Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

У “Багачы” — як у блізкай радні

У “Багачы” — як у блізкай радні

Калі б мне давялося выбіраць брэнд Ганцаўшчыны, наўрад ці справілася б з такой надзвычай адказнай задачай — настолькі адметная, каларытная наша старонка. Адметная не толькі сваёй прыродай, населенымі пунктамі, але і працавітымі, сціплымі людзьмі, народнымі традыцыямі і рамёствамі, якія яны беражліва захоўваюць і добразычліва, трапятліва перадаюць з пакалення ў пакаленне. Дзякуючы гэтаму ў многіх вёсках нашага раёна і па сённяшні дзень жанчыны займаюцца ткацтвам, а ручнікі ганцавіцкіх майстрых вылучаюцца дзівоснымі ўзорамі, жыццесцвярджальным чырвоным колерам, іх ільняной асновай. Непаўторныя на Ганцаўшчыне і тканыя паясы, у вясёлкавых стужках якіх — сімвалы маці-зямліцы, бацюхны-хлеба, радасці-сонца, скарбу-жыцця. Ёсць прадаўжальнікі справы вядомых сталяроў і цесляроў, рэзчыкаў па дрэве, ганчароў, здзіўляюць сваімі чароўнымі вырабамі майстры па пляценні з саломкі, лазы, сапраўдныя шэдэўры-палотны ствараюць вышывальшчыцы, а звязаныя кручком карункі і сурвэткі асобных майстрых могуць сапернічаць з вытанчанымі ўзорамі, што малюе зімою на вокнах мароз, і сняжынкамі-дыяментамі, што кружацца ў чыстым паветры.

Што ні вёска ў нашым раёне, то свае адметныя майстры жывуць там. Іх сотні! Як было не аб’яднаць іх, аднадумцаў, рупліўцаў, захавальнікаў і прадаўжальнікаў старадаўніх рамёстваў! Так па ініцыятыве адной з апантаных прыхільніц дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рукадзельніцы і на той час метадыста аддзела культуры райвыканкама Марыі Мухі і быў створаны ў 1996 годзе клуб майстроў з такой прыгожай і сімвалічнай назвай “Багач”. А на наступны год у нашым горадзе быў адкрыты раённы Дом рамёстваў, які і ўзначаліла Марыя Іванаўна, і які стаў прыцягальным цэнтрам для ўсіх, хто любіць і цэніць народную творчасць, хто мае вялікі вопыт у тым ці іншым відзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і хто толькі робіць першыя крокі. Сюды, як у родную хату, мог зайсці і атрымаць добрую параду любы прыхільнік і аматар рукадзелля, тут пачалі ладзіцца выставы работ умельцаў Ганцаўшчыны, працаваць разнастайныя гурткі, праводзіцца цікавыя сустрэчы з вядомымі народнымі майстрамі вобласці і краіны, майстар-класы з імі, абласныя і рэспубліканскія семінары, праходзіць пасяджэнні членаў клуба “Багач”, а колькасць жадаючых уліцца ў яго дружную сям’ю расла.

Вынікам карпатлівай працы тагачаснага дырэктара раённага Дома рамёстваў Марыі Мухі, якая аб’ездзіла і абышла кожную вёсачку, пазнаёмілася, бадай, з кожным майстрам, па крупінках збірала звесткі пра народныя рамёствы Ганцаўшчыны, экспанаты для гэтай установы, прылады для ткацтва і рукадзелля і многае іншае, стала створаная змястоўная база для работы яе маленькага калектыву. Маленькага, але ўдалага: кожны, хто працаваў і працуе тут зараз, — сапраўдныя майстры сваёй справы. А што гэта так, сведчыць добрая слава і пра ганцавіцкі Дом рамёстваў, і пра яго калектыў, і пра майстроў, якіх ён узяў пад сваё надзейнае крыло. Яны сталі і застаюцца цяпер жаданымі ўдзельнікамі разнастайных урачыстых свят раённага і абласнога маштабаў, у тым ліку выстаў майстроў на “Славянскім базары”, фестываляў народнай творчасці і народных рамёстваў. А прызнанне не можа быць без высокіх адзнак яго. Атрыманы граматы і дыпломы, у тым ліку і кіраўніком установы. Адна з вядомых майстрых Ганцаўшчыны Феанія Крысюк першай у раёне атрымала званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Цяпер яго маюць ткачыхі Ульяна Віннік з Борак і Ніна Казак з Хатыніч. А калектыў раённага Дома рамёстваў быў узнагароджаны ў пачатку 2011 года спецыяльнай Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за адраджэнне і захаванне народных рамёстваў, далучэнне моладзі да традыцыйнай культуры.

Цяпер Марыя Муха на заслужаным адпачынку, а раённы Дом рамёстваў узначаліла і працягвае яе справу малады спецыяліст Маргарыта Саланевіч. Марыя Іванаўна задаволена: Маргарыта Аляксандраўна — дзяўчына ініцыятыўная, актыўная, дзейсная, настойлівая, яна моцна трымае ў руках славу ганцавіцкіх майстроў і прымнажае яе.

У цяперашняга кіраўніка шмат цікавых задумак і планаў, у тым ліку і на гэты год. У прыватнасці, Дом рамёстваў у рамках дзяржаўнай праграмы адраджэння слуцкіх паясоў будзе актыўна працаваць над адраджэннем ткацтва нашых традыцыйных паясоў і стварэннем на аснове іх сувеніраў. Маргарыта Аляксандраўна пазнаёміла членаў клуба “Багач” з распрацаваным планам у гэтым і іншым напрамках на нядаўнім яго пасяджэнні. Паколькі будынак, дзе размяшчаецца раённы Дом рамёстваў, на капітальным рамонце, прымаў багачоўцаў калектыў раённай дзіцячай бібліятэкі, з якім у іх даўнія, цёплыя, шчырыя сяброўскія сувязі.

На першую ў гэтым годзе сустрэчу прыйшлі тыя, хто даўным-даўно ведае адзін аднаго, каго звязваюць агульныя захапленні і тыя, хто толькі нядаўна асмеліўся ўступіць у клуб. Сярод іх была і рукадзельніца з Хатыніч Лілія Казак. Прыкмеціла, як уважліва, зацікаўлена яна слухала і дырэктара Дома рамёстваў Маргарыту Саланевіч і  Марыю Муху, якая па-ранейшаму ўзначальвае работу клуба майстроў “Багач”, і рукадзельніц са стажам, прызнаных і вядомых. І калі Марыя Іванаўна пазнаёміла з ёю ўдзельнікаў пасяджэння, Лілія Браніславаўна, не хаваючы сваёй радасці з нагоды такой сустрэчы з рукадзельніцамі,  шчыра прызналася: “Я толькі зайшла сюды, убачыла вас і, здаецца, ужо даўно знаёма з усімі. Я буду з вамі”. Яе зямлячка Надзея Ярашэвіч, нястомная працаўніца, удзельніца фальклорнага гурта “Хатовічы” і апантаная рукадзельніца назвала калектывы “Багача” і дзіцячай бібліятэкі шчодрай сям’ёй, блізкай раднёй. Так можа сказаць чалавек, які любіць і беражэ народныя рамёствы, цэніць творчасць іншых, бачыць і адчувае ў іх сваіх аднадумцаў.

І пра што могуць гаварыць роднасныя душы, як не пра свае захапленні, задумкі, мары? Яўгенія Станкевіч, залатыя рукі якой ствараюць надзвычай акуратныя, далікатныя вырабы, прапанавала і надалей наладжваць творчыя паездкі, сустрэчы з народнымі майстрамі. Дырэктар Дома народнай творчасці Валянціна Занька марыць наведацца да народных умельцаў у вёсцы Ганцавічы, дзе яна жыве і працуе і ў якіх чэрпае натхненне. А свае пажаданні калегам выказала цёплымі  словамі з песні, якую задушэўна праспявала. У сваёй шчырай любові да народных рамёстваў, якія натхняюць іх, робяць кожны дзень святам,  прызнаваліся ткачыхі Ульяна Віннік і Ніна Казак. Галіна Пупач, стваральніца чароўных карункавых вырабаў, параіла багачоўцам быць разам, не мінаць карысных паездак і экскурсій, якія прапаноўвае ўмельцам Маргарыта Аляксандраўна і арганізоўвае іх. А яшчэ выказала пажаданне, каб і “Багач” стаў народным калектывам. І для гэтага ёсць усё.  Дырэктару раённага Дома рамёстваў Маргарыце Саланевіч давялося выдаць таямніцу: матэрыял для прысваення ганаровага звання “Багачу” рыхтуецца.  Хай жа збудуцца ўсе вашы мары, ахоўнікі самай каштоўнай спадчыны продкаў — народных рамёстваў. А яшчэ няхай у вясёлым карагодзе слуцкіх паясоў, брэнда нашай краіны, кружацца яркай вясёлкай і паясы нашай Ганцаўшчыны.

Марыя ВІННІК. Фота аўтара.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Первый месяц весны?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Ганцевичей

Сацыяльнае жыллё, ільготныя крэдыты і арэнда Дзеці-сіроты ў Беларусі будуць атрымліваць жыллё на пяць гадоў

Хотите узнать больше? Гэта прадугледжана Указам нумар 460, які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прадугледжваецца комплексная карэкціроўка Указаў ад 6 533

Пераплат за паездку быць не павінна

Хотите узнать больше? З хвалюючым пытаннем у рэдакцыю раённай газеты звярнулася жыхарка горада Ганцавічы Валянціна Н. Жанчыну цікавіла чаму веруючыя, якія едуць на малебны 448

Пажар у Макаве

Хотите узнать больше? У сераду гарэў жылы дом у Макаве па вуліцы Гагарына. Праз 12 мінут з моманту паступлення паведамлення, пажарныя-выратавальнікі прыбылі на месца 424

Ініцыятыва

Хотите узнать больше? Нядаўна на аўкцыёне прададзены будынак былой Боркаўскай школы. Яго набыў ураджэнец вёскі Хатынічы за 162 мільёны рублёў і ў наступным годзе плануе на 332

На КПД новы дырэктар (абноўлена)

Хотите узнать больше? На мінулым тыдні назначаны і прадстаўлены працоўнаму калектыву новы дырэктар Ганцавіцкага камбіната панэльнага домабудавання, якім стаў Мікалай 560

Апетыт залежыць ад пасады?

Хотите узнать больше? Чарговыя спробы крадзяжу рыбы на рыбгасе “Лактышы” прадухілілі супрацоўнікі пракуратуры раёна і райаддзела ўнутраных спраў на мінулым тыдні. Прычым 384

“Прямая телефонная линия” с руководителем Ганцевичского района

Хотите узнать больше? 21 ноября 2015 года с 9.00 до 12.00 по телефону 2-13-41 проведет “прямую линию” председатель Ганцевичского райисполкома Александр Павлович 403

“Мая прафесія — гонар маёй краіны”

Хотите узнать больше? За сорак гадоў існавання ўстановы адукацыі “Ганцавіцкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” склаліся свае традыцыі. Адной з іх з’яўляецца агляд 476