Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

ЗОЛАТА ПАЧУЦЦЯЎ І ГАДОЎ

Яшчэ некалькі тыдняў назад у прасторнай хаце Соф’і і Міхаіла Рабцэвічаў, якія жывуць у вёсцы Раздзялавічы, не было дзе яблыку ўпасці. У сямейнае гняздо гаманлівым, вясёлым роем зляталіся іх дзеці, унукі, шматлікія сваякі, сябры. Зляталіся на вяселле. Вяселле чаканае, жаданае, незвычайнае, а таму і такое хвалюючае — залатое вяселле сваіх дарагіх, родных Соф’і Мікалаеўны і Міхаіла Фёдаравіча. Святочныя сталы, застаўленыя прысмакамі, чакалі гасцей. Чакалі ўрачыста, як і некалі, калі гэтая сямейная пара спраўляла вяселлі сваім дзецям. Ажно шэсць шматгалосых маладых вяселляў звінела ў гэтай гасціннай хаце! На покуці сядзелі кожны з  пяцярых сыноў Рабцэвічаў са сваімі выбранніцамі, дачушка з жаніхом.

ЗОЛАТА ПАЧУЦЦЯЎ І ГАДОЎ

Цяпер на гэтае святое і пачэснае месца селі ўжо самі гаспадары, залатыя маладажоны — смуглявая нявеста і блакітнавокі жаніх. Гады-скараходы далікатна накінулі на іх твары вэлюм-павуцінку маршчынак, але гэтыя жыццёвыя барозначкі- ўборы зусім не параскрадвалі чыстага хараства гэтых людзей, наадварот, яшчэ больш дадалі іх адкрытым добразычлівым тварам спелай прыгажосці, цеплыні і святла. І такой жа на дзіва чароўнай, прыцягальнай засталася ўсмешка-вясёлка на іх.

Два букеты па пяцьдзесят руж кожны, якія паднеслі сваім любым бацькам іх удзячныя дзеці, зліліся ў адзін, як і жыццёвыя вёрсты залатых маладажонаў. Два залатыя пярсцёнкі, аб якіх яны нават і не марылі пяцьдзесят гадоў таму назад, удзячна ляглі ў далоні  пажылой пары — таксама як сімвалічны дарунак ад іх залатых дзяцей. Шчырая любоў родных і блізкіх да сваіх бацькоў іскрылася ў цёплых пажаданнях, якія з глыбіні любячых сэрцаў ліліся ракой. А ярчэй за словы, мабыць, гаварылі іх чулыя, ласкавыя позіркі і абаяльныя ўсмешкі, якія ўзялі дзеці ў спадчыну ад сваіх бацькоў.

…Вяселле адшумела, адгаманіла. Улягліся радасныя хваляванні. У гасцінай яшчэ красуюць кветкі, падораныя маладажонам гасцямі, нагадваюць гаспадарам то пра адно светлае імгненне нядаўняга застолля, то пра другое. З задавальненнем цешуся іх радасцю і прашу гэтых прыгожых, гасцінных людзей вярнуцца ва ўспамінах у іх маладосць.

— Цяжкай была яна, — згадвае і сваё, і мужава мінулае Соф’я Мікалаеўна. — Таты свайго я не памятаю. Ды і як было помніць, у калысачцы яшчэ была, калі ён пайшоў на фронт і загінуў у Пензе. На руках матулі-ўдавіцы засталося чацвёра дзяцей, усе дачушкі. Не бачыла свету за работаю маці, змалку за любую справу браліся і мы. Усё навучыліся рабіць. Нават касілі з сястрой. Яна смела рабіла пракосы, а я, самая малодшая ў сям’і, чамусьці саромелася касіць, калі па грэблі ішлі дарослыя касцы. А яны, спагадаючы маме і нам, бывала, і падбадзёраць, і касу падвостраць, і некалькі шырокіх пракосаў зробяць. Ужо тады дзяўчынка Зонька пачала разумець і цаніць людскую падтрымку, шчыра  спачуваць ды дапамагаць іншым.

З дзіцячых гадоў гэтыя вясковыя дзеці зразумелі: каб выжыць, стаць на ногі, трэба працаваць. Такую ж навуку прайшоў і муж Соф’і Мікалаеўны — Міхаіл Фёдаравіч. У сям’і гадавалася трынаццаць дзяцей, ён быў старэйшым. На чые плечы найбольшы груз клаўся? Вядома ж, на Мішыны. Мабыць, працавітасць, разуменне яе ролі ў лёсе чалавека ўжо тады, у далёкім дзяцінстве, ляглі цаглінкай і ў трывалы падмурак сямейных адносін Рабцэвічаў.

Вясковыя юнакі і дзяўчаты, бывала, ніколі не сядзелі без справы: дзе бацькі рупяцца, там і яны. Так спасцігалі Міша і Зоня навуку жыцця ды розныя рамёствы, якія плячэй не абцяжарвалі, на ногі ставілі. А летнімі вечарамі  вясковая моладзь збіралася на мосце, танцавала, спявала. Зімою на вячоркі хадзілі то ў адну хату, то ў другую. Там і прыкмеціла чарнавокая  Зоня высокага, стройнага юнака з вачыма-азерцамі. Здавалася ёй, што прыгажэйшых за яго ў свеце няма. А яму запала ў сэрца яна, чарнавокая прыгажуня з незвычайнай абаяльнай усмешкай, ад якой і ў люты мароз на сэрцы цяплела. Як прабегла паміж маладымі людзьмі гарачая іскрынка, так на ёй і да гэтага часу трымаецца ўтульнае цяпельца іх хатняга ачага. І дай Бог яму трымацца яшчэ б столькі гадоў!

— Я свайго Мішу і ў армію праводзіла, да самай  даліны (месца ў Раздзялавічах, дакуль праводзіць вёска прызыўнікоў) разам з усімі ішла. Чакала, сумавала. А прыйшоў дамоў — праз пэўны час і  пажаніліся.  Спачатку распісаліся ў Хатыніцкім сельсавеце. На таксі дабіраліся туды, — на прыгожым твары Соф’і Мікалаеўны загадкава расплываецца чароўная ўсмешка, і яны з Міхаілам Фёдаравічам расшыфроўваюць: (так называлі вяскоўцы некалі крытую грузавую машыну). — А назад пехатою вярталіся. Марылі пра будучае, дзяліліся задумкамі, змацоўвалі іх гарачымі пацалункамі.

Вяселле маладая пара гуляла праз два тыдні пасля Пятра  (маланкава звяраю даты: якраз сёння, у дзень выхаду нашай раёнкі, пяцьдзесят гадоў таму назад). Маладая перайшла жыць да бацькоў Міхаіла і стала ў гэтай сям’і шаснаццатай. Цёплымі, даверлівымі былі адносіны нявесткі і свекрыві, Мішавы браты і сёстры адразу палюбілі яго выбранніцу. Бывала, дзе яна — там і яны круцяцца. І абмывала іх, і апранала, і карміла, разумела, што адной свекрыві цяжка ўсюды спраўляцца. І стаўшы дарослымі, маючы свае сем’і, браты і сёстры гарнуліся да Мішы і яго жонкі, яны для яго радні  і цяпер як бацькі.

А праз год маладая сям’я ўжо жыла ў сваёй хаце, зруб якой яшчэ да вяселля стаяў для маладога. У ёй і вілі сваё сямейнае шчасце Рабцэвічы. Жылі і цяпер жывуць дружна, душа ў душу, ніколі паміж імі не ўпаў яблык разладу. Прывучаныя да працы змалку, рупіліся, завіхаліся, работа кіпела ў іх руках. Саграваемыя шчырасцю, менавіта глыбокай шчырасцю пачуццяў, любоўю, дабратой, павагай, узаемаразуменнем, —  усюды паспявалі — і па гаспадарцы ўпраўляцца, і на работу бегалі: яна — на ферму, ён — у меліярацыйных арганізацыях шчыраваў. І трывала станавіліся на ногі. Адно за адным нарадзіліся дзеці — іх сямейныя сонейкі, надзейныя памочнікі, іх радасць і надзея, іх апора і падтрымка ва ўсе часіны. “Добрыя яны ў нас”, — сціпла кажа пра сваіх шасцярых дзяцей матуля. І ўспаміны зноў вядуць Мікалаеўну ў мінулае. Згадвае: неяк “прыхапіла” Фёдаравічу паясніцу. Раяць людзі крапівою сцябаць, каб боль суцішыць. Дык хлопцы, бывала, крапівы з-пад зямлі дастануць, а каб ёю пахвастаць па бацькавай спіне, як ні прасіла матуля, —  ні за што! Нават з гуманнай мэтай. Бацька і маці для дзяцей Рабцэвічаў — гэта святое.

Многія цікавяцца рэцэптам выхавання дзяцей у Рабцэвічаў. “Праца, — кажуць яны, — праца з маленства”. А я пераканана, што самы надзейны рэцэпт — прыклад жыцця бацькоў: добрай, увішнай, мудрай Мікалаеўны і такога ж памяркоўнага, мяккага па характары, усёбачнага рупліўца Фёдаравіча, іх  шчырыя ўзаемаадносіны. Нездарма ж кажуць: дзе ў сям’і лад, там і дзеці — клад. Усе шасцёра дзяцей Рабцэвічаў  кінулі свае трывалыя якары ў роднай вёсцы. Іх дамы вылучаюцца акуратнасцю, дагледжанасцю. Глянеш на іх, на падворкі і без лішніх перакананняў разумееш: тут жывуць сапраўдныя гаспадары. Непасрэдна каля бацькоўскай хаты стаяць поруч дамы двух сыноў Рабцэвічаў. Праз вокны гэтых хат-сясцёр  з аднаго боку відаць шырокае поле мясцовай гаспадаркі, з другога — густы лес, што падступае да самых дамоў, з трэцяга — дарога ў вёску. Па гэтай дарозе выпраўлялі Рабцэвічы ў людзі і сустракалі сваіх дзяцей, па ёй праводзілі ў армію сыноў, з яе выглядалі іх, калі тыя вярталіся дамоў. Так атрымлівалася, што першай прыкмячала сваіх сыночкаў яна, матуля, і падавала радасную вестачку свайму любаму мужу. Толя, які служыў у Афганістане, на крылах ляцеў па гэтай дарозе на бацькоўскі парог. З жывымі цюльпанамі зімой, у лютым…

Кажуць: да чыстай крыніцы сцежка ўтаптана. Колькі за гады сумеснага жыцця гэтай цудоўнай сям’і гасцей пабывала ў іх хаце! Тут гасцінная гаспадыня, умелая каравайніца, захавальніца народных звычаяў, абрадаў і песень, майстрыха, удзельніца народнага гурта “Завіца” разам з мужам сустракала і тэлеаператараў, якія здымалі славуты гурт, і карэспандэнтаў розных сродкаў масавай інфармацыі, і сяброў сваіх дзяцей, унукаў. Кожнага ласкава прывецяць, словам добрым у дарогу благаславяць. І робяць гэта шчыра — я не стамляюся паўтараць менавіта такое слова. Бо шчырасць, непасрэднасць у гэтай сям’і адчуваеш паўсюдна: у словах, ва ўчынках, у пачуццях, на кожным кроку іх чыстага, светлага лёсу.

Пазалацелі гады вашага сумеснага жыцця, дарагія Соф’я Мікалаеўна і Міхаіл Фёдаравіч. Хай яшчэ пакрыюцца брыльянтамі, плацінай, а галасы вашы на родным падворку яшчэ многа-многа вёсен пераклікаюцца з галасамі салоўкаў, што так хораша спяваюць у суседнім лясочку.

Марыя ШЧАЎКУН, в. Раздзялавічы.

НА ЗДЫМКУ: залатыя маладажоны Соф’я і Міхаіл Рабцэвічы.

Фота аўтара.  

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Сколько лет в веке? (ответ числом)

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Ганцевичей

Сацыяльнае жыллё, ільготныя крэдыты і арэнда Дзеці-сіроты ў Беларусі будуць атрымліваць жыллё на пяць гадоў

Хотите узнать больше? Гэта прадугледжана Указам нумар 460, які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прадугледжваецца комплексная карэкціроўка Указаў ад 6 527

Пераплат за паездку быць не павінна

Хотите узнать больше? З хвалюючым пытаннем у рэдакцыю раённай газеты звярнулася жыхарка горада Ганцавічы Валянціна Н. Жанчыну цікавіла чаму веруючыя, якія едуць на малебны 445

Пажар у Макаве

Хотите узнать больше? У сераду гарэў жылы дом у Макаве па вуліцы Гагарына. Праз 12 мінут з моманту паступлення паведамлення, пажарныя-выратавальнікі прыбылі на месца 415

Ініцыятыва

Хотите узнать больше? Нядаўна на аўкцыёне прададзены будынак былой Боркаўскай школы. Яго набыў ураджэнец вёскі Хатынічы за 162 мільёны рублёў і ў наступным годзе плануе на 327

На КПД новы дырэктар (абноўлена)

Хотите узнать больше? На мінулым тыдні назначаны і прадстаўлены працоўнаму калектыву новы дырэктар Ганцавіцкага камбіната панэльнага домабудавання, якім стаў Мікалай 552

Апетыт залежыць ад пасады?

Хотите узнать больше? Чарговыя спробы крадзяжу рыбы на рыбгасе “Лактышы” прадухілілі супрацоўнікі пракуратуры раёна і райаддзела ўнутраных спраў на мінулым тыдні. Прычым 380

“Прямая телефонная линия” с руководителем Ганцевичского района

Хотите узнать больше? 21 ноября 2015 года с 9.00 до 12.00 по телефону 2-13-41 проведет “прямую линию” председатель Ганцевичского райисполкома Александр Павлович 395

“Мая прафесія — гонар маёй краіны”

Хотите узнать больше? За сорак гадоў існавання ўстановы адукацыі “Ганцавіцкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” склаліся свае традыцыі. Адной з іх з’яўляецца агляд 472