Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Мы жылі па-суседску…

Гэта сёння вуліца Дзяржынскага ў Ганцавічах — тэрыторыя суцэльнай забудовы. Добрыя, дагледжаныя дамы, сапернічаючы паміж сабой у архітэктурнай шыкоўнасці, стаяць па абодва яе бакі ад скрыжавання з вуліцай Праскурава да ззяючага шырокімі вокнамі-вачыма прасторнага будынка сярэдняй школы № 3. Напачатку ж 50-х гадоў мінулага стагоддзя на завулку Пралетарскім (так тады называлася вуліца) знаходзіліся не больш сямі невялічкіх драўляных хацін. Стаялі яны бязладна, нібы асобныя хутаркі, метраў за 50 — 100 адна ад адной. Свабоднае ж ад забудоў месца паміж імі займала пустэча, ці разбітыя пад дзялкі бульбы кавалкі няўдобіцы, якія ўдотык падыходзілі да скрыжавання сённяшніх вуліц Праскурава і Кастрычніцкай, на якім стаяў даўжэзны дашчаты барак, прыстасаваны пасляваенным людам пад жытло. Людзі-суседзі на завулку Пралетарскім цудоўна ведалі адзін аднаго, шчыра сябравалі. Калі ў каго-небудзь наспявала нейкая неадкладная работа, ладзілі яе дружнай талакой.

Мы жылі па-суседску…

Узбоч поля, на паўднёвай яго ўскраіне, сіратліва стаяла хата чалавека з дзіўным прозвішчам — Крывуць. Неўзабаве ў Крывуцёвай хаце пасялілася маладая пара — Толя і Ліда Рачыцкія. Ліда працавала медыцынскай сястрой у раённай бальніцы, а Анатоля пасля заканчэння ў абласным Пінску курсаў спажыўкааперацыі прызначылі дырэктарам сенабазы (была такая арганізацыя), куды з усяго раёна звозілася нарыхтаванае вяскоўцамі сена. Тут яно прасавалася ў цюкі, а потым па чыгунцы адпраўлялася ў розныя куткі Саюза, дзе ў ім адчувалася пільная патрэба.

Работа ў дырэктара сенабазы была сезоннай і прыпадала ў асноўным на лета і пачатак восені, калі на сяле вялася масавая касавіца траў. Астатні час выдаваўся не надта турботным і яго дырэктар мог скарыстоўваць па сваім жаданні. А жаданне ў галавы маладой сям’і, дзе нарадзілася дачушка, было адно: каб не здымаць кватэру і не туліцца па чужых кутках, Крывуцёў пастаялец задумаў пабудаваць уласны дом…

Для будаўніцтва свайго жылля дырэктар сенабазы ўпадабаў сабе месца побач з сядзібай Аляксея Вінніка, куды і звёз нарыхтаваныя ў свабодны ад работы час шлакабетонныя блокі.  І вось неўзабаве на былой пустцы выраслі спачатку падмурак, а потым сцены новага дома. Бачачы, як рупіцца на будоўлі новы сусед, чым маглі дапамагалі яму ў будаўніцтве Аляксей Віннік — адмысловы цясляр і муляр і мой бацька, які аднолькава добра валодаў  як  сталярным, так і  цяслярным рамяством.  Дзесьці праз год  маладая сям’я Крывуцёвых пастаяльцаў, якая чакала папаўненне, справіла наваселле.

Новы сусед аказаўся чалавекам дружалюбным і кампанейскім, і… вельмі сціплым. Нягледзячы на гэтую яго рысу характару, ён, як кажуць, прыйшоўся да двара. Ды, наогул, у тыя першыя пасляваенныя гады людзі былі вельмі дружнымі. Агульная бяда — вайна — зблізіла і згуртавала іх.

Доўгімі зімовымі вечарамі і цёплымі летнімі, суседзі часта збіраліся разам, то ў адной хаце, то ў другой, то на лавачцы на вуліцы. Анатоль Уладзіміравіч быў душой любой кампаніі — умеў і байку расказаць, і песню заспяваць. Пасля традыцыйнай чаркі  кампанія заводзіла песню, найчасцей, ваенную. Яно і зразумела: пасля заканчэння вайны не мінула і дзесяці гадоў і для людзей, якія перажылі вогненнае ліхалецце, даражэй чым  гэтыя песні, іншых проста не існавала. У такія  вечары  няспешна заходзіла гаворка і пра вайну, і пра нягоды, што давялося ўсім перажыць. Успаміналі амаль усе, аднак Рачыцкі ў такія размовы не ўступаў і ніхто з суседзяў нават не здагадваўся, што гэты чалавек — былы партызан і франтавік.

Першымі аб тым, што наш новы сусед — ветэран вайны, даведаліся мы, дзеці. Адбылося гэта выпадкова. Неяк, часта бываючы з дзецьмі Рачыцкіх у іх дома, мы ўбачылі здымак.  З яго глядзеў зухаваты малады вайсковец з сяржанцкімі лычкамі на пагонах, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі на грудзях. Без асаблівай цяжкасці мы пазналі ў ім дзядзьку Толю. Так і раскрылася тайна гэтага сціплага і непрыкметнага чалавека, нашага суседа.

…Нарадзіўся Анатоль Уладзіміравіч у вёсцы, з ласкавай назвай Ягадка, што на Міншчыне. Калі пачалася вайна, пайшоў у партызаны. Быў радавым байцом аднаго з атрадаў 120-й брыгады Магілёўскага партызанскага злучэння, а летам 1944 года, падчас наступлення  Савецкай Арміі,  стаў яе байцом. Вызваляў ад фашысцкіх заваёўнікаў многія беларускія, латвійскія і польскія гарады. З баямі, у якіх вылучыўся сваёй адвагай, даслужыўся да малодшага камандзіра,  дайшоў да Усходняй Прусіі. Тут немцы аказалі наступаючым савецкім войскам  адчайнае супраціўленне. Асабліва  жорсткія баі разгарэліся ў сакавіку 1945 года пры штурме горада-крэпасці Кёнігсберга. Горад быў  грунтоўна  ўмацаваны  і  ўзяць яго  адным прыступам  было проста немагчыма. Аднак непасільных задач, як паказала вайна,  для савецкіх салдат, загартаваных у незлічоных баях,  не  існавала. У першых шэрагах штурмуючых крэпасць знаходзіўся і сяржант Рачыцкі.  Ужо тройчы з байцамі сваёй роты ён хадзіў у атакі, у выніку  апошняй з якіх удалося замацавацца на ўскраіне горада.

Прарыў нашай роты не застаўся незаўважаным немцамі. Яны адкрылі па ёй шалёны агонь з усіх відаў зброі. Найбольш дакучалі савецкім байцам варожыя мінамёты, што білі па атакуючых амаль што прамой наводкай. Зямля, успоратая разрывамі снарадаў, здавалася, варушылася пад нагамі, нібы жывая.  Рота несла адчувальныя страты. І тады камандзір загадаў байцам ісці ў чарговую атаку, заняць бліжэйшы ад іх дом і там умацаваць агнявую пазіцыю. Першым падняўся з укрыцця сяржант Рачыцкі, прызыўна ўзмахнуў рукой, клічучы за сабой байцоў аддзялення. Імклівай лавінай ланцуг наступаючых хлынуў у бок намечанага дома. Яшчэ рывок, яшчэ хвіліна і жаданая мэта будзе дасягнута. На жаль, гэтай хвіліны сяржанту Рачыцкаму і не хапіла. Ззаду за ім аглушальна выбухнула міна. Яе асколак,  працінаючы цела невыносным болем, туманячы свядомасць, ударыў байцу ў спіну. Умомант усё наўкола сціхла, правалілася ў беспрасветную цемрадзь і баец, нібы падкошаны, зваліўся на зямлю. Ён ужо не чуў і не бачыў, як байцы яго аддзялення з пераможнымі, наводзячымі паніку на фашыстаў, крыкамі “Ура!”, уварваліся ў  дом, выбіваючы адтуль ашаломленых націскам гітлераўцаў. Да Дня Перамогі заставалася крыху больш за 25 дзён…

За той памятны бой многія байцы і афіцэры роты, у якой ваяваў Рачыцкі, удастоіліся ордэнаў і медалёў. Высокую баявую ўзнагароду — ордэн Чырвонай Зоркі — Анатолю Уладзіміравічу ўручылі ў  шпіталі, дзе ён і сустрэў радасную і светлую вестку аб капітуляцыі фашысцкай Германіі і заканчэнні Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля лячэння Анатоль Уладзіміравіч яшчэ некаторы час служыў у арміі, а ў 1946 годзе быў дэмабілізаваны па раненні. Вярнуўшыся дамоў, франтавік нікога з блізкіх людзей не знайшоў, больш таго, не ўбачыў і сваёй роднай Ягадкі: фашысты спапялілі, зруйнавалі з зямлёй вёску разам з многімі яе жыхарамі. Гэта потым ужо, у 50-х, яго адшукаў у Ганцавічах і пераехаў сюды жыць цудам уратаваны ў гады вайны малодшы брат Міхаіл…

…Жыццё ў Ганцавічах паступова вярталася  ў мірную каляіну, пакрысе забываліся жахі вайны. У новым доме, што пабудавалі Рачыцкія, у іх нарадзіўся сын Сяргей.  Хутка адпала і неабходнасць у сенабазе, якой загадваў былы франтавік. Па парадзе жонкі Лідзіі Лукінічны — на той час старшай аперацыйнай сястры  хірургічнага аддзялення райбальніцы — Анатоль Уладзіміравіч уладкаваўся туды на работу вадзіцелем. Так, за баранкай,  і адпрацаваў да самай пенсіі — ціха і непрыкметна, не пахваляючыся сваім баявым мінулым, узнагародамі за ратную працу, сярод якіх, акрамя ордэна Чырвонай Зоркі і медалёў, меў яшчэ і ордэн Айчыннай вайны першай ступені…

Гэтак жа сціпла і, тым не менш прыгожа і прыстойна, пражыла і Лідзія Лукінічна Берчанка (Рачыцкая), узнагароджаная за самаадданую працу ордэнам “Знак Пашаны”. На пенсію жанчына пайшла з пасады галоўнай медыцынскай сястры цэнтральнай раённай бальніцы.

Старэйшых Рачыцкіх няма ўжо сярод жывых. Але па-ранейшаму стаіць у Ганцавічах на вуліцы Дзяржынскага пабудаваны некалі руплівым гаспадаром са шлакабетонных блокаў дом.  Нашчадкі не спяшаюцца прадаваць  бацькоўскае жытло. За ім наглядае сын Рачыцкіх Сяргей. Любяць бавіць тут час і яго два сыны — унукі Анатоля Уладзіміравіча. Нярэдка наведваецца ў роднае гняздо і дачка Наталля з дзецьмі і ўнукамі з Брэста. Так што, род Рачыцкіх працягваецца, мажліва, хто-небудзь з сённяшніх нашчадкаў ветэрана ўпіша і сваю адметную старонку ў яго гісторыю…

Канстанцін МОХАР.

НА ЗДЫМКУ: А. У. Рачыцкі (на другім плане) з баявым таварышам.

 Фота з сямейнага

 архіва Сяргея Рачыцкага.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: 24 часа это - ?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Ганцевичей

Сацыяльнае жыллё, ільготныя крэдыты і арэнда Дзеці-сіроты ў Беларусі будуць атрымліваць жыллё на пяць гадоў

Хотите узнать больше? Гэта прадугледжана Указам нумар 460, які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прадугледжваецца комплексная карэкціроўка Указаў ад 6 531

Пераплат за паездку быць не павінна

Хотите узнать больше? З хвалюючым пытаннем у рэдакцыю раённай газеты звярнулася жыхарка горада Ганцавічы Валянціна Н. Жанчыну цікавіла чаму веруючыя, якія едуць на малебны 447

Пажар у Макаве

Хотите узнать больше? У сераду гарэў жылы дом у Макаве па вуліцы Гагарына. Праз 12 мінут з моманту паступлення паведамлення, пажарныя-выратавальнікі прыбылі на месца 422

Ініцыятыва

Хотите узнать больше? Нядаўна на аўкцыёне прададзены будынак былой Боркаўскай школы. Яго набыў ураджэнец вёскі Хатынічы за 162 мільёны рублёў і ў наступным годзе плануе на 330

На КПД новы дырэктар (абноўлена)

Хотите узнать больше? На мінулым тыдні назначаны і прадстаўлены працоўнаму калектыву новы дырэктар Ганцавіцкага камбіната панэльнага домабудавання, якім стаў Мікалай 558

Апетыт залежыць ад пасады?

Хотите узнать больше? Чарговыя спробы крадзяжу рыбы на рыбгасе “Лактышы” прадухілілі супрацоўнікі пракуратуры раёна і райаддзела ўнутраных спраў на мінулым тыдні. Прычым 383

“Прямая телефонная линия” с руководителем Ганцевичского района

Хотите узнать больше? 21 ноября 2015 года с 9.00 до 12.00 по телефону 2-13-41 проведет “прямую линию” председатель Ганцевичского райисполкома Александр Павлович 399

“Мая прафесія — гонар маёй краіны”

Хотите узнать больше? За сорак гадоў існавання ўстановы адукацыі “Ганцавіцкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” склаліся свае традыцыі. Адной з іх з’яўляецца агляд 475