Закрыть

Выберите город

Закрыть

«Мне паведамілі, што праект «Гавары праўду» ўзгоднены з Мядзведзевым, а непасрэдны ягоны куратар — Пуцін»

«Салідарнасць» працягвае праект «Выбары: Рэканструкцыя». Гэтым разам экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў распавёў пра галоўныя памылкі сваёй кампаніі, навошта прапаноўваў усім кандыдатам зняцца напярэдадні выбараў і чаму абрадаваўся, калі апынуўся ў СІЗА КДБ.

«Мне паведамілі, што праект «Гавары праўду» ўзгоднены з Мядзведзевым, а непасрэдны ягоны куратар — Пуцін»

Фота Анастасіі Зелянковай

“Пачаў падазраваць ледзь не самых блізкіх людзей”

— Якія галоўныя высновы зрабілі Вы з прэзідэнцкай кампаніі: што атрымалася і дзе памыліліся?

— Найперш нельга было адыходзіць ад перамоў з усімі партыямі, лідэрамі, з усімі кандыдатамі ў прэзідэнты. Трэба было ісці на большыя саступкі. Я залішне паддаўся эмоцыям, характар мой мяне перасіліў.

Па сутнасці прынятае было такое рашэнне: я іду напралом, а вы як сабе хочаце. Хочаце са мной – хочаце супраць. Дык некаторыя й захацелі супраць. Значыць, рашэнне было не найлепшым.

Я абавязаны быў, хто б пра мяне і што б ні думаў, дамаўляцца, дамаўляцца і дамаўляцца. Можа быць, такім чынам удалося б утрымаць ад саскоку з прэзідэнцкіх выбараў Мілінкевіча, ён не быў у іх лішні. Удалося б дамагчыся хоць нейкай каардынацыі дзеянняў на Плошчы. Я ж вырашыў: сам усё і ўсіх скаардыную, куды хто падзенецца! Зноў памыліўся: на Плошчы ўсе аказаліся без мяне – і гэта мой самы істотны пралік. З самымі сур’ёзнымі наступствамі.

Я, мы – маю на ўвазе кампанію “Гавары праўду” – пераацанілі свае магчымасці. Усё ж мы не ўяўлялі тую сілу, якая б магла самастойна вырашыць асноўнае палітычнае пытанне на прэзідэнцкіх выбарах. Пытанне ўлады.

Тым не менш, можна сказаць: гісторыя прэзідэнцкіх выбараў 2010 года – гэта гісторыя кампаніі “Гавары праўду”. Пераважна. Менавіта мы разварушылі і грамадства, і ўладу, і апазіцыю, змусілі ўсіх да дзеянняў. Канешне, нехта не хоча гэтага прызнаваць і публічна ніколі не прызнае, але яно так.

Усе нашы дзеянні на 19 снежня загадзя былі распланаваныя, распісаныя ледзь не пахвілінна: хто, дзе і што робіць. І раптам у той дзень мне прапанавалі змяніць маршрут руху нашай калоны на Плошчу. Матывацыя: інфармацыя з надзейнай крыніцы, што ранейшы маршрут небяспечны – і небяспечны ён перш за ўсё тым, што можам страціць гукаўзмацняльную радыёапаратуру. А значыць, страціць Плошчу.

Не ведаю, ці была гэта правакацыя “з надзейнай крыніцы” – дагэтуль разбіраюся. А 19-га ў мяне ўжо не ставала часу, каб узважыць прапанову, дэталёва абдумаць змену маршрута. Я толькі прыкінуў: а што гэта мяняе ў нашым стратэгічным плане? І, вырашыўшы, што нічога, са зменай маршруту пагадзіўся. Бо нібыта насамрэч: самае бяспечнае месца, дзе можна да часу “Ч” захаваць апаратуру – офіс кандыдата ў прэзідэнты. Хто ж нападзе на кандыдата – ды яшчэ ў ягоным офісе ў дзень выбараў? (Смяецца).

Я вельмі мучыўся гэтым пасля. Асабліва ў турме, дзе ні пра што не меў аніякай інфармацыі. Тое, што адбылося на вуліцы Калектарнай, пазбавіла мяне магчымасці выйсці на фініш, на тую стометроўку, дзеля рыўка па якой я бег і бег увесь год. Гэта ўяўлялася мне не проста паразай. Катастрофай.

Што і пра каго я толькі ні перадумаў! Пачаў падазраваць ледзь не самых блізкіх людзей. Сябе самога вінаваціў і вінаваціў. Чаму не прайшоў па той Калектарнай перад тым, як па ёй рушыла калона? Не паглядзеў, што там і як...

Вузенькая тая вуліца – ідэальнае месца, дзе можна перагарадзіць шлях. І я ўжо сабраўся пайсці, паглядзець, а тут тэлефануюць, Костусёў тэлефануе: “Пільная справа, трэба генеральнаму пракурору петыцыю ўручыць. Усе ідуць”. Ну, як не пойдзеш, калі ўсе ідуць?.. У выніку пратузаліся каля пракуратуры дзве гадзіны без ніякага толку, запрашаючы на Плошчу таго генеральнага пракурора (нібы ён пайшоў бы) і патрабуючы свабоды Зміцеру Дашкевічу (нібыта Зміцера перад Плошчай маглі б вызваліць).

Карэнная памылка ў стратэгіі: мая перакананасць у тым, што ўлада – ва ўсякім разе ў першы дзень – не пойдзе на сілавы варыянт вырашэння праблемы Плошчы. А яна пайшла на такі варыянт, убачыўшы ў ім адзіную магчымасць зратавацца. Напляваўшы і на Беларусь расейскую, і на Беларусь еўрапейскую, бо ў яе свая Беларусь. Лукашэнкаўская. Ні ў якай іншай Беларусі ўладзе гэтай проста няма месца.

Але, як мы, кандыдаты ў прэзідэнты, усе разам ні стараліся зрабіць, як найгорш, выйшла ўрэшце не так і кепска. На Плошчы ўсё ж перамог не сённяшні палітычны рэжым з ягонымі генераламі, а перамагла апазіцыя з народам. Перамагла сама Плошча.

Як ні цісне ўлада палітычнымі судамі, рэпрэсіямі, мы перамагаем і пасля Плошчы. Адзін з яе вынікаў мяне асабліва ўражвае. Вось глядзіце: больш за 40 чалавек прайшлі праз суды па крымінальных справах, каля 700 хлопцаў і дзяўчат судзілі за адміністрацыйныя парушэнні – і ніхто, ніводны чалавек не хіснуўся, не папрасіўся, не пакаяўся ў тым, што выйшаў на Плошчу. Ніхто не згадзіўся супрацоўнічаць з уладай. Хоць і пагрозы былі, і абяцанкі. Ты нам гэта – мы табе тое, будзеш жыць не тужыць. Не, жывіце не тужыце самі!

Не спакусіўся іх абяцанкамі-цацанкамі народ Плошчы. Ні-вод-ны чалавек!.. Хіба гэта не перамога? Яшчэ якая!..

Яны, людзі Плошчы, і ёсць новая Беларусь. Бо новая Беларусь – гэта новая свядомасць. А ў ёй ёсць вельмі сур’ёзныя зрухі. Не кажу, што яны адбыліся менавіта на Плошчы, але Плошча іх акрэсліла. І яшчэ акрэсліла Акрэсціна. І СІЗА КДБ.

— А што абяцалі ў КДБ менавіта вам?

— Нічога. Што яны маглі мне прапанаваць з таго, што я мог бы ад іх прыняць? Грошы? Дык грошай, па іх меркаваннях, у мяне мех. Начальнік СІЗА намякаў, што я б мог рамонт у іх зрабіць, а не сядзець у заплявузганай камеры. Месца ва ўладзе? Дык я ж у прэзідэнты пайшоў, іншага месца ва ўладзе не ўбачыўшы. Так што ім прапанаваць не было чаго, апроч таго, што не будуць чапаць родных. Але гэта ўжо не прапанова, а пагроза.

Аляксандр Фядута патэлефанаваў Волі, маёй жонцы, калі яна была са мной у шпіталі хуткай дапамогі. Сказаў: “Перадайце правадыру, што нашы ўжо ў Доме ўраду”. І што вы думаеце? На гэтай фразе і пачало выбудоўвацца ўсё абвінавачанне.

Спачатку палохалі 357 артыкулам, па якім 25 гадоў ці расстрэл, потым перавялі стрэлкі на артыкул 293 – да 15 гадоў вязніцы. І ў падмурку абвінавачвання – “інфармацыя” Фядуты, з якой вынікае, што мы загадзя рыхтавалі штурм. А хто прыняў “інфармацыю”? Воля, жонка. Дык таксама вінаватая! “Мы вашу жонку аддадзім мянтам! І не думайце, што вашы дзеці надта далёка!..”

Як з гэтым быць?.. Адзінае, што ў турэмнай сітуацыі можна прыдумаць, каб нічога не зрабілі з тваімі роднымі – зрабіць што-небудзь з сабой. Папярэдзіць тых, хто цябе запалохвае, што ў такім разе нават у кайданках знойдзеш спосаб перагрызці сабе вены. А яны мне: “Прыкуем – не павернешся. Героем у нас ты не станеш”.

У турме сапраўды цяжка стаць героем. Дый не цягне – хіба па нявыкрутцы. Калі прыніжаюць так, што не стрываць.

Карацей, калі вас цікавіць, ці прапаноўвалі мне дамовіцца з уладай і стаць разам з кампаніяй “Гавары праўду” тым, што называюць кішэннай апазіцыяй, дык такой прапановы не было.

— Пра што Вас дапытвалі? Што ў першую чаргу цікавіла Камітэт дзяржаўнай бяспекі?

Іх цікавіла выключна кампанія “Гавары праўду”. Сродкі, сувязі, фундатары, партнёры.

Пачалі з Расіі: кантакты на палітычным полі. Змушалі даць паказанні пра супрацоўніцтва са спецслужбамі. Даводзілі, нібы беларускаму КДБ вядома, што кампанія «Гавары праўду» — праект расійскага ГРУ. Паведамілі, што ўзгоднены гэты праект з прэзідэнтам Мядзведзевым, а непасрэдны ягоны куратар — прэм’ер-міністр Пуцін.

Потым Расія з ліку ворагаў Беларусі раптам выпала. Пазбаўлены ўсялякай інфармацыі, я не ведаў, што Расія перакрыла нафтавы кран, але здагадаўся пра тое, калі з расійскага шпіёна быў перакваліфікаваны ў шпіёна нямецка-польскага, а пасля і ў амерыканскага. Мяне дапытвалі пра мае кантакты на Захадзе, у тым ліку ў ЗША, найбольш цікавячыся маімі сустрэчамі з дзяржсакратаром ЗША, а таксама з міністрамі замежных спраў Нямеччыны, Чэхіі, Швецыі, Польшчы.

Пад канец майго знаходжання ва ўнутранай турме КДБ у пераліку дзяржаў, спецслужбы якіх праз кампанію «Гавары праўду» рыхтавалі ўзброены пераварот у Беларусі, усё радзей згадваліся не толькі Расія, але й ЗША і Нямеччына. Мяркую, беларускі рэжым прыйшоў да высновы, што, бадаючыся з наймоцнымі краінамі свету, можна абламаць рогі — і наставіў іх выключна на Польшчу, якая найбольш актыўна патрабавала жорсткіх санкцый да Лукашэнкі і ягоных хаўруснікаў.

— Ці былі пытанні пра кантакты кампаніі “Гавары праўду” і Вашы кантакты як кандыдата ў прэзідэнты з прадстаўнікамі беларускай наменклатуры?

— Былі. Гэтым актыўна цікавіліся. Мяне нават дапытвалі на дэтэктары маны. Я спакойна згадзіўся на той допыт, бо ведаў: нікога не закладу. Не было ніякіх кантактаў з наменклатурай. Па найпростай прычыне: не маглі гэтыя серуны асмеліцца на такое.

КДБ яшчэ звязваў кампанію «Гавары праўду» з маскоўскай групоўкай былых беларускіх чыноўнікаў (Ціцянкоў, Навумаў, Латыпаў ды іншыя). Але я спытаў: “Якімі вы ўяўляеце адносіны беларускага паэта з чалавекам, які некалі публічна на шматкі падраў нацыянальную святыню, бел-чырвона-белы сцяг?” І з Ціцянковым ды Навумавым, увогуле з маскоўскай кампаніяй ад мяне адчапіліся.

— А пра каго з дзейных чыноўнікаў пыталіся персанальна?

— О, спіс быў вялікі!.. І была спакуса назваць некаторыя прозвішчы. (Смяецца). Найперш пыталіся пра прэм’ер-міністра Сідорскага, які, аказваецца, 19 снежня павінен быў стаяць побач са мной на Плошчы, каб на новых выбарах без Лукашэнкі стаць прэзідэнтам Беларусі. Менавіта так, прыходам да ўлады ў Беларусі стаўленіка Расіі, завяршаўся па меркаванні беларускага КДБ праект расійскіх спецслужб пад назвай "Гавары праўду".

— Напэўна, на Сідорскім якраз нешта ў вас і скокнула, што зафіксаваў дэтэктар?

— Не, Сідорскі мне нічога такога не зрабіў, каб яго падстаўляць. Ніякіх кантактаў не было ні з ім, ні з іншымі “таварышамі са спісу”. Я нават не ўяўляю, што нехта з іх адважыўся б на тое, у чым іх западозрылі... Лукашэнка прылюдна прыніжае іх амаль штодня, а яны маўчаць. Незвычайная чалавечая парода, хоць выраблялася звычайным спосабам.

— Магчыма, яны гонар маюць, але хаваюць...

— Ага! У азадках, якія не могуць адарваць ад мяккіх сядзенняў службовых машын. Яны што: дазваляюць таптаць у сабе чалавечую годнасць дзеля нейкай высокай мэты? Дзеля будучыні Беларусі? Не. Дзеля магчымасці красці ў гэтай краіне столькі, колькі дазволена, ні за што не адказваючы!

Таму і была спакуса назваць іх паіменна... Каб селі ў суседнія камеры. Думаю, усе, хто ўжо там сядзеў, з задавальненнем пасунуліся б, каб даць ім месца. 

І няхай яны не думаюць, што такое немагчыма. Адразу пасля 19 снежня яшчэ як магчыма было! Проста шаленства найшло на Лукашэнку, а праз яго і на ўсіх, каму ён загадаў разабрацца са змоўшчыкамі, якія падрыхтавалі Плошчу. Напружанне на мяжы зрыву трымалася і ўдзень, і ўначы. Такое адчуванне было, што вось-вось – і ўсё: павядуць у сутарэнні страляць. Як стралялі ў 37-м, не разбіраючы, з літаратуры ты ці з наменклатуры...

Я часцяком, дарэчы, думаў, лежачы на нарах: а хто на іх у 37-м ляжаў? І як ён пачуваўся тады, асабліва ўночы, калі нават сёння на кожны шолах за дзвярыма камеры міжволі ўздрыгваеш: можа, па цябе?.. Чалавек, канешне, да ўсяго прывыкае, але як прывыкнуць да таго, што вось зараз увойдуць, павядуць і ні за што заб’юць?..

Я вершы там пра гэта напісаў.

Паўзе па шкле, што раптам пачарнела

Начны павук.

На кожны рып напружваецца цела,

На кожны грук.

І замірае камера ў здранцвенні

На ўскрык нямы...

Тут некалі стралялі ў сутарэнні

Такіх, як мы.

— Вы баяліся ў “амерыканцы” смерці?

— Не. У турме, што заб’юць, не баяўся. Баяўся калекам, бервяном стаць. У мяне ўжо быў аднойчы інсульт праз гіпертанічны крыз, а тут крызы адзін за адным, як хвалі на бераг...

Можа, гэта й была адна з прычын, па якой мяне пад хатні арышт перавялі. Не найпершая, але ўсё ж... Дактары ўрэшце давялі турэмшчыкам, у тым ліку найгалоўнаму з іх, што ў хуткай перспектыве яны будуць мець жмурыка. Што па-турэмнаму азначае – нябожчыка. І хоць якраз гэтага ім і хацелася, але... Але такі ціск быў на іх і з Захаду, і з Усходу, што асцерагліся.

Я баяўся, што заб’юць – перад турмой. Па дарозе ў турму. Калі ўначы з 19 на 20 снежня невядомыя людзі ўварваліся ў шпіталь хуткай дапамогі і голага павалаклі мяне з рэанімацыі на вуліцу, на люты ў тую ноч мароз, я падумаў: чаму не далі ўзяць адзежу, пацягнулі галяком? Таму што гэтыя людзі, падумаў я далей, ведаюць: адзежа мне больш не спатрэбіцца.

Вось тады, голы на падлозе мікрааўтобуса, у які мяне ўкінулі і ў якім я сутаргава спрабаваў зарыентавацца: у які бок мяне вязуць? У Мінск? Ці ў лес за кальцавую? – мне было па-сапраўднаму страшна. Я спінным мозгам на зледзянелай падлозе ўспомніў пра лёс Ганчара і Захаранкі, Красоўскага і Завадскага...

Была яшчэ адна прычына баяцца. Спачатку ў шпіталі хуткай дапамогі мяне паклалі ў рэанімацыю, сказаўшы, што абавязкова павінны кантраляваць мой стан як мінімум 12 гадзін. А потым спецыялісты большыя за дактароў настойліва парэкамендавалі ім выправіць мяне не толькі з рэанімацыі, а ўвогуле са шпіталю. І дактары сталі ніякавата прапаноўваць мне пайсці дахаты. Асабліва найгалоўны – мне ўвогуле шанцуе з найгалоўнымі. Зрэшты, як нам усім.

Я псіхануў: «Ды пайшлі вы!..» Паспрабаваў падняцца, пачаў збірацца – Воля не пусціла. Учапілася: «Падумай, куды ты дойдзеш…»

«Мне паведамілі, што праект «Гавары праўду» ўзгоднены з Мядзведзевым, а непасрэдны ягоны куратар — Пуцін»

Фота photo.bymedia.net

Воля мяне двойчы ў той дзень зратавала. Першы раз, калі за пяць хвілін да пачатку руху на Плошчу таўсценную шапку на галаву нацягнула, другі – калі не дала са шпіталю пайсці. Як пайшоў бы я дахаты, так… Не ведаю, як, але ноч, цемра, мароз – ці мала што з чалавекам, на галаву хворым, у цёмнай марознай начы можа здарыцца. Яны мяне чакалі… Так што я, можна сказаць, шчаслівы быў, калі мяне ў СІЗА КДБ прывезлі.

Які быў сцэнар Плошчы? Ці прадугледжваў ён шэсце да Дома ўраду? Што Някляеў збіраецца рабіць далей? Пра гэта і шмат што іншае чытайце ў трэцяй, заключнай частцы размовы, якая неўзабаве з’явіцца на нашым сайце.

 

 

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Первый месяц весны?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Беларуси

Уже третий за ноябрь: в Беларуси выполнили еще один смертный приговор

Хотите узнать больше? В Беларуси выполнили еще один смертный приговор — расстрелян Геннадий Яковицкий, неоднократно судимый, признанный виновным в убийстве своей 25

КГК обвинил Госкомимущество в невыполнении поручений президента

Хотите узнать больше? По данным Комитета государственного контроля, Госкомимущество ежегодно не выполняет поручения главы государства по вовлечению в оборот 22

Беларусь присоединилась к международной морской организации

Хотите узнать больше? Беларусь официально стала членом Международной морской организации ООН. Как сообщила пресс-служба Министерства транспорта и коммуникаций, по 22

Правительство компенсирует белорусским банкам потери по экспортным кредитам

Хотите узнать больше? Правительство компенсирует белорусским банкам в 2017-2018 годах потери от предоставления экспортных кредитов, сообщила пресс-служба Совмина. 20

Бывшая сотрудница минского банка сняла со счета вип-клиента крупную сумму

Хотите узнать больше? Прокуратура Заводского района Минска направила в районный суд материалы дела о мошенничестве в особо крупном размере по ч. 4 ст. 209 УК. фото: 195

Белорусы догоняют европейцев по безналичным покупкам

Хотите узнать больше? Переход на новые купюры и монеты привел в Беларуси к резкой популярности безналичных расчетов в рознице. Теперь каждую четвертую покупку в магазине 194

Плохие долги: 270 предприятий переданы в Агентство по управлению активами

Хотите узнать больше? Кредиторская задолженность в сумме 600 млн рублей передана в Агентство по управлению активами. Среди должников -- в основном сельскохозяйственные 169

Белорусским банкам некому выдавать кредиты

Хотите узнать больше? Кредитные портфели банков в 2016 году сократились, хотя денег в финансовых институтах хватает. Не хватает лишь качественных заемщиков. фото: 427