Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

«Галоўнае — пагода ў доме»

«Галоўнае — пагода ў доме»

Згадзіцеся, не так шмат у наш няпросты, імклівы час знойдзецца па-сапраўднаму шчаслівых людзей: каб і работа была ў радасць, і ў сям’і ўсё ў парадку, і занятак для душы меўся. Пастаўчаніну Аляксандру Мухлю ў гэтым пашанцавала. На службе ён паважаны і незаменны чалавек — а працуе герой нашай сённяшняй публікацыі інспектарам групы навучання і прапаганды раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дома — любячы і клапатлівы муж і бацька, якому родныя плацяць такой жа любоўю і клопатам. А ў цэлым — адкрытая, добразычлівая і надзвычай творчая асоба, чый паэтычны, музычны і мастацкі талент змаглі ацаніць не толькі родныя, сябры ды калегі. Менавіта названыя вышэй складальнікі шчасця і сталі галоўнымі “цаглінкамі” гутаркі з А. А. Мухлем, якую прапануем увазе чытачоў.

— Аляксандр Аляксандравіч, Вы нядрэнна малюеце, пішаце музыку, вершы, іграеце на гітары. Адкуль гэта ў Вас?

— Маляваць любіў з маленства. У чацвёртым класе пайшоў у мастацкую школу, якую паспяхова закончыў. Потым паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педінстытута, дзе набыў асноўныя навыкі па напрамку мастацкай творчасці. У інстытуце ахапіў шырокі спектр: жывапіс, графіка, разьба па дрэве, народныя промыслы, гісторыя мастацтваў. Дзякуй педагогам, навучылі многаму, і да цяперашняга часу я гэтым карыстаюся.

Што датычыць музыкі, вершаў і гітары, у сёмым класе вельмі зацікавіўся інструментам. Іграць вучыўся самастойна, лёгка, ся­мімільнымі крокамі. І ўжо праз год у мяне нядрэнна атрымлівалася. У той час дамоў прыходзіла газета “Пионерская правда”. Кожны яе нумар я чакаў з вялікім нецярпеннем, бо там друкаваліся акорды для гітары. Яшчэ раней пачаў рыфмаваць радкі. Да гэтага часу ў сям’і ўспамінаюць мае самыя першыя вершы, якія я нават не помню, як нарадзіліся. Памятаю толькі, што былі доўгія віншаванні з нагоды свят родных, якія пісаў друкаванымі літарамі, бо не ведаў прапісных. Калі падрос, паступова адышоў ад вершаскладання. Зноў вярнуўся да яго ў 1993 годзе, калі вучыўся на трэцім курсе інстытута. Тады напісаў некалькі песень, трапіў на канцэрт “Асенні лістапад” віцебскага клуба аўтарскай песні, пасля чаго быў запрошаны ў гэты клуб. Стаўшы яго членам, больш прафесійна пачаў займацца напісаннем вершаў і музыкі.

Адкуль маё захапленне музыкай? У нашай сям’і вельмі любіць спяваць мама. Любіў і яе тата, мой дзядуля Віктар Во­сіпавіч Жукоўскі, асабліва ваенныя песні, якіх ведаў вельмі шмат. Дома ў нас пастаянна ладзілі розныя “музычныя” гульні, напрыклад, адгадвалі мелодыі па воплесках. Не абыходзіліся без песень і святы, дні нараджэння, выезды на прыроду.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра сваіх бацькоў. Хто яны?

— Дзяцінства майго бацькі Аляксандра Якаўлевіча Мухлі было далёкім ад музыкі і творчасці: ён вырас у дзіцячым доме. Затым большую частку жыцця аддаў сельскай гаспадарцы, быў старшынёй калгаса “Сцяг Перамогі”. Я клаўся спаць — бацькі яшчэ не было з работы, прачынаўся — ён ужо паехаў на работу. Мама Валянціна Віктараўна, медык па адукацыі, усё жыццё адпрацавала выхавальніцай у дзіцячым садку. Калі выйшла на пенсію, узяла з інтэрната дзяўчынку-сірату, якую вырасціла, як родную, і цяпер яна прыязджае да мамы. Зараз выхоўвае другую такую ж дзяўчынку.

— Вы сказалі, што ўпершыню ўзялі ў рукі гітару ў сёмым класе. А калі напісалі сваю першую песню? Пра што яна была?

— Гэта адбылося, калі я ажа­ніўся. Як і ў многіх аўтараў, першая песня — пра каханне і прысвячалася любімай жонцы Ані. Мне у той час было крыху за 20.

— Ваша творчае жыццё працягваецца ўжо два дзесяцігоддзі. Ці шмат на сённяшні дзень у Вас аўтарскіх песень і на якія яны тэмы?

— У маім “багажы” каля 40 песень і прыблізна столькі ж вершаў. Я не займаюся штодзённым напісаннем. Песні і вершы для мяне — жаданыя дзеці, якія павінны вынасіцца і з’явіцца на свет самастойнымі творамі. Тэматыка іх абсалютна розная. Ёсць песні пра каханне, вайну — Вялікую Айчынную і ў гарачых кропках, пра дзяцей, маю цяперашнюю работу — пажарную службу, ёсць таксама песні — філасофскія роздумы. У маёй запісной кніжцы знойдзецца нямала чатырохрадкоўяў і аднарадкоўяў, якія ў будучым, магчыма, будуць уплецены ў нейкую песню. Увогуле, ідзе пастаянная творчая работа, я ўвесь час нешта абдумваю. А наконт напісання — як “выстраліць”, так і атрымаецца.

— Ужо некалькі гадоў Вы выкладаеце ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Чаму вырашылі весці там студыю ігры на гітары?

— Паколькі маю вышэйшую педагагічную адукацыю, заўсёды імкнуўся да выкладання і сваю працоўную дзейнасць пачынаў у якасці дырэктара базавай школы ў Шырках. Адпрацаваў там роўна год. А затым школу зрабілі пачатковай, і я пакінуў яе. З таго часу ў якасці асноўнай работы ў педагогіку больш не вярнуўся. Але яна пастаянна прысутнічае ў той справе, якой займаюся зараз, з’яўляючыся інспектарам групы навучання і прапаганды РАНС. Што да раённага цэнтра дзяцей і моладзі, выкладаць там пачаў у 2001 годзе. Напэўна, кожны чалавек, які набывае нейкі вопыт — і жыццёвы, і творчы, адчувае жаданне навучыць іншых таму, што ведае і ўмее сам. А тут паступіла прапанова ад дырэктара цэнтра Л. М. Пушкар, якой я скарыстаўся. Увогуле, у жыцці ўсё склалася так, што мая адукацыя, мае жаданні, хобі і інтарэсы перапляліся ў цяперашняй рабоце. Тут і мастацкая творчасць, і музыка, і песні. У прыватнасці, штогод я з задавальненнем удзельнічаю ў творчым конкурсе пажарнай песні работнікаў МНС і членаў іх сем’яў і амаль кожны раз прывожу з яго граматы і дыпломы.

— Чым яшчэ, акрамя музыкі, захапляецеся?

— Вельмі люблю чытаць. Любую літаратуру. Гэта могуць быць гістарычная проза, фантастыка, дэтэктывы, дакументалістыка. Апошнія чатыры гады захапіўся калекцыянаваннем. Пачаў збі­раць дакументы, фотаматэрыялы, звязаныя з гісторыяй пажарнай службы, узнагароды, асабістыя рэчы яе былых работнікаў, знакі адрознення. Пазней звярнуў увагу на дакументы і фотаматэрыялы, якія датычаць гісторыі Пастаўшчыны ў цэлым. Маю таксама невялікія калекцыі манет і металапластыкі (крыжыкі, іконкі).

— А што датычыць мастацка-графічнай дзейнасці, ці часта бераце ў рукі аловак, пэндзаль, нешта выразаеце?

— Больш займаюся разьбой па дрэве, у прыватнасці мініяцюрнай пластыкай — выразаннем маленькіх фігурак — для сябе і ў падарунак сябрам, а таксама рэстаўрацыйнай дзейнасцю ў сувязі з маім інтарэсам да калекцыянавання. Рэстаўрырую ваенныя спражкі часоў Першай сусветнай вайны, старажытныя манеты, крыжыкі і інш. Многія рэчы таго перыяду пашкоджаны, і калі яны трапляюць да мяне, вельмі хочацца даць ім другое жыццё. Разам з тым, у нашай кватэры няма сцяны, якая б не была завешана карцінамі. Але карціны не мае, а жончыны. Аня з велізарным задавальненнем займаецца алейным жывапісам. Таму я ўвесь час жыву ў аўры творчасці.

— Як атрымалася, што Вы, абсалютна творчы чалавек, выбралі прафесію пажарнага-выратавальніка?

— У гэтай сувязі хочацца яшчэ раз успомніць дзеда Віктара Восіпавіча Жукоўскага, які больш за 30 гадоў аддаў пажарнай службе — узначальваў яе на Пастаўскім ільнозаводзе, адкуль і пайшоў на пенсію. Таму я з дзя­цінства быў пры пажарнай машыне і рукавах. (Дарэчы, на гэту тэматыку ў мяне ёсць цэлы цыкл вершаў і песень, прысвечаных дзеду.) І калі ў 1996 годзе сам вырашыў стаць пажарным-выратавальнікам, зрабіў гэта ўсвядомлена, бо ўжо многае ведаў пра сваю будучую работу.

— Ці часта ў жыцці даводзіцца здзяйсняць гераічныя або рамантычныя ўчынкі?

— Не ведаю, ці можна назваць гэта гераізмам, улічваючы маю прафесію, але асабіста не раз выратоўваў людзей, бо 6 гадоў адпрацаваў інжынерам хімічнай і радыяцыйнай разведкі і разам з калегамі выязджаў на тушэнне пажараў. А што да рамантычных учынкаў, вельмі люблю рабіць падарункі. Люблю, калі пра іх не здагадваюцца, бачыць, як мае родныя і блізкія радуюцца гэтаму. Заўсёды стараюся зрабіць ім прыемнае.

— Вашу сям’ю многія лічаць ідэальнай. Што для Вас значаць яна, дом?

— Не пакрыўлю душой, калі скажу, што ўсё: гэта мае дзеці, мая жонка, нашы з ёй бацькі. Гэта востраў спакою і школа жыцця, бо растуць сын і дачка і прыходзіцца нечаму вучыцца ад іх, удасканальваць тыя навыкі, якія ўжо меў. Увогуле, гэта месца, дзе я жыву, адпачываю, развіваюся і куды мне заўсёды хочацца вяртацца.

— А як Вы выхоўваеце сваіх дзяцей? На якіх прынцыпах, прыкладах?

— Звычайна, стараемся з жонкай на асабістых, каб наглядна паказаць, як мы прыйшлі да таго ці іншага выніку, што ад гэтага атрымалі і якія памылкі зрабілі на шляху. Але, як сведчыць практыка, усё роўна дзеці дапускаюць нашы ж памылкі — такі закон жыцця. Заўсёды прыводжу ў прыклад і дзядуляў, бабуль, знаёмых. Ну, а прынцыпы… У першую чаргу гэта асноўныя жыццёвыя каштоўнасці, такія, як дабрыня, працавітасць, любоў да сваёй сям’і. Вельмі радуе, што сёння ў дзецях бачны вынік нашай працы. Дачка Валерыя зараз вучыцца на трэцім курсе Белдзяржуніверсітэта, на бюджэтным аддзяленні, вывучае рамана-германскую філалогію. Займаецца з вялікім задавальненнем, ва ўсім стараецца быць лепшай, узяць максімум ад заняткаў, атрымлівае павышаную стыпендыю. Сын Мацвей ходзіць у 5 клас. Таксама стараецца вучыцца, мае шмат інтарэсаў.

— Дзеці атрымалі ў спадчыну Вашы таленты?

— Нешта, безумоўна, перанялі. Валерыя піша цікавыя філасофскія, я нават сказаў бы, сучасныя, вершы. Чытаючы іх, часам думаю: адкуль у 19-гадовай дзяўчыне нарадзіліся такія думкі?! Збіраюся ўзяць яе вершы для сваіх песень. Раней, калі дачка  вучылася ў школе, захаплялася прозай, друкавалася ў “Пастаўскім краі”. Прозу піша і цяпер. Змяшчае яе ў інтэрнэце, дзе адразу ж атрымлівае водгукі чытачоў. Мацвей вельмі любіць маляваць. І калі пачынае расказваць пра свае карціны, у яго гараць вочы, і я разумею, што дзіця на паперы напісала мастацкае апавяданне.

— Ці ёсць у вас нейкія сямейныя традыцыі, святы?

— Вельмі любім святкаваць дні нараджэння. Заўсёды стараемся іх адзначыць, калі не з сябрамі, дык сям’ёй абавязкова. Дорым падарункі, якія сапраўды патрэбны імянінніку. Робім і творчыя падарункі. Яшчэ адно любімае сямейнае свята — Новы год. Таксама штогод абавязкова адзначаем дзень нашага з жонкай узяцця шлюбу.

— А як звычайна адпачываеце?

— Як правіла, усе разам. Гуляем, выязджаем на прыроду: летам — на возера, часта з палаткамі, зімой — на горкі. Стараемся выбірацца і ў далёкія паездкі. Раней ездзілі на Чарнаморскае ўзбярэжжа, апошнія два гады мы з Мацвеем адпраўлялі сваіх “дзяўчат” у тур па Еўропе. Сам я люблю паляжаць і пачытаць добрую кніжку, пасядзець за камп’ютарам, паглядзець тэлевізар. А жонка — прыхільніца актыўнага адпачынку і ладу жыцця, яна наш сямейны “рухавік”.

— Вы — чалавек, які адбыўся ў жыцці: маеце любімую работу, цудоўную сям’ю, шмат захапленняў, якія прыносяць задавальненне. Ці ёсць яшчэ нешта, пра што марыце?

— Заўсёды марыў і мару пра тое, каб мае дзеці выраслі годнымі людзьмі. Хвалююся за здароўе бацькоў, бо яны ўжо ў тым узросце, калі пачынаюць турбаваць хваробы. Хачу, каб бацькі як мага даўжэй былі побач, таму што тады мы даўжэй зможам заставацца дзецьмі. Ну, а марыць пра нешта іншае, той жа матэрыяльны дабрабыт… Лічу, як чалавек жыве, працуе, ставіць сябе ў жыцці — тое ён і мае. Самае галоўнае — гэта, як спяваецца ў вядомай песні, пагода ў доме.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: 24 часа это - ?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 20

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 25

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 28

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 24

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 25

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 36

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 34

Сустрэча ўсяго каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі адбылася 17 лістапада ў Паставах (фота)

Хотите узнать больше? Сустрэча каталіцкага духавенства Віцебскай дыяцэзіі ў Паставах 17 лістапада. Фота з сайта catholic.by 17 лістапада ў касцёле Беззаганнага Зачацця 30