тысяч кніг, часопісаў, газет і іншых дакументаў, датаваных у храналагічным прамежку ад XVI стагоддзя да нашага часу.

Фонд дзеліцца на тры асноўныя часткі: нацыянальная кніга, расійская кніга, замежнамоўная кніга. Ва ўсіх частках сярод іншых калекцый асобна вылучаны толькі найбольш значныя гістарычна вядомыя кнігазборы: дзяржаўныя, рэлігійныя, грамадскія, навучальныя, прыватныя. Агульная ж  колькасць колішніх бібліятэк, выданні з якіх па волі гістарычнага лёсу апынуліся ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, складае нават не дзясяткі, а сотні адзінак.

Кожнае наша выданне па-свойму адметнае, непаўторнае і каштоўнае. Звернемся, напрыклад, да «Памятных кніжак» беларускіх губерняў, што выходзілі з сярэдзіны ХІХ ст. Сёння яны маюць вялікую каштоўнасць для гістарычных (у тым ліку генеалагічных, біяграфічных), геаграфічных, дэмаграфічных, этнаграфічных і краязнаўчых даследаванняў. З іх дапамогаю можна ўзнавіць карціну жыцця губерні, асобных населеных пунктаў ці мясцовасцей, атрымаць звесткі пра заняткі людзей, стан эканомікі, прыроды, культуры на працягу больш чым 50 гадоў.

У сваёй структуры памятныя кніжкі мелі наступныя раздзелы: адрас-каляндар, дзе даваўся пералік усіх урадавых грамадскіх устаноў і іх асабісты склад; даведачны — інфармацыя пра адміністрацыйны падзел, паштовыя тэлеграфныя ўстановы, шляхі зносін, прамысловыя, гандлёвыя навучальныя ўстановы, лячэбніцы, аптэкі, музеі, бібліятэкі, кніжныя лаўкі; статыстычныя звесткі пра насельніцтва, сельскую гаспадарку, судовыя і навучальныя ўстановы; краязнаўчыя звесткі — архіўныя дакументы, фальклорныя запісы, навуковыя артыкулы, біяграфічна-бібліяграфічны матэрыял, прыродазнаўча-навуковае апісанне.

Цікава трымаць у руках двухсотгадовы «Латинскій лексиконъ» Фамы Разанава, выдадзены ў Маскве ў 1805 годзе, з калекцыі кнігазбору Нясвіжскай ардынацыі Ра­дзівілаў з экслібрысам Ежы Радзівіла і… поўнасцю спісанымі знутры вокладкамі. Можа, нехта з маленькіх Радзі­вілаў, не могучы запомніць складаныя словы, выпісваў іх на больш бачнае месца? Такім чынам па кнігазборах можна вывучаць і характар іх гаспадароў.

У калекцыі гебраікі — выданняў на іўрыце і ідышы — самы ўнікальны дакумент — скрутак на пергаменце даўжынёй больш за 9 м. Гэта Тора — старажытнагабрэйская рэлігійная рэліквія. Цікава, што літары іўрыта, на якім яна напісаная, засталіся нязменнымі на працягу тысячагоддзяў і да нашага часу.

«Тупа оратория,  Косноязычна поэзия,  Неосновательна философия, Неприятна история, Сомнительна юриспруденция без грамматики», — так у прадмове да сваёй першай друкаванай грамадзянскім шрыфтам «Российской грамматики» напісаў М. Ламаносаў. Выйшла яна ў Санкт-Пецярбургу ў 1755 годзе. Наш асобнік выдання належаў да 1917 года вядомаму мінскаму педагогу і бібліяфілу С. П.  Зубакіну.

Увогуле, багата ў бібліятэцы дакументаў, якія непаўторныя і якіх няма больш нідзе: да прыкладу, «Атлас свету» з арыгінальнай картай Беларусі 1772 года ці арыгінальная літаграфія гравюры знакамітага Напалеона Орды «Каралін пад Пінскам» ХІХ стагоддзя.

Найбольшую ўвагу мы надаём кніжным помнікам прававой тэматыкі. Таму невыпадкова і наша самае старое выданне — гэта даведнік для натарыуса на лацінскай мове «Іл Бірачына», які выдадзены ў Венецыі ў 1542 годзе. Ён утрымлівае амаль усе тыповыя ўзоры справаводства сярэдневяковай юрыспрудэнцыі.

Сёння беларусы з гонарам сцвярджаюць, што Статут ВКЛ 1588 года ледзь не самы дасканалы збор законаў на роднай мове нацыі ў храналагічным прамежку ад Кодэкса Юстыніяна шостага стагоддзя да Кодэкса Напалеона пачатку дзевятнаццатага стагоддзя. А наша бібліятэка мае магчымасць і прадэманстраваць у парыжскім выданні 1548 года гэты Кодэкс Юстыніяна, нормы якога выкарыстоўваліся пры складанні нашага Статута ВКЛ. Але асабліва ганарымся зборам канстытуцыйных дакументаў, якія адлюстроўваюць станаўленне дзяржаўнасці і яе прававое забеспячэнне на землях сучаснай Беларусі за больш чым тысячагадовую гісторыю.

Дыяментамі нашага кнігазбору нацыянальнай кнігі з’яўляюцца прыжыццёвая выданні Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, у тым ліку чатыры асобнікі адзінага прыжыццёвага паэтычнага зборніка Максіма Багдановіча «Вянок», якому ў 2013 годзе споўнілася 100 гадоў з дня выхаду ў свет. Бераж­ліва захоўваюцца першыя легальныя газеты на роднай мове «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906–1915), энцыклапедычныя па сваім змесце часопісы «Крывіч» (1923–1927), «Наш край» (1925–1930), «Беларуская школа ў Латвіі» (1926–1929, 1932 –1933).

Алічбоўка і фарміраванне электронных калекцый  уласнымі сіламі ці сумесна з іншымі арганізацыямі — адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці нашай бібліятэкі. Як захаваць ці зрабіць шырокадаступнымі старажытныя, рэдкія, кшталту Радзівілаўскіх ці Тургенеўскіх, выданні ці каштоўныя афіцыйныя дакументы, якія адлюстроўваюць палітыку дзяржавы незалежна ад часу? Найлепш зрабіць іх лічбавую копію, размясціць на сайце ці выпусціць дыск.

Для віртуальнай рэканструкцыі калекцыі «Бібліятэкі Нясвіжскай Ардынацыі Радзівілаў» у межах спецыяльнага праекта міжнароднай праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету» намі алічбавана звыш 120 поўных тэкстаў. Створана лічбавая калекцыя «Друк Беларусi 1941–1945 гадоў».

Працягваецца праца над стварэннем электроннага банка крыніц канстытуцыйнага права Х–ХХI стагоддзяў. Галоўная задача праекта – забяспечыць шырокі доступ усім жадаючым да гістарычных матэрыялаў.

У пошуку жыццяпісных слядоў найбольш адметных калекцый з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь мы імкнёмся максімальна выкарыстоўваць ар­хіўныя і музейныя матэрыялы, магчымасці рэгіянальнага супрацоўніцтва. У аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі наладжаны добрыя сувязі з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі (НГАБ), Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, Гомельскай і Брэсцкай  абласнымі бібліятэкамі, краязнаўцамі не толькі сталіцы і абласных цэнтраў, але і Бабруйска, Мазыра, Талачына, Брагіна.

Акрамя іншага, краязнаўчая частка нашай рэдкай літаратуры вельмі дапамагае выконваць запыты чытачоў з усіх канцоў Беларусі па гісторыі дзяржавы і права асобных мясцовасцей. Дзеля гэтага шмат увагі мы надаём набыццю новых рарытэтаў. Так, у 2010 годзе былі куплены праз букіністычную краму два рукапісныя дакументы ХІХ–ХХ стагоддзяў. Некалі яны ўваходзілі ў склад царкоўных (прыхрамавых) бібліятэк.  Абодва дакументы не маюць вокладак, першых і апошніх старонак. Таму на падставе аналізу зместу ўмоўна названы намі: першы – «Кніга афіцыйнай дакументацыі Янаўскага благачыння. 1852–1857 гг.», другі — «Кніга афіцыйнай дакументацыі праваслаўнага  прыходу Радчыцкай царквы. 1934–1935 гг.» Пры іх праглядзе перад намі паўстаюць, здаецца, невялікія храналагічна, але насычаныя самымі рознымі па­дзеямі пласты сацыяльнага жыцця «берасцейскага» рэгіёна двух папярэдніх стагоддзяў — пытанні аховы і распаўсюджвання праваслаўя, супрацьдзеянне ўплывам канкурыруючых канфесій, гаспадарчы і фінансавы складальнікі знешняй царкоўнай дзейнасці, маральны стан духавенства і прыхаджан, судовыя справы. Вобразна кажучы, мы захоўваем мінулае для будучага. Каб квітнела і мацнела наша дзяржава.

А яшчэ запрашаем усіх жадаючых да нас на экскурсію. Вы не толькі атрымаеце асалоду ад знаёмства са старажытнымі кнігамі, але, магчыма, сустрэнецеся з… прывідамі, што блукаюць па скляпеннях Дома Урада. Якімі?! Прыяз­джайце знаёміцца. А ўладкаваць асабісты жаночы ці мужчынскі лёс вам дапамогуць магічныя 150-кілаграмовыя жорны і пярсцёнкі (ім каля тысячы гадоў) з закляццямі – рунічнымі знакамі, што захоўваюцца ў невялічкім музейчыку пры аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў. Дарэчы, стаць чытачом нашай бібліятэкі можа любы дарослы грама­дзянін: патрэбны толькі пашпарт і фатаграфія.

В. ГЕРАСІМАЎ, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Первый месяц лета?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Обезьянка Пастернака, любовь на полвека и козни спецслужб. Уроженец Поставщины Владимир Дубовка без глянца

Хотите узнать больше? Анна Северинец, которая преподает русскую литературу в одной из школ Смолевичей, составила популярную биографию классика белорусской литературы, 14

За 10 месяцев в Поставском районе зарегистрирован 181 брак, а расторгнуты 98. Каковы нюансы бракоразводного процесса?

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта siol.net Статистика свидетельствует, что из года в год количество расторжений браков, 17

Фестиваль "Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны" пройдет 10-11 декабря

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен Поставский райисполком при поддержке Белорусского фонда культуры, прихода 23

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 26

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 30

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 34

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 30

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 27