Закрыть

Выберите город

Закрыть

Уладзімір Някляеў: «Агульная перадвыбарная платформа апазіцыі – платформа недаверу. Вось мы з яе і зваліліся»

«Салідарнасць» працягвае праект «Выбары: Рэканструкцыя». У трэцяй, заключнай частцы размовы экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў распавёў, які быў сцэнар Плошчы, ці прадугледжваў ён шэсце да Дома ўраду і што лідэр кампаніі «Гавары праўду» збіраецца рабіць далей.

[thumb]http://govorim.by/uploads/posts/2011-06/day_28/1309243206842nekl28.jpeg[/thumb]

Першую частку размовы чытайце тут.

Другую частку размовы чытайце тут.

“Я не ўяўляў перамогу як рэвалюцыю”

— Напярэдадні выбараў Вы прапанавалі ўсім кандыдатам зняцца. Чаму?

— 9 снежня Расія, якая ўвесь 2010 год Лукашэнку пляжыла, раптам зрабіла ў ягоны бок нечаканы жэст: запрасіла ў Крэмль. І Лукашэнка, які ўвесь год адказваў расійскаму кіраўніцтву тым жа, пляжыў яго, на першы ж посвіст з Масквы, як цуцык, пабег. Нічога асаблівага ён не выбегаў, бо выбегаць не мог, але адразу стала зразумела, як скарыстае гэты кідок на ўсход афіцыйная прапаганда. Што яна і зрабіла: маўляў, вось вам наша вечнае, непарушнае, саюзнае братэрства! І не слухайце невядома якіх кандыдатаў, якія кажуць, нібы ў адносінах з Расіяй нешта ў нас не так. Усё гэтак, што лепш не бывае: напярэдадні выбараў Расія падтрымлівае Лукашэнку.

Сказаць, што яно не так, што сустрэча ў Крамлі не вярнула Лукашэнку ў тую нішу, з якой яго амаль выштурхнулі, у нішу сяброўства з Расіяй – не выпадае. Расія тым жэстам моцна Лукашэнку падтрымала, вярнула яму давер ягонага традыцыйнага электарату, значную частку якога мы ўжо былі перацягнулі на свой бок. Каму з беларусаў да галавы было, што сустрэча з Мядзведзевым не мела зместу, што яе дамаглося маскоўскае пралукашэнкаўскае лобі, адным са стваральнікаў якога быў мэр Масквы Лужкоў? Нікому. Вынік сустрэчы – па сутнасці ніякі – падаваўся як палітычная перамога, і стала зразумела, што пратэсны настрой у грамадстве рэзка панізіцца.

У мяне ўзніклі пытанні, звязаныя са стратэгіяй дзеянняў. Найперш з Плошчай. Ці прыйдзе ў сітуацыі, якая пасля ваяжу Лукашэнкі ў Маскву змянілася, тая колькасць людзей, на якую я разлічваў, і ці будуць яны адпаведна настроеныя? Ці здолеем мы дамагчыся непрызнання сфальсіфікаваных выбараў?

Дапусціць, каб фальшывыя выбары былі прызнаныя, нельга – і я вырашыў, што ў стратэгіі трэба зрабіць карэкцыю. Вярнуцца да ідэі няўдзелу, якая не аднойчы намі абмяркоўвалася. Нікому ў выбарах не ўдзельнічаць, усім зняцца. Хай Лукашэнка сам-адзін сябе выбірае. Гэта не адмяняе Плошчу – і гарантуе непрызнанне выбараў.

Настрою на тое, каб зняцца з выбараў, сярод кандыдатаў у прэзідэнты не адчувалася, трэба было ўгаварыць іх на гэта. Я публічна заявіў, што гатовы зняцца і заклікаў да таго ж усіх альтэрнатыўных кандыдатаў на пікеце каля лукашэнкаўскай рэзідэнцыі.

Канешне, я разумеў, што ёсць 2-3 кандыдаты ў прэзідэнты, якія на гэта не пойдуць. Але гэта будуць не асноўныя, тэхнічныя кандыдаты – і пасля пікету я пачаў угаворваць асноўных. На маё здзіўленне, першы ж асноўны спытаў: “Ты хочаш пазбавіць мяне перамогі?” І заявіў, што пераможа, што верыць у гэта.

— Можна нават уявіць, хто гэта быў... А ў што верылі вы?

— Я верыў у Плошчу. Мне ў КДБ потым, маючы на ўвазе афрыканскія рэвалюцыі, казалі: “Вы думалі, што ў нас тут Афрыка! Але не, Уладзімір Пракопавіч, тут у нас сярэдняя паласа”.

У сярэднім так яно і выйшла. Не рэвалюцыя. Паласа. Але мы прайшлі тую паласу, як мяжу трывання – і за ёй сталі іншымі.

Гэта блізка да таго, чаго я хацеў і хачу. Каб мы сталі іншымі. З нікога сталі беларусамі.

— Распачынаючы выбарчую кампанію, што вы ставілі на мэце?

— На самым пачатку, ведаючы, як беларускі знешнепалітычны апарат намагаецца займець поспех на заходнім кірунку, а дзеля гэтага Лукашэнку неабходна правесці выбары так, каб у выніку легітымізавацца, я нават меў спадзеўку на другі тур. Дарма я дапусціў такую магчымасць. Мы згубілі час, распрацоўваючы гэты варыянт. Пры дыктатуры не можа быць ніякіх другіх тураў – і, адкінуўшы такую верагоднасць, я стаў разлічваць толькі на Плошчу.

— І які быў сцэнар Плошчы?

— Сцэнар складаўся з двух частак. Першая – стварэнне беларускага народнага руху (БНР) “За выбары без Лукашэнкі”. Мне вельмі падабалася, падавалася добрым знакам супадзенне абрэвіятур Беларускага Народнага Руху і Беларускай Народнай Рэспублікі.

Для арганізацыі Плошчы ў нас былі падрыхтаваныя расцяжкі з назвамі абласцей, а таксама раёнаў Мінска. Я не разлічваў, што ўсю Плошчу мы зможам выбудаваць дакладна па гэтых расцяжках, таму была дамоўленасць з групамі людзей з кожнага рэгіёна: каб яны ў неабходнай колькасці сабраліся ў адпаведных месцах. Мы хацелі стварыць суполкі БНР менавіта на Плошчы, каб Плошча не стаяла, а дзейнічала, каб людзі адчувалі сябе не статыстамі, а ўдзельнікамі падзей. Стваральнікамі гісторыі.

Я планаваў нават (на Плошчы было б відаць, ці варта гэта ажыццяўляць) правесці дэпутацкае пасяджэнне (ці, калі заўгодна, «пастаянне») Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання з прыняццем пастановы аб незаконнасці ўдзелу Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Дзеля гэтага ў сваіх тэлевыступах я й заклікаў усіх дэпутатаў прыйсці на Плошчу, папярэдне дамовіўшыся з некаторымі з іх пра прыняцце пастановы. Потым Плошча прымае рэзалюцыю (праект быў мной падрыхтаваны) з непрызнаннем несвабодных і несправядлівых, сфальсіфікаваных выбараў і патрабаваннем выбараў новых – і мы рушым да Дому ўраду, каб падаць рэзалюцыю ў ЦВК і прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь. Таму самаму Сідорскаму, які, калі верыць Камітэту Дзяржбяспекі, толькі гэтага й чакаў. Але не дачакаўся – і пасля 19 снежня пакінуў сваю высокую пасаду.

Дарэчы, былыя чыноўнікі ў замежжы, якіх там не меней, чым апазіцыянераў, і колькасць якіх у бліжэйшым часе павялічыцца, даўно б маглі урад у выгнанні стварыць. І прэм'ер-міністр там, і міністр замежных спраў, і міністр спраў унутраных, і старшыня Нацбанка… Але што яны зрабілі дзеля Беларусі? Пальцам зварухнулі, капейчыну адшкадавалі?..

Яшчэ не позна.

Былі ў плане Плошчы і прамежкавыя рашэнні. Напрыклад, паход на тэлебачанне, куды магла б рушыць пэўная група людзей. Мы разумелі, што нельга ўсім туды ісці і пераходзіць мост цераз Свіслач, бо перагародзяць за намі праспект Незалежнасці і пагоняць нас, разбіраючы па дарозе ў аўтазакі, ад жыццёва важнага цэнтру на ўскрайкі.

Стварэнне БНР з патрабаваннем “Новыя выбары без Лукашэнкі!” змушала апазіцыю аб’яднацца (бо калі ты супраць гэтага, дык што ты робіш у апазіцыі?) – і ўжо на плошчы Незалежнасці дзейнічаць цалкам скаардынавана. Пры перманентным развіцці падзей, стварэнні руху, аб’яднаных дзеяннях апазіцыі і працягу Плошчы ўзнікала вельмі добрая перспектыва перамогі.

Меркавалася, што ў кіраўніцтва БНР увойдуць усе кандыдаты ў прэзідэнты, у тым ліку Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, і ўсе кіраўнікі іх штабоў. Некаторыя пабойваліся, каб я не закрычаў на Плошчы, што я тут камандзір. Наўпрост казалі (Кастусёў, Раманчук): мы вам не дадзім стаць на Плошчы галоўным. Плошча паказала, хто чаго варты...

Я не ўяўляў перамогу як рэвалюцыю, не чакаў, што на Плошчы збярэцца сіла, здольная яе здзейсніць. Найбольш рэальнай мне здавалася верагоднасць дамагчыся ў перамовах з уладай (зразумела, перамовах змушаных, пад ціскам Плошчы) новых выбараў. Але я не выключаў і такой Плошчы, якая здольная больш радыкальна разабрацца з сённяшнім антынацыянальным палітычным рэжымам. Таму была распрацаваная другая частка плана, пра якую не лічу неабходным распавядаць, бо да рэалізацыя яе (у адрозненні ад першай часткі, з большага рэалізаванай) справа не дайшла. Скажу толькі, што ў другой частцы былі даволі рызыкоўныя рэчы...

Любы план, які мае на ўвазе ўдзел вялікай колькасці людзей, павінны быць гранічна простым. Разам з тым трэба разумець: Плошча не можа быць спланаваная ва ўсіх дэталях, многае залежыць ад розных акалічнасцяў. І ўсё ж калі б не было ў першы дзень брутальнага разгону, калі б Плошча развівалася кумулятыўна, так, як я гэта бачыў, мы б мелі неабходны вынік. Улада ці пралічыла нашы дзеянні, ці наш план стаў вядомы не толькі нам.

— Чаму вы папярэдне не прагаварылі гэты план з іншымі кандыдатамі?

— Першую частку ў агульных рысах прагаворваў. З адным з кандыдатам у кавярні вечарам 18 снежня – даволі падрабязна. Не буду казаць, з кім. Няхай ён сам пра тое скажа, калі пажадае.

А ўвогуле як было з усімі гаварыць? Калі асновай узаемаадносін кандыдатаў былі не пляцоўкі, на якіх спрабавалі яны (мы) да нечага дамовіцца, а недавер. Праз плёткі, нібыта я стаўленік то Пуціна і расейскіх спецслужбаў, то спецслужбаў беларускіх і Лукашэнкі, многія не давяралі мне – і я не давяраў многім. Асабліва пасля адмовы кандыдатаў зняцца з выбараў.

Дык уявіце: раптам я, “крамлёўскі кандыдат”, прапаную “еўрапейскім кандыдатам” штосьці небяспечнае, што пагражае ім асабіста. Як яны гэта ўспрымуць? Хутчэй за ўсё, як правакацыю: я іх падбухторваю, а сам прыкідваю, як у Маскву шмыгнуць?

Гэта з іх боку. А з майго: я ім адкрываю план, а яны адкрываюць яго не мне...

Яшчэ раз падкрэсліваю: агульная перадвыбарная платформа апазіцыі – платформа недаверу. Вось мы з яе і зваліліся.

— Добра, але чаму ваш план не агучыў Дзмітрыеў, які ўсё ж дайшоў да Плошчы?

— Дзмітрыеў спрабаваў гэта зрабіць. Але Дзмітрыеў не той чалавек, якога магла б слухаць, а тым больш слухацца Плошча.

— А Саннікаў? Ён жа ваш, так бы мовіць, саюзнік.

— Чаму “так бы мовіць”?.. Саюзнік. Са сваім бачаннем выбараў, Плошчы і яе вынікаў, але саюзнік. Як і Статкевіч, з якім мы... Зрэшты, няхай спачатку Мікола выйдзе з вязніцы, усё астатняе – пасля.

Больш падрабязна пра другую частку плана я збіраўся перагаварыць з Саннікавым ужо на Плошчы. Нечакана для і для мяне, і для яго размова адклалася... Не па нашай з Саннікавым віне.

— Ваш план Плошчы ад самага пачатку прадугледжваў шэсце да Дома ўраду?

— Так, ад самага пачатку. Была таксама прапанова ісці да рэзідэнцыі, але я не прыняў яе, бо гэта практычна нічога не давала, а магло прывесці да крыві. У самой рэзідэнцыі знаходзілася лукашэнкава ахова, для якой ні ў чым няма ніякіх абмежаванняў. Гэтыя людзі запраграмаваныя на гранічныя дзеянні, яны як бы крывёй падпісалі дамову з гаспадаром, які ім дазволіў усё.

Цяпер, калі ўсё сталася, як сталася, выглядае на тое, што шэсце да Дома ўраду было запланавана не толькі намі. Ёсць відэакадры, на якіх бачна, што наперадзе калоны, якая рушыла з Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці, не лідары апазіцыі, а хлопцы ў чорных шапачках. Гэта сведчыць пра тое, што ўлада загадзя рыхтавалася людзей малаціць.

“Людзі, якія дапамагалі нам рабіць гэтую кампанію – не апошнія людзі ў гэтым свеце”

— А бачылі Вы чалавека, які на Вас напаў?

— Не. Ударылі хлопца, які стаяў справа ад мяне. Я да яго павярнуўся – і крайком вока ўбачыў толькі чорную форму і замах. Усё ў адно злілося.

У іх былі касцеты пад пальчаткамі. Касцетам таго хлопца ўдарылі. Але мяне дубінкамі білі. Першы ўдар па шапцы слізнуў – і па скуле. Я адхіліўся – і другі ўдар зверху. Як чорная маланка бліснула. Зафіксаваць твар хлопца, які біў, я не змог. Маска-шоу. Толькі здалося – нібы трохі раскосыя вочы, як ў паўднёвага чалавека. А, магчыма, гэта мае вочы рэзка звузіліся.

Пасля нагамі білі...

Ачомаўся: мяне за каўнер да іх машыны, да мікрааўтобуса цягнуць і пульс на шыі намацваюць. Адзін кажа: “Да ты убил его на х...” Другі: “ Не может быть...” І яны кінулі мяне: нашто ім жмурык? Я са спіны на жывот паспрабаваў павярнуцца, каб твар схаваць, але толькі на бок крутнуўся – зноў нагамі б’юць. У жывот, у спіну. Калі ботам па пазванках, ды яшчэ па хворых – гэта, я вам скажу, не камар кусае. Дагэтуль ёсць праблемы...

Я ўжо ў камеры на сябе голага зірнуў – увесь сіні. Нават ліловы, як той мурын, які ў песні Вярцінскага даме манто падае.

Мяне мая дама, мая жонка Воля, яшчэ раз паўтараю, зратавала. Цяпер мне ёй толькі падаваць манто.

— Якія думкі з’явіліся адразу, як прыйшлі ў сябе?

— У звязку з тым, што мяне да машыны цягнулі, пытанне ўзнікла: а навошта?.. Калі яны па гукаўзмацняльную радыёапаратуру пасланыя былі, дык для чаго я спатрэбіўся? Значыць, не толькі радыёапаратура мелася на мэце.

Забіць мяне хацелі?.. Нейтралізаваць?.. У любым выпадку тое, што са мной зрабілі, я не дарую. Ні Лукашэнку, ні тым, хто выконваў ягоны загад. Напасці на кандыдата ў прэзідэнты ў дзень выбараў, калі яшчэ не скончылася галасавання, каля яшчэ ён можа стаць прэзідэнтам – у якім жа страху і ў якой нянавісці можна пайсці на такое?

Я абвінавачваю Аляксандра Лукашэнку ў замаху на маё жыццё, у спробе забіць мяне 19 снежня 2010. Я падаў заяву ў пракуратуру з патрабаваннем расследаваць факт нападу на кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева – і мне абрыдлі пракурорскія адпіскі з фармулёўкай “расследаванне адкладваецца”. Калі не Лукашэнка загадаў гэта зрабіць, тады хто? Няхай дакажа, што не ён.

Я доўга яшчэ проста паверыць не мог у тое, што адбылося. Бо напад на вуліцы Калектарнай прадвызначаў далейшае сілавое развіццё падзей вечарам 19 снежня. Мне здавалася, што такога быць не можа, бо не можа быць. Бо ў такім разе ўвесь цягнік ляціць пад адхон, а не толькі я ў сваім вагоне. І вінаватыя не стрэлачнік і не машыніст, а начальнік станцыі, які аддаў загад перавесці стрэлкі і тармазнуць каля Плошчы.

Чаму?..

У турме, не маючы ніякай інфармацыі, я не знаходзіў адказу. Быў у страшэнным напружанні, панікаваў: мне намякалі, што на Плошчы без крыві не абышлося. Калі так, дык я сапраўды вінаваты. Хай не наўпрост, але... Я не быў да такога падрыхтаваны, я ж не вадзіў людзей у бой. Ува мне не выпрацавана, як у маршале Жукаве, аксіёма: калі ты штурмуеш вышыню, то 100 ці 1000 чалавек павінны загінуць.

Я пытаўся ў КДБ: гэта вашы людзі на мяне напалі? “Альфа”? Клянуцца, што не. Тады, выходзіць, з канкурэнтнай фірмы? “Алмаз”? І мне не наўпрост, але так, каб зразумеў, сказалі, што так: “Алмаз”. І адразу спыталі: а як я думаю, чаму?

Я пытаю: чаму? Яны пытаюць: чаму? Нейкая дзіцячая гульня ў “чамучку”. Толькі гуляюць не дзеці, а дзядзькі, кожны з якіх думае, як уратавацца. Захаваць найдарагое. Я – галаву, яны – пагоны. Бо які ты генерал без пагонаў?.. Без галавы генералы бываюць, а без пагонаў – не.

Я ўсё задаваўся пытаннем – і генералам пытанне задаваў: “Ці датычны да нападу на вуліцы Калектарнай хто-небудзь з кампаніі “Гавары праўду”? Правакатар, інфарматар...” Яны казалі, што не... На іншым адказе я не настойваў. Мне лягчэй самога сябе ўявіць правакатарам, чым некага з людзей, што былі поплеч. І ўсё ж запланаваць сабе самаму галаву адбіць – пры ўсёй маёй творчай фантазіі – я не мог.

З большага разумець, што ж адбылося 19 снежня 2010 года, я пачаў толькі тады, калі выйшаў з турмы. Але толькі з большага, многае яшчэ трэба высвятляць.

— Ёсць у вас тлумачэнне, чаму ў адрозненне ад іншых кандыдатаў вы атрымалі такі мяккі прысуд?

— Па-першае, трэба было, каб суды над намі хоць у нечым выглядалі падобнымі да судоў. Пракурор рабіў выгляд, нібы аб’ектыўна абвінавачвае, суддзя, нібы справядліва судзіць. Быў на Плошчы – нібы болей вінаваты, не быў – нібы меней.

Мне нават следчы мой казаў, што ў яго рука не падымецца падпісаць абвінавачванне на пятнаццаць гадоў. А вось на тры гады паднялася лёгка. Такія ва ўсіх іх лёгкія рукі. Усе “за”. “Супраць” нікога. Хто ўстрымаўся – не відаць.

Па-другое, як на ўваходзе, гэтак і на выхадзе спецслужбы так і не дазналіся, што ж такое ёсць кампанія “Гавары праўду”? Якія ў нас рэсурсы, хто за намі стаіць? Таму адпусцілі на ланцужку, каб дазнацца – і не выпускаюць з відавоку ні на імгненне. Цікуюць, думаючы, што мы іх усё ж прывядзем туды, куды яны не дабраліся.

Па-трэцяе, тыя людзі, якія дапамагалі нам рабіць гэтую кампанію, – не апошнія людзі ў гэтым свеце. Думаю, гэта найперш паўплывала на рашэнне суда, які сам у адносінах да нас не мог прыняць ніякага рашэння. У нашым жыцці нічога не бывае без блату (смяецца).

— Тым не менш Вы сур’ёзна абмежаваныя ў сваіх дзеяннях: адтэрміноўка прысуду ў любы момант можа скончыцца турмой. Як вы ўлічваеце гэта? І ўвогуле: што ў сітуацыю крызісу, у тым ліку і крызісу ў апазіцыі, Вы і кампанія “Гавары праўду” збіраецеся рабіць?

— Збіраемся рабіць тое ж, што й рабілі. А рабілі мы акцэнт на сацыяльных праблемах. На тым, чым штодня жыве кожны чалавек. Вось і цяпер падрыхтавалі праект “Сто пытанняў ураду”. Чаму мы жывем так, як жывем? Хто вінаваты, у чым прычыны? Што неадкладна зрабіць, каб змяніць сітуацыю? Якія найперш прыняць эканамічныя, палітычныя рашэнні?..

Так праз сацыяльныя праблемы мы выходзім на праблемы палітычныя. Яны ў свядомасці большасці людзей існуюць як бы асобна. А нам трэба іх звязаць, звесці ў адно. Каб кожны ўцяміў: тое, што ён не можа набыць валюту, што месячнай зарплаты хапае на тыдзень – гэты не столькі эканоміка, колькі палітыка. Вынік палітычных рашэнняў улады. Гэтаксама як палітвязні – вынік тых жа рашэнняў. Нам трэба давесці ўсім, што валюта, кошты, палітвязні – звенні аднаго ланцуга, на якім трымае ўлада грамадства, тузаючы і цягнучы яго зусім не ў той бок, дзе дабрабыт, свабода, правы чалавека...

Праз раней зробленае да нас ёсць давер. Нас чуюць, слухаюць. Мы казалі: калі вы не прагаласуеце супраць сённяшняга палітычнага рэжыму, кепска будзе. Дэвальвацыя будзе, інфляцыя, ізаляцыя краіны... Называлі час, калі ўсё гэта спраўдзіцца – і ўсё ў часе спраўдзілася.

Цяпер мы даводзім: калі неадкладна не пайсці на эканамічныя, а значыць, і палітычныя, бо без гэтага змены ў эканоміцы немагчымыя, рэформы, дык восень стане не парой туманаў ды лістападаў, а часам сацыяльных выбухаў. Мы павінны быць да гэтага падрыхтаваныя. Калі не падрыхтуемся, працэсы пойдуць стыхійна, без нас. І забудуць усе і пра герояў Плошчы, і пра тое, што яны там хацелі. Скажуць: у нас зараз есці няма за што, а вы дзеля таго, каб было, што зрабілі? Некалі нейкую Плошчу? Дык і стойце самі на ёй. Значыць, трэба здзейсніць большае: у адпаведным месцы ў адпаведны час стаць з людзьмі у адзін шэраг. Поплеч, але на крок, на паўкрокі паперадзе.

Таго, што я магу апынуцца ў турме, я не тое што не баюся – проста пра гэта не думаю. Стараюся не думаць. Страхам, асцярогаю толькі звяжаш сябе па руках і нагах. Як наканавана – гэтак будзе. Калі ты пры дыктатуры займаешся палітыкай не на баку ўлады, ты ведаеш, што цябе можа чакаць.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: 24 часа это - ?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Беларуси

В Беларуси ожидается до минус 17 градусов

Хотите узнать больше? В ночь на среду, 7 декабря, в отдельных районах Беларуси температура опустится до 17 градусов ниже нуля. фото: bnews.kz 7 декабря Беларусь будет 137

Лукашенко поручил исправить недостатки «декрета о тунеядстве»

Хотите узнать больше? Налогу на тунеядство быть, несмотря на острую критику со стороны экспертов и общественности. Президент лишь согласился, что пришла пора исправлять 215

Что изменится в декрете о тунеядстве

Хотите узнать больше? Власти учтут «сложные жизненные ситуации» и расширят список освобожденных от уплаты сбора, рассказала вице-премьер Наталья Кочанова. фото: 256

Стоимость нефти Brent впервые с лета 2015 года превысила 55 долларов

Хотите узнать больше? Стоимость барреля Brent на бирже ICE в понедельник выросла более чем на 1%, впервые почти за полтора года превысив отметку 55 долларов. Рост нефтяных 94

Уже третий за ноябрь: в Беларуси выполнили еще один смертный приговор

Хотите узнать больше? В Беларуси выполнили еще один смертный приговор — расстрелян Геннадий Яковицкий, неоднократно судимый, признанный виновным в убийстве своей 259

КГК обвинил Госкомимущество в невыполнении поручений президента

Хотите узнать больше? По данным Комитета государственного контроля, Госкомимущество ежегодно не выполняет поручения главы государства по вовлечению в оборот 171

Беларусь присоединилась к международной морской организации

Хотите узнать больше? Беларусь официально стала членом Международной морской организации ООН. Как сообщила пресс-служба Министерства транспорта и коммуникаций, по 129

Правительство компенсирует белорусским банкам потери по экспортным кредитам

Хотите узнать больше? Правительство компенсирует белорусским банкам в 2017-2018 годах потери от предоставления экспортных кредитов, сообщила пресс-служба Совмина. 140