Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

“Сілы і ўпэўненасці дадаюць сям’я, калегі, прырода”

“Сілы і ўпэўненасці дадаюць сям’я, калегі, прырода”

Падязджаючы да Старадворскай базавай школы, хтосьці, напэўна, можа падумаць, што ў гэтым унікальным будынку жыве клапатлівы гаспадар. Тэрыторыю абступаюць бярозкі, магутныя таполі і іншыя насаджэнні. Уяўляю, як тут прыгожа вясной і летам. Цяпер жа роўненькія зялёныя газоны з астраўкамі невялікіх клумбаў на іх прыцярушаны снегам, не чуваць спеву птушак. Падыходжу да навучальнай установы з дахам са старадаўняй чарапіцы. Адчыняю самабытныя дзверыі трапляю ва ўтульнае памяшканне: пластыкавыя вокны, прыгожая кафельная печка, сучасная плітка, яркія шпалеры, кветкі.

— Сапраўды, непрывычная школа ў параўнанні з усімі астатнімі ў раёне, — гасцінна сустракае дырэктар Алена Іванаўна Ластоўская, якая працуе тут больш за 20 гадоў. — Будынак узведзены ў 1935 годзе адным з польскіх асаднікаў. І мы стараемся па максімуму захаваць даўніну і ў той жа час прыўнесці сучаснасці, стварыць належныя ўмовы для заняткаў. Абуладкаваны санвузлы, душавыя кабінкі. А вось печкі з разной кафлі вырашылі не разбіраць: эксклюзіў! Старыя ж пабудовы, якія псавалі выгляд тэрыторыі, знеслі, разбілі газоны, пасадзілі кветкі. Школа размешчана ва ўнікальным месцы. Побач цудоўная прырода, у бярозавым гаі растуць ягады, грыбы. Радуе багатым ураджаем яблыкаў школьны сад.

Першыя крокі на школьнай ніве Алена Іванаўна Ластоўская рабіла пад мудрым кіраўніцтвам былога дырэктара Ліліі Казіміраўны Вансовіч — настаўніка-прафесіянала, выдатнага метадыста. Яна запрашала на свае ўрокі і прыходзіла на ўрокі маладой настаўніцы, дэталёва разбірала іх, адзначала станоўчае, тактоўна ўказвала на недасканалае.

Пра прафесію настаўніцы Алёна марыла з дзяцінства. А калі прыйшоў час паступаць, былы дырэктар саўгаса “Старадворскі” Мар’ян Вацлававіч Дэмбоўскі прапанаваў ёй пайсці вучыцца ў Віцебскі педагагічны інстытут за кошт гаспадаркі, каб потым працаваць у мясцовай школе. Яна была прыкладнай студэнткай, атрымлівала павышаную стыпендыю. Таму на работу прыйшла з багатым багажом тэарэтычных ведаў па рускай мове і літаратуры. Практыкі набіралася ў вопытных педагогаў.

— Пасля ад’езду Ліліі Казіміраўны ў Злучаныя Штаты Амерыкі мне прапанавалі ўзначаліць калектыў, — успамінала А. І. Ластоўская. — Вельмі хвалявалася: былая дырэктар — чалавек валявы, была заўсёды і ва ўсім упэўненая. Я ж па характары мяккая, мяне часта называюць грамаадводам. Супакойвала тое, што побач творчыя, ініцыятыўныя калегі. Кожны моцны ў сваім прадмеце і па-свойму таленавіты. За апошні час калектыў памяняўся, але мы па-ранейшаму — адна каманда, разам адказныя за выхаванне вучняў.

Іх у Старадворскай базавай школе 37. Дырэктар добра ведае сям’ю кожнага. Надзейным памочнікам у плане выхавання з’яўляецца настаўніца, грамадскі інспектар па ахове дзяцінства Людміла Клеафасаўна Лешчык. Яна не лічыцца з часам, рэгулярна наведвае сем’і, дакладна валодае абстаноўкай у іх. Калі часам у якой выяўляюцца нейкія непаладкі, па трывозе падключаюцца сама дырэктар, старшыня Варапаеўскага сельскага Савета А. Я. Аліхвер. Агульнымі намаганнямі ўдаецца прадухіліць бяду.

— Настаўнікі імкнуцца максімальна заняць дзяцей у пазаўрочны час, — расказвала дырэктар. — Працуюць розныя гурткі. Больш чым палова вучняў наведваюць філіял Навасёлкаўскай школы мастацтваў, які дзейнічае пры нашай школе. Вучацца іграць на баяне, акардэоне, піяніна, лыжках, балалайцы, любяць заняткі па танцах. У нас ла­дзяцца змястоўныя святы з цікавай канцэртнай праграмай. На такія мерапрыемствы з задавальненнем прыходзяць бацькі. Таму стараемся, каб як мага больш вучняў было задзейнічана ў праграме. У кожнага ёсць да нечага здольнасці: хтосьці цудоўна спявае, хтосьці хораша дэкламуе вершы, іншы талена­віты, як акцёр, або выдатны вядучы. Мы даём магчымасць паказаць сябе, а бацькам — убачыць талент свайго дзіцяці.

Школа невялікая, а як развіты спорт! І найперш таму, што душой адданы справе настаўнік фізкультуры Генадзій Рышардавіч Ластоўскі. Праз трэніроўкі, пэўную методыку яму з вучнямі ўдаецца дабівацца добрых вынікаў. Старадворскія школьнікі — пастаянныя пераможцы розных спаборніцтваў, у складзе раённай каманды неаднаразова абаранялі гонар раёна ў вобласці.

Стадыён ніколі не пустуе, нават на канікулах. Збіраюцца не толькі школьнікі. Ёсць усе ўмовы для заняткаў валейболам, баскетболам, футболам. Зімой сваімі сіламі заліваюць каток. З дапамогай адміністрацыі СП “Дунілавічы-агра” набыты новыя лыжы, а клюшкі выраблены залатымі рукамі рабочага па абслугоўванні памяшканняў Даната Ула­дзіміравіча Шышко. Часам спартыўную базу папаўняюць інвентаром з тых школ, якія закрыліся.

Асобная старонка — работа школьнага лясніцтва “Верасок”. Кіруе ім Іраіда Уладзіміраўна Каралёнак. Цеснае супрацоўніцтва са Старадворскім лясніцтвам, асабіста з ляснічым Юрыем Юзафавічам Чашуном дае добры плён у плане экалагічнага выхавання. Вучні садзяць елачкі, наводзяць парадак у лесе, майструюць кармушкі, шпакоўні. У сваю чаргу лясніцтва на Новы год радуе дзяцей прыгажуняй ёлкай, дапамагае ў распілоўцы дроў, многіх іншых гаспадарчых справах.

Алена Іванаўна з удзячнасцю расказвала пра кожнага настаўніка школы. Апора і падтрымка ва ўсім завуч Алена Антонаўна Шаклюцкая. Творчы чалавек настаўніца працы Іна Мікалаеўна Багданава. Дакладна вядзе фінансавую дакументацыю Ларыса Дзмітрыеўна Шульская. Высокі ўзровень падрыхтоўкі па нямецкай мове забяспечвае выпускніца школы, настаўніца замежных моў Вольга Францаўна Ярашэвіч. Дзякуючы матэматыку Алене Аляксандраўне Шайко ў школы завязаліся цесныя сувязі з італьянцамі, і на канікулах дзеці выязджаюць у італьянскія сем’і на адпачынак.

— Пастаянна адчуваем падтрымку з боку ад­дзела адукацыі, спорту і турызму, асабіста Аляксандра Яў­геньевіча Кашырына, кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі ў асобах Генадзія Тадэвушавіча Лешчыка, Паўла Баляслававіча Будзіча, — гаварыла Алена Іванаўна. — У зладжаным калектыве, пры падтрымцы збоку і працуецца лёгка.

У Алены Іванаўны цудоўныя сям’я і радня. Дачка Мая заканчвае гуманітарны факультэт Бел­дзяржуніверсітэта па спецыяльнасці “Камп’ютарная лінгвістыка”, сын Андрэй — дзесяцікласнік Навасёлкаўскай сярэдняй школы. У вёсцы Васе­вічы жыве мама Вераніка Баляславаўна Сініца, брат Валянцін з сям’ёй — у Паставах. Аднадумец, на­дзейны дарадчык і памочнік ва ўсім муж Генадзій Рышардавіч. З ім сябравалі з дзявятага класа. Потым раз’ехаліся на вучобу: яна — у Віцебск, ён — у Мінск. На пятым курсе пажаніліся. Кіраўніцтва былога саўгаса “Старадворскі” ў свой час вы­дзеліла маладым настаўнікам недабудаваны дом. Цяпер ён абуладкаваны па гусце гаспадароў. Яны прыкіпелі душой да маленькай радзімы, да школы.

А. І. Ластоўская з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Старадворскай выбарчай акрузе. Пра грамадскую работу гаворыць з заклапочанасцю:

— Многія з тых задач, якія я сабе паставіла, пакуль не вырашаны да канца. Я не магу аказаць канкрэтнай дапамогі тэхнікай, сродкамі, а магу толькі стукацца ў дзверы розных службаў і прасіць дапамогі. У сціслыя тэрміны вырашае праблемы, звязаныя з падачай вады, вывазам смецця варапаеўскі ўчастак УП ЖКГ. Цесна супрацоў­нічаю са старшынёй Варапаеўскага сельскага Савета Аляксеем Ягоравічам Аліхверам. Падтрымку і дапамогу аказвае райвыканкам. А вось многім раённым службам за гады свайго дэпутацтва я сваім хадайніцтвам, напэўна, надакучыла. Крыўдна, калі дробязнае пытанне вырашаецца месяцамі, а то і ўвогуле не вырашаецца. Што датычыць добраўпарадкавання дамоў, то большасць старадворцаў любяць чысціню, кветкі, сочаць за сваімі сядзібамі. І гэта радуе.

— Алена Іванаўна нераўнадушная да ўсяго, што адбываецца навокал, — расказваў старшыня Варапаеўскага сельскага Савета А. Я. Аліхвер. — Заўсёды адкрытая для людзей. Удала спалучае асноўную работу з грамадскай. Часта сустракаецца з выбаршчыкамі, умее да кожнага знайсці індывідуальны падыход, сэрцам перажывае за праблемы. Вяскоўцы яе паважаюць, яна карыстаецца ў іх заслужаным аўтарытэтам. Да яе можна дазваніцца ў любы час сутак. Камусьці дастаткова толькі расказаць пра набалелае. Уважліва выслухае, выкажа сваё меркаванне, дасць параду — і чалавеку палягчэе. З больш ­сур’ёзнымі пытаннямі абыдзе некалькі інстанцый.

Праблем у Старым Двары, як і ў многіх іншых населеных пунктах, хапае. Некаторыя з іх вырашыць аднаму дэпутату складана. Некалі вёску планавалася ператварыць у аграгарадок. Пабудаваны новыя домікі, у іх засяліліся маладыя сем’і. А ўрэшце саўгас далучылі да сельгаспрадпрыемства “Дуніла­вічы-агра”, і старадворцы аказаліся на перыферыі.

— Я пастаянна настаўляю калег, вучняў, бацькоў, ды і ўсіх выбаршчыкаў, не апускаць рукі, — гаварыла Алена Іванаўна. — Нягледзячы на тое, што жывём у вёсцы, трэба ісці ў нагу з часам, быць сучаснымі. Вельмі многае ў жыцці залежыць ад нас саміх. Розныя сітуацыі здараюцца, але трэба любіць жыццё. Мне ж сілы і ўпэўненасці дадаюць сям’я, калегі, прырода, праца на агародзе і ў кветніку.

Развітвалася з дырэктарам і думала: больш бы было такіх актыўных, ініцыятыўных, мэтанакіраваных, нераўнадушных, адказных, шчырых кіраўнікоў, як Алена Іванаўна Ластоўская, якая ўмее накіраваць работу калектыву, падбадзёрыць кожнага, хто да яе звяртаецца, аказаць канкрэтную дапамогу, прымусіць больш аптымістычна пагля­дзець на многія рэчы.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Первый месяц весны?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Постав

Фестиваль "Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны" пройдет 10-11 декабря

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен Поставский райисполком при поддержке Белорусского фонда культуры, прихода 21

Поставчане, не пугайтесь – 6 декабря в районе прозвучат сирены

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Фото с сайта bigstockphoto.com 6 декабря на Поставщине МЧС будет проводить годовую проверку системы 25

Край.бай разыграе білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Іна Ананасьева. Фота з сайта govorim.by 6 cнежня ў 19.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры горада Маладзечна пройдуць здымкі папулярнага 30

Врач, юрист, психолог и месса в костеле. График мероприятий ко Дню инвалидов в Поставах

Хотите узнать больше? Изображение использовано в качестве иллюстрации. Автор фото неизвестен В Поставах запланирован целый ряд мероприятий, посвященных Дню инвалидов. 2 33

Розыгрыш окончен. Сладкий подарок достался Александре Петровской из Молодечно (фото)

Хотите узнать больше? Сладкий подарок достался Александре Петровской. Фото Катерины Сушко, Край.бай Александра Петровская выполнила все условия конкурса и была пятой по 29

Адкажы на пытанні і атрымай білет на тэлевізійныя здымкі праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні»

Хотите узнать больше? Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта lh3.ggpht.com Здымкі папулярнага праекта тэлеканала СТБ «Залатая калекцыя беларускай песні» 27

В Поставах восстановят памятник на могиле польских солдат, находящийся во дворе магазина

Хотите узнать больше? Памятник на могиле польских солдат в Поставах. Исторический и современный вид. Фото postawy.by и postavyiokrestnosti.blogspot.com.by. Коллаж – с 39

Автопробег по Поставщине дошел до кладбища І мировой у пограничной полосы, куда не пускают обычных людей (фото)

Хотите узнать больше? Участники автопробега по местам Нарочской операции Первой мировой войны на территории Поставского района 17 ноября в д. Норковичи. Фото Вадима Шишко 42