Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

БАЦЬКА СЫНА ПАЛКА

БАЦЬКА СЫНА ПАЛКА

Валянціна Васільевіча Рухлова і сёння помняць жыхары Смілавічаў і навакольных вёсак: працаваў старшынёю калгаса імя Дзяржынскага, памочнікам дырэктара Смілавіцкага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча №23, доўгі час кіраўніком пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Смілавіцкай сярэдняй школы №1 (на здымку). Умеў  гутарыць з людзьмі, даць разумную параду, дапамагчы канкрэтнай справай. Да яго пастаянна звярталіся з просьбамі, а ён, у сваю чаргу, настойліва турбаваў уладу, дабіваўся станоўчага вырашэння пытанняў. Здаралася — спынялася шматгадовая валакіта. Аўтарытэт яго быў вялікім.

Асабіста я з ім пазнаёміўся ў 1969 годзе падчас нашай сумеснай працы ў вучылішчы. Да самай яго канчыны падтрымліваліся  сувязі. Шмат размаўлялі. Думкі ў яго былі заўжды арыгінальныя, вывераныя жыццём, вопытам.

Нарадзіўся Валянцін Васільевіч у 1925 годзе ў вёсцы Заастроўе Вінаградаўскага раёна Архангельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля сямігодкі працаваў у калгасе. У 1942 годзе ва ўзросце 17 гадоў добраахвотнікам пайшоў у армію. Змагаўся за Радзіму, не шкадуючы жыцця. Служыў танкістам. Сярод яго баявых  сяброў быў брат Зоі Касмадзям’янскай Аляксандр, які пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

В.В.Рухлоў вызваляў ад фашыстаў Беларусь, у тым ліку і Мінск. Баявы шлях закончыў ва Ўсходняй Прусіі. За адвагу і мужнасць, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, узнагароджаны шматлікімі медалямі, ордэнамі, у тым ліку ордэнам Славы ІІ і ІІІ ступеняў. Пасля вайны праслужыў у арміі да 1951 года. Апошняя вайсковая пасада — парторг танкавага батальёна…

Здавалася, я ведаў усё ў яго біяграфіі. Але нядаўняя сустрэча ў Смілавіцкай пасялковай бібліятэцы з яго дачкою Тамарай пахіснула гэтую ўпэўненасць. У размове мяне зачапіў адзін сказ: “ …У яго быў сын палка, які жыве ў Мінску”.

Не чакаў такога павароту. Узяў нумары тэлефонаў і звязаўся з былым сынам  танкавага палка. Аповед яго ўзрушыў. Мяркую, не пакіне раўнадушным і чытачоў.

Сын  танкавага палка — Леанід Іванавіч Папоў нарадзіўся ў 1933 годзе. Вось што ён расказаў: “Мы жылі ў Мінску. Калі пачалі бамбіць горад — адна бомба трапіла ў наш дом. Бацькі загінулі. Я застаўся жывым таму, што знаходзіўся ў суседнім двары. Некалькі дзён бадзяўся галодным па Мінску, затым пайшоў па Маскоўскай шашы. Затрымліваўся ў вёсках, пабіраўся. Дзесьці зімою дайшоў да Плісы. Мерзнуў, галадаў. Хутка пакідаў цёплыя месцы — баяўся нямецкай аблавы. У лясах ля Плісы ўжо дзейнічалі партызаны. Яны і падабралі мяне. Знаходзіўся ў партызанскім атрадзе да самага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спачатку пасвіў кароў, на кухні абіраў бульбу. Праз нейкі час стаў з байцамі хадзіць у разведку. Узнагароджаны медалём “Партызан Вялікай Айчыннай вайны” І ступені. Атрад прыбыў у Мінск на парад, а з ім і я, ды потым яго пакінуў. Пачаў шукаць знаёмых. Нікога не спаткаў. Праяўлялі спагаду да мяне шмат добрых людзей: давалі есці, запрашалі ісці з імі. Ды штосьці іх прапановы не краналі мяне. Аднойчы са мной загаварыў малады прыгожы танкіст. Я ўжо разбіраўся ў родах войск. Запрасіў  у полк, у танку паездзіць. У вайсковай часці мяне сытна пакармілі. Прапанавалі стаць сынам палка — і я пагадзіўся з вялікай радасцю. Хутка самым блізкім сябрам стаў танкіст-старшына, які прывёў мяне ў полк. Ён поўнасцю ўзяў на сябе клопат аб маёй асобе. Мне ж пасля лесу ўсё хацелася рукамі пакратаць, пасядзець у танку. Нягледзячы на маладосць, старшыну сталі зваць бацькам сына палка, гэта значыць — маім. Больш нікога так не называлі, нават камандзіра. Мне з ім было вельмі цікава. У перапынках паміж баямі вывучалі танк. З танкістамі сустрэў Перамогу ва Ўсходняй Прусіі. У палку меў і абавязкі, якія з задавальненнем выконваў: дапамагаў сувязістам, быў пасыльным, выконваў і іншую патрэбную работу.

Узнагароджаны медалямі “За взятие Кенигсберга”, “За Победу над Германией”.

У 1947 годзе мне споўнілася 14 гадоў. З такой нагоды сфатаграфаваліся. Здымак падпісалі: “На память Леониду Попову от близких тебе людей Валентина и Михаила”. (Рухлоў на здымку злева)

Бліжэй Валянціна Васільевіча ў мяне нікога не было — я сапраўды прызнаваў яго за бацьку. Яму, як кавалеру ордэна Славы, прысвоілі афіцэрскае званне. Радасці маёй не было межаў.

Пасля вайны полк перадыслацыраваўся ў г. Бярозу Брэсцкай вобласці. Валянцін Васільевіч стаў парторгам батальёна. У вячэрняй школе закончыў 10 класаў.

Я ў палку выхоўваўся да 1953 года, пакуль не закончыў сярэднюю школу. Адчуваў агульны клопат, але ў першую чаргу — ад Валянціна Васільевіча. Калі захварэў і не змог згінацца — ён мяне ўласнаручна абуваў. Пільна сачыў за маім абмундзіраваннем.

Не па гадах быў мудрым чалавекам, бачыў далёкую перспектыву. Менавіта па яго парадзе я паступіў на гістарычны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта.

Адносіны нашы не парываліся нават і тады, калі ён ажаніўся. Мяне лічылі членам сям’і. Валянцін  Васільевіч і полк падтрымлівалі мяне матэрыяльна падчас вучобы ва ўніверсітэце, прысылалі ў Ленінград грашовыя пераводы. Сабралі грошай і камандзіравалі ў Талін вайскоўца, які быў родам адтуль. Ён купіў мне шыкоўны касцюм, каб я змог выглядаць, як і ўсе маладыя людзі. І ва ўсім гэтым адчувалася арганізатарская роля Валянціна Васільевіча.

Я вучыўся, а ён ужо шукаў мне месца працы. І знайшоў. І не дзе-небудзь, а ў Мінскім сувораўскім вучылішчы, у якім лічылі за гонар працаваць вопытныя педагогі — не раўня мне маладому.

Жылля ў Мінску ў мяне не было. Доўгі час жыў у сям’і Валянціна Васільевіча ў вёсцы Заполле.

Шмат ён прыклаў намаганняў, каб абараніць мае правы, атрымаць кватэру. Прымаў актыўны ўдзел у яе абсталяванні.

Нават дачу па яго патрабаванню пачаў будаваць. І як у кожным жыццёва важным для мяне пачынанні, не абышлося і тут без яго канкрэтнай дапамогі і парад.

Да самай сваёй канчыны ён заставаўся для мяне не як сябра, а як сапраўдны бацька. Яго светлы вобраз мне яскрава бачыцца ў розных іпастасях і сёння.  Вось ён вяртаецца з бою, у копаці… Аднапалчане  віншуюць з перамогай…  Бягу, амаль кожны дзень, да яго ў кабінет бярозаўскага райкама партыі, дзе ён пэўны час працаваў пасля дэмабілізацыі… У запыленым ГАЗіку аб’язджаем з ім калгасныя палеткі…

Не забыліся нашы доўгія размовы ўжо і як калег-педагогаў, калі ён працаваў у школе.

Чалавек я ўжо ў гадах. Пакуль жывы, буду яго ўспамінаць і дзякаваць. Бог мне яго паслаў. Памяць аб ім нясу ў сэрцы. Нашчадкі мае таксама пра яго будуць памятаць. Мы падтрымліваем сувязі з дзецьмі Валянціна Васільевіча. Памяць аб ім у нас вечная.”

Вось які аповед я занатаваў. І разважыў… Ідзе вайна. Маладога танкіста-старшыну завуць бацькам сына палка. Якімі ж высокімі маральнымі якасцямі ён валодаў, які аўтарытэт меў сярод баявых сяброў, што атрымаў такое пачэснае званне. У тыя цяжкія і кровапралітныя дні і гадзіны менавіта ў ім яны ўбачылі вялікую душу, духоўны стрыжань. І не памыліліся. В.В.Рухлоў з гонарам пранёс  званне бацькі сына палка праз усё сваё жыццё.

Беларусь стала для Валянціна Васільевіча роднай. Ён вызваляў яе, а пасля Перамогі жыў тут і працаваў. Зямля прыняла яго на вечны пакой, як сына.

Сын палка апраўдаў надзеі бацькі сына палка, яго баявых сяброў. Леанід Іванавіч Папоў стаў паважаным чалавекам, добрым сем’янінам. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, атрымаў вучонае званне дацэнта. Працаваў выкладчыкам у вышэйшых навучальных установах Мінска, Мінскім абкаме партыі, загадваў кафедрай грамадзянскіх дысцыплін у Рэспубліканскім інстытуце ўдасканальвання настаўнікаў. Ён з’яўляецца адным з аўтараў навучальнага дапаможніка па эканамічнай гісторыі Беларусі. На кожнай пасадзе спаўна аддаваў сябе справе. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам у супрацоўнікаў і студэнтаў. Моладзь у ім бачыла героя, якому ёсць што ім сказаць.

Пры другой тэлефоннай размове Леанід Іванавіч заўважыў: “Ішла вайна. Ніхто не ведаў, ці будзе ён жыць назаўтра. А ў салдат не знікалі чалавечая спагада і цеплыня. Іх вочы свяціліся, калі гладзілі мяне па галаве. Яны верылі, што ў маёй асобе падоўжыцца іх жыццё, калі загінуць у баі. Сённяшнім днём мы абавязаны ім. Успамінаць павінны іх бясконца. Валянцін Васільевіч адносіцца да іх”.

Іван ЯРАШЭВІЧ, г.п. Смілавічы

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Червеня

Минский областной суд оставил в силе приговор директору Червенского дома-интерната

Хотите узнать больше? 20 ноября Минский областной суд отклонил кассационную жалобу директора Червенского дома-интерната. Владимир Семижон был признан виновным в нарушении 666

1 декабря будет ограничено движение на трассе М-4 Минск — Могилев

Хотите узнать больше?  1 декабря на 46 км автодороги М-4 Минск — Могилев вблизи деревни Карпиловка (Червенский район) будет проводиться следственный эксперимент. Как 354

Среди добрых и заботливых определили лучших

Хотите узнать больше? Прошёл конкурс профессионального мастерства работников ГУ «Червенский территориальный центр социального обслуживания населения».  С 2010   он стал 461

С 13 по 28 ноября в Червенском районе проходит республиканская акция «Не прожигай свою жизнь!»

Хотите узнать больше? Основная задача — привлечь внимание как можно большего числа людей к проблеме возникновения пожаров по причине неосторожности при курении и заставить 376

График приёма граждан и «прямые линии»

Хотите узнать больше? 24 ноября с 10.00 до 12.00 в райисполкоме будет принимать граждан Министр иностранных дел Республики Беларусь В.В.Макей по вопросам, отнесенным к 434

Свята на вясковай вуліцы

Хотите узнать больше? У пахмурны і дажджлівы суботні дзень наваколле Цэнтра культуры і адпачынку ў Чэрвені расквеціў рознакаляровымі фарбамі раённы фестываль-кірмаш 421

15 лістапада — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

Хотите узнать больше? Уважаемые труженики агропромышленного комплекса Червенского района! Примите искренние, сердечные поздравления в связи с профессиональным праздником — 424

С 13 по 28 ноября в Червенском районе пройдет республиканская акция «Не прожигай свою жизнь!»

Хотите узнать больше? Основная задача — привлечь внимание как можно большего числа людей к проблеме возникновения пожаров по причине неосторожности при курении и заставить 396