Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Крыж Ефрасінні Полацкай - галоўная нацыянальная рэліквія беларусаў

Крыж Ефрасінні Полацкай - галоўная нацыянальная рэліквія беларусаў

Крыж Ефрасінні Полацкай У сузор'і мысліцеляў і асветнікаў - ураджэнцаў зямлі беларускай, якія, пачынаючы з XII ст., уносілі свае веды, думкі, талент у скарбонку айчыннай і сусветнай асветы, культуры, навукі і тым сцвярджалі ў свеце аўтарытэт беларускага народа, пачэснае месца належыць Ефрасінні Полацкай (каля 1101 г. - 23 ці 25 мая 1167 г.). Пад гэтым авеяным легендамі імем увайшла ў нашу гісторыю прыгожая, адукаваная і заможная полацкая князёўна Прадслава, якую высокія ідэалы хрысціянскай духоўнасці натхнілі на самаадданую культурна-аветную дзейнасць. Падзвіжніца хрысціянскай веры, яна стала першай беларускай жанчынай-святой. Яе спадчына складае той духоўны падмурак, на якім будуецца сучасная беларуская культура.

Адмовіўшыся ад дынастычнага шлюбу, адукаваная і здольная Прадслава пастрыглася ў манашкі пад імем Ефрасінні, каб аддаць жыццё служэнню Богу і свайму народу. Але князёўна не хавалася за манастырскімі сценамі ад свецкіх клопатаў. Яна брала чынны ўдзел у палітычным жыцці Полацкага княства, знаходзілася у цэнтры яго культурнага жыцця і амаль на поўстагоддзя разгарнула шматгранную асветніцкую дзейнасць. Займалася перапісваннем кніг для бібліятэкі полацкага Сафійскага сабра - гэта была нялегкая праца, якая тады лічылася выключна мужчынскай. Садзейнічала пабудове храмаў (Спаская царква, царква св. Багародзіцы) і заснаванню манастыроў (Спаса-Ефрасіньеўскі), забяспечвала іх культавымі рэліквіямі. Збірала вакол сябе таленты, займалася мецэнацтвам.

Для прывезеных святынь па замове Ефрасінні ювелір Лазар Богша ў 1161 г. зрабіў рэліквіяр у форме крыжа (даўжыня 51 см) для царквы св. Спаса. Ён быў выраблены з кіпарысу, абкладзены залатымі і срэбнымі пласцінкамі з каштоўнымі камянямі, эмалевымі выявамі святых і надпісамі. Гэты шэдэўр мастацтва атрымаў назву "Крыж Ефрасінні Полацкай" і стаў нацыянальнай рэліквіяй беларусаў, шанаванай праваслаўнымі, католікамі і уніятамі.

Заснаваныя Ефрасінняй манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве: пры іх працавалі школы, бібліятэкі, скрыпторыі - перапісаныя ў іх кнігі разыходзіліся па Полацкай зямлі і за яе межамі, - верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні. Сама Ефрасіння складала і, магчыма, запісвала малітвы і дыдактычныя пропаведзі. Яна была вядома сярод суайчыннікаў таксама як справядлівы суддзя, дарадчык і міратворца.

У пажылым веку (пачатак 1167 г.) Ефрасіння рушыла ў паломніцтва па святых месцах у Іерусалім. У гэтым нялёгкім падарожжы славутую палачанку з вялікай пашанай сустракаў візантыйскі імператар Мануіл, блаславіў царгарадскі патрыярх. Яна была добра прынята і ў Іерусаліме. Але, знясіленая падарожжам, захварэла і памерла там 23 або 25 мая 1167 г. Пахавалі яе ў манастыры св. Феадосія, непадалёку ад Іерусаліма. У 1187 г. перепахавалі ў Кіева-Пячорскай лаўры - на той час гэта было самае святое месца на ўсходнеславянскіх землях. У 1910 г. астанкі асветніцы даставілі ў заснаваны ёю Спаскі манастыр у Полацку, дзе яны захоўваюцца і сёння.

Дзейнасць Ефрасінні Полацкай пакінула след не толькі ў гісторыі, але і ў душы беларускага народа. Ефрасіння стала сімвалам духоўнага служэння сваёй Радзіме, невычэрпнай крыніцай маральнай сілы і духоўнага адраджэння нашага народа. Яе царкоўнае шанаванне пачалося на Беларусі ў канцы XII ст. без афіцыйнай кананізацыі. Тады ж невядомым аўтарам у Полацку было напісана "Жыціе святой і найпрападобнейшай Ефрасінні" - адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы. Яно ўслаўляе настойлівую і самаахвярную жанчыну, яе імкненне да ведаў і дасканаласці. Да нас дайшло больш за 130 спісаў "Жыція", зробленых у наступныя стагоддзі, што сведчыць пра шанаванне асветніцы ў мінулым. Былі створаны царкоўныя спевы пра Ефрасінню, самыя старажытныя з якіх узыходзяць да XII ст. У Маскоўскай Русі Ефрасіння Полацкая стала шырока вядомая ў XVI ст., калі мітрапаліт Макарый уключыў яе "Жыціе" ў "Мінеі-чэцці". Яна стала першай жанчынай, кананізаванай Рускай праваслаўнай царквой (1547 г.). Была прызнана святой таксама каталіцкай царквой.

У канцы XX ст. асветніца з роду Усяслава была вернута ў гістарычную памяць беларускага народа і прызнана святой апякункай Беларусі. У 1984 г. праваслаўная царква далучыла яе да Сабора беларускіх святых за дзейнасць на ніве ўмацавання хрысціянскай веры і асветы. Дзень памяці Св. Ефрасінні адзначаецца царквой 23 траўня.

Для сучаснага пакалення беларусаў Ефрасіння Полацкая вядомая найперш Крыжом, зробленым па яе заказу у 1161 г. майстрам-ювелірам Лазарам Богшай для заснаванай ёй Спаскай царквы. Крыж з'яўляецца нашай галоўнай нацыянальнай рэліквіяй. Гэта - каштоўнасць як духоўная, так і матэрыяльная. Кавалачкі мошчаў, закладзеныя ў драўляную кіпарысавую аснову Крыжа; золата, срэбра і каштоўныя камяні, выкарыстаныя для ўпрыгожвання; тонкая ювелірная работа; надпісы - ўсё гэта робіць Крыж важнай крыніцай для гісторыкаў беларускага пісьменства і ўнікальным помнікам мастацтва, шанаваным усімі хрысціянамі. Крыж стаў адным з сімвалаў старажытнага ўсходнеславянскага царкоўнага мастацтва.

Сведка 850-гадовай гісторыі, Крыж Ефрасінні Полацкай мае і сваю ўласную драматычную біяграфію. Ён не аднойчы пакідаў межы Беларусі. Некаторы час ім валодаў Іван Грозны. Аднак спужаўся праклёну выкрадальнікам, напісаным на Крыжы, і палічыў за лепшае вярнуць яго ў Полацк, што і зрабіў у 1563 г., калі захапіў горад. З канца XVI ст. да 1841 г. Крыж захоўваўся ў полацкім Сафійскім саборы. У час нашэсця Напалеона рэліквію замуравалі ў яго сцяне. У 1841 - 1842 г. полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі вазіў Крыж у Маскву і Пецярбург, каб з яго дапамогай сабраць сродкі для сваёй епархіі. 3 1842 г. да 1928 г. Крыж зноў захоўваўся ў Полацку, у Спаса-Ефрасіньеўскім храме, пабудаваным у XII ст.

У 1921 г. бальшавіцкія ўлады экспрапрыявалі гэту рэліквію, як і шмат іншых дарагіх царкоўных каштоўнасцяў, і аддалі на захоўванне ў мясцовы фінаддзел. У 1928 г. Крыж перадалі ў Мінск, у Беларускі дзяржаўны музей. Перадачу ажыццяўляў дырэктар гэтага музея, беларускі гісторык і публіцыст Вацлаў Ластоўскі, які дзеля гэтага спецыяльна прыязджаў у Полацк.

У сувязі з тым, што мяжа БССР з Польшчай праходзіла непадалёку ад Мінска, у пачатку 1930-х г. партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва Беларусі прыняло рашэнне, падтрыманае Крамлём, аб пераносе сталіцы рэспублікі ў Магілёў. Пачалася падрыхтоўка. У Магілёве пабудавалі Дом ураду - комплекс будынкаў, які нагадваў мінскі Дом ураду. Горад "падганялі" пад новы статус: пачалі знішчаць культавыя будынкі; звозілі каштоўнасці Беларусі, шматлікія гістарычныя і культурныя рэліквіі народа [6].

Магілёўскі збор каштоўнасцяў складаўся ў асноўным з царкоўнага начыння, забранага ў 20-я гады ў царквы: многія дзесяткі старажытных ікон, у тым ліку ў каштоўных акладах, кніг; прадметы культа і інш. Найвялікшым рарытэтам магілёўскай калекцыі ў 1928 г. стаў Крыж Ефрасінні Полацкай - адна з самых шанаваных святынь праваслаўнага свету.

Крыж змясцілі ў экспазіцыю Магілёўскага краязнаўчага музея, які яшчэ да рэвалюцыі славіўся унікальнымі калекцыямі гістарычных рарытэтаў, а цяпер стаў своеасаблівым беларускім філіялам Дзяржсховішча.

Але хутка мясцовыя ўлады занепакоіліся тым, што ў музеі Крыж стаў прадметам залішняй увагі наведвальнікаў і нават пакланення вернікаў, і яго вырашылі схаваць ад людзей. Разам з іншымі каштоўнасцямі яго схавалі ў спецыяльна абсталяваным пакоі-сейфе з браніраванымі дзвярыма і масіўнай металічнай рашоткай на вакне. Гэта - былы банкаўскі сейф [4; 6]. Існуе версія, што гэты "опіум" ўлады збіраліся прадаць за мяжу як антыкварыят [2, с. 36]. У гэтым пакоі Крыж знаходзіўся да сярэдзіны ліпеня 1941 г., калі фашысты самкнулі кальцо акружэння вакол горада, хоць у 1930 г. (па іншых звестках, у 1933 г.) музей пераехаў у другі будынак, а ў яго памяшканнях размясціўся абкам партыі [1, c. 121].

Загадкавае знікненне Крыжа ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны нарадзіла шмат чутак і падазрэнняў. У пасляваенныя гады пошукамі Крыжа ніхто не займаўся. Цікавасць да сваёй страчанай святыні стала праяўляцца ў Беларусі толькі з атрыманнем ёй незалежнасці.

Існуюць тры галоўныя версіі знікнення нацыянальнай рэліквіі № 1: заходняя, або "нямецка-амерыканская" версія; усходняя, або маскоўская; і мясцовая, або полацкая версія. Іх выразна сфармуляваў беларускі вучоны, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, які сорак гадоў займаецца пошукамі Крыжа. Вялікія матэрыялы аб лёсе Крыжа за апошнія 20 гадоў сабраны камісіяй "Вяртанне" пры Беларускім фондзе культуры [3; 4].

Доўгі час самай папулярнай і афіцыйнай была заходняя версія прапажы скарбаў. У савецкі час агалошваць усходнюю версію было справай заўчаснай і бесперспектыўнай.

Паводле заходняй версіі, Крыж Ефрасінні Полацкай у Магілёве папаў спачатку ў рукі нямецкага афіцэра, а потым - у ЗША, у калекцыю Моргана.

Шэраг аргументаў накіроўвае даследчыкаў у пошуках Крыжа Ефрасінні Полацкай па ўсходняму следу. Гэта - ўспаміны сведкаў і ўдзельнікаў вывазу Крыжа, якія з'явіліся або былі абнародаваныя праз прэсу ў 1990-я г. Абарона Магілёва ў 1941 г. працягвалася доўга, і асноўныя каштоўнасці з пакоя - сейфа ў будынку Магілёўскага абкама партыі, паводле гэтых ўспамінаў, былі вывезены на аўтамашынах да захопу горада фашыстамі.

Усходні след "вядзе" ў Маскву і Санкт-Пецярбург, Эрмітаж. Называюцца таксама гарады Уфа і Самара, дзе ў час вайны захоўваліся магілёўскі архівы. Не выключана і тое, што Крыж знаходзіцца ў адным з царкоўных збораў Расіі.

Праўда, існуе таксама меркаванне, што "Магілёўскія скарбы" да Масквы не дабраліся, а былі схаваны ў Смаленску ў нейкім укрыцці падчас эвакуацыі па дарозе з Магілёва ў Маскву. Там яны і былі захоплены немцамі.

У 1944, а потым у 1947 г. быў складзены "Спіс разрабаваных нямецкімі акупантамі культурна-гістарычных каштоўнасцяў, якія захоўваліся ў Магілёўскім дзяржаўным гістарычным музеі да Вялікай Айчыннай вайны 1941 - 1944 гг." і "Акт аб кошце стратаў". У абодвух спісах фігуруе Крыж Ефрасінні Полацкай, і ў акце яму названы кошт у 6 мільёнаў рублёў. Агульныя страты музея ацэнены ў больш за 60 млн. руб. [6]. Гэта - нясметныя багацці. Ёсць падлікі, што агульны кошт магілёўскай калекцыі складае не менш 300 мільёнаў даляраў.

Паводле полацкай версіі знікнення Крыжа, ён застаўся там, дзе і быў зроблены. Калі ў 1920-я г. савецкая ўлада праводзіла экспрапрыяцыю царкоўнай маёмасці, полацкае духавенства здало копію, падробку Крыжа. Полацкая падробка папала ў Мінск, потым у Магілёў і была вывезена далей.

На жаль, тайну знікшай рэліквіі да сённяшняга дня раскрыць не ўдалося. Пошукамі займаюцца супрацоўнікі Інтэрпола, які зарэгістраваў прапаўшую беларускую рэліквію пад нумарам 34-1130 [1, с. 124], і КДБ Беларусі. Знайсці Крыж і вярнуць яго ў скарбніцу нашага гістарычнага багацця мараць вучоныя.

У той заблытанай, тупіковай сітацыі ў пачатку 1990-х г. нарадзілася ідэя аб аднаўленні ў сваім гістарычным выглядзе страчанай рэліквіі. Гэты ўнікальны выраб зрабіў брэсцкі нашчадак Лазара Богшы - мастак-эмальер Мікалай Кузьміч, за што бібліяграфічны цэнтр Кембрыджскага універсітэта (Вялікабрытанія) прысвоіў яму званне "Чалавек стагоддзя" [5]. Адноўлены крыж, асвечаны мітрапалітам Філарэтам, мае ўжо самастойную духоўна-культурную каштоўнасць.

Мяркуюць, што спакой, згода і працвітанне тады прыйдуць на нашу зямлю, калі будзе знойдзена і вернута на месца галоўная нацыянальная рэліквія ўсіх беларусаў - Крыж, зроблены Лазарам Богшай 850 гадоў таму.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Асіноўскі, С. Таямніца крыжа Ефрасінні Полацкай / С. Асіноўскі // Архівы і справаводства. - 2006. - № 1. - С. 116-126.

2. Мальдзіс, А. З'яўленне Слуцкага Евангелля / А. Мальдзіс // Беларусь. - 2008. - Жнівень. - С. 34-37.

3. Мальдзіс, А. Рэальны след нацыянальнай рэліквіі № 1 / А. Мальдзіс // Голас Радзімы. - 2003. - 17 красавіка. - С. 5-6.

4. Мальдис, А. Крест Ефросинии Полоцкой: Три версии исчезновения национальной реликвии номер 1 / А. Мальдис // Беларусь сегодня. - 2008. - 4 апреля. - С. 8-9.

5. Николай Кузьмич: Тайны раскрываются во сне / // Советская Белоруссия. - 2004. - 18 августа. - С. 8-9.

6. Юшкевич, В. Тайна креста / В. Юшкевич // Советская Белоруссия. - 1990. - 28 сентября.

 

Крыніца: Марозава, С.В. Крыж Ефрасінні Полацкай - галоўная нацыянальная рэліквія беларусаў / С.В. Марозава // Роль женщин в укреплении местных сообществ: Материалы Республиканской научной конференции (Путришки, 12 февраля 2011 г.). - Гродно, 2011. - С. 13-18.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Полоцка

Завтра будут организованы дополнительные автобусы по маршрутам «Площадь Строителей-Глинище» и «Подкастельцы-Глинище»

Хотите узнать больше? 21 апреля (Радуница) в Новополоцке будут организованы дополнительные отправления по маршрутам «Площадь Строителей-Глинище» и «Подкастельцы-Глинище». 1 419

В Полоцке по Двине начал курсировать теплоход

Хотите узнать больше? Теплоход «Витебск» прибыл в Полоцк из областного центра и впервые за многие годы начал курсировать по Двине. Посадка пассажиров происходит в районе 3 896

Этой весной в Полоцке посадят около 4 тысяч деревьев и 75 тысяч цветов

Хотите узнать больше? Почти 4 тысячи деревьев и 75 тысяч цветов будет высажено в Полоцке в нынешнем сезоне в рамках реализации инициативы, поддержанной европейскими 1 003

В Полоцке будет работать выставка «Шел солдат дорогами войны...»

Хотите узнать больше? C 1 мая в Музее боевой славы Национального Полоцкого историко-культурного музея-заповедника начнёт работу выставка «Шел солдат дорогами войны», 651

Школьники Полотчины - лауреаты экофестиваля «Живому жить!»

Хотите узнать больше? В Витебске подведены итоги областного экофестиваля «Живому жить!», в числе победителей - коллективы Полоцка, Полоцкого района и Новополоцка. Как 826

В детской поликлинике Полоцка течет крыша

Хотите узнать больше? Крыша в детской поликлинике Полоцка течет уже не первый год, а ремонта как не было, так и нет. Персонал медицинского учреждения собирает воду в 1 118

Отдел образования в Новополоцке: садик, который прозвали «фиктивным», работает

Хотите узнать больше? В Новополоцке строят необычное образовательное учреждение - оно будет совмещать ясли, детсад и начальную школу. В пятницу, 3 апреля, открыли первую 1 787

В Полоцке начал работу медицинский молодежный отряд

Хотите узнать больше? Первый в Витебской области молодежный профильный отряд «Медик» приступил к работе в Полоцке. Как сообщила корреспонденту БЕЛТА... 979