Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Вялікі рэжысёр з Вялікага Стахава

20 лютага вядомы беларускі рэжысёр, наш зямляк, ураджэнец вёскі Вялікае Стахава Валеры Мазынскі адзначыў свой 65-гадовы юбілей. У яго «аўтабіяграфіі», якую запісаў журналіст Аляксандр Тамковіч, шмат увагі нададзена дзяцінству і юнацтву рэжысёра , якое прайшло на Барысаўшчыне.

Пралог

«Мне “пашчасціла” 20 лютага 1947 года нарадзіцца на Барысаўшчыне. Двукоссе тут таму, што гэта, відаць, самы біты-перабіты край з усёй Беларусі. Там заўсёды хтосьці з кімсьці ваяваў. Здратаваны шлях з Еўропы ў Азію, на якім мала засталося з таго, што вызначала людзей як нейкую самастойную супольнасць. Вакол адны ваенныя гарадкі. Такое адчуванне, што я нарадзіўся сярод салдатаў.

Вёска Вялікае Стахава стаіць на беразе Бярэзіны (так яе ў нас называлі, з націскам на “э”), гэта кіламетраў восем на поўнач ад Барысава ў бок Бягомля, што па правым беразе. Побач — танкадром. За ім — той самы палігон, з-за якога былі выселеныя-пераселеныя, адным словам, расцярушаныя, некалькі цудоўных вёсак, і які зарастае сёння маладым лесам.

Дарэчы, у шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя там здымалі кіно “Пераклічка”, і выканаўца адной з роляў, малады Мікіта Міхалкоў, уехаў на танку ў рэшткі бягомльскай праваслаўнай царквы. Мясцовы бацюшка па гэты дзень чакае матэрыяльнай кампенсацыі ўсяго, што ён тады пабурыў. І мае рацыю, бо Міхалкоў зараз не толькі багаты і магутны чалавек, але і актыўна “піярыць” асабістыя рэлігійныя сімпатыі. Як кажуць, сам Бог загадвае гэта зрабіць.

І яшчэ адзін арыенцір. Мая родная вёска знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад знакамітай Студзёнкі, дзе Напалеон у 1812 годзе фарсіраваў Беразіну.

Зразумела, усе ўспаміны маіх бацькоў былі звязаны менавіта з вайной.

Час ад часу маці, Паліна Ігнатаўна, расказвала пра тое, што адбывалася падчас акупацыі. Бацька — Яўген Сямёнавіч Мазынскі — зусім не любіў гаварыць пра вайну, хоць у свае васямнаццаць трапіў на фінскую. На жаль, іх ужо няма.

У мяне тры браты і чатыры сястры. Дзякуй Богу, усе жывыя. Вышэйшую адукацыю з усіх атрымаў толькі я. Некалі на юбілей маці сабралася ўся радня: усе з дзецьмі і ўнукамі — каля 35 чалавек. Гэта толькі бліжэйшыя сваякі.

Дарэчы, бацька і маці не ведалі дакладнага дня свайго нараджэння. Вечныя акупацыйныя ўлады вытручвалі ў людзей той гонар і тую годнасць да саміх сябе.

Як толькі сыходзіў снег, у лесе, які рос проста за нашай вёскай, з’яўляліся ваенныя. Пачыналіся так званыя “вайсковыя летнікі”. Да самай позняй восені гэта быў, па-сутнасці, цэнтр нашага жыцця.

Вёска ж была вялікай — каля трохсот двароў. На танцах адбываліся пастаянныя бойкі з салдатамі, бо “ахвочых” да нашых дзевак хапала і сярод мясцовых.

Жыццё ж праходзіла сярод вайскоўцаў. Там было цікавей, чым дома ці ў школе.

Па суботах паказвалі кіно. На дрэвы сярод лесу вешалі белую прасціну. З аднаго боку глядзелі салдаты, з другога — мы. Атрымлівалася кіно наадварот. У іх, скажам, персанажы ішлі налева, а ў нас направа.

Жылі цяжка. Беднасць была страшэнная. Проста катастрафічная. Восем дзяцей. Бацькі “за галачкі” працуюць у калгасе, які называўся “Іскра камунізму”. Дарэчы, праз рэчку, у Малым Стахаве, — “Маяк камунізму”. Абодва ляснуліся шмат гадоў таму. А наша вёска стала “неперспектыўнай”… Цяпер у асноўным там лецішчы барысаўчан ці нават мінчукоў.

Адразу за маёй хатай месціліся могілкі. Чаму месціліся? Там якраз цяпер уся тая вёска, якая і засталася ў маёй памяці.

Чаго мы толькі там ні рабілі! Раскладалі вогнішчы, кідалі ў агонь патроны, якіх было поўна пасля вайны.

На могілках раслі велічэзныя ліпы. Іх доўгія галіны нагадвалі ліяны. А ў нас якраз паказвалі “Тарзана”. Старэйшыя хлопцы, ухапіўшыся за тыя голлі, скакалі з адной на другую, а мы, малыя, толькі зайздросцілі.

У суседа, які жыў побач з намі, былі вельмі смачныя яблыкі. Старэйшыя хлопцы з боку могілак прарылі туды доўгі падкоп — метраў пятнаццаць. Бо плот жа быў шчыльны ды высокі. Гаспадар не мог нас злавіць. Выкрылася ўсё выпадкова: бацька аднаго з маіх сяброў ганяўся за намі і праваліўся ў гэты лаз.

Колькі ні намагаюся ўспомніць у дзяцінстве дрэннае надвор’я, — не магу. Толькі сонца. У любую пору года.

Памятаю, як пачынаючы з першага класа школы пачаў насіць “камандзірыхам” малако. Так называлі жонак афіцэраў. Самі мы яго не пілі — прадавалі да апошняй кроплі, бо толькі так можна было атрымаць “жывыя” грошы. Для калгаснікаў іх фактычна не існавала.

Матуля расказвала, як у першыя дні вайны гэтыя афіцэрскія жонкі збеглі з Лядзішчаў хутчэй маланкі. Нават свае кватэры не закрылі…

І яшчэ адзін успамін пранясу праз усё жыццё — навабранцы. Я стаў да іх хадзіць прыблізна з васьмі гадоў. Тады веснавых прызываў не было. Толькі — восень.

Іх “прыганялі” з усяго Савецкага Саюза, і мы хадзілі за “шмоткамі”, якія зараз называюцца “сэканд хэндам”.

Калі калону навабранцаў “пагонюць” з вакзалу, мы даведваліся ад знаёмых і дзядзькоў, якія працавалі ў качагарках, і чакалі яе на падыходзе да ваеннага гарадка. З заплечнікамі, пашытымі мацяркамі, і ваеннымі рэчмяшкамі.

Афіцэры пра “набегі” вяскоўцаў таксама ведалі, таму імкнуліся прыводзіць папаўненне ў самы нязручны для нас час — познім вечарам, раніцай, альбо ўвогуле ноччу.

Сутнасць ж “набегаў” складалася з таго, што мы пасля лазні, куды гналі папярэдне навабранцаў (дамаўляліся звычайна з капцёршчыкамі, старшынамі і г.д.), забіралі іхняе старое адзенне, бо іх пераапраналі ўжо ў ваенную форму.

Бывала, яны аддавалі яе самі, яшчэ на самым падыходзе да вайсковай часткі, бо ведалі, што ад усяго “цывільнага” там пазбавяць усё роўна і яго проста пасякуць на вялікай калодзе, а што і спаляць. Сюррэалістычная карціна адбывалася: ідзе калона абадранцаў і з яе адлятаюць — то ўправа, то ўлева — фуфайкі, кашулі, дзяжкі.

Аднойчы мне папаўся адзін бацінак, а сябру — другі з той жа пары. Да самага дому вырашалі, каму аддаць “свой”. І выкінуць шкада, і рэч цалкам не да патрэбы, калі мець толькі адзін.

Для сям’і гэта была вялікая дапамога. Маці ўсё перамые, перашые “пераліцуе”, як у нас гаварылі, — і можна насіць.

Самай вялікай узнагародай у школе былі новыя картовыя штаны ці кашуля. За добрую вучобу я іх атрымліваў некалі разоў.

Няхай мне даруюць усе мае настаўнікі, але, на жаль, нічога добрага пра сваю школу я сказаць не магу, акрамя аднаго настаўніка — Уладзіміра Кірылавіча Карповіча. Ён выкладаў батаніку і…спевы. Да гэта часу люблю і ўмею завіхацца ў садзе, прышчапіць любое дрэва. Менавіта ад яго і шчырая любоў да зямлі і да песні.

Канешне, як вясковы хлопец я добра ведаў, што гэта такое — вясковая праца, але яна заўсёды асацыявалася з вельмі цяжкай працай. І не толькі маёй асабістай. Далася ў знакі гэтая праца і бацькам. Маці аднойчы ледзь не загінула. Калі бабы на полі церабілі калгасны лён, яе зацягнула ў механічную церабілку. Працягнула на транспарцёры… і выкінула на другім баку. Усё павырывала, паламала. Выратавала яе толькі моцнае на той час сэрца.

Авансцэна

Кіно ў маім дзяцінстве (нармальнае, а не з другога боку экрана) можна было паглядзець толькі ў хаце-чытальні, ці калі-нікалі ў школе. У невялікі пакой (квадратаў на дваццаць) набівалася амаль уся вёска. Месцаў усім не хапала, і час ад часу кінапраектар выстаўлялі ў вакно, і тады фільм глядзелі на вуліцы, папярэдне прадаўшы максімальна мажлівую колькасць квіткоў. Экран вешалі на бліжэйшым слупу.

Гэта была ўлюблёнасць да вар’яцтва. За што я пастаянна і “атрымліваў” ад бацькі і ад настаўнікаў, бо кіно перашкаджала вучобе. Лупілі нас бязбожна.

У 14 гадоў, мне здаецца, я ведаў усіх артыстаў таго часу, якія толькі з’яўляліся на стахаўскім экране. Самым любімым фільмам была “Родная кроў” з Яўгенам Матвеевым і Віяй Артманэ. Матвееву я нават напісаў ліст. Адрасу, канешне, не ведаў, таму напісаў так: “Масква. Масфільм. Яўгену Матвееву”.

Пазней на адным з маскоўскіх (эсэсэраўскіх) тэатральных з’ездаў Лёша Дудараў, седзячы ў прэзідыуме, расказаў гэтую гісторыю Віі Артманэ. У перапынку яна знайшла мяне, прыціснула да сябе і нават заплакала.

Пасля “сямігодкі” паехаў паступаць у аўтатрактарны тэхнікум, які знаходзіўся каля Трактарнага завода. Чаму такі выбар? З чыста прагматычных падыходаў. Кіно — недасягальна-абстрактная мара, а тут — канкрэтная прафесія. Кіно было нават не марай. Гэта нешта Боскае.

Аднак па “рускай мове” атрымаў “двойку”, і давялося вяртацца дамоў. У гэты ж час наша школа стала васьмігодкай. Стаў там вучыцца, а праз год паспрабаваў паступіць зноў. На гэты раз абраў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.

Хаця профіль тут быў іншы, але з яго выйшла шмат творчых людзей. Напрыклад, Валодзя Скараход кіраваў там эстрадным аркестрам, а потым нават быў намеснікам міністра культуры. Во як!

Нягледзячы на тое, што ўсе тэхнічныя дысцыпліны былі, мякка кажучы, “не мае”, праз чатыры гады атрымаў дыплом.

Дарэчы, пра захапленне маё там ведалі (адкуль?) і часцяком, па-сяброўску разводзілі. Звычайна было так. Нехта падыходзіў і казаў: “Маз (мянушка падчас вучобы — заўвага аўтара), там і там здымаюць кіно”. Гэтага было дастаткова, каб я тут жа збег з заняткаў. Розыгрыш выкрываўся ў згаданым месцы.

На чацвёртым курсе тэхнікума паспрабаваў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. Дзіцячая мара стаць акцёрам раз-пораз працінала маю душу і скіроўвала ўсю маю волю ў адзіным напрамку.

Зразумела, атэстату аб сярэдняй адукацыі ў мяне яшчэ не было, але прыёмная камісія паверыла ў “прынясу потым” і дазволіла прайсці некалькі тураў. Пакуль не выкрыўся падман.

Усе, хто хадзіў па тамтэйшых калідорах (нават прыбіральшчыцы), былі для мяне “небажыхарамі”. Глядзеў на іх з нейкім піетэтам, незвычайным захапленнем. Адзін раз ледзь не страціў прытомнасць. Натуральна “паплыў”, і толькі халодная калона каля маёй скроні дапамагла ўтрымацца на нагах.

Пазней самастойна асвоіў усю кінематаграфічную апаратуру, бо быў згодны нават на аператарства.

А на трэцім курсе вучобы ў тэхнікуме пайшоў у тэатр-студыю пры Палацы прафсаюзаў, дзе тады кіраваў Кузьма Кулакоў. Магу сказаць і сёння, што там быў даволі высокі прафесійны ўзровень. Да гэтага часу, бывае, сустрэну і Гену Сінякова, і Колю Аўдзея, і Славіка… (забываць стаў прозвішчы). А з Мішам Лур’е, які на сёння атабарыўся ў Ізраілі, правучыўся побач яшчэ і ў інстытуце.

Іграў некалькі роляў, але ставіўся да гэтага вельмі крытычна. Глядзеў у люстэрка і думаў: “Ну які з мяне артыст? Іншыя значна прыгажэй і больш таленавітыя”. Відаць, з гэтым беларускім самаедствам мне накавана прайсці да канца жыцця.

Потым была вайсковая служба. Забралі мяне адразу пасля Новага года — 4 студзеня 1966 года. Служыў у авіяцыі. Спачатку ў Ніжнім Уздзенску, што недалёка ад Байкала. Пяць сутак цягніком ад Масквы.

Пасля звальнення ў запас вярнуўся дамоў, але ў роднай вёсцы прабыў толькі некалькі дзён. Зноў прыехаў у Мінск. На “Беларусьфільме” была вакансія ў цэху дэкаратыўна-мастацкай службы. Мяне туды ўзялі і паклалі аклад у 160 рублёў.

Пакуль не было адпаведнай пасады (дыплом тэхнікума ўсё ж такі) на адзін месяц накіравалі на пілараму. Кіраваў там нейкі дзядок, якому я купляў бутэльку “чарнілаў”, а сам збягаў глядзець, як здымаюць кіно. Гэта для мяне, паўтаруся, было самым галоўным.

Аднойчы выпадкова пачуў пра тое, што ў тэатральна-мастацкім інстытуце, хутчэй за ўсё, будзе недабор. Зноў мая душа сцялася ў аняменні. Гэта паказалася шансам, хоць адпаведных гуманітарных ведаў у мяне, на жаль, не было. Яны абмежаваліся васьмю класамі школьнай адукацыі — у тэхнікуме дамінавалі дакладныя дысцыпліны. Быў упэўнены, што не паступлю, але…

Вырашыў зноў паспрабаваць. Падаў дакументы на акцёрскі факультэт. Аднак за некалькі дзён да dedline прыйшоў забіраць іх назад. Сумленне “заела” — нічога не ведаю і некуды лезу. Падумаў, пройдзе год, падвучуся, начытаюся таго-сяго і буду паступаць наноў, а цяпер — поўнае нахабства.

Гэтыя аргументы я і прывёў сакратарцы прыёмнай камісіі. А яна, Эма Міхайлаўна, параіла ў такім выпадку… перайсці на рэжысуру, дзе будзе вельмі малы набор. Але ж пераканала не гэта, а яе словы: “Вы ж будзеце начальнікам. Пажадаеце, возьмеце для сябе любую ролю”.

Жалезная логіка…

Перапісаў заяву і паведаміў аб паступленні на рабоце. Там ахнулі, бо хацелі зрабіць начальнікам аднаго з цэхаў.

Не буду пераказваць усе абставіны той “абітуры”. Скажу коратка — паступіў. І адразу ж паехаў у Вялікае Стахава. Трэба было параіцца з роднымі і, перш за ўсё, з бацькамі — студэнцкая стыпендыя амаль у дзесяць разоў меншая за тыя грошы, што атрымліваў на “Беларусьфільме”.

Шчыра кажучы, я спадзяваўся, што на сямейнай радзе мне параяць не ісці “на артыста”, аднак выйшла наадварот. Гэткія ў мяне сёстры!»

Цалкам тэкст можна прачытаць тут.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Сколько лет в веке? (ответ числом)

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Нужен ли Борисову свой форум?

Новости Борисова

Государственная поддержка малого и среднего бизнеса в Беларуси неэффективна

Хотите узнать больше? Комитет государственного контроля провел мониторинг ситуации с поддержкой малого и среднего бизнеса в Беларуси. Результаты, увы, не радуют. Они 32

Мусорка на детской площадке - это нормально!

Хотите узнать больше? Уже ни для кого не секрет, в белорусских городах в многоквартирных домах все чаще заваривают мусоропроводы и устанавливают мусорки во дворах, правда 495

Шапиро: Миноблисполком готов уволить сотню человек

Хотите узнать больше? Председатель Минского облисполкома Семен Шапиро предлагает президенту сократить штат своего ведомства на 20%... 999

Санитарные врачи из Минска проверили борисовский пляж

Хотите узнать больше? В минувшую пятницу, 17 июня, сотрудники Минского областного центра гигиены, эпидемиологии и общественного здоровья наведались на Центральный пляж 1 171

«Автогидроусилитель» занимает четвертое место в стране по сумме долга за энергоресурсы

Хотите узнать больше? Предприятия, подведомственные Министерству промышленности, лидируют по суммам задолженности за потребленную энергию. По состоянию на 1 июня общая 837

Два утопленника за четыре дня. Один парень утонул в Дубках, второй - в Печах

Хотите узнать больше? Вчера, 20 июня, в 11.33 в ГРОЧС Борисовского района поступило сообщение об утонувшем в Березине мужчине в районе городского пляжа Дубки. Спасатели 1 229

Вчерашний ветер обесточил 18 населенных пунктов в Борисовском районе

Хотите узнать больше? В результате прохождения шквалистого ветра во вторник, 21 июня, по территории Минской области без электроснабжения оставались 70 населенных пунктов, 386

Уроженец Борисовщины удостоен премии имени Василя Быкова

Хотите узнать больше? В минувшее воскресенье, 19 июня, в усадьбе-музее Василя Быкова на его родине в деревне Бычки Ушачского района Витебской области премия «За свободу 424

В Борисове потенциальным инвесторам предложили еще один земельный участок

Хотите узнать больше? Борисовский исполком расширил перечень земельных участков, предназначенных для последующего предоставления инвесторам для строительства объектов на 1 236

Свиноводческий комплекс в Лошнице планируют закрыть

Хотите узнать больше? Велика вероятность закрытия свиноводческого комплекса в агорогородке Лошница. Об этом 8 апреля сообщил председатель Миноблисполкома Семен Шапиро в 2 281