Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

УЛЮБЁНАЯ Ў ЛЮДЗЕЙ

У настаўніцкую прафесію людзі прыходзяць па-рознаму. У кагосьці гэта – дзіцячая мара, у іншага – усвядомлены выбар на парозе даросласці… Хтосьці застаецца ёй верным на ўсё жыццё, а хтосьці па розных прычынах сыходзіць у прафесію іншую. Але як бы там ні было, шчасцем можна лічыць стасункі з сапраўдным настаўнікам, прыклад якому – ураджэнка Стаўбцоўшчыны, філолаг па адукацыі, дырэктар Лядзенскага дзіцячага сада-СШ Ірына Мікалаеўна Змачынская.

УЛЮБЁНАЯ Ў ЛЮДЗЕЙ

Яе даўно і добра ведаюць на Чэрвеньшчыне, цэняць, любяць і паважаюць. Але, відаць, толькі лічаныя людзі здагадваюцца, якім няпростым было яе дзяцінства, цяжкім у матэрыяльным плане – набыццё адукацыі, настойлівым – змаганне з хваробамі, у тым ліку і ў дарослым ужо жыцці. Бо яна не любіць скардзіцца. Таму і неахвотна распавядае пра гэта. Маўляў, калі выпусціць у свет свой негатыў, каму стане лягчэй?!

Усё гэта, безумоўна, выклікае павагу і захапленне. І яшчэ раз пацвярджае, што сапраўдны настаўнік – гэта звычайны чалавек са шматлікімі праблемамі і цяжкасцямі, які, аднак, умее забывацца на іх, ставячы на першае месца клопат пра вучобу, выхаванне школьнікаў і… іх сэрца, пачуцці, душу.

Назіраючы за тым, як бягуць да Ірыны Мікалаеўны малодшыя школьнікі, каб падзяліцца з ёю навінамі, а то і проста абняць, прытуліцца, прылашчыцца, адразу разумееш, што недарэмна настаўніцу называюць «другой мамай» – столькі мацярынскай цеплыні і пяшчоты ў стасунках з дзецьмі. І ніколі не здагадаешся, што Ірына Мікалаеўна, сама маці і ўжо нават бабуля, да гэтага часу сумуе па цеплыні ўласнай мамы, адчувае недахоп мацярынскай ласкі.

Яна вельмі рана страціла бацькоў. Тату – калі мела ад роду ўсяго 9 месяцаў, маму – у шэсць гадоў. Бабуля Ірынкі і яе сястрычкі была шчырай верніцай. Яна, прыгадвае Ірына Мікалаеўна, прывучала ўнучак маліцца, любіць усё і ўсіх, цаніць, беражліва ставіцца да наваколля. А затым… На адным годзе дзяўчатам давялося перажыць тры смерці блізкіх людзей. І з таго часу для малых пачалося іншае жыццё, такое не падобнае да хатняга. Напачатку іх разлучылі. Ірыну накіравалі ў дзіцячы дом дашкольнікаў, сястру – у іншы інтэрнат.

– Затым з дзіцячага дома дашкольнікаў мяне перавялі ў дом-інтэрнат, — з прыкметным хваляваннем прыгадвае Ірына Мікалаеўна Змачынская. – Правілы там былі вельмі жорсткія, але, можа, гэта і дапамагала выжываць. Нас прывучалі працаваць. Мы ўжо ў трэцім класе чысцілі бульбу на ўвесь дзіцячы дом, а ўвесну на ўсіх збіралі шчаўе на лузе. Нам раздавалі такія фартушкі. Мы ланцужком станавіліся, ішлі і збіралі. Гэта былі 70-я гады мінулага стагоддзя. Дысцыпліна ў дзіцячым доме – вельмі суровая. Нельга было нікуды спазніцца. Працаваць і працаваць! За вялікі смак – з’есці цукеркі ў нядзелю. Нам давалі адзін раз на тыдзень «Сліву». Я да гэтай пары памятаю смак тых цукерак, але ніколі іх не купляю… Самае цікавае, што, нягледзячы на ўсё гэта, менавіта ў трэцім класе я вырашыла стаць настаўніцай. Не ведаю, ці атрымалася б, застанься я ў тым дзіцячым доме, але… Калі я была ў чацвёртым класе, на спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы мне стала дрэнна. Мяне завезлі ў бальніцу, а там паставілі дыягназ – «малакроўе». Мая сястра на той час жыла ўжо ў санаторнай школе-інтэрнаце. І яна пры дапамозе свайго дырэктара дабілася, каб і мяне перавялі туды. Але напачатку я доўга знаходзілася ў бальніцы, дзе мяне нарэшце паставілі на ногі. І вось я — у санаторнай школе-інтэрнаце. Яна вельмі адрознівалася ад дзіцячага дома! Калі ў апошнім, у асноўным, былі сіроты, дык тут – дзеці хворыя, якія, у пераважнай сваёй большасці, мелі бацькоў. Тут і вопратка была зусім іншай, кармілі вельмі добра. І ад настаўнікаў мы мелі столькі пяшчоты і цеплыні…

Пасля заканчэння гэтай школы, падчас вучобы ў якой Ірына Мікалаеўна акрыяла, яна адразу ж паступіла на руска-беларускі філфак БДУ. Прычым, зазначае, з лёгкасцю, бо шмат чытала. Любіла творы Шамякіна, Барадуліна. З задавальненнем знаёмілася з творчасцю Коласа, многае ведала на памяць з яго трылогіі «На ростанях».

– А памяць у мяне была выдатная, — зазначае Ірына Змачынская. – Вучыла многа і з задавальненнем, як з паэзіі, так і з прозы. І вось адным з пытанняў у білеце якраз і было – расказаць на памяць штосьці з трылогіі «На ростанях». Мне гэта было за шчасце! Я прапаноўвала: «Магу і гэты ўрывак расказаць, і гэты…»

Што цікава, Ірына Мікалаеўна заўсёды хацела стаць настаўніцай вясковай. Але вучыцца было вельмі цяжка ў плане матэрыяльным, бо не мелася ніякай падтрымкі з дому… Ды і дому – не было… Таму ёй давялося пакінуць вучобу і пайсці працаваць сакратар-машыністкай. А вось калі Ірына Мікалаеўна выйшла замуж і пераехала на Чэрвеньшчыну, тады ўжо і змагла працягнуць вучобу, 4-6 курсы давучвалася завочна.

Ну, а трапіць на працу менавіта ў Лядзенскую школу, дзе Ірына Мікалаеўна Змачынская шчыруе ўжо чвэрць стагоддзя, ёй дапамагла яшчэ адна даўняя прыхільніца і няштатная аўтарка «раёнкі» – Галіна Аляксандраўна Ворнік. Яна на той час была ў дэкрэтным – і Ірына Мікалаеўна. Праўда, напачатку маладой настаўніцы прапанавалі пачатковыя класы ў Горкаўскай школе, ды Ірына Змачынская адмовілася. А ў Лядзенскай у дэкрэт ішла жонка дырэктара. Ірыну Мікалаеўну запрасілі выкладаць там рускую мову і літаратуру.

– Я вельмі не хацела! – прыгадвае Ірына Змачынская, — бо марыла пра мову родную. Справа ў тым, што ва ўніверсітэце ці не ўсе ў нас размаўлялі па-беларуску. І мы мелі такое вялікае жаданне скрануць з месца ўсё гэта… Займаліся тэатральнай дзейнасцю, хадзілі на ўсе пастаноўкі… Але… давялося ісці настаўніцай рускай мовы. Галіна Ворнік патэлефанавала дырэктару, Васілю Анатольевічу Шчаўкунову, і ён сказаў: «Няхай прыходзіць». У мяне ж пры першай сустрэчы спытаўся: «А колькі ў вас ёсць слоўнікаў?» Я мела на той час энцыклапедыю «Літаратура і мастацтва», арфаграфічны і тлумачальны слоўнікі. Хаця грошай было мала, але кнігі купляла. Выходзіла замуж з трыма мяшкамі кніг і чамаданам адзення. Мой свёкар смяяўся: «А дзе ж хоць падушкі?!» Падушак – не мелася… Дырэктару я распавяла пра свае кніжныя набыткі. А ён сказаў: «У вас павінна быць шмат слоўнікаў – на ўсе выпадкі. Настаўнік-філолаг не мае права памыляцца. Ён можа сказаць: «Прабачце, дзеці, я пагляджу ў слоўніку, бо ўсяго не ведаю…» Што цікава, такая сітуацыя ў мяне сапраўды ў хуткім часе ўзнікла…

Так парада вопытнага калегі прыйшлася дарэчы. А колькі іх было пасля – слушных і неабходных – у жыцці Ірыны Змачынскай! Яна заўсёды прыслухоўвалася. Вось дзе спатрэбілася закладзеная ў маленстве бабуляй павага да людзей, асабліва да старэйшых.

Як прыгадвае Ірына Мікалаеўна, на той час яна мела незакончаную вышэйшую адукацыю. А ў Лядзенскай школе працавала эліта – людзі, якія ў раёне мелі вялікую вагу: Вольга Рыгораўна Навакоўская, Ала Пятроўна і Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкія, Ганна Антонаўна Дабрыцкая… Маладую настаўніцу захапляла ў іх усё – стыль вопраткі, маўлення, манера вядзення ўрокаў… Ганна Антонаўна Дабрыцкая працавала завучам. Яна тлумачыла Ірыне Змачынскай, якім павінен быць настаўнік, якія патрабаванні да яго прад’яўляюцца ў Лядзенскай школе, абяцала дапамагчы ў складанні планаў. А куратарам Ірыне Мікалаеўне прызначылі Вольгу Рыгораўну Навакоўскую.

УЛЮБЁНАЯ Ў ЛЮДЗЕЙ

І пачалася вучоба. Прычым маладая настаўніца не толькі вучыла дзяцей, але і актыўна вучылася – на педнарадах, метадычных аб’яднаннях, адкрытых уроках, якія не толькі наведвала, а і давала сама.

– Я, у асноўным, мела стасункі са старэйшымі калегамі, — прыгадвае Ірына Змачынская. – Мо, таму да іх цягнулася, што не хапала мацярынскай увагі… І тут я чула не толькі павучанні, як метадычна правільна весці ўрок, а і даведалася, што чалавечыя якасці павінны быць на першым месцы. А яшчэ мне заўсёды казалі: «Не думайце, што ў крытыцы напісана правільна. Ёсць ваша галава, вашы пачуцці. Нясіце іх дзецям, абапіраючыся дзесьці на факты».

Сама вучуся да гэтага часу. Маю стасункі са школай Шчацініна на Кубані. Міхаіл Шчацінін – цудоўны настаўнік-наватар. Мне пашчасціла ў сваім жыцці сустрэцца з Шалвой Аманашвілі, з Таццянай Шамавай, з Галінай Нікалаевай… Увогуле, заўсёды прашуся на ўсе курсы, бо яны даюць развіццё. Чалавек павінен вучыцца. І калі ён не стаў на прыступку вышэй, гэта ўжо дэградацыя. Я кажу дзецям: «Уменне гаварыць, пісаць уручную, мець стасункі – гэтага ніхто не адмяняў. І паверце мне: ніякія камп’ютары не заменяць жывых стасункаў. Калі ты не ўмееш гаварыць, з табой нецікава…» Вось вучні просяць, каб я ім чытала. Чытаю. Казку па ролях, на розныя галасы. Паказваю, што такое пантаміма. У шостым класе ў мяне – цудоўныя дзеці! Яны самі цікавыя. Паказваем і высвятляем, як лісток падае і які яго далейшы лёс, як шуміць дрэва і чаму яно шуміць… Стасункі павінны быць жывыя. Я супраць электронікі, хаця калі-нікалі ёй карыстаюся. Ёсць настаўнік, дошка-крэйда-ануча, і ёсць дзеці. Мы да гэтага часу вядзём з імі арфаграфічныя слоўнікі. Мне вельмі падабаецца блочная сістэма. Вось пачынаем тэму «Дзеяслоў». Малюю блок. А напрыканцы ўрока кажу: «Дзеці, мы сёння з вамі за ўрок вывучылі дзесяць параграфаў». Яны: «Як?!» – «А заўтра вы мне ўсё раскажаце…» І ўсё ў нас атрымліваецца…

Апрача прафесіяналізму, аптымізму, чалавекалюбства ды іншага, захапляе ў Ірыне Мікалаеўне Змачынскай… артыстызм. Ды не штучны, напаказ, а якісьці вельмі гарманічны, натуральны. Жывая, рухомая, абаяльная, з іскрынкай у вачах і выразнай мімікай, шчыра зацікаўленая ў субяседніку, падчас стасункаў яна заварожвае не толькі дзяцей, а і дарослых. І гэта – і прыроджанае, і развітае. Бо школа-інтэрнат, дзе выхоўвалася Ірына Мікалаеўна, мела ў шэфах… Купалаўскі тэатр! А ў сваім школьным тэатры Ірына Змачынская іграла ўсе ролі, якія толькі былі. Старыя тэатральныя касцюмы з Купалаўскага перадаваліся сюды. Сапраўдныя артысты прыязджалі ў госці да дзяцей. Ірыне Мікалаеўне пашчасціла мець стасункі з легендай Беларусі Стэфаніяй Станютай, з Галінай Макаравай… Адтуль, з дзяцінства, ідзе яе шчырая любоў да тэатра, дзе яна імкнецца бываць пры кожным зручным выпадку, і вучняў сваіх прыахвочвае.

Яе любоў да школьнікаў – сапраўды  бязмежная, а зацікаўленасць у іх жыцці, іх далейшым лёсе ідзе ад сэрца. І дзеці гэта адчуваюць, таму і цягнуцца да Ірыны Змачынскай. Ну, а яна заўсёды нагадвае ім, каб годна неслі па жыцці званне выпускніка Лядзенскай школы. Штогод, калі Ірына Мікалаеўна праводзіць у самастойнае жыццё адзінаццацікласнікаў, дык не можа ўтрымацца ад слёз. Бо жыццё зараз цяжкае. І самае галоўнае, каб яны не збочылі з абранага шляху. Каб заўсёды трапляліся ім людзі, якія дапамогуць.

– Калі няма ні мамы, ні таты – гэта адно, — задуменна разважае Ірына Змачынская. – А бывае, што маме няма часу займацца дзецьмі. Некаторыя лічаць, што самае галоўнае – накарміць і апрануць. Але ж з сям’і яшчэ павінна ісці выхаванне. Не ведаю, якой бы я стала, калі б з маленства ў сям’і не была закладзена павага да старэйшых, любоў да людзей, навыкі ветлівасці, вера ў Бога, акуратнасць… Менавіта ў сям’і закладваецца самае галоўнае. Калі хлопчык не паважае свайго дзядулю, нічога добрага з яго не атрымаецца. Так склалася, што я знайшла ўсю сваю радню праз шмат гадоў. І ўсе цяпер – каля мяне. У нас домік маленькі, але ўсім хапае месца. Яны любяць у мяне бываць…

Адно з правілаў, жыццёвых запаветаў Ірыны Змачынскай – любіць людзей. Пры гэтым яна ўсведамляе, што ўсе людзі – розныя. Але ўпэўнена, што, у рэшце рэшт, вакол гуртуюцца толькі добрыя, а дрэнныя сыходзяць самі.

Пяць гадоў на Ірыне Змачынскай, апрача іншага, ляжыць адказнасць за ўвесь комплекс «Лядзенскі дзіцячы сад-сярэдняя школа», дырэктарам якога яна была прызначана. Пэўныя традыцыі ў навучальнай установе захоўваюць тут ад папярэдніх кіраўнікоў, штосьці прыдумляюць сваё. Цікава, што па панядзелках падчас лінейкі не проста падводзяць вынікі за тыдзень, а дружнымі апладысментамі вітаюць пераможцаў конкурсаў, спаборніцтваў, канферэнцый, алімпіяд… Як школьнікаў, так і педагогаў. Са святамі тут таксама віншуюць па-хатняму, па-сямейнаму, яшчэ раз падкрэсліваючы тым самым, што школа – другі дом.

У Ірыны Мікалаеўны і ўсяго калектыву – паважліва-клапатлівае стаўленне да калег-пенсіянераў. Іх запрашаюць на святы, віншуюць, дапамагаюць… Бо ўсведамляюць, што і самі, у рэшце рэшт, будуць пенсіянерамі. І якія адносіны да іх пакажуць зараз, тое і самі займеюць у будучым.

Заўсёды душэўным і кранальным атрымліваецца ў Лядзенскай школе вечар сустрэчы з выпускнікамі. Сюды прыязджаюць, зазначае Ірына Змачынская, цэлымі сем’ямі. І ўжо не толькі з дзецьмі, а і з унукамі. Каб тыя, народжаныя не ў вёсцы, паглядзелі на школу сваіх бабуль і дзядуляў. Ірына Мікалаеўна ўсіх сустракае ў фае, а то і на ганку, каб бачыць, з якімі вачыма людзі прыходзяць.

Падчас нашых стасункаў дырэктар школы падкрэсліла, што ў навучальнай установе няма дзяцей, якія ў раёне знаходзяцца на ўліку, бо няма злачынстваў. І гэта пры тым, што лядзенскіх школьнікаў – усяго 12, астатнія – з навакольных вёсак. Але, тым не менш, яны з задавальненнем у вячэрні час прыязджаюць у школу – на заняткі да настаўніка фізкультуры Аляксандра Гляцэвіча ў спартыўнай зале. З задавальненнем займаюцца і харэаграфіяй, якая сёлета ў школе вядзецца, можна сказаць, на грамадскіх пачатках. Любяць даглядаць кветкі, якіх шмат як у будынку, так і ў сезон на тэрыторыі школы.

Зрэшты, гэта зараз іх там шмат. І ніхто не чапае. Нават прыходзяць, каб сфатаграфавацца. А калісьці ж і вырывалі… Ірына Змачынская прыгадвае, як некалькі гадоў таму разам з тагачасным педагогам Лядзенскай школы Андрэем Валянцінавічам Гантарэнкам пасадзілі ружы. А іх… скралі! Але Андрэй Валянцінавіч так гэтага не пакінуў. Ён знайшоў аматараў чужога! І кветкі вярнулі, пасадзілі на месца. А цяпер школьная тэрыторыя – усім на здзіўленне, асабліва прыезджым.

Здаецца, што ў такім сапраўды шалёным рытме жыцця (за кадрам застаюцца літаральна тоны разнастайных папер, на якія трэба адказаць, ды іншыя адміністрацыйныя справы) зусім не застаецца месца на асабістыя справы і захапленні. І ўсё ж Ірына Мікалаеўна Змачынская стараецца знайсці вольныя хвілінкі для ўсяго. Удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці Горкаўскага сельскага Дома фальклору, шмат ездзіць з канцэртамі. Любіць прымаць гасцей, гатаваць для іх. З пятнаццаці гадоў… вядзе дзённік! Прычым толькі па-беларуску, і атрымлівае ад гэтага задавальненне. Любіць тэатр, нават яго адмысловы пах. «Пінскую шляхту» глядзела разоў, мо, 30! Захоплена Пецярбургам Дастаеўскага. І ўдзячна свайму выпускніку, які арганізаваў для яе такую паездку.

Сярод іншых захапленняў Ірыны Змачынскай – вандроўкі у лес, але не просты, а хваёвы. Што датычыцца асабістага жыцця, дык у Ірыны Мікалаеўны – муж Леанід, двое дзяцей – Вольга і Юрый, унук Стасік. Дачка працягвае педагагічную справу мамы – працуе ў Мінску выхавальніцай. У гаспадарцы Змачынскіх – свінні, качкі, куры… Два каты і два сабакі. Гаспадаркай больш займаецца муж, бо Ірына Мікалаеўна звычайна позна вяртаецца з працы.

– Калі прыязджаюць дзеці, гэта заўсёды свята, — заўважае яна. – А яны прыязджаюць кожны тыдзень. Тады абавязкова гатую святочны стол. У традыцыі, каб я іх сустракала і выходзіла праводзіць, як калісьці праводзіла мяне свякроў. Яна замяніла мне маці. Цудоўная жанчына, нягледзячы на тое, што мела ўсяго чатыры класы адукацыі. І цудоўны свёкар, сам каталік. Усё жыццё адпрацаваў механізатарам – і ніколі не брыдкасловіў! Жылі яны ў вёсцы Печышча. Зараз многа да нас прыязджае розных гасцей. Люблю іх прымаць. У мяне заўсёды шмат хатніх нарыхтовак. Я лічу: як ты ставішся да людзей, так і яны будуць ставіцца да цябе.

Яшчэ адна адметнасць Ірыны Змачынскай – тое, што яна не баіцца ніякай працы! Бо ў дзіцячым доме яе сапраўды навучылі выжываць. Яна ўмее шыць, вязаць шыдэлкам і на прутках. Можа прыбіць цвік, адрамантаваць табурэт… Але цяпер, з гадамі, прыйшло да яе ўсведамленне, што важна ўсё ўмець, але не ўсё рабіць. І ўпэўненасць, што не трэба дзяліць працу на мужчынскую і жаночую. Калі разам, дык усё лягчэй!

А я яшчэ больш упэўнілася ў думцы, што яна – самая сапраўдная! Настаўніца, дырэктар, жонка, маці, бабуля і проста абаяльная жанчына. Жыццялюбка. Адна з тых, на кім трымаецца гэты свет і хто прымушае зямны шар круціцца…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Сколько лет в веке? (ответ числом)

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Червеня

Минский областной суд оставил в силе приговор директору Червенского дома-интерната

Хотите узнать больше? 20 ноября Минский областной суд отклонил кассационную жалобу директора Червенского дома-интерната. Владимир Семижон был признан виновным в нарушении 675

1 декабря будет ограничено движение на трассе М-4 Минск — Могилев

Хотите узнать больше?  1 декабря на 46 км автодороги М-4 Минск — Могилев вблизи деревни Карпиловка (Червенский район) будет проводиться следственный эксперимент. Как 357

Среди добрых и заботливых определили лучших

Хотите узнать больше? Прошёл конкурс профессионального мастерства работников ГУ «Червенский территориальный центр социального обслуживания населения».  С 2010   он стал 464

С 13 по 28 ноября в Червенском районе проходит республиканская акция «Не прожигай свою жизнь!»

Хотите узнать больше? Основная задача — привлечь внимание как можно большего числа людей к проблеме возникновения пожаров по причине неосторожности при курении и заставить 379

График приёма граждан и «прямые линии»

Хотите узнать больше? 24 ноября с 10.00 до 12.00 в райисполкоме будет принимать граждан Министр иностранных дел Республики Беларусь В.В.Макей по вопросам, отнесенным к 436

Свята на вясковай вуліцы

Хотите узнать больше? У пахмурны і дажджлівы суботні дзень наваколле Цэнтра культуры і адпачынку ў Чэрвені расквеціў рознакаляровымі фарбамі раённы фестываль-кірмаш 424

15 лістапада — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

Хотите узнать больше? Уважаемые труженики агропромышленного комплекса Червенского района! Примите искренние, сердечные поздравления в связи с профессиональным праздником — 426

С 13 по 28 ноября в Червенском районе пройдет республиканская акция «Не прожигай свою жизнь!»

Хотите узнать больше? Основная задача — привлечь внимание как можно большего числа людей к проблеме возникновения пожаров по причине неосторожности при курении и заставить 396