Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Невядомы заходнебеларускі паэт з-пад Баранавіч

Невядомы заходнебеларускі паэт з-пад Баранавіч

Заходнебеларускія выданні, дзе друкаваўся Язэп Вількоўшчык.
Нядаўна пабачыла свет кніга “Прыкрыты сэрца боль” Язэпа Вількоўшчыка (1898–1984) – малавядомага заходнебеларускага паэта з вёскі Гавенавічы (цяпер вёска Падгорная Баранавіцкага раёна). На старонках беларускіх віленскіх выданняў у 1930-я гады шмат друкавалася аўтараў пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі, сапраўдныя прозвішчы якіх да сённяшніх дзён нерасшыфраваныя, нераскрытыя, застаюцца нам невядомыя. Гэта дзясяткі паэтаў, празаікаў, простых карэспандэнтаў з розных рэгіёнаў былой Заходняй Беларусі, якія дасылалі навіны са сваіх вёсак, мястэчак, гарадоў. Далёка не ўсе псеўданімы раскрыў у сваім “Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI–XX стст.)” (Мн., 1983) і Янка Саламевіч (1938–2012).   Але, як кажуць у народзе, нішто нікуды не знікае і не прападае. Не знікла ў невядомасць і творчасць заходнебеларускага паэта Язэпа Вількоўшчыка. Гэта яго дзясяткі лірычных вершаў, баек друкаваліся ў віленскіх часопісах “Шлях моладзі”, “Нёман”, “Хрысціянская думка”, у газеце “Беларуская крыніца” і іншых. Пад сваімі творамі ён рэдка ставіў уласнае прозвішча – Вількоўскі, часцей за ўсё падпісваўся псеўданімамі і крыптанімамі – Язэп Вількоўшчык, Я. Вількоўшчык, Я. В. ды іншыя. Дык хто ж такі Язэп Вількоўшчык, кнігу твораў якога прыйшлося сабіраць аўтару гэтых радкоў разам з беларускім гісторыкам Сяргеем Яршом і якую мы будзем прэзентаваць на сядзібе ТБМ.   Сустрэча з Вількоўскімі  
Невядомы заходнебеларускі паэт з-пад Баранавіч

Язэп Вількоўшчык Сяргей Ёрш мне некалькі разоў нагадваў, каб я шукаў сляды Язэпа Вількоўшчыка (Вількоўскага) на Слонімшчыне. Была версія, што ён, магчыма, родам з вёскі Варонічы Слонімскага павета. “Пашукай на Слонімшчыне яго сляды, усіх Вількоўскіх апытай”, – раіў мне Сяргей Ёрш. І я паслухаў сябра. Наведаў вёску Варонічы, суседнія вёскі, але там Вількоўскіх няма і ніхто Язэпа Вількоўскага са старэйшых жыхароў не памятае. А вось у Слоніме на адну сям’ю Вількоўскіх патрапіць удалося. Ірына Аляксееўна Вількоўская шмат гадоў адпрацавала настаўніцай матэматыкі ў СШ №4 г. Слоніма, цяпер на пенсіі. Гэту жанчыну добра ведаў, таму пасля вясковых пошукаў звярнуўся да яе. На маё пытанне, ці мае якое дачыненне Язэп Вількоўскі да яе сям’і, жанчына ўпэўнена адказала, што гэта бацька яе мужа Андрэя Вількоўскага.   Не адкладваючы надоўга такую прыемную навіну, я хутка завітаў у вялікі дом Вількоўскіх. Мы гутарылі некалькі гадзін. “Тое, што бацька пісаў байкі, я ведаў раней, але што ён актыўна друкаваўся ў даваенных віленскіх выданнях, я нічога не чуў. Ды і бацька мне пра гэта не казаў. Ён быў маўклівы. У вольны час нешта пісаў. А што пісаў – мы не цікавіліся. Ён вельмі шмат чытаў: беларускую, рускую, польскую літаратуру, меў вялікую бібліятэку класічнай літаратуры. Ён з мамай жыў побач з нашым домам. Там былі ўсе яго архівы і бібліятэка. А калі бацькі, а потым маці не стала – мы гэты дом прадалі. Сёе-тое забралі сабе, астатнія паперы, здымкі, кнігі не перавозілі, не забіралі – усё засталося там, і гэтым усім распарадзіліся новыя гаспадары купленага ў нас дома”, – адразу расчараваў мяне Андрэй Вількоўскі.   Да нашай размовы далучылася і Ірына Вількоўская, а потым іх дачка Вольга. Жанчыны паказалі некалькі старых пажаўцелых ад часу дакументаў, сярод іх і “Выпіску з працоўнай кніжкі” Язэпа Вількоўскага, пачынаючы з 1944 года, а таксама фотаздымкі яго і некалькі карцін. “Свёкар быў вельмі адукаваным чалавекам, шчырым, паважаным, – пачала ўспамінаць Ірына Вількоўская. – Мой муж Андрэй – гэта яго адзіны сын. І бацькі для яго, для нас, нічога ніколі не шкадавалі, усё жыццё яму дапамагалі”.   Дачка Андрэя і Ірыны Вількоўскіх Вольга з вялікай зацікаўленасцю слухала нашу размову і была моцна здзіўлена, што яе дзед Юзік (так яны яго называлі) быў беларускім паэтам. “Мой дзядуля яшчэ добра маляваў карціны, перамалёўваў творы іншых мастакоў. Але з часам усё знікла: некалькі карцін яго скралі, іншыя ён падараваў сябрам і знаёмым. А яшчэ мне дзед казаў, што ён дзесьці закапаў скарб. Але што там ён закапаў і дзе – я не ведаю, і мама з татам таксама не ведаюць”, – прызналася Вольга.   Магчыма, той скарб захоўвае пісьмы ад Янкі Купалы, Якуба Коласа, Гальяша Леўчыка, Наталлі Арсенневай, Янкі Багдановіча, Язэпа Найдзюка, Хведара Ільяшэвіча? Паэт мог закапаць і сваю творчую спадчыну – прадбачыў, што працяглы час ёй ніхто не будзе цікавіцца. А магчыма, Язэп Вількоўскі закапаў і сапраўдны скарб манетаў. Справа ў тым, што ў 1935 годзе ён для Віленскага музея Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры падараваў шмат манет, старых выданняў і фотаздымкаў. Нават атрымаў за гэта падзяку, якую 25 ліпеня 1935 года апублікавала “Беларуская крыніца”: “Падзяка. Грам-ну Яз. Вількоўскаму ў Слоніме за дараваныя для Музея Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры: 1. Калекцыю 24 медзяных і сярэбраных, старадаўных і навейшых манэт. 2. Калекцыю папяровых грошаў. 3. Экзэмпляр “Беларускага Слова” №16 з дня 22 кастрычніка, 1920 г. Горадня. 4. Экзэмпляр час. “Mlody Literat” і альбом – шчыра дзякуе Цэнтральны ўрад БІГІК”. Так што невядома, дзе і які скарб закапаў беларускі паэт і калекцыянер.   Падчас першай сустрэчы я паказаў Вількоўскім асобнікі часопіса “Шлях моладзі” за 1930-я гады з вершамі іх бацькі і дзядулі. Пад некаторымі вершамі стаіць дата і месца напісання: г. Слонім. Мы дамовіліся, што Вількоўскія перагледзяць усе свае хатнія архівы, нават завітаюць да тых людзей, каму прадалі бацькаву хату, а раптам штось там засталося з рукапісаў, з лістоў, са старых віленскіх выданняў…   З біяграфіі Язэпа Вількоўшчыка   Язэп Вількоўшчык (сапраўднае прозвішча Вількоўскі Іосіф Андрэевіч) нарадзіўся 19 лістапада 1898 года ў вёсцы Гавенавічы былога Слонімскага павета (цяпер гэта вёска Падгорная Баранавіцкага раёна). У сям’і Вількоўскіх было яшчэ чатыры сястры і брат, які загінуў у Першую сусветную вайну. Маці нідзе не працавала – даглядала дзяцей, а таксама дапамагала мужу, які трымаў сваю прыватную невялікую краму. Усім дзецям адукацыю Вількоўскія даць не маглі, таму найбольш хваляваліся за сына Язэпа, які хацеў вучыцца.  
Невядомы заходнебеларускі паэт з-пад Баранавіч

Язэп Вількоўскі (крайні злева ) з бацькам, маці, сястрой і пляменніцай, 1930 г.
  Калі пачалася Першая сусветная вайна, рускія казакі, адыходзячы перад наступам нямецкіх войск, выгналі сям’ю Вількоўскіх, як і тысячы іншых беларусаў, у бежанства ў Расію. Яны трапілі ў Казанскую губернію. Там Язэп скончыў школу і паступіў у Казанскі медыцынскі інстытут. Сродкаў на вучобу і пражыванне не хапала, таму беларускі юнак падпрацоўваў у розных канторах: то грузчыкам, то па-мастацку распісваў сувеніры, то пісаў плакаты і афармляў стэнды. Але ўсе роўна з фінансамі была праблема, жыць і вучыцца было цяжка, а яшчэ сям’я Вількоўскіх вырашыла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Таму Язэп пакідае медінстытут і разам з бацькамі ў пачатку 1920-х гадоў вяртаецца ў родную вёску Гавенавічы.  
Невядомы заходнебеларускі паэт з-пад Баранавіч

Язэп Вількоўскі з сёстрамі Вольгай і Верай, 1914 г Атрымаўшы пэўную адукацыю ў бежанстве, ён шмат чытае, спрабуе сам пісаць вершы, верагодна, і на рускай мове. У 1927 годзе адзін з вершаў адсылае ў “Беларускую крыніцу”, а разам з ім і нейкі публіцыстычны тэкст. Неўзабаве праз рубрыку “Наша пошта” атрымлівае адказ: “Працы Вашай, на жаль, не надрукуем, бо яна напісана па-расейску. Прабуйце пісаць па-беларуску. Пішыце, што ў Вас чуваць? Верш дужа слабы і да друку не падойдзе” (“Belaruskaja krynica”, 1927, №27, 21 чэрвеня).   Сядзець склаўшы рукі ў вёсцы юнак не хацеў, таму паехаў у Вільню, дзе скончыў бухгалтарскія курсы. Падчас вучобы на гэтых курсах ён пазнаёміўся ў Вільні з беларускімі выданнямі, з творчай беларускай інтэлігенцыяй. Магчыма, ён пэўны час працаваў у былой сталіцы ВКЛ бухгалтарам. Тады і пачынае спрабаваць пісаць, але ўжо выключна на роднай мове. У 1930 годзе Язэп Вількоўскі вяртаецца дадому. Тут ён таксама знаёміцца з творчымі людзьмі: літаратарамі, мастакамі, музыкантамі, але палітыкай не займаецца. Яго вабіць творчасць, сівая даўніна роднага краю.   Дзе працаваў Язэп Вількоўскі і кім перад Другой сусветнай вайной і падчас нямецкай акупацыі – невядома. Але ў кастрычніку 1944 года, ужо пасля вызвалення, згодна з “Выпіскй з працоўнай кніжкі” ён уладкаваўся на чыгуначную станцыю Слонім на пасаду бухгалтара канторы. Да гэтай пасады ён меў ужо працоўны стаж 14 гадоў і два месяцы. На чыгуначнай станцыі Вількоўскі адпрацаваў 7 гадоў і даслужыўся да намесніка начальніка па кадрах. А потым ён працаваў бухгалтарам на Слонімскім лесазаводзе, у Слонімскай арцелі “Вторпром”, потым зноў на чыгунцы, адкуль і пайшоў на пенсію.   Пражыў Язэп Вількоўшчык 86 гадоў, яго не стала 18 сакавіка 1984 года. Пахавалі паэта на слонімскіх гарадскіх могілках.     Творчасць Язэпа Вількоўшчыка   Свае паэтычныя творы Язэп Вількоўшчык пачаў друкаваць у заходнебеларускіх выданнях у пачатку 1930-х гадоў. Асабліва плённымі для яго былі 1932–1934 гады. Напрыклад, часопісы “Нёман” і “Шлях моладзі” не паспявалі ўсё дасланае ім друкаваць. Малады аўтар нават выказваў у пісьмах сваю крыўду. Але рэдакцыі выданняў яго супакойвалі, рабілі пэўныя заўвагі, парады праз “Паштовыя скрынкі”, якія друкаваліся на апошніх старонках. Вось некалькі адказаў на дасланыя творы Язэпам Вількоўшчыкам: “За пажаданні для часопіса і прысланыя вершы дзякуем. Прысылайце болей. Талент паэтычны маеце. Працуйце болей над тэхнікай” (“Нёман”, 1932, №3). “Пісьмы і матэрыялы атрымалі, шчыра дзякуем, падробнасці будуць у пісьме, якое ў хуткім часе вышлем” (“Шлях моладзі”, 1933, №2). “Усё атрымалі, дзякуем. Як бачыце, карыстаем. “Шлях моладзі” таксама высылаем паводле жадання. За параду шчырае дзякуй” (“Шлях моладзі”, 1934, №1). “За прывітанне (маецца на ўвазе 5-годдзе “Шляху моладзі”. – С.Ч.) шчырая падзяка. Перапрашаем, што з прычыны нястачы месца ў гэтым нумары не змаглі мы нічога даць з Вашых твораў” (“Шлях моладзі”, 1934, №2).  
Невядомы заходнебеларускі паэт з-пад Баранавіч

Язэп Вількоўшчык. Мастак Г. Саўчук. 1940 год Язэп Вількоўшчык не толькі займаецца творчасцю, але і дапамагае распаўсюджваць віленскія беларускія выданні на сваёй маленькай радзіме. “Беларуская крыніца” 17 студзеня 1932 года пісала: “Дзякуем, надрукуем, пішыце больш. Вельмі пажадана, каб у якой-небудзь кнігарні ў Вас прадаваліся беларускія газеты. Пастараемся навязаць з імі зносіны. А можа Вы пагаворыце? Рапат (зніжка кошту з тавара. – С.Ч.) дамо 50 працэнтаў”. І паэт шчыра дапамагаў распаўсюджваць беларускія газеты і часопісы.   Хутка  літаратар з Гавенавіч становіцца вядомым у Вільні. Таму не дзіўна, што ў студзені 1933 года на яго хатні адрас прыходзіць запрашэнне ад старшыні студэнцкай арганізацыі “Таварыства прыяцеляў беларусаведы” Станіслава Станкевіча: “З мэтаю зазнаямлення шырэйшых кругоў беларускага грамадзянства з маладой беларускай літаратурай у Заходняй Беларусі і яе прадстаўнікамі, Таварыства прыяцеляў беларусаведы пры У.С.Б. (універсітэце імя Сцяпана Батуры. – С.Ч.) у хуткім часе ладзіць у Вільні аўтарскі вечар, на якім запрошаныя паэты будуць чытаць свае творы. Вечар адбудзецца ў сакавіку г.г., дакладны ж тэрмін вечара ўстановіцца толькі пасля паразумення з паэтамі, запрошанымі дзеля ўчасця ў вечары. У сувязі з вышэйшым урад Таварыства мае гонар Вас запрасіць дзеля ўчасця ў вечары і паведаміць нас аб сваёй згодзе і аб тым, які дакладна тэрмін найлепш Вам адпаведны (дзеля прыезду ў Вільню). Пажадана было б, каб Вы паведамілі, якія творы будзеце магчы прачытаць на вечары. Таварыства спадзяецца, што не адмовіце яго запрашэнню і згодзіцеся прыбыць на азначаны час у Вільню і выступіць на ўспомненым вечары. Пасля атрымання ад Вас адказу, безадкладна паведамім аб дакладным тэрміне вечара. Дзеля ўчасця ў вечары запрошаны наступныя паэты: Н. Арсеннева, М. Машара, М. Васілёк, А. Бартуль, Х. Ільяшэвіч, Ст. Грынкевіч, Я. Быліна, Я. Вількоўшчык і Б. Кляпацкі. З пашанаю Станіслаў Станкевіч”.   Язэп Вількоўшчык быў рады запрашэнню і даў згоду на прыезд у Вільню. У канцы лютага 1933 года з Вільні ён зноў атрымлівае ліст: “Яго міласці паважанаму грам. Язэпу Вількоўшчыку. Вельмі дзякуем за згоду прыняць удзел у Літаратурным вечары і адначасна паведамляем, што ўспомнены вечар адбудзецца дня 7 мая (нядзеля) г. г. у адной з залаў Віленскага ўніверсітэта. Па меры магчымасці просім Вас асабіста прыбыць на азначаны тэрмін у Вільню, у праціўным выпадку прыслаць нам некалькі лепшых сваіх твораў дзеля прадэкламавання іх на вечары. Пажадана, каб гэтыя творы былі не друкаваныя. Творы, прысвечаныя дзеля адчытання на вечары, пажадана, каб былі нам прысланыя не пазней, як за месяц перад вечарам. З глыбокай пашанаю за ўрад таварыства старшыня Ст. Станкевіч, сакратар Я. Хвораст”.   На жаль, Язэпу Вількоўскаму не ўдалося прыехаць у Вільню. Аднак 7 траўня 1933-га на “Вечары паэтаў Заходняй Беларусі” гучалі яго вершы – іх чыталі беларускія студэнты, разам з творамі Арсенневай, Ільяшэвіча, Машары. А Станіслаў Станкевіч распавёў крыху прысутным пра Вількоўшчыка.  
Невядомы заходнебеларускі паэт з-пад Баранавіч

Марыя Вількоўская (Галуза) - жонка Язэпа Вількоўскага
Вершы Язэп Вількоўшчык пісаў на самыя розныя тэмы. Найперш яго хваляваў лёс роднай Бацькаўшчыны, якой ён спяваў “сумныя песні”, бо перажываў за матку-Айчыну, якую “сэрцам кахаў”, за лёс свайго народа. Разам з тым заходнебеларускі паэт адрасаваў свае паэтычныя радкі і тым, хто змагаўся за Радзіму і за гэта “пайшоў у турму”.   Пісаў паэт і пра простых людзей, якія жылі з ім побач, якія працавалі на роднай зямлі, а маладых паэтаў ён заклікаў у “край адраджэння, свабоды для ўсіх”.   Шмат вершаў у паэта напісалася пра жыццё і смерць. Быў у яго цяжкі перыяд – у першай палове 1933 года. Ён у той час апынуўся ў Слоніме беспрацоўным (ці не гэта прычына, чаму ён не змог паехаць у Вільню?). Нават адзін з допісаў ён падпісаў псеўданімам Безработны. Нярэдка ў сваіх творах паэт разважае над лёсам свайго народа, які яго хвалюе. Дарэчы, ён добра быў знаёмы з Бібліяй, цікавіўся гісторыяй Беларусі, еўрапейскай міфалогіяй. Па вершах Язэпа Вількоўшчыка можна меркаваць, што гэты чалавек валодаў літаратурнымі здольнасцямі, самабытным паэтычным талентам, лёгка мог раскрыць характар сацыяльных змен і зрухаў.   У другой палове 1930-х гадоў Язэп Вількоўшчык шмат пачаў пісаць для дзяцей. У 1936 годзе ён супрацоўнічаў з віленскім беларускім дзіцячым часопісам “Пралескі”. У 1937-м на дзіцячай старонцы “Васількі” ў часопісе “Хрысціянская думка” апублікаваў невялікія гістарычныя нарысы пра князёў Вялікага Княства Літоўскага – Гедыміна, Альгерда, Кейстута, Ягайлу, Вітаўта.   Пісаў заходнебеларускі паэт і байкі. Мажліва, яны ў яго нават атрымліваліся лепш за лірычныя вершы.  
Невядомы заходнебеларускі паэт з-пад Баранавіч

Усё, сказанае вышэй пра Язэпа Вількоўшчыка і яго час, наводзіць на думку: чаму пра паэта ў савецкі час і да нядаўняга часу ніколі не згадвалі ў сваіх кнігах даследчыкі літаратуры Заходняй Беларусі Уладзімір Калеснік, Арсень Ліс, Аляксей Пяткевіч, Мікола Мікуліч? Чаму Уладзімір Калеснік не ўключыў у складзеныя ім кнігі “Сцягі і паходні” (Мн., 1965) і “Ростані волі” (Мн., 1990) ніводнага верша Язэпа Вількоўшчыка? А Мікола Мікуліч у сваёй кнізе “Паэзія Заходняй Беларусі (1921–1939)” (Мн., 2010. С.116) пра Язэпа Вількоўшчыка згадаў толькі ў адным сказе: “Асаблівасці лірыка-апавядальнай стылявой плыні былі дамінуючымі ў творах многіх іншых заходнебеларускіх аўтараў, таленавітых прадстаўнікоў масавай самадзейнай паэзіі, – Я. Вількоўшчыка, У. Казаровіча, Ф. Каравацкага, С. Новіка-Пеюна”.   Паважаны доктар філалагічных навук Арсень Ліс шчыра адказаў: “Таму што мы мала пра яго што ведалі. Чыталі яго творы ў заходнебеларускіх выданнях, але дзе ён жыў, як склаўся ягоны лёс – ніхто з нас не чуў. Мы даследавалі творчасць больш вядомых літаратараў Заходняй Беларусі – Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Алеся Салагуба, Леапольда Родзевіча, Міхася Васілька і іншых”.   Вядома, з Арсенем Лісам можна пагадзіцца. Тым больш што ён вельмі ўзрадаваўся, калі я сказаў, што адшукаў у Слоніме сына Язэпа Вількоўшчыка Андрэя Вількоўскага.   Дарэчы, у той дзень, калі я развітваўся з Андрэем Іосіфавічам, ён прынёс бутэльку самаробнага віна і сказаў: “Бацька мой вельмі ўмеў ставіць добрае віно. У яго былі старыя нямецкія і польскія прыгожыя бутэлькі, куды ён віно наліваў, а потым ім частаваў гасцей. Ён і мяне навучыў рабіць такое віно. Хачу вас пачаставаць”. Мы прыселі за стол, а спадар Андрэй напоўніў шклянкі чырвоным віном і мы памянулі яго бацьку – выдатнага беларускага паэта былой Заходняй Беларусі з-пад Баранавіч Язэпа Вількоўшчыка, з кнігай твораў якога вам, шаноўныя чытачы, будзе мажлівасць пазнаёміцца.
Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: Первый месяц лета?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Барановичей

ФК «Барановичи» 16 июля в 18.30 играет с мозырской «Славией»

Хотите узнать больше? ФК Барановичи - Славия-Мозырь В рамках  1/16 финала борьбы за футбольный Кубок страны в четверг, 16 июля, на стадионе «Локомотив» ФК «Барановичи» 1 019

Пад Баранавічамі ўзгадалі растралянага святара, які ратаваў габрэйскіх дзяцей

Хотите узнать больше? Дзень малітоўнай памяці святароў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, расстраляных у 1942 годзе, адзначылі ў Палонцы Фото: http://catholic.by 13 ліпеня ў 904

В Барановичском районе в ДТП столкнулись «Мерседес», «Фиат» и «Шкода»

Хотите узнать больше? Три машины столкнулись в Барановичском районе Фото: Олег ПУГАЧ Авария произошла утром 13 июля на автодороге Барановичи – Молчадь – Дятлово, вблизи 2 292

В Барановичах после общественного обсуждения 2-й Профессиональный переулок переименуют в ул. Чернышевского

Хотите узнать больше? Ответ горисполкома От жителей города поступило два предложения: назвать данный участок ул. Несвижской или Миловидской, но чиновники решили по-своему. 938

Под Барановичами неожиданный смерч «прошил» гараж, срывая шифер с крыши

Хотите узнать больше? Смерч вырвал полосу шифера с одной стороны крыши. Фото: Юрий ПИВОВАРЧИК Атмосферный вихрь внезапно образовался 13 июля в д. Гирово и так же внезапно 1 169

Жительнице Барановичей родственники подарили деньги и заплатили налог на этот «подарок»

Хотите узнать больше? Горожанка указала в декларации о доходах и имуществе то, что бабушка с дедушкой подарили ей крупную сумму денег. В налоговой выяснили, что расходы 3 015

Двое браконьеров из Барановичского района расставили 10 сетей

Хотите узнать больше? Фото предоставлено Барановичской межрайонной инспекцией охраны животного и растительного мира при Президенте Республики Беларусь. Рыбаки были 1 844

В Барановичах брестский «Буг» почти километр преследовал пьяного скутериста

Хотите узнать больше? Сотрудники ОСВ ДПС «Буг» ГАИ УВД гнались за водителем скутера 800 метров. У мужчины в выдыхаемом воздухе обнаружено более 2 промилле алкоголя. Как 1 078