Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Сямён Шапира пра дарогу, фермы, меліярацыю, прыватызацыю, холдынгі, мясцовае паліва, бюджэтныя грошы і асабістыя захапленні

Сямён Шапира пра дарогу, фермы, меліярацыю, прыватызацыю, холдынгі, мясцовае паліва, бюджэтныя грошы і асабістыя захапленні
Калі б на Гродзеншчыне вызначаўся “рэйтынг” найбольш значных падзей года, то сёлета, безумоўна, гэта быў бы ўвод у эксплуатацыю аб’язной дарогі ў абласным цэнтры.

Старажылы горада над Нёманам ведаюць, што гэты праект стаяў на парадку дня яшчэ з пачатку 1970-х гадоў, і многія з іх, пэўна, ужо і не спадзяваліся ўбачыць яго фініш. І раптам… Літаральна за год робіцца амаль удвая больш, чым за папярэдняе дваццацігоддзе. Адсюль і першая тэма ў гутарцы карэспандэнта “Звязды” з кіраўніком вобласці.

Аб’язная дарога: для людзей і экалогіі

— Пра гэты доўгачаканы праект два гады таму, калі распачынаў працу ў вобласці, мне расказаў дырэктар інстытута “Гроднаграмадзянпраект” (цяпер намеснік старшыні аблвыканкама) Уладзімір Дзяшко. Прычым з павелічэннем узроўню аўтамабілізацыі насельніцтва (Гродна па гэтым паказчыку цяпер у краіне лідар — каля 400 машын на 1000 жыхароў) праблема ўсё больш абвастралася. Аднак, улічваючы аб’ёмы работ, спачатку не надта верылася ў хуткае завяршэнне магістралі, паколькі справіцца толькі сродкамі горада і вобласці было нерэальна. У лютым мінулага года я звярнуўся да Прэзідэнта па пытаннях інжынерна-транспартнай інфраструктуры абласнога цэнтра. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне завяршыць будоўлю аб’язной дарогі за год, з рэспубліканскага бюджэту летась было дадаткова выдзелена 90 мільярдаў рублёў, сёлета — 150 мільярдаў рублёў.

Варта зазначыць, што нарматыўны тэрмін будаўніцтва пуцеправода праз Азёрскую шашу — 3 гады. Аднак пры падтрымцы Прэзідэнта, урада мы пабудавалі яго за 8 месяцаў, ні ў чым не парушыўшы тэхналогію. На аб’язной дарозе былі сканцэнтраваны будаўнікі з усёй вобласці, пастаўшчыкі матэрыялаў, і пры бездакорным фінансаванні на будоўлі ніводнага дня не прастойвалі без працы. Прынцып быў такі: чым хутчэй будуеш — тым гэта танней у сувязі з ростам цэн у будаўніцтве.

Дзякуючы аб’язной дарозе, сур’ёзных транспартных праблем, затораў у цэнтральнай частцы горада амаль не засталося, былі “злучаны” вытворчыя зоны, жыллёвыя мікрараёны. Будзе эканоміцца шмат аўтамабільнага паліва, стане менш шкодных выкідаў у атмасферу.

Цяпер задача ў горадзе над Нёманам, які з’яўляецца “візітоўкай” нашай краіны на яе заходняй мяжы, — добраўпарадкаванне вуліц і дваровых тэрыторый. Прычым у шэрагу месцаў спачатку патрабуецца замена састарэлых камунікацый, і ўжо пасля — асфальтаванне. Дарэчы, добры прыклад у гэтым кірунку паказвае Слонім, дзе мэтанакіравана, без аўралаў робяць горад усё больш дагледжаным.

Сучасныя фермы: па адным праекце

— Сёння ў вобласці больш за палову пагалоўя кароў дояць на сучасных фермах, дзе не толькі забяспечана нармальнае ўтрыманне жывёлы, але і, у першую чаргу, створаны належныя ўмовы для працы людзей. Некаторыя раёны ўжо практычна стапрацэнтна забяспечаны такімі фермамі, у бліжэйшыя два гады пабудуем яшчэ 59. Яшчэ пры ранейшым кіраўніцтве аблвыканкама быў выбраны вельмі добры праект, якім забяспечваецца самае таннае жывёла-месца на такіх фермах у краіне. Пры гэтым важна, што адзіны праект вельмі зручны і для нашых заводаў, якія вырабляюць жалезабетон, і для будаўнікоў, якім не трэба вучыцца, пераходзячы да наступнай фермы. Прычым, некаторыя з іх не проста будуюць, але і самі вырабляюць камплектныя часткі. Такім чынам гэта работа выходзіць на сур’ёзны канвеер.

Разам з тым, 104 фермы па даручэнні Прэзідэнта аднаўляюцца сіламі гаспадарак гаспадарчым спосабам. Мяркую, што за тры-чатыры гады ўся жывёлагадоўля нашай вобласці будзе мець самыя сучасныя ўмовы.

Меліярацыя: да зямлі — па-гаспадарску

— У нашай вобласці ўдвая менш меліяраваных земляў, чым, напрыклад, у Гомельскай і Брэсцкай. Калі мы прааналізавалі сітуацыю, то высветлілася, што з-за адсутнасці фінансавання на меліярацыю шмат тэхнікі гэтых структур працавала ў будаўнічых арганізацыях. Пры гэтым у многіх раёнах вельмі ўрадлівая зямля не давала аддачы для эканомікі, зарастаючы хмызняком і дрэўцамі. Мяркую, што гэта не па-гаспадарску — не выкарыстоўваць такую зямлю, асабліва з улікам задач па продажы прадуктаў харчавання на знешнія рынкі. Таму мы павінны за бліжэйшыя гады ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу меліярацыйных прадпрыемстваў і выканаць работу па ўключэнні высокаўрадлівых земляў у гаспадарчы абарот. Меліяратары працуюць вельмі актыўна: 2010 год — 3 тысячы гектараў, летась — 15 тысяч, а сёлета — 25 тысяч гектараў. Прычым гектар меліяраванай зямлі ў вобласці самы танны ў краіне, бо ў нашых умовах гэта можна зрабіць з параўнальна невялікімі затратамі.

Сёння Гродзеншчына вырабляе паўтара мільёна тон збожжа. Лічу, што з навядзеннем парадку на зямлі, уводам дадатковых плошчаў і павышэннем ураджайнасці мы можам рэальна выйсці на 2— 2,5 мільёна тон.

Прыватызацыя: сумленна, за рэальны кошт

— Я эканаміст, адным з першых у краіне паспрабаваў стварыць шэсць таварыстваў з абмежаванай адказнасцю на базе аднаго сельгаспрадпрыемства, разлічваючы на развіццё прыватнай ініцыятывы. Але потым убачыў, што людзі, якія, у маім разуменні, павінны стаць уласнікамі, па-ранейшаму кралі салярку і запчасткі нават са сваіх трактароў. І калі мяне запрасілі працаваць у Міністэрства сельскай гаспадаркі, то на пытанне, колькі часу неабходна для ўкаранення “прыватных” падыходаў па ўсёй краіне, я адказаў: 40 гадоў. Як і паводле Бібліі: для таго, каб зрабіць з рабоў свабодных людзей. Калі чалавек прызвычаіўся нядобрасумленна ставіцца да працы, то перавыхаваць яго вельмі цяжка. Гэта працяглы, эвалюцыйны працэс, і ў першую чаргу — светапоглядны. Павінна быць іншае стаўленне да людзей, справы.

Так, менавіта на аснове прадпрымальніцтва ўзмацнялася эканоміка практычна ўсіх развітых дзяржаў. І мы да гэтага прыйдзем. Ужо сёння вобласць атрымлівае 20 працэнтаў падаткаў ад бізнэс-супольніцтва, і я перакананы, што ў далейшым будзе значна больш. Але пры гэтым першапачатковае накапленне капіталу павінна быць сумленным.

Сістэма, па якой сёння ў нас магчымая прыватызацыя, дазваляе за мізэрныя грошы купіць магутнае прадпрыемства з вялізным прыбыткам і за кароткі тэрмін павялічыць свае даходы ў дзясяткі разоў. Хоць ва ўсім свеце ёсць падыходы, як рабіць прыватызацыю, адпаведныя методыкі. Там прадаюцца не акцыі па нейкіх балансавых ацэнках, а прадаецца бізнэс — у залежнасці ад структуры, сістэмы, па якой працуе прадпрыемства. Калі яно, умоўна, зарабляе ў год 2 мільёны долараў, то бярэцца разлік, дапусцім, на падставе пяці гадоў — значыць, прадпрыемства каштуе 10 мільёнаў. У нас жа атрымліваецца так, што кантрольны пакет акцый “Беллакта” можна было (што і зроблена аблвыканкамам) выкупіць усяго за 15 мільярдаў рублёў. А колькі трэба грошай, каб пабудаваць аналагічнае прадпрыемства? Не 15, а прыблізна 600—700 мільярдаў!

Альбо такі прыклад. Да мяне звярнуліся з аднаго будаўнічага прадпрыемства, якое сталі выстаўляць на продаж. Летась там набылі дадаткова тры экскаватары. Дык вось, гэтае прадпрыемства ацанілі… прыкладна ў цану нават не трох, а двух экскаватараў. Купіў прадпрыемства, потым, дапусцім, прадаў гэтыя два экскаватары і вярнуў свае грошы. І ў цябе па сутнасці бясплатна застаюцца дзясяткі адзінак тэхнікі, вялікая тэрыторыя, памяшканні. Гэта несумленны шлях, я супраць такой прыватызацыі.

Холдынгі: толькі без кампанейшчыны

— Холдынгі — “штука” зусім не новая, а вядомая яшчэ з ХІХ стагоддзя па работах вядомых вучоных-эканамістаў Чаянава і Кандрацьева. Гэта кааперацыя прадпрыемстваў у мэтах узаемнай выгады па пытаннях забеспячэння рэсурсамі, арганізацыі вытворчасці і збыту прадукцыі. Формы былі розныя — пулы, канцэрны, сіндыкаты, трэсты… Але кардынальным прынцыпам кааперацыі заўсёды было добраахвотнае жаданне ўдзельнікаў холдынга. У нас жа, такое ўражанне, адбываецца кампанейшчына. Яшчэ не ўбачылі эфектыўнасць першых холдынгаў — ствараем другія, трэція, прычым гэта робіцца зверху, часта без выслухоўвання меркаванняў працоўных калектываў і іх кіраўнікоў.

Як фарміруем холдынгі? Напрыклад, “МАЗ” забраў даволі паспяховае прадпрыемства — Гродзенскі механічны завод, які вырабляе, у прыватнасці, цыстэрны для малака, паліва. А вось завод у Лідзе па выпуску аўтобусаў ужо не цікавіць, бо ён цяпер у горшым эканамічным становішчы. Выбіраем “з булкі разынкі”, каб потым паказаць, што мы аб’ядналіся, і выраслі аб’ёмы вытворчасці?

А тых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы і маюць патрэбу ў дапамозе, холдынгі не датычацца?

На мой погляд, у падобным выкананні ў ідэі холдынгаў для нашай эканомікі перспектывы не будзе.

Мясцовае паліва: ацяпленне будзе таннейшым

— “Газавая труба” нас распесціла, мы недаацэньваем мясцовыя віды паліва. Хоць сёння ёсць эфектыўныя тэхналогіі па атрыманні цяпла і гарачай вады з выкарыстаннем біямасы. Ужо цяпер у паліўным балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці 25 працэнтаў займаюць драўняныя трэскі і торф. Да канца сёлетняга года выйдзем на 40, а ў наступным — больш чым на 50 працэнтаў. Лічу, што за тры-чатыры гады ўсе катлы ЖКГ павінны працаваць на трэсках, тым больш што яны вырабляюцца ў Беларусі. А катлы той магутнасці, якія ў нас пакуль не выпускаюцца, для буйных гарадоў, пэўна, трэба купіць за мяжой. Як гэта зроблена, напрыклад, у Пружанах, дзе такім чынам ацяпляецца практычна ўвесь райцэнтр — з атрыманнем і цеплавой, і электрычнай энергіі. У такіх кацельнях можна выкарыстоўваць і газ, і трэскі.

Само жыццё, ды і вопыт іншых краін падказваюць, што гэтым трэба вельмі актыўна займацца. Тым больш што біямасы ў нас хапае і ўжо сёння гігакалорыя цяпла з мясцовых рэсурсаў самая танная ў параўнанні з іншымі (пры выкарыстанні газу і трэсак — адпаведна 498 і 370 рублёў). Калі ж працэс задзейнічання трэсак удасканалім, то будзе яшчэ танней. Пры гэтым спатрэбіцца менш валюты на закупку газу, створым рабочыя месцы для нашых людзей, атрымаем падаткі.

Бюджэтныя грошы: у рамках калегіяльных рашэнняў

— Калі я пачынаў працаваць старшынёй аблвыканкама, то спачатку былі просьбы даць грошай на тое ці іншае, звярталіся і праз маіх сяброў, знаёмых. І калі б я хоць аднаму такім чынам пасадзейнічаў, то потым у прыёмнай увесь час былі б чэргі з хадакоў “па грошы”. Аднак гэты шлях бесперспектыўны, бо грошы трэба не атрымліваць праз знаёмствы, а зарабляць — на палях, фермах, прамысловых прадпрыемствах. Таму бюджэтныя сродкі ў вобласці размяркоўваюцца з удзелам усіх кіраўнікоў рэгіёнаў — яны тлумачаць, даказваюць, на што патрабуецца фінансаванне, і мы калегіяльна прымаем рашэнне. А я потым кантралюю, як у рамках гэтых рашэнняў выдаткоўваюцца грошы.

Прыярытэтныя аб’екты: не толькі кантроль

— Сёлета ў вобласці ажыццяўляецца маштабная праграма будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў сацыяльнай сферы — аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту. На гэтыя мэты з бюджэту выдаткавана 110 мільярдаў рублёў, і я амаль штодзённа бываю на будаўнічых аб’ектах. Не толькі дзеля кантролю: на душы прыемна, калі бачыш, як нешта важнае паляпшаецца, пашыраецца. І другое: сёння самая галоўная задача — не будаваць так, як раней, спадзеючыся толькі на будаўнічую арганізацыю (доўга можна чакаць, пакуль яна прыйдзе і зробіць), а праяўляць ініцыятыву. І сёння многія кіраўнікі актыўна задзейнічаюць гаспадарчы спосаб. Бюджэт дае сродкі на будматэрыялы, зарплату, а яны бяруць на працу работнікаў па дагаворы падраду. Такая задача пастаўлена, у прыватнасці, галоўным урачам раённых бальніц, актыўна працуюць гаспадарчым спосабам каля 300 устаноў адукацыі. Учора я глядзеў, як у адной установе культуры даволі хутка і за прымальныя грошы ажыццявілі капітальны рамонт вялізнага памяшкання з поўнай аддзелкай.

Зразумела, што на складаных аб’ектах, дзе немагчыма скарыстацца гаспадарчым спосабам, працуюць падрадныя арганізацыі. Сёлета завершана рэканструкцыя абласнога перынатальнага цэнтра з закупкай новага тэхналагічнага абсталявання. Працягваецца рэканструкцыя карпусоў абласной інфекцыйнай бальніцы, пачынаюцца рамонтныя работы ў абласным клінічным цэнтры “Фтызіятрыя”. Сярод аб’ектаў сёлетняй інвестыцыйнай праграмы таксама абласная станцыя пералівання крыві, псіханеўралагічная бальніца “Астроўля”, інтэрнат Гродзенскага медыцынскага каледжа, лячэбны корпус Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бальніцы і іншыя ўстановы аховы здароўя. А ў наступным годзе разлічваем ажыццявіць рэканструкцыю будынкаў былой чыгуначнай бальніцы пад стацыянар і паліклініку абласнога скурна-венералагічнага дыспансэра, а таксама пабудаваць дзіцячы корпус абласной інфекцыйнай бальніцы.

А што датычыцца спартыўных аб’ектаў, то ў нашых планах на наступны год буйны праект — будаўніцтва ў Гродне залы гульнявых відаў спорту для стварэння добрай трэніровачнай базы і правядзення спаборніцтваў на высокім узроўні.

Асабістыя захапленні: ужо не паляванне, а спорт

— Раней маім хобі было паляванне, аднак цяпер захапленне, звязанае са зброяй, для мяне, можа, не зусім прыгожае. Таму асноўнае хобі — спорт. Летась нават сам займаўся, але сёлета, на жаль, “заваліў” справу (спадзяюся, часова).
А як балельшчык, з задавальненнем хаджу на хакей, а таксама на баскетбол, валейбол. Перажываю, што пакуль не ўдаецца стварыць у Гродне добрую футбольную каманду. Пэўны патэнцыял у яе ёсць, але каманда яшчэ не сфарміравана, духу каманднага, на мой погляд, ёй не хапае.

Часу, каб адпачыць разам з сям’ёй, практычна няма. Зрэшты, чым менш бачышся з жонкай, тым лепей сямейныя адносіны (усміхаецца. — Б.П.). Увогуле я яшчэ ніводнага разу не быў у санаторыі. Калі бяру водпуск, то, як правіла, еду ў вёску, дзе ў маладосці пачынаў старшынёй калгаса, сустракаюся з землякамі. Аднак праз некалькі дзён ужо хочацца на працу. Дарэчы, самай цікавай для мяне была праца менавіта кіраўніка прадпрыемства. Ды і цяпер, на пасадзе старшыні аблвыканкама, праца цікавая, творчая.

Дачка сёлета закончыла школу і хоча вучыцца на юрыста. А сын заканчвае другі курс па той жа спецыяльнасці, што і я (эканоміка прыродакарыстання, сельскай гаспадаркі). Нядаўна пытаўся дазволу перавесціся на завочнае і пайсці працаваць у калгас. Атрымліваецца, бацька і дзед былі старшынямі калгаса, і яму туды хочацца. Праўда, з пераводам на завочнае навучанне я яго не падтрымаў. Павучыся, кажу, яшчэ два гады, і пойдзеш адукаваным працаваць.

//Барыс ПРАКОПЧЫК «Звязда»

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Первый месяц весны?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Гродно

Юные суворовцы побывали в гостях у гродненских пограничников

Хотите узнать больше? Сначала учащиеся Минского суворовского училища узнали, как проходит пограничный контроль для  граждан в пункте пропуска на железнодорожном вокзале в 90

6 причин приобрести оборудование для заведения общественного питания в «ФиделияТорг»

Хотите узнать больше? Собираетесь приобрести объект общественного питания? У вас уже есть ресторан или кафе, но вы не знаете, где выгоднее приобрести оборудование? Ваше 152

Туристы выбирают культурные туры

Хотите узнать больше? Туры в безвизовом режиме на территорию специального туристско-рекреационного парка «Августовский канал» и в Гродно становятся все более 87

Как видеокамеры помогают следить за состоянием магистралей зимой?

Хотите узнать больше? 12 дорожных измерительных станций и 7 точек видеонаблюдения отслеживают состояние республиканских автомагистралей на территории области. На балансе 138

Чем готовится впечатлить гостей столица областных «Дажынак»? (+программа)

Хотите узнать больше? Центральным событием областного фестиваля-ярмарки «Дажынкі-2016» станет подведение итогов работы аграрной отрасли и награждение победителей 107

В Островце торжественно открыли трехзвездочную гостиницу SunHotel

Хотите узнать больше? Инвестпроект реализовало турецкое ООО "Седнат". Строительство финансировалось турецким инвестором Игдеджи Седатом. В объект вложено около 12 127

Всегда был молод душой

Хотите узнать больше? 11 ноября не стало Василия Романовича Коломийца – ветерана Великой Отечественной войны, члена президиума областного совета ветеранов. Он прожил 122

На "Дажынках" наградили победителей областного соревнования

Хотите узнать больше? СРЕДИ РАЙОНОВ На уборке зерновых и зернобобовых культур 1 место – Гродненский район, председатель райисполкома Ян Василевский, первый заместитель 215