Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Наталля ЛУГОЎСКАЯ: «Я ЎСЁ ЖЫЦЦЁ ВУЧУСЯ…»

Бываюць такія светлыя людзі, пасля сустрэчы з якімі адчуваеш зарад бадзёрасці і аптымізму. Неўпрыкмет паляпшаецца настрой, і ты яшчэ доўга перабіраеш у памяці моманты гутаркі, ловячы хвалю пазітыву. Аптымісты і жыццялюбы… Без іх сапраўды нікуды. Як добра, што яны – ёсць.

Наталля ЛУГОЎСКАЯ: «Я ЎСЁ ЖЫЦЦЁ ВУЧУСЯ…»

Адна з такіх светлых асобаў – настаўніца пачатковых класаў Руднянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталля Міхайлаўна Лугоўская. А для мяне – проста Наташа. Бо разам з ёю я вучылася на факультэце беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка. Памятаю, як узрадавалася, калі даведалася, што і яна – студэнтка-завочніца з Чэрвеньскага раёна, хаця і не мясцовая, а прыезджая. А ўвогуле, нас было на курсе такіх некалькі…

За час, які прамінуў пасля заканчэння ВНУ, мы не дужа часта сустракаліся. Але штораз, назіраючы шчырую ўсмешку Наташы, я лавіла тую самую хвалю пазітыву… Але падчас маіх сёлетніх веснавых прыездаў у Руднянскую школу з Наташай сустрэцца ўсё не выпадала. А пра тое, што яна вартая аповеду ў «раёнцы», не аднойчы казала дырэктар школы Ала Уладзіміраўна Міралевіч.

Наталля ЛУГОЎСКАЯ: «Я ЎСЁ ЖЫЦЦЁ ВУЧУСЯ…»

Зусім нядаўна я выпадкова згледзела Наталлю Лугоўскую ў рэдакцыі, куды яна завітала па справе перад пачаткам раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. І мы дамовіліся сустрэцца пасля яго заканчэння…

Чым даўжэй мы размаўлялі з Наташай пра яе жыццё ў вёсцы, працу, сям’ю (муж і трое сыноў!), творчыя здольнасці, тым больш акрэсленай рабілася выснова. Гэта – не проста аптымістка і жыццялюбка, а жанчына, якая паспяхова сумяшчае сям’ю і працу, рэалізоўвае сябе ў многіх сферах. Бывае цяжка, бывае складана, але па вялікім рахунку – жыццё добрае, спакойнае, шчаслівае. І ўсё гэта, зразумела, не з неба звалілася, а прыйшло з уласнай працы, у тым ліку – і над сабой…

– Наташа, а ты  родам адкуль?

– Нарадзілася ў Берліне. Жыла ў Барысаве, да 18 гадоў. Скончыла мясцовае педвучылішча ў 1990-м. Па размеркаванні трапіла ў Чэрвень. Памятаю, спачатку мы з мамай трапілі на папярэдняе мясцовае размеркаванне – у кабінет тагачаснага загадчыка раяна Міхаіла Міхайлавіча Рускевіча. Мама пахвалілася, што паралельна з восьмым класам я скончыла і мастацкую школу. І мне прапанавалі: «Можа, пойдзеце ў СШ №4? Не хапае настаўнікаў выяўленчага мастацтва».  Але я хацела толькі ў пачатковыя класы! Прызначылі мне Рудню. Першыя два тыдні жыла ў дырэктара школы на кватэры, бо з інтэрната людзі не выселіліся. Потым прыехала яшчэ настаўніца матэматыкі, і мы з ёй разам у гэтым інтэрнаце пражылі амаль год. Пасля мая суседка пайшла замуж, і я наступным годам. Так жыццё школы паядналася з сямейным…

Наталля ЛУГОЎСКАЯ: «Я ЎСЁ ЖЫЦЦЁ ВУЧУСЯ…»

– А як з мужам пазнаёмілася?

– З Грышам я пазнаёмілася ў школе. Ён прыехаў сюды загадчыкам па гаспадарчай частцы. А пасялілі яго ў інтэрнат, літаральна праз сценку. Быў час, калі ў  школе размерзліся батарэі. Грыша тады дняваў і начаваў там. Ну, сусед жа праз сценку… Супчыку занясу… Так і прыкарміла (смяёмся)…

– Значыць, гаспадыня ты добрая…

– Стараюся. Выхаванне добрае. У мяне тата – украінец, як кажуць – хахол. А ў іх як?! Боршч на сняданак, абед і вячэру. Словам, гатаваць я пачала вучыцца рана. Першай была спроба зварыць суп, калі вучылася ў другім класе. Я ж бачыла часта, як мама яго гатуе. Вось і вырашыла зрабіць самастойна. Значыць, з чаго ствараўся суп? Вада, бульба, макароны. А паколькі я не любіла ў супе засмажаныя сала і цыбулю, я нічога з гэтага і не паклала. Навару – ніякага! Таму першы мой суп ніхто не еў. У трэцім класе быў боршч. Ён ужо атрымаўся — і гатаванне пайшло. У шостым класе спякла торцік «Зебра».  Рэцэпт узяла ў сяброўкі. І калі ўсё змяшала, мне мама сказала: «Мо, трэба мукі дадаць?!» Кажу: «Не, па рэцэпту ж няма… » (смяёмся). Я спякла з таго, што было, — яйкі з цукрам. Амаль безэ, толькі прыплюснутае. Дарэчы, сваімі дзецьмі хачу пахваліцца. Хоць у мяне і трое хлопцаў, але ўсе яны ўмеюць гатаваць, нават малодшы, які ў другім класе. І самая любімая страва – пельмені.

– Сібірскія?!

– Мабыць, руднянскія! Хатняя гаспадарка ў нас добрая, мяса ёсць заўсёды. Яго накруцяць і – працуюць парай. Адзін раскатвае цеста, другі раскладвае мяса. Пяльменніца пакупная. А зараз малодшы нават сам спрабуе, яму падабаецца… Я, калі ад’язджаю на курсы ці так куды, ведаю: ёсць фарш – галоднымі не застануцца.

– А як муж наконт гатавання?

– Мясныя стравы – гэта яго фішка. А калі гатаванне на прыродзе, дык і ўвогуле. Шашлыкі – толькі яго. А так, калі я прыходжу стомленая з працы, дык не хвалююся, што да гэтага часу хтосьці з сям’і галодны. Кожны можа і сабе нагатаваць, і іншым.

Наталля ЛУГОЎСКАЯ: «Я ЎСЁ ЖЫЦЦЁ ВУЧУСЯ…»

– Наташа, ты згадвала пра правільнае выхаванне ў тваёй сям’і…

– Так. Хаця я там і першы педагог, але мая мама – педагог прыроджаны! Яна шмат чаго нам дала з дзяцінства. І тое, што я ад яе ўзяла, імкнуся ўкараніць у сваю сям’ю. Напрыклад, што вечарам трэба не тэлевізар глядзець ці сядзець у інтэрнэце, а з дзецьмі займацца. У маім дзяцінстве было так. Многа-многа паштовак разразаюцца на чатыры часткі. Затым перамешваюцца, раскладаюцца па колькасці гульцоў… І – хто першы складзе цэлы набор паштовак. Гэта была самая любімая гульня ў мяне і двух малодшых братоў. Яшчэ мы гулялі ў гарады. Тут і тата падключаўся. Ён – вадзіцель-міжнароднік, ганяў нас па сталіцах краін. Геаграфія, карта… Ну, і проста – гульня ў гарады, калі трэба называць горад на тую літару, на якую заканчваецца назва папярэдняга. У мяне нават быў блакноцік. Пачую ад таты назву… Асабліва на «А» – з гэтымі гарадамі заўсёды была праблема… Запісваю. Падрастаючы, сама пачала вывучаць карту. І Амерыку, і Афрыку. Там знаходзіла такія рэдкія назвы… Цяпер не прыгадаю, але блакноцік захаваўся. Прыцягвалі нас бацькі, зразумела, і да хатняй працы. Хаця гаспадаркі такой не было – кватэра, але ўсё было падзелена. За братамі замацаваны пэўныя пакоі, за мной – кухня і зала. І мы павінны былі захоўваць і падтрымліваць там парадак. Я гэта нармальна ўспрымала. Ну, а з братамі, зразумела, прыходзілі адно аднаму на дапамогу.

– А чаму ты пасля заканчэння педвучылішча па спецыяльнасці «пачатковыя класы» вырашыла паступаць на факультэт беларускай філалогіі і культуры?

– Па выказваннях сваіх сябровак, якія паступалі ў ВНУ па сваёй жа спецыяльнасці, ведала, што пасля педвучылішча там няма чаго рабіць. Гэта ім нават выкладчыкі казалі. Таму я пачала выбіраць, што мне бліжэй. Аказалася – родная мова. Дома ў нас гучала і руская, і беларуская, і ўкраінская мова. Але я палюбіла сваю – «І гучнае «дзе», і густое «чаго»…

– І якія ўражанні ад вучобы?

– Завочнае навучанне – гэта праца самога студэнта. Наколькі ты можаш і хочаш навучыцца. Я – хацела… Старалася прачытаць большасць з таго, што задавалі.  Кантрольныя работы  здавала ў тэрмін…  Але калі б зараз мне прапанавалі перайсці на выкладанне беларускай мовы і літаратуры… Мабыць, адмовілася б.

– Больш даспадобы праца з маленькімі дзецьмі?!

– Ну, як кажуць, лягчэй пісаць на чыстым лісце, чым на сапсаваным… Не зусім, канешне, чысты ліст, але…

– Не праблема, што, апрача вучобы і выхавання, некаторых малодшых школьнікаў трэба вучыць элементарнаму?! Напрыклад, як завязаць шнуркі…

– А я вучу праз калектыў, як у Макаранкі! Сябры дапамагаюць аднакласнікам.

– Наташа, якімі прынцыпамі ты кіруешся ў навучанні і выхаванні?

– Перш за ўсё вучу дзяцей самастойнасці, бо гэтага ім не хапае – менавіта ў станоўчых падзеях. З тым, што адмоўнае, яны і самі справяцца. Наступнае – узаемавыручка. Прычым не толькі ў стасунках адно з адным, але і з настаўнікам. Я ўсё жыццё вучуся. Вучуся ў дзяцей. І ў апошні час шмат рысаў бяру для сябе, якіхсьці момантаў з дзіцячага калектыву. Плюс развіваю ў іх імкненне да пазнання. Вось сюды і адносіцца даследчая дзейнасць, якой вылучаецца мая вучаніца Надзя Жыгімонт. У мяне ў чацвёртым класе зараз шэсць вучняў: адзін хлопчык і пяць дзяўчынак. Надзя асабліва моцная ў плане таго, каб паразважаць, выказаць сваю думку. А па прадметах, скажам так, у яе ёсць саперніцы – тры дзяўчынкі, якія па ведах прыкладна на адным узроўні стаяць. Таму ў яе ёсць з кім паспаборнічаць.

– Значыць, насамрэч у пачатковых класах ужо ёсць адораныя дзеці? Гэта не толькі сумесная праца настаўніка і бацькоў?

– Канешне, ёсць праца дзіцяці. Я спрабавала нават свайго сына-другакласніка прыахвоціць да даследчай дзейнасці. Але ён – не выступоўца, увесь калоціцца, хаця веды і зацікаўленасць ёсць. У нас у школе і яшчэ ёсць такія дзеці – адораныя, але выступаць не могуць. Між іншым, ганаруся сваёй колішняй выпускніцай – Нінай Байтус. Яна была стыпендыяткай спецыяльнага Фонду Прэзідэнта РБ для адоранай моладзі. Яе тата расказваў, што калі гэтыя дзеці сабраліся на ўрачыстасць, дык дужа здзіўляліся, што Ніна – з простай вясковай школы, а такіх поспехаў дасягнула. Лічу, што большасць залежыць ад самога дзіцяці, ад выхавання ў сям’і. А потым ужо – роля настаўніка. Хаця апошнім часам  усё хочуць ускласці на школу.

– Не шкадуеш, што абрала настаўніцкую прафесію?

– Не.  У дзяцінстве марыла быць медыкам – як мама. Лялек лячыла. Любіла вазіцца з дзецьмі. Мо, таму, што мела малодшых братоў… З меншым – шэсць гадоў розніцы. Я дапамагала маме яго глядзець-выхоўваць. Можа, гэта паўплывала…

– А ты аддачу ад вучняў адчуваеш?

– Канешне! Асабліва, калі яны стараюцца, калі выдатна пішуць кантрольныя…

– Адразу бачна, што па характары ты – аптымістка!

– Так! І на месцы таптацца – не маё! Трэба ўвесь час рухацца наперад.

– Таму і згадзілася на пэўны час быць яшчэ і педагогам-арганізатарам?!

– Вядома. Тры гады адпрацавала. Але сёлета здала пост. За плячыма – вопыт удзелу ў разнастайных конкурсах, прызавыя месцы.

– Памятаю, як вы ўсім сямействам удзельнічалі ў раённым конкурсе шматдзетных сем’яў – з зусім маленькім дзіцём…

– Меншаму тады было ўсяго дзевяць месяцаў. Вельмі прасілі з сельвыканкама, каб выручылі. Вось гэта – маё. Падрыхтаваць арыгінальнае выступленне, штосьці перапрацаваць пад сябе. Муж мой, праўда, не любіць выступаць на сцэне. Мы ж  яшчэ гадоў пяць таму ўдзельнічалі ў конкурсе «Уладар сяла», спаборнічалі з яшчэ адной сям’ёй. Пасля гэтага муж сказаў, што ён больш са мной нікуды не пойдзе (смяецца). Справа ў тым, што ў творчым конкурсе трэба было праспяваць песню. Там сказалі – выканаць. А як – справа кожнага. Мы абралі народную — «Два веселых гуся». Я і  меншы сын (на той час яму было два гады) спявалі, як маглі. Дзякуй музычнаму кіраўніку – ён падыграў нам на баяне. А астатнія сямейнікі інсцэніравалі. «Бабуляй» быў сярэдні сын. А старэйшы і муж – «гусямі». Я мужу сказала перад выступленнем: «Табе трэба будзе рабіць тое, што і старэйшы сын». І вось ім давялося паказваць гусей!

-- А якія ў цябе ўвогуле асабістыя таленты маюцца?

– З чаго б пачаць?! Пачну з дзяцінства. Калі выпускалася з дзіцячага садка, выхавальніца падаравала мне альбом. Там была паслядоўнасць малявання якіхсьці зайчыкаў, яшчэ чагосьці. Мабыць, я ў дзіцячым садку нядрэнна малявала. Таму і закончыла ў далейшым мастацкую вучэльню. Маляваць умею. У школе ў нашым музеі ўдзельнічала ў распісванні сцен. Далей – вязанне. Ну, сям’ю магу абвязаць, калі патрэбна. Асабліва – шкарпэткі, рукавічкі, шапачкі… Гэта прасцей. Але вязала і світаркі, і штонікі… Калі ёсць час, люблю гатаваць. Што датычыцца настаўніцкай працы, таксама ёсць цікавасць – прэзентацыі складаць.

– А што ў гаспадарцы маецца?

– Я кажу, што мая гаспадарка ў хаце. І яшчэ – агарод і градкі. Хаця першы ў нас таксама падзелены. Частка аддадзена пад канюшыну, яе муж даглядае і косіць. На падворку ж – каля трыццаці галоў свіней (вялікія з малымі), сабака, два каты… Іх даглядае муж з сынамі.

– Кветачкі любіш?!

– Так. Магу пахваліцца ружамі. Вось цяпер белая, вельмі далікатная, між іншым, якая ніколі не цвіла ў мяне ў кастрычніку, сёлета падаравала тры кветачкі акурат да майго дня нараджэння. У мяне мама – заўзяты кветкавод. Бывае, і мне штосьці прывозіць са сваёй дачы. Хрызантэмаў у мяне зараз шмат цвіце…

– Наташа! Як ты ўсё паспяваеш?!

– Ды вунь у мяне колькі памочнікаў – муж і тры сыны!

– Атрымліваецца, што і пераважная большасць мужчынскай сям’і добра спраўляецца з асноўнай хатняй працай?!

– Сапраўды. Але ў нас – матрыярхат (смяёмся)! А мужчыны могуць і прыбраць, і прыгатаваць, і маму пачаставаць.

– Не шкадуеш, што жывеш у вёсцы?

– Не, наадварот! І нават калі я, гарадская, прыехала сюды па размеркаванні… Так, інтэрнат ёсць інтэрнат… Але ж – на беразе рэчкі. Салаўі спяваюць, мясціны прыгожыя. Да вёскі ў мяне станоўчыя адносіны і таму, што бабуля мая жыла ва Украіне менавіта ў вёсцы, толькі не такой вялікай, а глухаватай. Я кожнае лета ездзіла да яе ў госці. А яшчэ – як у той песні: «Здесь держать можно двери открытыми…» І, безумоўна, тут цішэй. Калі я ў Барысаў да мамы першы час ездзіла, у мяне там галава балела, хаця столькі гадоў у горадзе пражыла. Шум, тлум, мітусня…  Да таго ж, мне здаецца, што ў вёсцы людзі больш добрыя. Не, вядома, ёсць розныя! Але ў пераважнай большасці… У горадзе не да кожнага суседа звернешся па якую пазыку. А тут і самі прапануюць. Калі я першы год жыла ў інтэрнаце, адна мама нават бульбы паўмяха прынесла. Кажа: «Я сама была ў такім становішчы». Вось ад душы чалавек зрабіў. Для мяне гэта, па шчырасці, было дзіва, бо ў горадзе такога пашукаць трэба.

– На якім-небудзь музычным інструменце іграеш?

– Так, на баяне і на гітары – для сябе.

– Можа, яшчэ пра што з асабістых талентаў не сказала?

– Ну, вершы складаю. Самае цікавае, што калі апошнім часам верш прысвячаю якому чалавеку, дык перастаю мець з ім стасункі. Не ведаю, чаму так адбываецца. Таму мужу вершы не прысвячаю (смяецца). Звычайна любы верш лірычнага плану – гэта адлюстраванне якіхсьці душэўных усхваляванняў. Бывае, для працы патрэбна. У тым ліку – перакласці з рускай мовы на беларускую. Проста ж так не зробіш, трэба і сваё дадаць…

– Бачу, што чалавек ты сапраўды вельмі творчы…

– Ну, так…

– Значыць, Руднянскай школе проста пашанцавала! І шанцуе зараз. Спадзяюся, што начальства цябе цэніць, нягледзячы на тое, што ў вас мяняюцца дырэктары…

– Ведаеш, я заўважыла, што кожны дырэктар мае на мяне ўплыў. Іван Сцяпанавіч Шамрыла даў самае асноўнае, бо ён быў першым на маім настаўніцкім шляху, — уменне правільна весці дакументацыю.  Што датычыцца майго сцэнічнага вобразу, умення выступаць на публіку – гэта ад наступнага дырэктара, Святланы Фёдараўны Шутавай. Ну, а ад цяперашняга, Алы Уладзіміраўны Міралевіч, у мяне – спакойныя адносіны да рэчаіснасці…

– А які ў цябе быў самы вялікі па колькасці вучняў клас?

– У 1990-ым, падчас майго першага года працы ў Руднянскай школе, у класе было 20 вучняў. І яшчэ мне далі групу падоўжанага дня. Затым колькасць вучняў усё змяншалася і змяншалася. Параўноўваючы, магу сказаць, што мне больш падабаецца працаваць з вялікімі класамі. Чаму? Бо больш відаў работ можна правесці – і ў групах, і ў пары. Да таго ж, яшчэ раз паўтаруся, што люблю займацца менавіта з малымі дзецьмі… Так што, я можна сказаць, не вырасла з пачатковых класаў (усміхаецца).

– Дзякуй за гутарку! Поспехаў табе, здароўя, шчасця, радасці і ўдачы!

– Дзякуй!

Гутарыла

Святлана АДАМОВІЧ

Фота з сямейнага архіву ЛУГОЎСКІХ

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Червеня

Минский областной суд оставил в силе приговор директору Червенского дома-интерната

Хотите узнать больше? 20 ноября Минский областной суд отклонил кассационную жалобу директора Червенского дома-интерната. Владимир Семижон был признан виновным в нарушении 666

1 декабря будет ограничено движение на трассе М-4 Минск — Могилев

Хотите узнать больше?  1 декабря на 46 км автодороги М-4 Минск — Могилев вблизи деревни Карпиловка (Червенский район) будет проводиться следственный эксперимент. Как 354

Среди добрых и заботливых определили лучших

Хотите узнать больше? Прошёл конкурс профессионального мастерства работников ГУ «Червенский территориальный центр социального обслуживания населения».  С 2010   он стал 461

С 13 по 28 ноября в Червенском районе проходит республиканская акция «Не прожигай свою жизнь!»

Хотите узнать больше? Основная задача — привлечь внимание как можно большего числа людей к проблеме возникновения пожаров по причине неосторожности при курении и заставить 376

График приёма граждан и «прямые линии»

Хотите узнать больше? 24 ноября с 10.00 до 12.00 в райисполкоме будет принимать граждан Министр иностранных дел Республики Беларусь В.В.Макей по вопросам, отнесенным к 434

Свята на вясковай вуліцы

Хотите узнать больше? У пахмурны і дажджлівы суботні дзень наваколле Цэнтра культуры і адпачынку ў Чэрвені расквеціў рознакаляровымі фарбамі раённы фестываль-кірмаш 421

15 лістапада — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

Хотите узнать больше? Уважаемые труженики агропромышленного комплекса Червенского района! Примите искренние, сердечные поздравления в связи с профессиональным праздником — 424

С 13 по 28 ноября в Червенском районе пройдет республиканская акция «Не прожигай свою жизнь!»

Хотите узнать больше? Основная задача — привлечь внимание как можно большего числа людей к проблеме возникновения пожаров по причине неосторожности при курении и заставить 396