Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Такім ён чалавекам быў…

25 жніўня былому рэдактару райгазеты, заслужанаму дзеячу культуры БССР, журналісту, пісьменніку В. Ф. Праскураву споўнілася б 88 гадоў. Гэты чалавек пакінуў глыбокі след у жыцці Ганцаўшчыны. З нагоды ўшанавання яго памяці праводзіцца турнір па футболе. Мы таксама прапануем увазе чытачоў успаміны былога галоўнага рэдактара “Савецкага Палесся”, вучня, паплечніка Праскурава, Канстанціна Мохара, аб гэтым цікавым чалавеку.

Такім ён чалавекам быў…

Імя Васіля Фёдаравіча Праскурава — вядомага публіцыста і празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя П. М. Лепяшынскага, заслужанага дзеяча культуры БССР, лаўрэата прэміі  Саюза журналістаў СССР залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю беларускай журналістыкі і нацыянальнай літаратуры. Асабліва адметных поспехаў ён дасягнуў  у галіне нарыса. Ягоныя творы — гэта не проста ўзоры выдатнага публіцыстычнага жанру, а самая што ні на ёсць высокамастацкая проза. Менавіта так сцвярджаў вядомы  беларускі літаратуразнаўца і пісьменнік, прафесар Уладзімір  Андрэевіч Калеснік: “Лепшыя нарысы Васіля Праскурава хочацца паставіць на адной паліцы з вядомай кнігай Веры Палтаран “Дзівасіл”. Ён таксама імкнецца дасягнуць таго сінтэзу лірыкі з драматычным бачаннем свету, які ў жыцці сведчыць пра паўнакроўнасць працякання жыццёвых працэсаў, а ў мастацкіх творах — пра гуманістычную сілу пачуццяў, жыццёвасць думак, адным словам — талент”.

У. Калеснік не адзіны ў сваіх меркаваннях. Амаль тое ж, але з уласцівай яму трапнай дакладнасцю і празарлівасцю  падкрэсліваў знакаміты вучоны, прафесар, доктар філалагічных навук, адмысловы публіцыст, прызнаны “бацька беларускай журналістыкі” Барыс  Васільевіч Стральцоў:  “Васіль Праскураў — нарысіст уласнай, жыццём абумоўленай  і жыццём падказанай тэмы.  Кожны яго нарыс — асобны інструмент аднаго аркестра. У кожнага інструмента свой голас, свой тэмбр, а разам яны зліваюцца ў адну задуменную сімфонію народнага жыцця”.

Гэтыя шчырыя словы вядомых людзей цалкам супадаюць з памкненнямі самога В. Ф. Праскурава, з тым, аб чым ён марыў, чым жыў, чым быў шчаслівы, у чым бачыў сэнс свайго зямнога існавання — з роднай Бацькаўшчынай. Пераканаўчым доказам сказанаму ягоныя словы: “Зямля нашай Бацькаўшчыны! Ты спарадзіла нас, і мы ўсе, як адзін, твае даўжнікі. Адвечныя. Да скону дзён, і ў кожнага з нас ёсць адзін-адзінюткі запавет-мара: зрабіць цябе яшчэ больш прыгожай і шчаснай.

Хвала таму, хто імкнецца да гэтага праз усё жыццё — і ў дзень пагодны, і ў нягоду”.

Кіруючыся гэтым, В. Ф. Праскураў усё сваё жыццё прысвяціў роднай Бацькаўшчыне, яе шчырым, працавітым людзям. І пакінуў пасля сябе глыбокі след — сем кніжак публіцыстыкі і прозы.

Пра пісьменніка і слыннага журналіста В. Ф. Праскурава многа сказана, і напісана, і, перакананы, шмат яшчэ будзе гаворана. Мне ж сёння хочацца згадаць пра яго не толькі як пра літаратара, але і як пра чалавека, блізкага сябра нашай сям’і, майго першага  настаўніка, урэшце, як пра чалавека, які ў гады бесклапотнага юнацтва паўплываў на мой далейшы жыццёвы лёс, прадвызначыў выбар прафесіі.

Наша першае знаёмства з Васілём Фёдаравічам павінна было адбыцца яшчэ ў далёкім 1959-м годзе. Тады я вучыўся ў сёмым класе. Як і многія  мае аднагодкі,  пісаў вершы, дасылаў заметкі ў газеты. Дык вось, аднойчы настаўніца беларускай мовы ці піянерважатая (на жаль, дакладна не памятаю, але прозвішча яе, здаецца было Ільюкевіч)  прачытала мае “творы” і расказала пра іх В. Ф. Праскураву, а той, у сваю чаргу, пажадаў бліжэй пазнаёміцца з юным “паэтам” і даць яму некалькі слушных парад. Праз тую ж настаўніцу Васіль Фёдаравіч запрасіў мяне да сябе ў рэдакцыю раённай газеты “Сялянская праўда”, дзе на той час працаваў літсупрацоўнікам. Да слова будзе сказана, побач з Праскуравым у тыя гады ў “Сялянскай праўдзе” шчыравалі будучыя вядомыя паэты Міхась Рудкоўскі і Іван Кірэйчык, вучоныя Міхась Дубянецкі, Сяргей Дзерышаў, Мікалай Галенка. Але наша сустрэча не адбылася. Калі я пераступіў парог  рэдакцыі, яна знаходзілася ў тым жа будынку, што і цяпер (праўда, зараз абноўленым), з-за дзіцячай нясмеласці спалохаўся нязвыклай цішыні ў калідорах, грознага, як мне падалося, перастуку пішучай машынкі за сценкай і… уцёк.

Блізкае знаёмства з Васілём Фёдаравічам, якое спакваля перарасло ў супрацоўніцтва, пачалося крыху пазней — недзе на пачатку 1963 года. На той час Ганцавіцкі раён быў скасаваны і яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Ляхавіцкага. У сілу гэтых абставін, В. Ф. Праскураў пачаў працаваць у Ляхавіцкай райгазеце “Будаўнік камунізму” намеснікам рэдактара. У гэтай жа газеце  неўзабаве  была апублікавана падборка маіх вершаў, а потым, з лёгкай рукі Праскурава, я пачаў рэгулярна пісаць, стаў  пазаштатным карэспандэнтам “раёнкі”.

Нярэдка, будучы карэспандэнтам “Будаўніка камунізму” па так званай “ганцавіцкай зоне”, Праскураў браў мяне з сабой у камандзіроўкі.  Гэта былі ўрокі практычнай вучобы, на якіх настаўнікам выступаў мой старэйшы і вопытны калега. Выдатна памятаю нашу першую вандроўку разам з ім у прыгараднае Любашава. Тут, на месцы, Васіль Фёдаравіч не толькі падказаў мне аб чым  пісаць, але і як напісаць.

У выніку, у ляхавіцкай раёнцы з’явілася некалькі маіх карэспандэнцый, праўда, нязначных па памерах, затое адпавядаючых патрабаванням жанру. Асабліва вялікім поспехам для мяне быў наш сумесны рэпартаж з калгаса “Светлы шлях” (в. Кукава) пра жніво, які заняў ажно цэлую паласу. Падобных па памерах матэрыялаў я дагэтуль не пісаў, таму і запомніў яго на ўсё жыццё.

Сапраўды лёсавызначальным стаў для мяне 1964 год — год заканчэння сярэдняй школы. У руках — атэстат сталасці, наперадзе выбар далейшай жыццёвай дарогі. Ваенкамат рэкамендаваў мяне для паступлення ў Сызранскае вышэйшае ваеннае лётнае вучылішча. Аб маім рашэнні стаць лётчыкам даведаўся Васіль Фёдаравіч. Не памятаю ўжо колькі ён мяне адгаворваў ад падобнай задумы, якія аргументы прыводзіў маім бацькам, але пераканаў усіх. Мае дакументы неўзабаве ляглі на стол прыёмнай аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта  Белдзяржуніверсітэта. Так пад уплывам Васіля Фёдаравіча і вызначыўся мой далейшы лёс, была абрана прафесія, якой я аддаў сорак пяць гадоў.

Такім ён чалавекам быў…

Васіль Фёдаравіч быў чалавекам выключным ва ўсіх адносінах. Мяне заўсёды ўражвала ягоная ўчэпістая памяць. Ён мог гадзінамі цытаваць на памяць паэтычны раман Аляксандра Пушкіна “Евгений Онегин”, “Новую зямлю” Якуба Коласа, творы вядомых і малавядомых паэтаў. Менавіта фенаменальная памяць дазволіла дэмабілізаванаму воіну  закончыць спачатку сярэднюю школу, потым Брэсцкую гандлёвую школу, пазней — з чырвоным дыпломам Белдзяржуніверсітэт. Дарэчы, на факультэце журналістыкі за трывалыя веды яго паважалі, прыслухоўваліся да праскураўскай думкі. Згадваю выпадак, калі Васіль Фёдаравіч здаваў дзяржаўныя  выпускныя экзамены ва ўніверсітэце. Здаў, як заўсёды, на “выдатна”, а вось яго аднакурснік і калега па “Сялянскай праўдзе” Іван Кірэйчык экзамен “заваліў”, а, значыць, мог жаданага дыплома так і не атрымаць. Тады Праскураў заступіўся за Івана перад членам экзаменацыйнай камісіі прафесарам Е. Бондаравай, а тая ў сваю чаргу, перад усёй камісіяй, і Кірэйчыку “ў выглядзе выключэння” дазволілі пераздачу. Такі вялікі аўтарытэт не толькі сярод студэнтаў, але і выкладчыкаў меў Васіль Фёдаравіч.

А яшчэ В. Ф. Праскураў вельмі любіў і дасканала ведаў родную беларускую мову, цаніў трапнае слова, ёмкую, лаканічную думку, дасціпныя народныя выслоўі, мудрыя прымаўкі палешукоў. Ніколі не забуду такі выпадак. Я прынёс Праскураву некалькі сваіх новых вершаў. Ён уважліва  прачытаў іх і мовіў: “Ведаеш, нядрэнна, але можна было б і лепш. Не хапае нейкай “ізюмінкі”. Вучыся трапнасці і вобразнасці”. І ў якасці прыкладу прывёў мне толькі адзін радок з верша, тады яшчэ малавядомага маладога паэта Рыгора Барадуліна. Падарожнічаючы разам з іншымі беларускімі паэтамі па Волзе і адлюстроўваючы багацце расійскага Заволжжа той напісаў: “Мне дарогу Волга з поўным перайшла…”. “Бачыш, якая здзіўляючая вобразнасць!, — захапляўся Васіль Фёдаравіч. —  Вось так трэба пісаць”.

У гады рэдактарства Васіля Фёдаравіча ў Ганцавічы назіралася сапраўднае “паломніцтва” беларускіх літаратараў і дзеячаў культуры. Бо справядліва кажуць: душа да душы цягнецца, а талент да таленту. Не буду пералічваць усіх, хто жадаў скарыстацца гасціннасцю Праскурава, хто прагнуў сустрэчы з ім. Сярод найбольш вядомых гасцей ганцавіцкага рэдактара былі Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Леанід Дайнека, Алег Лойка,  Васіль Зуёнак, Алесь Жук, Піліп Пястрак, Юрась Свірка, Ігар Лучанок…

Больш за дваццаць гадоў, са снежня 1966 года, я працаваў побач з В. Ф. Праскуравым у “Савецкім Палессі”, якое ён рэдагаваў і любіў як свавольнае, але дарагое дзіця. І ўвесь гэты час я вучыўся ў яго “не пісаць, а вышываць на паперы”, як ён любіў паўтараць. Што з гэтага атрымалася? За серыю нарысаў “Галерэя: людзі абавязку” ў сярэдзіне 90-х быў удастоены прэміі “Залатое пяро” Саюза журналістаў Беларусі, Дыплома Дзяржкамдруку Рэспублікі Беларусь (цяпер Міністэрства інфармацыі) “За плённую працу ў беларускай журналістыцы”, пазней — звання  “Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў”. Я не пахваляюся сваімі заслугамі і званнямі, а проста зазначаю: усімі імі я абавязаны свайму мудраму і таленавітаму Настаўніку, урокі якога не прайшлі для мяне марна.  Урэшце, без яго б не было ні Мохара-журналіста, ні гэтых высокіх узнагарод.

Як я ўжо згадваў, Васіль Фёдаравіч і яго жонка Лідзія Сцяпанаўна доўгія дзесяцігоддзі былі сябрамі маіх бацькоў, Канстанціна Васільевіча і Марыі Іванаўны. Рэдка якое сямейнае ці дзяржаўнае свята яны не адзначалі разам — ці ў нас дома, ці ў Праскуравых. Не прайшлі без нашага ўдзелу і вяселлі ўсіх чатырох слаўных праскураўскіх дачок — Валянціны, Ірыны, Таццяны і Алены. Безліч было і сумесных паходаў у выхадныя  па грыбы і ягады.

Васіль Фёдаравіч быў душой любой кампаніі, умеў расказваць цікавыя і смешныя гісторыі, цудоўна спяваў. Ніводнае застолле з ім не абыходзілася без песень, самай любімай з якіх у праскураўскім рэпертуары была “Деревенька моя, деревянная…”.  У час спеваў на вочы яго набягала ледзь улоўная туга, ягоны голас то цішэў, то набываў гучную напеўнасць. У  словах песні, голасе выканаўцы яўна прасочвалася затоеная ў глыбіні душы туга па роднай вёсачцы Негаціна, што ў Дубровенскім раёне на Віцебшчыне, якую пакінуў 18-гадовым юнаком у 1945-м. І толькі аднойчы — праз пяць з паловай гадоў службы ў арміі сяржант Праскураў, ваенны карэспандэнт дывізіённай газеты “За Радзіму!”, наведаў родныя мясціны, каб пакланіцца дарагім магілам сваёй бабулі, маці, Санклеты Максімаўны і бацькі Фёдара Карпавіча, які памёр яшчэ напачатку вайны. Не аказалася ў вёсцы і родных сясцёр Васіля Фёдаравіча — павыходзілі замуж і раз’ехаліся хто куды. Неспадзявана яго паклікала да сябе ў Ганцавічы старэйшая сястра Ганна Фёдараўна Праходская, якая пасля заканчэння Пінскага педінстытута працавала ў Ганцавічах настаўніцай. З салдацкім рукзаком за плячыма, у прапыленым шэрым шынялі ўпершыню ступіў у 1950-м годзе на перон ганцавіцкай чыгуначнай станцыі Васіль Фёдаравіч, ступіў, каб назаўсёды застацца.

Невялічкая станцыя Ганцавічы, з яе  драўляным вакзалам яшчэ дарэвалюцыйнай пабудовы, стала вызначальнай у лёсе Васіля Фёдаравіча: тут ён сустрэў першае і адзінае каханне — Лідзію Сцяпанаўну, якая неўзабаве стала яго жонкай.

Сяброўства двух чалавек — майго бацькі і Васіля Фёдаравіча, абодвум крылы абпаліла вайна, грунтавалася на цвёрдым мужчынскім слове, вернасці і святым абавязку — помніць і шанаваць, даражыць тым, што маеш. І Васіль Фёдаравіч заўсёды помніў, даражыў і шанаваў. Ён быў шчырым, сяброўскім, бескарыслівым чалавекам, гатовым у любую хвіліну прыйсці на дапамогу кожнаму, хто ў ёй адчуваў патрэбу. Менавіта такія неацэнныя якасці характару прыцягвалі да яго людзей.  Прыгадваецца, недзе ў канцы 70-х — пачатку 80-х, у газеце “Известия” быў надрукаваны нарыс Праскурава “Зелёная рапсодия”. Публікацыя трапіла на вочы былому армейскаму сябру Васіля Фёдаравіча, з якім не бачыліся больш за трыццаць гадоў, грузіну Шалве Міхайлавічу. Той даведаўся адрас Праскурава, і неўзабаве яму патэлефанавалі з Тбілісі. Усхваляваны голас з моцным грузінскім акцэнтам выпаліў: “Ура! Вася, кацо, я тэбя нашол!”. А ў хуткім часе прыехаў у госці. Такой моцнай была іх  армейская дружба, якую не размылі дзесяцігоддзі…

Раптоўна, нечакана для ўсіх, па дарозе ў бальніцу на прыём да ўрача памёр мой бацька — спынілася сэрца…

Сёння мне балюча гаварыць, але Васіль Фёдаравіч не намнога перажыў бацьку: крыху больш, чым праз два з паловай гады, у маі 1987, перастала біцца яго неспакойнае сэрца. Крыўдна ўсведамляць, але і Васіль Фёдаравіч  памёр на 61-м годзе жыцця, калі ён знаходзіўся ў росквіце жыццёвых і творчых сіл. Трапна падмечана: смерць  часта заўчасна забірае лепшых…

Праводзіць гэтага чалавека ў апошні шлях прыйшлі не толькі ганцаўчане, на развітанне з ім прыехалі знаёмыя і сябры з усіх куткоў Беларусі, берасцейскія і мінскія літаратары, відныя партыйныя і дзяржаўныя дзеячы.

Горыч і смутак ад падобнай і вялікай страты і дагэтуль не пакідаюць маёй душы, пякуча вярэдзяць сэрца. Хаця нярэдка лаўлю сябе на думцы: для мяне ён заўсёды жывы, бо ў гадзіны раздуму ўяўна чую ягоны голас, бачу размераныя рухі, і, абавязкова, “Савецкае Палессе” ў руках, газету,  якой ён прысвяціў усё сваё жыццё, аддаў талент і розум, сілу і здароўе. Яскравы прыклад для маладога пакалення журналістаў!

Зазіраю ў шматтомную хатнюю бібліятэку, на раўнюткія паліцы кніжак. Вось шасцітомнік Янкі Купалы, двухтомнік Янкі Брыля, падпісаныя В. Ф. Праскуравым мне на дзень нараджэння, вось кніжкі самога Настаўніка з даравальнымі надпісамі мне і бацьку… Стаяць роўнымі радамі, нібы помнікі на месцы вечнага спачыну… Дарагія для мяне кнігі, падручнікі жыцця і творчасці. Я даражу ўсімі імі — ад самай першай “Святой сівізны”, выдадзенай у далёкім 1966-м, да апошняй — “Чорны хлеб” (год выдання 1984-ы). Пра пасмяротную кніжку Васіля Фёдаравіча “Наўсцяж вясковай вуліцы” згадаю пазней.

У Васіля Фёдаравіча было шмат захапленняў. На першым плане  — прырода, на ўлонні якой ён мог знаходзіцца гадзінамі, на другім, як ні дзіўна, — футбол. Добра ведаю, калі па тэлевізары трансліраваліся чэмпіянаты свету ці СССР па футболе, ад экрана яго было не адарваць. Ён захапляўся віртуознай гульнёй зорак сусветнага футбола Пеле, Марадоны, шчыра радаваўся ўдалым выступленням замежных і айчынных спартыўных клубаў. Аднак найбольш “хварэў” за мінскае “Дынама”, сваіх любімых ігракоў Малафеева, Зарэмбу, Мустыгіна, Дзенісенку. Радасць і гонар за “сваіх” былі невыказнымі, калі ў 1982-м годзе мінскае “Дынама” заваявала залатыя медалі і тытул чэмпіёна СССР па футболе, выйграўшы ў бескампраміснай барацьбе ў маскоўскага “Спартака”.

Таму праводзімы сёлета футбольны турнір на кубак імя В. Ф. Праскурава будзе лепшай данінай яго памяці.

Пасля смерці В. Ф. Праскурава ў райкаме КПБ, нязменным членам бюро якога ён быў на працягу многіх гадоў, нарадзілася думка  выдаць пасмяротную кнігу твораў журналіста і пісьменніка, якія па тых ці іншых прычынах не былі надрукаваны пры яго жыцці, надрукаваць няскончаную аповесць палескага летапісца “Наўсцяж вясковай вуліцы”. Падобную ідэю падтрымала ўпраўленне інфармацыі Брэсцкага аблвыканкама і яго тагачасны начальнік Г. С. Тамашэвіч.

Разам з паэтам Алесем Каско, жонкай Лідзіяй Сцяпанаўнай, дачкой Таццянай Васільеўнай мы “пералапацілі” архіў слыннага журналіста. У выніку намаганняў у 1995-м годзе пабачыў свет зборнік Васіля Фёдаравіча, які носіць тую ж назву, што і яго незакончаная аповесць. Пасмяротная кніжка летапісца народнага жыцця паказала ўсю глыбіню ягонага да канца не растрачанага таленту, выразна нагадала, якога даравітага мастака слова заўчасна страціла нацыянальная літаратура. Сярод іншых дакументальных матэрыялаў у зборніку змешчаны і мае ўспаміны “Мне пашчасціла быць вучнем”.

Чытаю і перачытваю кнігі В. Ф. Праскурава і, міжволі, лаўлю сябе на думцы, што быццам бы размаўляю з ім самім. А, можа,  гэта і сапраўды так! Бо слова — яно застаецца, а трапнае і ёмкае, наогул, бессмяротнае. Яго і пакінуў нам у спадчыну гэты таленавіты чалавек.

Канстанцін  МОХАР,

заслужаны журналіст,

лаўрэат прэміі “Залатое пяро”

Беларускага саюза журналістаў, былы галоўны рэдактар раённай газеты “Савецкае Палессе”.

Фота з сямейнага архіва аўтара.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Сколько лет в веке? (ответ числом)

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Ганцевичей

Сацыяльнае жыллё, ільготныя крэдыты і арэнда Дзеці-сіроты ў Беларусі будуць атрымліваць жыллё на пяць гадоў

Хотите узнать больше? Гэта прадугледжана Указам нумар 460, які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прадугледжваецца комплексная карэкціроўка Указаў ад 6 530

Пераплат за паездку быць не павінна

Хотите узнать больше? З хвалюючым пытаннем у рэдакцыю раённай газеты звярнулася жыхарка горада Ганцавічы Валянціна Н. Жанчыну цікавіла чаму веруючыя, якія едуць на малебны 446

Пажар у Макаве

Хотите узнать больше? У сераду гарэў жылы дом у Макаве па вуліцы Гагарына. Праз 12 мінут з моманту паступлення паведамлення, пажарныя-выратавальнікі прыбылі на месца 420

Ініцыятыва

Хотите узнать больше? Нядаўна на аўкцыёне прададзены будынак былой Боркаўскай школы. Яго набыў ураджэнец вёскі Хатынічы за 162 мільёны рублёў і ў наступным годзе плануе на 328

На КПД новы дырэктар (абноўлена)

Хотите узнать больше? На мінулым тыдні назначаны і прадстаўлены працоўнаму калектыву новы дырэктар Ганцавіцкага камбіната панэльнага домабудавання, якім стаў Мікалай 553

Апетыт залежыць ад пасады?

Хотите узнать больше? Чарговыя спробы крадзяжу рыбы на рыбгасе “Лактышы” прадухілілі супрацоўнікі пракуратуры раёна і райаддзела ўнутраных спраў на мінулым тыдні. Прычым 382

“Прямая телефонная линия” с руководителем Ганцевичского района

Хотите узнать больше? 21 ноября 2015 года с 9.00 до 12.00 по телефону 2-13-41 проведет “прямую линию” председатель Ганцевичского райисполкома Александр Павлович 398

“Мая прафесія — гонар маёй краіны”

Хотите узнать больше? За сорак гадоў існавання ўстановы адукацыі “Ганцавіцкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” склаліся свае традыцыі. Адной з іх з’яўляецца агляд 475