Закрыть

Выберите город

Закрыть

Палітычныя настроі сялян Заходняй Беларусі ў сувязі з падпісаннем ліста Сталіну ў 1945 г

Палітычныя настроі сялян Заходняй Беларусі ў сувязі з падпісаннем ліста Сталіну ў 1945 г

Савецкая ўлада атаясамлівалася ў першую чаргу з калгаснай сістэмай Адной з першых пасляваенных грамадска-палітычных акцый савецкай улады на заходнебеларускіх землях стала падпісанне насельніцтвам краю так званага «ліста Сталіну» з удзячнасцю за вызваленне краіны ад імя беларусаў.

Акцыя была прызначаная на гадавіну вызвалення Беларусі ад захопнікаў – 3 ліпеня 1945 г. Накіраванне адмысловых ўпаўнаважаных па збору подпісаў ва ўсе закуткі сваіх раёнаў стала найважнейшай задачай сакратароў раённых камітэтаў камуністычнай партыі і ў Заходняй Беларусі. Але спецыфіка рэгіёна пераўтварыла гэты працэс тут у сапраўдную барацьбу за подпісы, а значыць і за лаяльнасць насельніцтва да пакуль яшчэ новай для іх улады. А здабывалася гэтая лаяльнасць зусім няпроста.

Галоўнымі фактарамі, што паўплывалі на збор подпісаў у заходніх раёнах Беларусі, акрамя згаданай адсутнасці трывалых пазіцый савецкай улады тут, сталі наступныя:

- нацыянальны склад насельніцтва быў прадстаўлены ў многіх раёнах пераважна палякамі, якія негатыўна ставіліся да рэформ, што праводзіліся савецкімі ўладамі;

- нявызначанасць пытання аб мяжы паміж СССР і Польшчай;

- актыўная дзейнасць антысавецкага падполля, у першую чаргу польскіх арганізацый, што ўзніклі на базе распушчанай афіцыйным указам у студзені 1945 г. Арміі Краёвай;

- недавер мясцовых жыхароў да ўлады, у першую чаргу выкліканы страхам перад увядзеннем калгаснай сістэмы.

Усе пералічаныя фактары прывялі да таго, што прадстаўнікі ўлады сутыкнуліся ў асобных раёнах сучасных Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай абласцей з абсалютным нежаданнем насельніцтва падпісваць згаданы ліст.

Як правіла, непасрэднаму збору подпісаў у кожнай асобнай вёсцы папярэднічаў сход вяскоўцаў, на якім прадстаўнік райкама зачытваў даклад аб цяжкасцях акупацыйнага перыяду, злачынствах фашыстаў на беларускай зямлі, ролі Сталіна ў вызваленні Беларусі і разнастайных перавагах савецкага гаспадарчага ладу над заходнім. Пасля прачытання прамовы, упаўнаважаныя меркавалі сабраць подпісы ўсіх прысутных сялян.

Найбольш яскрава аб перыпетыях гэтага працэса сведчаць справаздачы і дакладныя кіраўніцтву тых самых ўпаўнаважых па збору подпісаў. Так, адказны за Бакштаўскі сельскі савет паведамляў старшыні свайго раённага камітэта наступнае: "...як правіла, у населеных пунктах гэтага сельсавета пры абвяшчэнні таго, што адбудзецца сход, насельніцтва хавалася ў лясах і збожжы..." [1, а. 1]. Далей упаўнаважаны адзначаў, што толькі пасля яго пагрозы спаліць вёску ў выпадку далейшага непадпарадкавання на сход з'явілася 32 чалавекі, з якіх быў толькі 1 мужчына [Там жа].  Як бачым, улада вымушаная была прымаць самыя рашучыя меры, аж да пагрозаў знішчэння маёмасці. У некаторых месцах былі і стрэлы ў бок натоўпу вяскоўцаў. Тым не менш, і такія жорсткія захады не прыносілі плёну.

Усяго на тэрыторыі сельскага савета з 1990 жыхароў свае подпісы паставілі 132. У в. Кронькі той жа адміністрацыйнай адзінкі, калі упаўнаважаны пачаў чытаць даклад, "жыхары ўзнялі крык і пачалі разбягацца". Пры абыходзе дамоў вёскі паасобку, "абсалютная большасць дзьвярэй аказаліся зачыненымі" [1, а. 2]. У справаздачы аб Пугачоўскім сельсавеце Васілішкаўскага раёна адзначалася, што вынікі збору самыя нязначныя, а ў большасці вёсак на сходы ніхто не прыходзіў [1, а. 34]. Агульныя лічбы аб колькасці сабраных подпісаў у некаторых раёнах Заходняй Беларусі падцвярджаюць гэтыя справаздачы. Напрыклад, у Воранаўскім раёне з 20 тыс. насельніцтва падпісалі ліст толькі 3000 чалавек, у Свіслацкім раёне з 25 тыс. жыхароў падпісалі 7800 чалавек, у Шчучынскім раёне з 38 тыс. - толькі 7700 чалавек, з 270 вёсак Васілішкаўскага раёна ў 110 ніхто ўвогуле не падпісаўся пад лістом.

Звычайна сяляне, што ўсё ж прыходзілі на сходы, самі тлумачылі раённаму кіраўніцтву матывы свайго нежадання падпісвацца. Можна вылучыць асобныя групы гэтых матываў, якія яскрава сведчаць аб палітычных настроях заходнебеларускай грамадскасці гэтага часу.

Часцей за ўсё вяскоўцаў і беларускай, і польскай нацыянальнасці насцярожвалі ў пачутых прамовах згадкі пра калгасы. Жыхары в. Чарняўка Васілішкаўскага раёна казалі так: "...сёння мы падпішамся пад гэтым лістом, а заўтра прыйдзе іншы, прачытае па іншаму – і нас у Сібір ці на Урал пагоняць і скажуць – вы падпісаліся – выконвайце, ці ў калгас пашлюць – навучылі нас ужо подпісы... Сталіну мы жадаем сто гадоў пражыць, але подпісы не дадзім, хай хоць ён сам прыязджае... мы лепш заплацім, а падпісвацца не будзем..." [1, а. 3]. Ці не ў кожнай службовай запісцы, справаздачы ўзгадваецца аб тым, што пры ўпамінанні калгасаў сяляне выказвалі абурэнне і толькі пасля запэўніванняў, што подпіс не значыць уступлення ў калгас, некаторыя ўсё ж згаджаліся яго паставіць [1, а. 21]. Прычым гэта датычылася не толькі ліста Сталіну, але і подпісаў пад любымі дакументамі. Сакратар Юрацішкаўскага райкама Кузняцоў дакладваў кіраўніцтву, што "...рэалізацыя 4-й дзяржаўнай ваеннай пазыкі праходзіць напружана, а з плана у 800 тысяч сабрана наяўнымі толькі 31 тысяча... большасць адзінаасобнікаў падпісваць адмаўляецца, бо баяцца, што подпіс будзе значыць далучэнне да калгаса..." [2, а. 6-7].

Таксама распаўсюджаным матывам да непадпісання ліста была ўпэўненасць, у першую чаргу сялян-палякаў, у тым, што іх раён будзе вернуты Польшчы. Гэтаму спрыялі шматлікія чуткі, што распаўсюджваліся антысавецкім падполлем і знаходзілі водгук у насельніцтва.

Сялянка в. Губічы не дала дачытаць даклад раённаму прадстаўніку аб зверствах акупантаў, сказаўшы наступнае: "Так, немцы замучылі і расстралялі шмат, але колькі замучылі і расстралялі вы, камуністы, гэтага не кажаце. За што майго брата замучылі ў Беластоку... страляйце мяне, але савецкая ўлада мне не падабаецца. Сталін гоніць нас у калгас, нам няма за што яму дзякаваць... ды і навошта мне падпісвацца, калі восенню тут ізноў будзе Польшча, а вас, савецкіх работнікаў усіх перадушым..." [1, л. 2]. У Васілішкаўскім сельскім савеце сяляне запэўнілі ўпаўнаважанага ўладаў, што яны, маўляў, самі "хутка ўсе з'язджаюць у Польшу", а таму і падпісвацца ім няма аніякай патрэбы [1, а. 30]. Жанчыны з вёскі Задваране і ўвогуле лічылі, што "Польшча павінна быць да Смаленска..." [1, а. 33]. Жыхары вёсак Новадворскага сельскага савета з пераважна польскім насельніцтвам здзіўляліся, што ў лісце ўзгадваецца пра беларусаў і украінцаў, але нічога няма пра палякаў, а некаторыя адкрыта казалі, што хочуць, "каб тут была Польшча" [1, а.2-3]. Сакратар Брэсцкага абласнога камітэта кампартыі Тупіцын паведамляў аб распаўсюджванні антысавецкім падполлем ў Дзівінскім раёне чутак аб тым, што подпісы насамрэч збіраюцца для таго, каб вызначыць – будзе усталявана савецкая ўлада ў раёне, ці не. Адпаведна, чым менш подпісаў будзе сабрана – тым больш шансаў на тое, што раён адыйдзе да Польшчы. Такія чуткі знаходзілі водгук у насельніцтва [3, а. 44-45].

Зразумела, мала хто з вяскоўцаў упамінаў сярод іншых прычын свайго сабатажу мерапрыемства ўлады пагрозу з боку антысавецкага падполля. Тым не менш, шматлікія выпадкі забойстваў мясцовых савецкіх і партыйных актывістаў аказвалі уплыў на паводзіны і выказванні насельніцтва. Некаторыя сяляне ў в. Шкордзь у прыватных размовах з упаўнаважанымі райкама не хавалі, што яны і не супраць падпісацца, але баяцца за сваё жыццё [1, а. 30]. Прадстаўнік адміністрацыі Васілішкаўскага раёна тлумачыў невысокую актыўнасць сялян в. Куляшы тым, што яны "тэрарызаваліся бандамі" [1, а. 26]. Некаторыя вяскоўцы з Берасцейшчыны так тлумачылі сваё нежаданне падпісваць: "...нас потым прывядуць да адказнасці, калі вернуцца палякі...", сяляне на Скідзельшчыне заяўлялі прадстаўнікам улады, што, маўляў, "Чырвоная Армія насамрэч адступае ў Маньчжурыі, Японія перайшла ў наступ, а з ёй і саюзнікі, якія у рэшце рэшт вернуць Заходнюю Беларусь Польшчы" [6, а. 6]. У Васілішкаўскім раёне мелі месца засады і абстрэлы груп упаўнаважаных па выкананні дзяржаўных мерапрыемстваў. У Жалудоцкім раёне польскім падполлем распаўсюджваліся чуткі наступнага зместу: “Савецкая ўлада тут часова, хутка межы будуць устаноўлены як было ў 1939 г., а тых, хто актыўна будзе выконваць савецкія законы, будзем караць”, “Саветы ўжо ў Польшчу не пускаюць палякаў, а ўсё польскае насельніцтва, што тут застанецца, будзе вывезена ў Сібір” [3, а. 30-31].

Безумоўна, дзейнасць падполля аказвала значны ўплыў на грамадска-палітычную актыўнасць насельніцтва Заходняй Беларусі. У тых раёнах, дзе рэгулярнымі былі акцыі супраць савецкай улады, яе мерапрыемствы (удзел у дзяржаўных вайсковых пазыках, мабілізацыя ў Чырвоную Армію, збожжа- і лесанарыхтоўкі і інш.) амаль не выконваліся. Тым больш у населеных пунктах з пераважна польскім насельніцтвам. У некаторых вёсках Полацкай вобласці нават старшыні сельскіх саветаў выкарыстоўвалі збор подпісаў для агітацыі на выезд у Польшчу, а самі упаўнаважаныя запісваліся ў спісы тых, хто збіраўся перасяляцца на Захад [4, а. 107-109]. Відавочна, што аб ніякім выкананні пастаўленых мясцовымі уладамі задач гаворка тут не ішла.

Але разам з тым трэба адзначыць, што негатыўныя выказванні беларускіх вяскоўцаў з нагоды збору подпісаў мелі месца і ў Мінскай вобласці, а там дзейнасць антысавецкага падполля і колькасць насельніцтва польскай нацыянальнасці была не такой заўважнай, як на захадзе краіны. Так, селянін адной з вёсак вобласці агітаваў калгаснікаў супраць падпісання ліста Сталіну і матываваў сваю пазіцыю тым, што ў тым лісце напісана тое, чаго няма, а таму і не трэба яго падпісваць [5, а. 30-31].

Жанчыны, якія складалі пераважную большасць насельніцтва вёсак ў той час адмаўляліся ставіць подпіс без згоды сваіж мужоў, якія пакуль не вярнуліся з вайны. Асабліва прынцыповай была пазіцыя тых жонак і маці, якія страцілі сваі сем'і. У вёсцы Вялікія Бярозаўцы на Гродзеншчыне жанчыны казалі так: "...што нам карысць, што нехта будзе жыць добра, сыны ж нашы забіты", "калі б Сталін ведаў, як дрэнна мы жывем, не забіраў бы нашых сыноў" [1, а. 4]. Сялянкі з в. Мызаўшчына адкрыта выступілі перад упаўнаважаным, заявіўшы, што ім няма за што дзякаваць Сталіну, а "няхай нам лепш аддадуць нашых сыноў і мужоў, а таксама солі, цукру і мыла...". Не дзіўна, што ніхто з гэтай вёскі ліст так і не падпісаў [1, а. 36]. Аб тым, што насельніцтва Заходняй Беларусі яшчэ не разумела, чаго можна чакаць ад савецкай улады, сведчаць нават рэкія выказванні ў яе адрас, якія гучалі падчас збору подпісаў. Сялянка в. Ленцішкі Бакштаўскага сельскага савета казала: "...па бруку кіламетр паўзці буду, каб толькі не было савецкай улады і вас (камуністаў – аўт.) не бачыць", жанчына з в. Кронькі Эмілія выказалася на адрас тых, хто збіраў подпісы наступным чынам: "Вы – бандыты, сволачы, толькі і ведаеце, што хадзіць па вёсках ды сходы праводзіць...", а Мальвіна Багдзевіч з Бакштаў прапанавала ўпаўнаважаным райкама "лепш адсекчы ёй рукі, чым яна падпіша ліст на імя Сталіна" [1, а. 1].

Усе пералічаныя факты сведчаць аб тым, што працэс усталявання савецкай улады ў заходнебеларускім рэгіёне быў характэрны тым, што тут ёй прыйшлося сутыкнуцца з насельніцтвам іншага светапогляду, на які не паспела паўздзейнічаць камуністычная прапаганда. А таму тыя захады ўладаў, што закраналі непасрэдныя інтарэсы вясцоўцаў, супярэчылі іх бачанню сваёй будучыні, сутыкаліся з непрыхаваным нежаданнем  іх выконваць. Савецкай уладзе спатрэбілася некалькі гадоў для таго, каб ліквідаваць тут асяродкі антысавецкага супраціву, ізаляваць найбольш актыўных сялян-"апазіцыянераў" і правесці калектывізацыю.

Спіс крыніц:

1.  Справаздачы, дакладныя аб палітычных настроях у сувязі з падпісаннем ліста Сталіну (6-7.1945) // Дзяржаўны архіў грамадскіх аб'яднанняў Гродзенскай вобласці (ДзАГАГО). - Ф. 7. - Воп. 1. - Справа 18

2. Данясенні, тлумачальныя запіскі, справаздачы, інфармацыі аб арганізацыйна-партыйнай, ідэалагічнай, прафсаюзнай працы, аб сельскіх саветах раёна //  ДзАГАГО. - Ф. 5438. - Воп. 1. - Справа 14

3. Дакладныя запіскі і спецпаведамленні абкомаў і райкомаў КП(б)Б аб бандпраявах у заходніх абласцях (1944 – 1945) // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). - Ф. 1п. - Воп. 29. - Справа 42

4.  Даведка аргінструктарскага аддзела ЦК КП(б)Б у ЦК “Аб кіраўніцтве Полацкага абкама КП(б)Б заходнімі раёнамі вобласці” // НАРБ. Ф. 1п. - Воп. 42. - Справа 150

5. Інфармацыйнае паведамленне аб фактах бандытызму  варожых элементаў па Мінскай вобласці // НАРБ. Ф. 1п. - Воп. 29. - Справа 810

6.  Даведкі аб недахопах палітмасавай работы сярод насельніцтва, аб стане следчай работы НКУС, НКДБ (12.11.45 - 30.12.45)  // Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці. Ф. 7580-п - Воп. 3. - Справа 78

Ярмац Аляксандр - аспірант гістфаку БДУ.



Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Первый месяц весны?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Беларуси

В Беларуси ожидается до минус 17 градусов

Хотите узнать больше? В ночь на среду, 7 декабря, в отдельных районах Беларуси температура опустится до 17 градусов ниже нуля. фото: bnews.kz 7 декабря Беларусь будет 23

Лукашенко поручил исправить недостатки «декрета о тунеядстве»

Хотите узнать больше? Налогу на тунеядство быть, несмотря на острую критику со стороны экспертов и общественности. Президент лишь согласился, что пришла пора исправлять 40

Что изменится в декрете о тунеядстве

Хотите узнать больше? Власти учтут «сложные жизненные ситуации» и расширят список освобожденных от уплаты сбора, рассказала вице-премьер Наталья Кочанова. фото: 40

Стоимость нефти Brent впервые с лета 2015 года превысила 55 долларов

Хотите узнать больше? Стоимость барреля Brent на бирже ICE в понедельник выросла более чем на 1%, впервые почти за полтора года превысив отметку 55 долларов. Рост нефтяных 21

Уже третий за ноябрь: в Беларуси выполнили еще один смертный приговор

Хотите узнать больше? В Беларуси выполнили еще один смертный приговор — расстрелян Геннадий Яковицкий, неоднократно судимый, признанный виновным в убийстве своей 185

КГК обвинил Госкомимущество в невыполнении поручений президента

Хотите узнать больше? По данным Комитета государственного контроля, Госкомимущество ежегодно не выполняет поручения главы государства по вовлечению в оборот 114

Беларусь присоединилась к международной морской организации

Хотите узнать больше? Беларусь официально стала членом Международной морской организации ООН. Как сообщила пресс-служба Министерства транспорта и коммуникаций, по 87

Правительство компенсирует белорусским банкам потери по экспортным кредитам

Хотите узнать больше? Правительство компенсирует белорусским банкам в 2017-2018 годах потери от предоставления экспортных кредитов, сообщила пресс-служба Совмина. 92