Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Калантаёўскія летапісы

Калантаёўскія летапісы

У штомесячным літаратурна-мастацкім і грамадска-палітычным ілюстраваным часопісе «Маладосць» быў надрукаваны артыкул-даследванне Леаніда Лаўрэша пра храмы вёсак Калантаі і Зельзін. Частку гэтага артыкула, якая датычыцца калантаёўскага , мы прапануем Вам прачытаць на сайце:

Мае бацькі паходзяць з былога Ваўкавыскага павета. Маці з-пад самога Ваўкавыска, з вёскі Калантаі, бацька з вёскі Брантоўцы, што недалёка ад Лыскава. Пра вёскі, дзе яны нарадзіліся, і царквы, у якіх хрысьцілі, вянчалі і адпявалі маіх продкаў, гаворыцца ў гэтым нарысе. Артыкул часткова грунтуецца на матэрыяле з асабістага архіва ваўкавыскага гісторыка і краязнаўцы Мікалая Быхаўцава.

Вёска Калантаі ў Ваўкавыскім павеце першапачаткова была каралеўскай маёмасцю. Назву сваю яна атрымала ад уладальніка маёнтка — Калантая, але ў старых дакументах таксама ўзгадваецца пад назвай Ваўкоўшчына ці Рось-Ваўкоўшчына.

Упершыню ў дакументах вёска фігуруе ў 1567 годзе. «Слоўнік геаграфічны…» піша, што ў XVII стагоддзі вёска належала  Мацею Румеру, старасце сумілішскаму(Slownik Geograficzny Krуlewstwa Polskiego… Warszawa. 1883. Т. 4. S. 272.), потым перайшла да ягонага старэйшага сына Стэфана, пасля — да сярэдняга, Мацея, ад яго — да малодшага, Аляксандра.

У 1643 годзе вёска Рось-Ваўкоўшчына належыць ужо Францішку Казіміру Ельскаму, які прадае яе Яну Жаўранку. У 1642-м у Калантаях будуецца драўляная царква Св. Тройцы, фундатарамі якой выступаюць абшарнікі Сямён Калантай і Ян Савін (Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 380.). Верагодна, гэта была ўжо другая царква ў вёсцы. Фундуш для пабудовы царквы быў унесены ў акты 16 студзеня 1641 года. Сямён Калантай ахвяраваў землі і селяніна на зямлі, Ян Савін — зямлю, якая называлася Луканаўшчызна, і ўчастак зямлі ў 4 морга на пабудову хаты для святара. Пакуль застаецца нявырашаным пытанне, ці адразу царква будавалася як уніяцкая, ці нейкі час была праваслаўнай.

У 1775 годзе частка вёскі з 38 двароў знаходзіцца ў фальварку Калантаі і маёнтку Цеалін, які належыць Зыгмунту Грабоўскаму, былому харунжаму. Захаваўся дакумент канца XVIII стагоддзя, які датычыць калантаеўскай уніяцкай царквы, з яго вынікае шмат цікавай інфармацыі:

«Року 1797, месяца мая 15 дня, у Гродна.

Дакумент падрыхтаваны да інсталяцыі (Інсталяцыя — епіскапскае зацвярджэнне святара на пасадзе пасля таго як святар ужо атрымаў прэзенту (дазвол) ад калятара. Калятар — асоба, якая ўнесла сродкі на пабудову царквы, касцёла і мае адпаведнае права адносна яе, у дадзеным выпадку — Зыгмунт Грабоўскі.) вялебнага святара Андрэя Запольскага на празбітара Калантаеўскага, дзе зараз вольнае месца.

1797 г. Царква парафіяльная Св. Тройцы ў Ваўкавыскім павеце і дэканаце, была парафіяльнай ад даўніх часоў, ад ранейшых парахаў (Парах — святар, які мае паўнаважанні стала кіраваць парфіяй (прыходам).) да апошняга вялебнага святара Андрэя Ляшчынскага, фінансавалася наданнем зямлі фундатарамі Сямёнам Калантаем і Янам Савіным, палкоўнікамі ваўкавыскімі. Фундушы былі зацверджаны на земскім ваўкавыскім судзе 10 лютага 1641 г. Пра тое ж ваўкавыскія земскія акты ад 8 жніўня 1739 г. сведчаць. Царква мела ўрочышчы Лукьянаўшчызна і Лапуноўшчызна ў 94 морга. Зараз, пасля адабрання праз двор часткі царкоўных грунтоў пад карчму (фундушовага пляца, запісанага за плябаніяй, разам з садам і сенажаццю), у іншым месцы, каля царквы (дзе зараз пабудавана плябанія з садам і сенажаццю), узамен дадзены пляц і грунт».

Пра «вялебнага» святара Андрэя Запольскага адзначана, «што ён цнатліва выконваў абавязкі каплана ў Новадворскай царкве, а пасля атрымання прэзенты на Калантаеўскі бенефіцыюм, пад час сваёй адміністрацыі (да атрымання інсталяцыі, святар называўся адміністратарам.), выдатна выконваў свае абавязкі і не меў аніякіх скаргаў … таму, праверыўшы ўсё акалічнасці справы вялебнага айца Андрэя Запольскага, прадстаўленнага да інсталяцыі …

Зыгмунтам з Канапніц Грабоўскім, крайчым ВКЛ, старастам Крэменецкім, надворным падкаморым Яго Каралеўскай Мосці, палкоўнікам войск літоўскіх, кавалерам ордэну Св. Анны, [Андрэй Запольскі] ніякай кананічнай перашкоды не мае і можа атрымаць інсталяцыю, пры умове таго, што ён верне царкоўную маёмасць, запісаную ў фундушы, і адновіць дакументы, якія пацвярджаюць замену пляцаў і грунтаў з сенажаццю, даных… Калантаеўскай бенефіцыяй…»

Археографический сборник документов, издаваемый при управлении Виленского учебного
округа. Вильна, 1902. Т. 13. С. 135—136.

Калантаі ўваходзілі ў маёнтак Цеалін Юзэфы Грабоўской, пры чым у 1800 годзе вёска мела 129 мужчын, а ў 1811 годзе — толькі 43 мужчыны, сказаўся вынік уваходжання ў склад Расійскай імперыі — рэзкае зніжэнне падатнага насельніцтва.

У 1808 годзе ўніяцкая царква ў Калантаях (Калантаеўка) над Росью — уласнасць і каляцыя Грабоўскага (Wolyniak. Z przeszlosci powitu wolkoyskiego. Krakow, 1905. S. 116.). У дакументах 1820 года вёска — частка маёнтка Цеалін Марыны Грабоўскай (32 двары, 145 мужчын і 137 жанчын). А ў 1831 годзе — сярод трох фальваркаў пад назвай Цеалін таксама Грабоўскіх (140 мужчын і 137 жанчын). Ужо ў 1835-м, не дачакаўшыся ліквідацыі уніі, царскія ўлады перапісалі ўніятаў на праваслаўных.

У 1845 годзе вёска налічвае 109 мужчын і 113 жанчын. З 1861 года Калантаі ў Біскупіцкай воласці Ваўкавыскага ўезда. Згодна з «Слоўнікам геаграфічным…» вёска мае 571 дзесяціну сялянскай і 51 дзесяціну царкоўнай зямлі, у праваслаўнай парафіі Калантаеўскай царквы 1861 вернік.

Са справы пра забеспячэнне праваслаўных цэркваў Ваўкавыскага ўезда ад 1864 года вынікае, што царква мела патрэбу ў: абразах і плашчаніцы (на 120 руб.), богаслужэбным посудзе (на 20 руб.), богаслужэбных кнігах (на 65 руб.) (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 97, воп. 1, спр. 54.). Вось як апісваецца старая, драўляная царква ў архіўнай справе 1867 года:

«Калантаеўская прыходская царква драўляная, на каменным падмурку, вельмі старая і ў дрэнным стане, таму замест яе ў вёсцы Калантаі будуецца новая каменная царква на сродкі ўрада, будаўніцтва яшчэ не скончана. Дабірацца вернікам у царкву ў любую пару года зручна, дарогі не выклікаюць ніякіх цяжкасцяў. Акт агляду (папярэдні. — Л. Л.) складзены 19 лістапада 1840 г., тады ж вырашана пабудаваць новую царкву. Прыхаджан 632 мужчыны і 622 жанчыны»

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 97, воп. 2, спр. 26. С. 2аб–3.

У 1871 годзе недалёка ад старой драўлянай царквы была пабудавана новая, мураваная, са званіцай і мураванай агароджай. Старая царква першапачаткова заставалася на сваім месцы і лічылася прыпісной (філіяльнай) царквой. Мела напрастольнае Св. Евангелле, выдадзенае ў 1858 годзе, ахвярованае імператрыцай Марыяй Аляксандраўнай ў 1864-м, у 1871-м кніга была перанесена ў новую царкву. Нейкі час старая, драўляная царква, пабудаваная ў 1642-м, і новая, мураваная, стаялі побач. На польскай вайсковай карце 1920-х гадоў на вясковых могілках бачна яшчэ адна царква, цяпер закінутая і зарослая хмызняком.

Мой родны дзядзька Мікалай распавёў, што ягоны бацька, мой дзед, расказваў, як драўляную царкву перанеслі на могілкі і выкарыстоўвалі там у якасці капліцы. Калі гэта адбылося, невядома, верагодна, дзесьці ў пачатку ХХ стагоддзя, але вядома галоўнае: сёння пад Ваўкавыскам дажывае свой век адна з нешматлікіх захаваных беларускіх старажытных драўляных культавых пабудоў — царква сярэдзіны XVII стагоддзя. Улічваючы адсутнасць даху і агульны стан, стаяць ёй засталося нядоўга.

Калантаёўскія летапісы

На канец XIX стагоддзя калантаёўскі прыход налічваў 1162 вернікі мужчынскага полу і 1147 жаночага, усяго 2309 чалавек у 17 вёсках: Калантаях, Дыхнаўцах, Загор’і, Зарачанах, Косіне, Кутніках, Лічыцах, Мачульне, Навасёлках, Пекарах, Пагаранах, Падросі, Пятаках, Раксцях, Свіняшках, Скуратах, Шоўках. Самай аддаленай ад царквы была вёска Кутнікі (9 вёрст). Пры царкве мелася царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавала народная навучэльня ў Калантаях (вучылася 49 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак) і 5 царкоўных школ: у Дыхнаўцах, Загор’і, Мачульне, Навасёлках і Шоўках — вучылася 67 хлопчыкаў і 20 дзяўчынак. Царкоўны прычт складаўся з двух чалавек — святара і псаломшчыка з заробкам 496 рублёў у год і гадавых адсоткаў ад 1750 рублёў, адпісаных для заўсёднага памінання двума пратаіерэямі — мясцовым Антоніем Стуковічам і маскоўскім Іаанам Зярновым. Прычт карыстаўся царкоўнай зямлёй: сядзібнай — 1494 сажня, ворнай — 38 дзесяцін 907 сажняў, сенакоснай — 3 дзесяціны 109 сажняў, лясной — 14 дзесяцін 485 сажняў, «кое-какой» — 2 дзесяціны 1187 сажняў, усяго 58 дзесяцін 1780 сажняў зямлі2. З 23 лютага 1892 года святаром калантаеўскай царквы служыў айцец Уладзімір Занкевіч (Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 453. ). Каля царквы да нашага часу захавалася магіла дачушкі святара, Любачкі Занкевіч (10.01.1896—19.02.1899). Таксама каля царквы пахаваны былы псаломшчык Жаромскі Ігнат Антонавіч (памёр 10.02.1893, жыў 57 гадоў).

14 верасня 1897 года, у дзень свята Уздвіжання Крыжа, адбылося асвячэнне калантаёўскай жаночай царкоўна-прыхадской школы. У асвячэнні ўдзельнічаў епархіяльны наглядчык за царкоўна-прыходскімі школамі пратаіерэй У. Кургановіч. Літоўскія Епархіяльныя Ведамасці пісалі пра гэта:

«Народ пачаў збірацца у царкву, якая не магла змясціць усіх ахвотных: людзі стаялі вакол царквы і нават за агароджай. Пад час службы боскую літургію пеў хор з навучэнцаў народнай вучэльні. Святар У. Бялевіч сказаў урачыстую прамову, пад час якой расказаў пра сэнс і значнасць жаночай школы ў лёсе сялянскай сям’і, заклікаў усіх да малітвы і падзякі за ахвяраванні для адкрыцця школы з боку дабрачынца С.В. Рэзцова і мясцовага святара, які паклаў шмат асабістай працы і клопатаў для адкрыцця школы.

Потым епархіяльны наглядчык пры ўдзеле старшыні павятовага аддзялення вучэльнай рады, павятовага назіральніка царкоўных школ, святароў У. Бялевіча і І. Янкоўскага выйшлі на царкоўную салею для асвячэння абраза Казанскай Богамаці. Гэты абраз, у арэхавым з разьбой ківоце — падарунак вядомага дабрачынца  Калантаеўскай царквы С.В. Рэзцова. Пасля асвячэння абраза, з хросным ходам пры шматлікай колькасці народа, абраз быў перанесена з царквы ў новую школу». Школа была асвечана, пасля чаго выступіў протаіерэй У. Кургановіч, які акрамя іншага сказаў: «Царкоўная школа — родная дачка царквы. Дай Бог, каб вашыя дзеці ведалі толькі дзве дарогі: у царкву і школу, каб сцежка да школы не зарасла перад імі». У адказ на прывітанне епархіяльнага наглядчыка выступіў прыходскі святар: «Сардэчна вам удзячны, а. протаіерэй, за вашае цёплае слова, поўнае любові да маіх вернікаў, за ваш удзел і ўвагу. Радасна вітаю асвячэнне гэтай школы, якая праз жанчын нашага прыходу стане рассаднікам асветы. …роўна тры гады песціў я думку пра гэту школу і зараз я бачу выдатны школьны будынак і кожнай дзяўчынцы адкрыты дзверы да  асветы…». Прысутныя паклонам выказалі падзяку свайму духоўнаму пастыру (Литовские Епархиальные Ведомости. 1897. — № 40. — С. 383—384.).

Напрыканцы XIX стагоддзя тут нарадзіліся мае бабуля і дзядуля па маці: Грыб (у дзявоцтве Мішковіч) Антаніна Фёдараўна (1894—1976) і Грыб Аляксандр Яфімавіч (1887—1970). У 1914 годзе вёска мае 70 двароў, у якіх жывуць 196 мужчын і 208 жанчын, пры дарозе з вёскі Яцвязь у Калантаі маецца хутар з 2 двароў, тут жывуць 4 мужчыны
і 6 жанчын. У царкоўным прычце 1 двор: 11 мужчын і 7 жанчын.

25 верасня 1920 года тут адбыўся бой паміж польскімі жаўнерамі і Чырвонай Арміяй, у выніку якога раніцай чырвонаармейцы былі выбіты з вёскі, узяты палонныя і захоплены абоз.

У 1921—1939 гадах вёска знаходзіцца ў гміне Біскупцы. Разам з Лазамі, Пораслю і Зыгмунтавым складае грамаду Калантаі. У 1928 годзе вадзяны млын з’яўляецца ўласнасцю яўрэйскай суполкі: В. Каплана, Я. Айона, В. Эпштэйна.

У 1935-м у вёсцы існавала школа, у якой настаўнічала Соф’я Валадкова. З верасня 1939 года настаўніцай у Калантаеўскай школе працавала Вера Карчэўская, дзеячка заходне-беларускага руху, палітык, паэт. Яна на роднай мове вучыла маю маці.


Даведка

Леанід Лаўрэш

Нарадзіўся 1 сакавіка 1963 г. у Лідзе.

У 1985 г. скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (зараз энергетычны факультэт Беларускага Нацыянальнага Тэхнічнага ўніверсітэта).

Займаецца краязнаўствам і гісторыяй прыродазнаўчых навук на Беларусі.

Аўтар больш за 90 артыкулаў і 4 кніг.

Стваральнік і адміністратар аднаго з найстарэйшых беларускіх гістарычных сайтаў Павет ( з’явіўся ў сеціве ў 1999 г.)

Жыве ў Лідзе. Жанаты, мае сына.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: 24 часа это - ?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Волковыска

Волковычанин Игорь Михальченко стал двукратным чемпионом Европы по шашкам-64

Хотите узнать больше? В столице Грузии Тбилиси в эти дни проходит чемпионат Европы по шашкам-64, который является отборочным этапом к чемпионату мира 2017 года. Победители 54

Научные работы волковысских школьниц отмечены дипломами на Международном форуме учащейся молодежи

Хотите узнать больше? Форум «Первый шаг в науку – 2016» прошел в Минске в Парке высоких технологий. В рамках форума, посвященного актуальным проблемам современной науки, 50

В Волковыске мужчина попал под поезд и серьезно не пострадал

Хотите узнать больше? Мужчина попал под поезд и остался жив. Об этом сообщили в пресс-службе УВД Гродненского облисполкома. Житель Волковыска переходил железнодорожные 83

В Волковыске рассмотрят дело мошенницы, сбежавшей со взятыми в долг деньгами

Хотите узнать больше? Сегодня в Волковыске начинается рассмотрение дела мошенницы, которая взяла взаймы более Br 220 тысяч и скрылась с полученными деньгами. Об этом 115

В Волковысской СШ № 2 открылся музей, посвященный народному творчеству

Хотите узнать больше? Как рассказали в учебном заведении, при выборе направления музея отдали предпочтение именно этой теме не случайно. Во-первых, среди множества 68

Участники квеста в Волковыске ищут старые здания по фотографиям

Хотите узнать больше? Первая городская квест-игра прошла в Волковыске 22 июня и посвящена была теме Великой Отечественной войны. Следующую вновь приурочили к памятной дате 74

В Волковысском районе устроили праздник фольклора

Хотите узнать больше? Фольклорный праздник «Лявоніха на свята запрашае!»  второй год подряд проводится в агрогородке Волпа Волковысского района, который волпяне уже 60

В Волковысском районе выбрали супербабушку

Хотите узнать больше? Какие они – современные бабушки? Они «на ты» с самыми продвинутыми гаджетами, заводят аккаунты в соцсетях, знают, что такое Skype и Viber и как с их 119