Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Лёс з прысмакам мёду і горыччу палыну

Жыхарцы вёскі Ганцавічы Домне Тарасаўне Клявец споўнілася 90 гадоў. Цудоўны ўзрост, паважаны, поўны годнасці і самавітасці. Павіншаваць юбілярку прыйшлі дзве дачкі — Наталля і Лідзія, праўнукі Уладзік і Настачка, даўнія сябры — Уладзімір Малафей і яго жонка Кацярына, госці з мясцовага Дома народнай творчасці. Расчуленая ад такой шчырай увагі, Домна Тарасаўна сардэчна сустрэла ўсіх, хто завітаў да яе ў хату…

Жыццё пражыць — не поле перайсці. Гэтая мудрая народная прыказка ў поўнай меры датычыцца Домны Тарасаўны Клявец. Яна не прывыкла скардзіцца на свой лёс, за столькі гадоў усё спазнала: і горыч непапраўных страт, і слодыч ад усведамлення сваёй годнасці. Не так проста прыйсці да высновы, што ты вельмі патрэбная родным і блізкім, знаёмым і незнаёмым людзям. Яшчэ больш складана мужна пераадольваць, не зважаючы ні на што, жыццёвыя цяжкасці. Больш таго, трэба валодаць непахіснай вытрымкай, каб усміхацца скрозь слёзы…

Лёс пастаянна выпрабоўваў і загартоўваў Домну Тарасаўну. Здаецца, звычайная вясковая жанчына, а колькі ўсяго — і добрага, і дрэннага, пабачыла на сваім доўгім вяку. Трэба мець сапраўды моцны і рашучы характар, каб дастойна ісці па жыцці.

Нарадзілася Домна Тарасаўна, як яна сама гаворыць, яшчэ пры панскай Польшчы. У бацькоўскай сям’і было чацвёра дзяцей: дзве дачкі і два сыны. Яна — самая старэйшая. Скончыла чатыры класы польскай школы, вучылася добра. Была надзейнай памочніцай маці. Здольная дзяўчынка неўзабаве навучылася прасці кудзелю, ткаць на кроснах палатно, вышываць ручнікі, наогул, увіхацца ў хаце, на падворку і агародзе. Тыя юнацкія гады Домна Тарасаўна ўспамінае з прытоеным смуткам у вачах. Шмат часу прайшло, а здаецца, што ўсё было толькі ўчора.

Першы раз замуж выйшла ў 1942 годзе, калі грымела вайна. Мужа Васіля, разам з іншымі вяскоўцамі, фашысты ганялі на прымусовыя работы ў лес нарыхтоўваць драўніну. Там родны чалавек і загінуў. Не пражыла і  года дачушка Ганька — памерла ад дызентэрыі. Вялікае гора напаткала маладую жанчыну. Каб не скарыцца, поўнасцю аддавалася рабоце. Штодзённыя клопаты паступова загойвалі сардэчныя раны.

Пасля выгнання акупантаў Домна стала больш упэўненай у сваіх сілах і магчымасцях, раз-пораз на твары з’яўлялася ўсмешка. Не прайшло і двух пасляваенных гадоў, як на жыццёвым шляху працавітай вяскоўкі сустрэўся Мікалай, былы франтавік, які разам з іншымі байцамі штурмаваў  Берлін. Нічога, што ўдавец, яна ж сама ўдава, нічога, што мае сына-школьніка Косціка, будзе і ёй сынам, нічога, што гаспадар часта хварэе, затое герой!   Хутка ў вясковай хаце загучалі звонкія дзіцячыя галасы. Адна за адной нарадзіліся дзве дачушкі — Наталля і Лідзія. Здавалася, жыць ды радавацца кожнаму дню. Аднак нядоўгім было жаночае шчасце. Мікалай моцна занядужаў і неўзабаве памёр.

Засталася маладая маці з трыма дзецьмі. Вядома, вельмі цяжка было адной гадаваць іх, ставіць, як гавораць, на ногі. Ды ўсё вытрымала Домна. У мясцовым калгасе працавала паляводам. Трымала кароўку, свіней, індыкаў і курэй. Выкарміла цялятка і прадала, каб купіць швейную машынку. У суседзяў навучылася шыць, рабіць выкрайкі. У той час у калгасе налічвалі працадні, грошай не плацілі. А трэба ж было і апранаць дзяцей, і карміць. Даводзілася шыць па начах. Спагадлівыя людзі рабілі заказы — то на кашулю, то на сукенку.

Ішлі дні за днямі, месяцы за месяцамі. Неўзабаве Домна памяняла месца работы, перайшла працаваць на жывёлагадоўчую ферму. Жыла з дзецьмі паблізу вёскі, на хутары, у мужавай хаце. Старэнькая была будыніна, парахнявая, ды і зямелька не надта ўрадлівая: гара з плямінамі жоўтага пяску. На ферме, вобразна кажучы, таксама было не салодка. Праца — цяжкая, усё даводзілася рабіць уручную: цягаць вёдры з кормам, касіць траву цялятам. А іх, маленькіх жывёлін, ажно 75 галоў!

Неўзабаве ў калгасе сталі плаціць грошы. Усе зберажэнні Домна ўкладвала ў будаўніцтва сваёй новай хаты. Узводзіць жытло дапамагалі добрыя людзі. Неўпрыкмет выраслі дзеткі. Дочкі павыходзілі замуж, нарадзіліся першыя ўнукі. Ды і работа на ферме стала лягчэйшай, з’явіліся трактары, механізмы.

Увішнасць і адказнасць вопытнай цялятніцы прынеслі не толькі павагу і аўтарытэт, але і заслужаныя ўзнагароды. Да медалёў “За працоўную доблесць” і “Ветэран працы” ў красавіку 1971 года далучыўся ордэн “Знак Пашаны”. Домна Тарасаўна двойчы выбіралася дэпутатам Ганцавіцкага раённага і Любашаўскага сельскага Саветаў, была народным засядацелем у судзе.

Дочкі засталіся жыць у роднай вёсцы. Старэйшая, Наталля, працавала паляводам, памочнікам брыгадзіра, малодшая, Лідзія, — бухгалтарам у мясцовым калгасе. Яны пастаянна наведваюць сваю маці, дапамагаюць ёй па гаспадарцы.

Не скардзіцца на свой лёс Домна Тарасаўна. Усё ж, ён не толькі з горыччу палыну, але і з прысмакам мёду. У паважанай і самай старэйшай вясковай жанчыны ёсць чацвёра ўнукаў, адзінаццаць праўнукаў і адна прапраўнучка. Хіба гэта не шчасце — мець столькі нашчадкаў, родных і дарагіх людзей!

— Я і зараз не магу сядзець без справы, — шчыра прызнаецца Домна Тарасаўна. — Варушуся, бо інакш не магу. Вясною ўскопваю градкі, саджу памідоры, цыбулю, змагаюся з пустазеллем. Калі штосьці раблю, лягчэй становіцца на душы. Нездарма  кажуць, што рух — гэта жыццё. І яшчэ. Што б ні балела ў мяне, слёзы будуць сыпацца, а стагнаць ніколі не стану.

…З юбілейным днём нараджэння Домну Тарасаўну першымі павіншавалі даўнія знаёмыя, жыхары горада Ганцавічы муж і жонка Уладзімір і Кацярына Малафеі. Яны былыя вяскоўцы, родам з Чарнігаўскай вобласці, што ва Украіне. У свой час Уладзімір, калі служыў старшым прапаршчыкам, кватараваў тут. Яго жонка Кацярына працавала ў воінскай часці служачай. Спадабалася сямейнай пары Ганцаўшчына, стала другой радзімай.

Домна Тарасаўна лічыць Уладзіміра сваім сынам. У сваю чаргу Уладзімір называе гаспадыню  другой мамай.

Песняй павіншавалі юбілярку прадстаўніцы мясцовага Дома народнай творчасці. Гасцінная гаспадыня не хавала радасці, усіх аддзячыла спагадлівымі, ад шчырага сэрца, словамі.

Здароўя і шчасця вам, паважаная Домна Тарасаўна! Хай заўсёды ў вашым жыцці будуць толькі светлыя, сонечныя дні!

Міхась АРЭШКА.

Лёс з прысмакам мёду і горыччу палыну

 Злева направа: першы рад — праўнук Уладзік, юбілярка Домна Тарасаўна Клявец, праўнучка Настачка, дырэктар Дома народнай творчасці Валянціна Занька, другі рад — кіраўнік узорнага аматарскага аб’яднання “Спадчына” Вераніка Швайка, бібліятэкар мясцовай сельскай бібліятэкі Вера Кладзько, Уладзімір Малафей і яго жонка Кацярына.

Фота Міхася АРЭШКІ.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Сколько лет в веке? (ответ числом)

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Ганцевичей

Сацыяльнае жыллё, ільготныя крэдыты і арэнда Дзеці-сіроты ў Беларусі будуць атрымліваць жыллё на пяць гадоў

Хотите узнать больше? Гэта прадугледжана Указам нумар 460, які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прадугледжваецца комплексная карэкціроўка Указаў ад 6 527

Пераплат за паездку быць не павінна

Хотите узнать больше? З хвалюючым пытаннем у рэдакцыю раённай газеты звярнулася жыхарка горада Ганцавічы Валянціна Н. Жанчыну цікавіла чаму веруючыя, якія едуць на малебны 445

Пажар у Макаве

Хотите узнать больше? У сераду гарэў жылы дом у Макаве па вуліцы Гагарына. Праз 12 мінут з моманту паступлення паведамлення, пажарныя-выратавальнікі прыбылі на месца 415

Ініцыятыва

Хотите узнать больше? Нядаўна на аўкцыёне прададзены будынак былой Боркаўскай школы. Яго набыў ураджэнец вёскі Хатынічы за 162 мільёны рублёў і ў наступным годзе плануе на 326

На КПД новы дырэктар (абноўлена)

Хотите узнать больше? На мінулым тыдні назначаны і прадстаўлены працоўнаму калектыву новы дырэктар Ганцавіцкага камбіната панэльнага домабудавання, якім стаў Мікалай 551

Апетыт залежыць ад пасады?

Хотите узнать больше? Чарговыя спробы крадзяжу рыбы на рыбгасе “Лактышы” прадухілілі супрацоўнікі пракуратуры раёна і райаддзела ўнутраных спраў на мінулым тыдні. Прычым 379

“Прямая телефонная линия” с руководителем Ганцевичского района

Хотите узнать больше? 21 ноября 2015 года с 9.00 до 12.00 по телефону 2-13-41 проведет “прямую линию” председатель Ганцевичского райисполкома Александр Павлович 395

“Мая прафесія — гонар маёй краіны”

Хотите узнать больше? За сорак гадоў існавання ўстановы адукацыі “Ганцавіцкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” склаліся свае традыцыі. Адной з іх з’яўляецца агляд 471