Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

У руплівасці і дабраце

Нярэдка думаю, якім бы было любое выданне, калі б не мела сваіх чытачоў. Яны — нашы суддзі, у іх мы чэрпаем карысную інфармацыю. Гэта дзякуючы іх парадам і падказкам мы сустракаемся з цікавымі людзьмі, даведваемся пра іх незвычайныя лёсы.

Гэты матэрыял нарадзіўся таксама дзякуючы нашай даўняй чытачцы Ніне Чыркун з вёскі Кукава-Бор. Неяк у сярэдзіне лютага яна патэлефанавала ў рэдакцыю і сціпла папрасіла расказаць на старонках “Савецкага Палесся” пра сацыяльнага работніка Зою Міхайлаву. “Добрая, чулая яна жанчына, і вяскоўцы яе вельмі паважаюць”, — далікатна патлумачыла яна свой зварот у рэдакцыю. Слухала Ніну Мікалаеўну і ўяўляла сабе немаладую жанчыну, якая ўзяла на сябе няпростую ношу — даглядаць пажылых вяскоўцаў. Мне здавалася, што ў такім маленькім населеным пункце наўрад ці застануцца жыць і працаваць маладыя людзі.

І вось у адзін з апошніх лютаўскіх дзён, па-вясенняму сонечны, лагодны, рэдакцыйная “Ніва” збочвае з цэнтральнай прасёлачнай дарогі ўправа, і перад вачыма паўстае шырокая стужка вясковай вуліцы, як я даведалася, адзінай у гэтай вёсачцы. Яна пакрысе звужаецца ды  імчыць з горкі, бадай, у саменькі лясок, што падступае да Кукава-Бора з поўдня. Здаецца, пусці тугі клубочак нітак ад крыжа-абярэга, што ахоўвае вёску ад усялякіх напасцей і які збудаваў у свой час муж нашай чытачкі Ніны Чыркун, і ён без прыпынкаў завядзе вас туды, дзе летам соладка пахнуць зёлкі, спеюць чарніцы, дзе дружна і моцна падымаюць пульхную лясную пасцель грыбы. І куды, як я даведалася пазней, любіць бегаць па дары прыроды ў вольныя, хоць і такія рэдкія ў вясковым раскладзе, хвілінкі мая новая знаёмая — Зоя Міхайлава.

 Пачуўшы гукі машыны ля сваёй хаты, яна выйшла насустрач  і адразу перакрэсліла маё завочнае ўяўленне пра сябе: маладая, стройная, з моднай стрыжкай, якая так пасавала ёй, яна неяк па-свойску, проста, звычна запрасіла ў хату і непрыкметна праклала масток даверу і адкрытасці паміж намі.

Сама Зоя Міхайлаўна не мясцовая. Яна — родам з Чашы Клецкага раёна. Так было наканавана лёсам, што першай “праклала” жыццёвую сцяжынку на Ганцаўшчыну Зоіна матуля, Анастасія Сцяпанаўна. Жанчына рана аўдавела. Цяжка было адной ставіць на ногі дачушак. Лёс і звёў яе з добрым чалавекам з Кукава-Бора. І хоць шчымела душа жанчыны, калі яна пакідала свой родны куточак, суцяшала сябе: па жыцці ступаць у пары ўсё ж лягчэй. Ды, на жаль, кароткай была іх сумесная сцяжынка: толькі восем гадоў пражылі разам. Зоя, якая працавала ў Пінску швачкай на ААТ “Трыкатажнік”, прыязджала да мамы. Пасля няўдалага замужжа і разводу  знаходзіла ля яе душэўнае суцяшэнне і падтрымку. Тут і сустрэла Зоя свайго Славу, з якім вось ужо  дваццаць гадоў ідуць па жыцці разам. І жыць сталі менавіта ў Кукава-Бары. Гэта яны, Зоя і Слава, забралі да сябе матулю, калі тая засталася адна.

Так і жывуць пад дахам адной хаты Зоя Міхайлава з сям’ёй і яе матулечка. Дружна, хораша жывуць, цешча з зяцем — як маці з сынам, ні разу паміж імі не прабег цень непаразумення ці непрыязнасці. А ўтульнай хатай, дзе пасяліліся гасціннасць, спакой і ўзаемаразуменне, стала для Зоі Міхайлаўны і яе мужа Вячаслава Уладзіміравіча былое памяшканне… вясковай лазні. Гаспадар працаваў у свой час у мясцовым калгасе, яму і прапанавалі прыстасаваць яе пад жыллё. Працавітых Зою і Вячаслава не спалохала тое, што давядзецца прыкласці шмат сіл, каб яно стала такім, якое яно ёсць зараз: з прасторнымі, светлымі пакоямі, акуратнай, аснашчанай сучаснай тэхнікай кухняй, з праведзенай у хату вадой і сантэхнічным вузлом.

“Гэта ўсё работа і старанне Славы, — стрымана, але з пачуццём павагі і ўдзячнасці кажа Зоя пра мужа. — У яго рукі залатыя і творчая жылка пульсуе. З жалезам вельмі любіць вазіцца, вось і паддаецца яно яму так паслухмяна”. І з цеплынёй у голасе дадае: “Пакажам вам, якое механізаванае прыстасаванне для выціскання соку з фруктаў, ягад і агародніны зрабіў наш няўрымслівы рацыяналізатар”. Забягаючы наперад, скажу, што атрымалася нібыта сапраўдная чысценькая, утульная лабараторыя. На сценах акуратна выкладзена гаспадаром плітка, дадаюць святла вясёлыя шпалеры, чакаюць свайго сезона акуратна раскладзеныя паддоны і іншае начынне для выціскання соку…

 Аформілі Зоя і Слава індывідуальнае прадпрымальніцтва, плацяць, як і належыць, падатак і ў летне-асенні сезон аказваюць насельніцтву свае паслугі. Ды, вядома ж, не ва ўрон асноўнай рабоце, якую любяць і адказна выконваюць. Вячаслаў Уладзіміравіч працуе па зменах на ачысных збудаваннях у Азярэччы, а Зоя Міхайлаўна — сацыяльным работнікам у гэтай невялікай, але такой прыгожай вёсачцы, якую даўно ўжо лічыць роднай. Яна і мясцовых людзей палюбіла, як блізкіх, а яны — яе.

У кожнай з пажылых жанчын, якіх даглядае Зоя Міхайлаўна, свой лёс, сваё мінулае, свае захапленні і звычкі. “Адчуваю, што мы патрэбны адны другім. Я падтрымліваю іх як сацыяльны работнік, але ж і многаму вучуся ў гэтых добрых, зычлівых, адкрытых жанчын, за плячамі якіх багаты жыццёвы вопыт, — шчыра прызнаецца Зоя. — І дзверы нашай хаты заўсёды адчынены для іх”.

 Зоя Міхайлаўна прывыкла працаваць з людзьмі. Да таго, як стала сацработнікам, чатырнаццаць гадоў шчыравала ў аддзяленні паштовай сувязі ў Востраве, была, як кажуць, штохвілінна сярод іх. Таму і не новай стала цяперашняя яе работа. Зоя любіць яе, з асаблівай цеплынёй расказвае пра жанчын, якім працягвае руку дапамогі. Зінаіда Іосіфаўна Мелехавец, напрыклад, як і яна сама, вельмі любіць кветкі, а таксама кнігі, Анэля Мікалаеўна Чыркун цудоўна вышывае, Вольга Фёдараўна Шостак шмат чытае і ахвотна расказвае Зоі цікавыя сюжэты з розных твораў. А хіба можна сумаваць з гаваркой аптымісткай Нінай Іванаўнай Паўлюк? З гэтымі і іншымі вяскоўцамі звязваюць Зою Міхайлаўну агульныя інтарэсы, захапленні. Жанчына з павагай расказвае пра Івана Ціхана, з удзячнасцю ўспамінае мужа Ніны Чыркун — Івана Васільевіча, цудоўнага чалавека, працаўніка, сем’яніна, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. А самой Ніне Мікалаеўне, прызнаецца жанчына, смела можна давяраць свае душэўныя трывогі.

І ўвогуле, заўважае Зоя Міхайлаўна, у гэтай вёсачцы жывуць і жылі руплівыя, працавітыя людзі, якія пакінулі добры след на зямлі. Шкада, што аджывае свой век Кукава-Бор. Але Зоя і Вячаслаў, нават прадбачваючы гэтую  незваротнасць, не збіраюцца шукаць сабе іншага месца, яны тут верныя пастаяльцы: шчыра рупяцца на ўласнай зямліцы, падымаюць у лесе і грыб, і ягадзінку, садовымі кветкамі аздабляюць тэрыторыю вакол свайго дома, клапоцяцца пра дзяцей.

Зоін сын ад першага шлюбу стаў для  Вячаслава Уладзіміравіча як родны. Зараз Алег, які закончыў у свой час каледж лёгкай прамысловасці і працаваў у Навагрудку механікам па швейнай вытворчасці, служыць  у арміі. Дачка Зоі і Вячаслава Ірына вучыцца ў каледжы ў Баранавічах, а заадно працуе кантралёрам-касірам у адным з магазінаў. Яна — будучы бухгалтар. Дзеці не так часта прыязджаюць дамоў, іх моцна, па ўсім відаць, прывязала да сябе гарадская цывілізацыя. Часцей бацькі бываюць у дзяцей, возяць ім вясковыя гасцінцы. “І адзін з іх — дамашнія булкі, — сціпла, з любоўю і прызнаннем выдатных кулінарных здольнасцей жонкі гаворыць Вячаслаў Уладзіміравіч. — Яны ў яе найсмачнейшыя ў свеце!”.

Хоць і не спрабавала Зоіных булак, канешне ж, веру скупой, але цвёрдай мужчынскай пахвале, бо даведалася, што Зоя Міхайлаўна — заўзяты кулінар. А вось сокам ад Зоі і Вячаслава частаваліся ўсім калектывам і думалі-гадалі, што ў ім дабаўлена такога, што ён мае такі прыемны смак і водар. Сышліся на адным: руплівасці, любові, шчырасці, дабраты, узаемаразумення. З такімі дабаўкамі нават горкая страва будзе салодкай. І нават у такой нешматлюднай вёсачцы, як Кукава-Бор, не будзе сумна і адзінока, а тутэйшыя людзі стануць найбліжэйшымі сваякамі.

Марыя ШЧАЎКУН.

На ЗДЫМКУ: у дружбе і згодзе жывуць Зоя і Вячаслаў.

Фота аўтара. 

У руплівасці і дабраце

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Спутник планеты Земля?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Ганцевичей

Сацыяльнае жыллё, ільготныя крэдыты і арэнда Дзеці-сіроты ў Беларусі будуць атрымліваць жыллё на пяць гадоў

Хотите узнать больше? Гэта прадугледжана Указам нумар 460, які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прадугледжваецца комплексная карэкціроўка Указаў ад 6 533

Пераплат за паездку быць не павінна

Хотите узнать больше? З хвалюючым пытаннем у рэдакцыю раённай газеты звярнулася жыхарка горада Ганцавічы Валянціна Н. Жанчыну цікавіла чаму веруючыя, якія едуць на малебны 448

Пажар у Макаве

Хотите узнать больше? У сераду гарэў жылы дом у Макаве па вуліцы Гагарына. Праз 12 мінут з моманту паступлення паведамлення, пажарныя-выратавальнікі прыбылі на месца 424

Ініцыятыва

Хотите узнать больше? Нядаўна на аўкцыёне прададзены будынак былой Боркаўскай школы. Яго набыў ураджэнец вёскі Хатынічы за 162 мільёны рублёў і ў наступным годзе плануе на 331

На КПД новы дырэктар (абноўлена)

Хотите узнать больше? На мінулым тыдні назначаны і прадстаўлены працоўнаму калектыву новы дырэктар Ганцавіцкага камбіната панэльнага домабудавання, якім стаў Мікалай 560

Апетыт залежыць ад пасады?

Хотите узнать больше? Чарговыя спробы крадзяжу рыбы на рыбгасе “Лактышы” прадухілілі супрацоўнікі пракуратуры раёна і райаддзела ўнутраных спраў на мінулым тыдні. Прычым 384

“Прямая телефонная линия” с руководителем Ганцевичского района

Хотите узнать больше? 21 ноября 2015 года с 9.00 до 12.00 по телефону 2-13-41 проведет “прямую линию” председатель Ганцевичского райисполкома Александр Павлович 401

“Мая прафесія — гонар маёй краіны”

Хотите узнать больше? За сорак гадоў існавання ўстановы адукацыі “Ганцавіцкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” склаліся свае традыцыі. Адной з іх з’яўляецца агляд 476