Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Эпізоды ваеннага дзяцінства: сок буракоў замест чарніл і гульні з порахам

Калі пачалася вайна, мне ішоў шосты год. Узрост не такі, каб ведаць гісторыю тых дзён, але памяць зберагла на ўсё жыццё той дзень – першы дзень вайны.

Рос я ў вёсцы Лескі, недалёка ад мястэчка Урэчча, дзе былі ваенныя казармы і  аэрадром. Хоць я, як і мае сябры, там ніколі не быў, кожны самалёт мы  пазнавалі па гулу матора ў паветры.


Першы дзень

Гэты дзень пачынаўся з гульні ў вайну. Паснедаўшы, мы збіраліся на канцы вуліцы, што ўпіралася ў лес, каб у чарговы раз пачаць бой паміж белымі і чырвонымі. Не паспелі раздзяліцца на дзве каманды, бо жадаючых ваяваць за чырвоных было больш, як наша ўвага была засяроджана на незнаёмым гуле самалёта: ён рабіў разварот у паветры. Раптам раздаўся выбух. Слуп чорнага дыму падняўся над нафтабазай. Нас ахапіла трывога.
Не паспелі вырашыць, што рабіць далей, як да нас падбег салдат. Ён цяжка дыхаў, па твары цёк пот. На плячы была доўгая вінтоўка, а на твары – акуляры. Я першы раз убачыў чалавека з акулярамі. Салдат падняў на рукі самага малога хлапчука, прыгарнуў да сябе і сказаў: «Вайна».

Эпізоды ваеннага дзяцінства: сок буракоў замест чарніл і гульні з порахам

У чэрвені 1941 года фашысты захапілі ўсю тэрыторыю нашага рэгіёна.

Наступны ваенны эпізод адбыўся ў жніўні 1941 года.
Быў цёплы вечар. Бацька капаў яму пад грушай, каб закапаць кубел з дамашнім скарбам. Яма была амаль выкапана, як з лесу на вуліцу з грукатам выйшла нейкае страшылішча. Бацька сказаў, што гэта нямецкі танк. Ён прыпыніўся перад нашым дваром. Немец пазваў бацьку да сябе. У руках ён трымаў палку–ўказку. Ён спытаў, як называецца вёска. «Лескі», – адказаў бацька. «А чаму на карце значыцца Барок?» – перапытаў немец. «Перайменавалі ў калектывізацыю», – адказаў бацька. «Самы кароткі шлях у Вярхуцін ведаеш?» – зноў спытаў немец. «Праз балота танк не пройдзе», – адказаў бацька. Тады немец аддаў палку–ўказку бацьку і прыказаў садзіцца на танк і паказваць дарогу на Вярхуцін.
Калі сцямнела, бацька прыбег дадому і ўсім прыказаў пакінуць хату. Калі за вёскай танк угруз, сталі разбіраць сушню, каб бярвенні класці пад гусеніцу. Вось у гэтай мітусні бацька збег.
Начавалі ў жыце пад небам. Назаўтра гарэла вёска Языль, была чутна стральба. Пасля наступіла зацішша. Да сталых гадоў мне часта сніўся жудасны сон  пра гэта пажарышча.
Аднойчы пад Магілёвам на Буйніцкім полі я зноў сустрэўся з тым танкам. Але ён быў ужо мёртвым і не страшным. Па яго броні лазілі дзеці.
Але больш падрабязна помніцца вызваленне.


Вяртанне чырвонаармейцаў

Зямля гудзела на поўнач ад вёскі – гэта па Екацярынінскім шляху адступалі немцы; на поўдні стаяў гул – адыходзілі ворагі па шляху Бабруйск – Любань – Чырвоная Слабада
Зведаўшы ад нямецкага афіцэра, што Чырвоная Армія ў Старых Дарогах, сям’я перасялілася з хаты ў зямлянку пад грушай. Палічылі, што ў хаце будзе небяспечна.
З гэтай зямлянкі аднойчы назіралі, як кружылі два нямецкіх самалёты вакол савецкага бамбардзіроўшчыка, які ляцеў на Захад. Раптам з бамбардзіроўшчыка пайшоў дым. Пасля ў небе былі бачны дзве лялькі, якія павольна спускаліся да долу. Бацька сказаў, што гэта лётчыкі з самалёта. Самалёт упаў ля варот першага ваеннага гарадка мястэчка Урэчча. Лётчык адзін апусціўся ў жыта за нашымі агародамі. Да яго беглі людзі, крычалі: «Мы свае». Другі лётчык апусціўся ў лесе. Казалі, што павіс на дрэве, доўга не мог апусціцца на зямлю. Трэці лётчык упаў з самалётам. Пылаючая машына ў паветры разрывалася на часткі, якія падалі на лес. Пасля яны валяліся там доўга.

Праз дзень ці два сонечным ранкам, выглянуўшы з зямлянкі, убачылі, як трое мужчын у незнаёмым адзенні, якія паверх былі апрануты зялёнай плашчнакідкай, паўзлі да нашага двара. Бацька сказаў, што гэта савецкія салдаты. Ён выйшаў насустрач, сказаўшы, што немцаў у вёсцы няма, і запрасіў салдат у хату. Мама пачала запальваць у печы, рыхтаваць сняданак. Памятаю, салдат паілі малаком. Да дома збягаліся людзі, абступілі салдат.

Адзін з іх вынуў з патрона ракеты  парашуцік і падарыў сястры, а сам ракетны патрон кінуў пад плот. Тут яго падхапілі хлапчукі.
На донцы патрона віднеўся порах, спрасаваны кружочкамі. Гэтыя кружочкі не хацелі вылазіць з патрона. Тады  я і хаўруснікі пайшлі да хаты суседа Верамея. Там першыя кружкі выцягнулі. Грыша Дубік закруціў такі кружок у паперу і сказаў мне, каб я ўкінуў дома ў печ, бо там якраз добра гарэлі дровы.

Каля печы стаяла мама, абапёршыся на вілкі, паглядала ў печ на гаршкі. Я ўкінуў пакамечаны жмак паперы ў агонь і пабег назад на вуліцу. Мама ўслед паспела спытаць, што я ўкінуў, як раздаўся выбух: з печы ў хату выляцелі гаршкі і галавешкі з агнём. Добра, што мама ў гэты час стаяла трошкі збоку, усё гэта праляцела міма. Печ ад гэтага выбуху не развалілася, пажару не дапусцілі. Але я памятаю тонкія шкуцікі з вузельчыкамі на рушніку, былі яны вельмі балючымі.

Калі прыбег са слязамі да Верамея, там Грыша насіўся з вялікім пальцам на руцэ. Калі ён пароў нечым вострым у капсулу патрона, той чмыхнуў і сарваў кіпець з пальца. Ішла кроў. Так запомніўся прыход чырвонаармейцаў.


Пайшлі на вайну

Праз некаторы час у вёсцы з’явіліся салдаты і афіцэры. Называлі яны сябе «Палявым ваенкаматам». Пачалася мабілізацыя мужчын у Чырвоную Армію.
Бацька таксама быў мабілізаваны, хоць кепска хадзіў. Калісьці праводзіў партызан праз чыгунку і быў ранены ў ступак правай нагі каля мізінца. Вось з–пад падлогі дастаўся бідон з самагонкай, і пайшла конаўка па кругу. Выпілі і пайшлі па вуліцы на Слуцк.

Ноччу я прачнуўся ад гаманы, быў чутны бацькаў голас. Сапраўды, бацька вярнуўся дамоў з дарогі. Сказаў афіцэру, што далей ісці не можа, запісаў нумар ваеннай часці, у якую павінен з’явіцца, вярнуўся дамоў, каб запрэгчы кабылу і на возе дагнаць сваю часць. Гэта стала лёсавызначальным у далейшым жыцці бацькі-салдата. Толькі падумаць, як адзін маленькі рух у той ці другі бок можа стаць лёсавызначальным.

Назаўтра ён паехаў на возе з запіскай нумара ваеннай часці ў кармане. У Вялікай Сліве яго прыпынілі і загрузілі скрынкамі са снарадамі ваенныя другой часці. Да вечара прыехалі ў вёску Казловічы, засталіся там начаваць. Бацька прасіўся адпусціць, каб у Слуцку знайсці сваю часць. Але яму прыказалі быць тут да заўтра.

Стала вечарэць, бацька бачыў, як прыляцелі нямецкія самалёты і сталі бамбіць казармы, што добра віднеліся з Казловіч. Бомба трапіла ў казарму, у якой пад замок былі закрыты ўсе мабілізаваныя мужчыны нашай вёскі. Цэлым застаўся Сёмачка Антонікаў ды яшчэ пару чалавек раненымі. Астатнія загінулі. Назаўтра бацька знайшоў сваіх аднавяскоўцаў, але яго пагналі ў Нясвіж.


«Ты мяне, а я цябе»

Там у лесе пераапранулі, забралі кабылу, далі вінтоўку. І зноў яго чакала смерць, але і тут з ёй размінуўся.
Бацька пайшоў у штаб супраць волі камандзіра прасіцца ў шпіталь, каб пачысцілі рану на назе, бо хадзіць нельга. Вызвалі ў штаб салдата і прыказалі адвесці бацьку ў шпіталь. Бацька ідзе ўперадзе, за ім з вінтоўкай на перавес суправаджаты. Адышлі ў лес, і бацька пачуў, як салдат перавёў затвор вінтоўкі. Бацька азірнуўся, салдат паднімае вінтоўку на яго. Бацька хутка здымае сваю з пляча і наводзіць на салдата. «Ты мяне, а я цябе», – кажа яму. Той павярнуўся і пайшоў назад. Па гэтай лясной сцежцы бацька падышоў да шпіталя. Там зрабілі аперацыю, вычысцілі рану. Чаму былі такія адносіны да мабілізаваных? Іх лічылі варожымі, бо былі пад нямецкай акупацыяй.


Школа

У тую восень я і меншы брат пайшлі ў першы клас.
Будынак школы застаўся даваенны, толькі з выбітымі вокнамі, узарванай падлогай. Было аб’яўлена, каб бацькі для рамонта школы неслі дошкі, цвікі, крэйду. Я прынёс дошку, зага-джаную курамі. Другой не знайшлося.

Прыходзіць аднойчы мама дамоў і кажа, што настаўніца прывезла для школы тры буквары. Вечарам яна закруціла ў капусны ліст камяк масла і пайшла прасіць буквар, таму што з нашай хаты ў першы клас ішло адразу двое. Як прасіла – невядома, але дамоў прыйшла з букваром. Нам расказала, што настаўніца дала буквар з умовай, што будуць прыходзіць другія школьнікі вучыцца чытаць, а мы каб не шкадавалі.

Але хутка выявілася, што няма паперы, няма чым пісаць. Тады народ пайшоў на вышукі. Замест чарніла ціснулі сок з буракоў, сталі рабіць сшыткі з паперы, з якой былі раней зроблены мяшкі. Папера моцная, напішаш раз, пасля сцярэш і зноў напішаш. Так некалькі разоў, пакуль папера не рабілася аўчынай, што сок бурачны расплываўся і пісаць было немагчыма.
У адным класе вучыліся рознага ўзросту дзеці. Мне ішоў дзявяты год, брату было сем. Пачатковую школу скончыў без прыгод з вялікай надзеяй на выдатную вучобу ў сямігодцы, якая была ў Язылі.

Эпізоды ваеннага дзяцінства: сок буракоў замест чарніл і гульні з порахам

Доўгія гады вайны жыхары Случчыны чакалі радаснага моманту вызвалення. 30 ліпеня 1944 года


Час пачатковай школы

Як жылося ў гэты час сям’і, у якой сямёра дзяцей, а бацька на вайне? Калі бацька пайшоў на вайну,  сям’я заставалася з хлебам. Але яго запасы да 1945 года скончыліся, бо на працадні нічога калгас не выдаў.
Памятаю, як на вячэру зімою мама ў печы кіпяціла вялікі чыгун вады, у гэты кіпень апускала дзве зтаркаваныя бульбіны і памешвала вялікай драўлянай лыжкай. Атрымлівалася варыва, падобнае на сёняшні клей, якім мажуць шпалеры. Гэта варыва сёрбалі і заставаліся галоднымі.

Ратавала карова сваім малаком. Праўда, яго для нас заставалася вельмі мала, бо трэба было здаваць дзяржаве. Калі малако не здасі, карову маглі забраць. Але бывалі дні, калі варыва забельвалі, а малака налівалі ў конаўку: сёння табе, заўтра другому. Яшчэ была падтрымка ад курэй. Нездарма казалі, што курка нясе залатыя яйкі. Калі ў малако разбіць тры-чатыры яйкі і разбоўтаць, пасля ў глінянай місцы паставіць у напаленую печ, атрымлівалася яешня, якую мама дзяліла лыжкай кожнаму ядаку. Гэта была смаката!

Вясною 1945 года аралі зямлю жанчыны: дзесяць жанчын бралі насілку (доўгую жордку), да яе прымацоўвалі плуг, я станавіўся за аратага.
У зіму 1944–45 гадоў запомніўся вобраз маці. Усе дзеці спяць. Мама сядзіць на пячы, падшывае цыраткай мой валёначак, а я побач, сачу за яе работай. На каміне стаіць газоўка, язычок полымя хістаецца, ад чаго па хаце бегаюць цені. Раптам яна ціхенька запела знаёмую песню: «Цёмная ноч, толькі кулі свісцяць па сцяпі...», – а з вачэй цякуць слёзы.  Песню гэтую пад гітару спявалі байцы Чырвонай Арміі пры вызваленні вёскі, якія начавалі на нашым падвор’і пад ліпай. Я не вытрымаў: «Мама, не плач. Вернецца наш татка», – супакойваў яе. Яна адклала валёначак, прыгарнула мяне да сябе і сказала: «Трэба спадзявацца, бо як жа мы без яго. Чаму так доўга няма ліста?». У хаце даўно чакалі ліста ад бацькі, было невядома, дзе ён, ці жывы.

Аднойчы па вуліцы ў наш бок ішла паштальёнка вельмі павольна, не таропка. Я ірвануўся насустрач, але мама мяне прыпыніла. Паштальёнка прайшла міма. «Вам няма», – толькі сказала. А мама доўга стаяла нерухома на адным месцы, быццам укапаны слуп. А пасля моўчкі павяла мяне ў хату. Калі я стаў дарослым, зразумеў, што мама баялася сустрэчы з паштальёнкай.
Ліст прыйшоў толькі вясною 1945 года. У ім паведамлялася, што бацька знаходзіцца ў Маскоўскім шпіталі з цяжкім раненнем у галаву і грудзі. Пісаў нехта чужы. У хаце была радасць і слёзы. Пасля прыйшоў ліст, які напісаў сам бацька.

Дамоў ён вярнуўся летам 1946 года. Нарваўшы гуркоў, я сядзеў у каноплях, калі з боку чыгуначнай станцыі Урэчча на наш агарод зайшоў салдат у пілотцы, з вялікім рэчавым мяшком за плячыма.

Вылазіць з канопель чамусьці не спяшаўся. Яго пачастунак быў салодкі – вялікі кусок цукру карычневага колеру. Да гэтага часу я быў вучнем трэцяга класа.

Уладзімір Дамель 

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Слуцка

У ранее судимого жителя д. Малиновка Слуцкого района изъяли самодельный пистолет

Хотите узнать больше? Самодельный пистолет калибра 7,7 мм изъяли у ранее судимого жителя Слуцкого района, сообщает пресс-служба МВД Беларуси. Проживающий в поселке 653

1-й тур чемпионата Беларуси: «Славия-Мозырь» - «Слуцк», 1:1

Хотите узнать больше? 2 апреля в рамках 1-го тура чемпионата Беларуси по футболу СФК «Слуцк» на выезде сыграл с мозырьской командой «Славия-Мозырь». Матч закончился счётом 430

Слуцк отметил 430-летие Софии Слуцкой

Хотите узнать больше? 1 апреля, в день памяти святой праведной княгини Софии Слуцкой, в Слуцке прошли торжества, в город были принесены новые православные святыни, 452

В Беларуси принято решение о переносе рабочих дней в 2016 году

Хотите узнать больше? Совет Министров Беларуси утвердил график переноса рабочих дней в 2016 году. Соответствующее решение содержится в постановлении правительства от 23 1 665

С 1 декабря в ТЦ «Маяк» стартует рекламная игра. Подробности

Хотите узнать больше? С 1 по 27 декабря 2015 в слуцком ТЦ «Маяк» будет проводиться рекламная игра, популяризирующая истребование покупателями кассовых чеков, сообщает 891

В Сирии сбит российский военный самолёт

Хотите узнать больше? Турецкие военные самолеты сбили истребитель около границы с Сирией после нарушения воздушного пространства. Информацию подтвердили в Министерстве 548

Мясникович: посылки из-за границы обвалили белорусскую торговлю

Хотите узнать больше? Михаил Мясникович заявил, что те товары, которые белорусам приходят посылкой из-за границы, по цене специально занижаются... 683

Два школьника и учащийся сельхозлицея украли из павильона парогенераторы

Хотите узнать больше? 27 июня сообщалось о краже электронных парогенераторов из павильона ИП в Слуцке. Сотрудниками уголовного розыска установлено, что преступление 564