Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Спайсы авалодваюць Баранавічамі

Спайсы авалодваюць Баранавічамі

Фото: Дзмітрый Макарэвіч
  Хімічныя псіхатропы ўпэўнена крочаць па краіне, не абмінаючы на сваім шляху Баранавічы. Спецыялісты гавораць, што пад уплыў новых наркотыкаў трапляюць самыя розныя слаі насельніцтва – «спайс кураць школьнікі, механізатары, зваршчыкі». 
Жахлівая гісторыя здарылася ў Баранавічах два тыдні таму – адразу тры незнаёмыя паміж сабою чалавекі ў адзін дзень(!) патрапілі ў гарадскую бальніцу з наркатычным атручваннем. Двое з іх — непаўнагадовыя, адна — дзяўчынка.
Вучаніцы аднаго з прафесійных ліцэяў стала «кепска» яшчэ на першых уроках — медыкі забралі яе ў бальніцу з падазрэннем на атручванне спайсам. Праз некалькі гадзінаў дактарам дадалося працы — жыхары аднаго з дамоў па вул. Паркавай заўважылі юнака, які сядзеў на лесвічнай пляцоўцы ў лужыне ўласнай ірвоты. Стан хлопца быў настолькі цяжкім, што яго прыйшлося выратоўваць у рэанімацыі. А трэцяга пацярпелага ў той дзень выпадкова знайшлі ў прыбіральні Палаца дзіцячай творчасці – 21-гадовы хлопец «адключыўся» праз некалькі хвілінаў пасля ўжывання наркотыка.   Гэта не першыя гісторыі аб аматарах хімічных псіхатропаў у нашым горадзе – зусім нядаўна вучань Барысаўскага ліцэя, што прыехаў да брата ў адну з вайсковых часцей Баранавіч, спрабаваў распаўсюдзіць там спайс, аднак няўдалага «барыгу» затрымалі. Пры гэтым высветлілася, што спажыўцом курыльных сумесей быў не толькі сваяк затрыманага, але і ягоныя саслужыўцы.   Яшчэ адным гучным выпадкам стала затрыманне на ўроку дзесяцікласніка, кандыдата ў майстры спорту па боксе, які прыйшоў на заняткі з 18-цю грамамі спайсу ў кішэні. Пры гэтым на крымінальную сцежку выходзяць не толькі дзеці, але і тыя, хто па логіцы павінен іх вучыць — у пачатку года міліцыя выкрыла маладую настаўніцу, якая распаўсюджвала наркотыкі ў школе! Для спайсавых злачынстваў не існуе «групы рызыкі», кажуць спецыялісты, – «спайс кураць школьнікі, механізатары, зваршчыкі».
— Гандаль спайсамі і курыльнымі сумесямі адбываецца ў вар’яцкім тэмпе! І колькасць людзей, уцягнутых у гэты працэс, расце. Ужо разглядаліся справы па спайсах у дачыненні да механізатара, майстра будаўнічага кіравання, газаэлектразваршчыка і г.д., – расказаў намеснік старшыні суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Васіль Петрыў падчас прэс-канферэнцыі 17 кастрычніка.   Хто і як распаўсюджвае ў Баранавічах спайсы?
У міліцыі кажуць, што праз некаторы час пасля пачатку ўжывання псіхатропаў чалавек сам пераўтвараецца ў гандляра – з-за патрэбы ў грашах на наркотыкі.
– У Баранавічах «барыжаць» як хто можа, – расказаў «ІР» оперупаўнаважаны аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянню гандлю людзьмі Баранавіцкага ГАУС Сяргей Баталевіч. – Бывае, што перадаюць з рук у рукі, а бывае, калі прадаюць праз так званыя «закладкі»: пакупнік кладзе на інтэрнэт-рахунак гандляра пэўную суму грошай, за што атрымлівае каардынаты схованкі, дзе знаходзіцца яго доза.
Вядома, што ва ўсіх такіх выпадках абарот забароненых рэчываў караецца законам — ужо 16 чалавек у гэтым годзе адправіліся за краты па «спайсавых» артыкулах. Пры гэтым двое з іх непаўнагадовыя, а мінімальны прысуд — 8 гадоў пазбаўлення волі!
– Людзей вабіць нейкая ўяўная «легальнасць» і «бяспека», – тлумачыць чыннікі папулярнасці спайсаў сярод насельніцтва Сяргей Баталевіч, – але гэта ўсё прапаганда і дэзінфармацыя! Легальных курыльных сумесей няма і не будзе — усе яны, без увагі на хімічную формулу, забароненыя законам! Але, згодна з міліцэйскай статыстыкай, крымінальная адказнасць, падобна, не вельмі палохае наркаманаў і распаўсюднікаў: калі за ўвесь мінулы год у Баранавічах узбудзілі 80 «спайсавых» справаў, то толькі за дзевяць месяцаў бягучага года — ужо 110!   Колькі вам трэба, каб не прачнуцца, ніхто не ведае
Баранавіцкі наркалагічны дыспансер правёў уласныя даследванні, па выніках якіх высветліў сярэдні ўзрост, у якім чалавек робіць першую «зацяжку» спайсам у Баранавічах — гэта чатырнаццаць з паловаю гадоў. Але, як сцвярджае загадчыца дыспансера Марыя Шылькова, да іх прыходзяць і куды больш юныя аматары хімічных рэчываў.
– Былі ў нас дзеці і па 12–13 гадоў, якія ўжо залежныя ад спайсаў. Жах нейкі, — расказала «ІР» Марыя Шылькова, – варта разумець, што ўсяго некалькі месяцаў сталага ўжывання такіх рэчываў могуць прывесці да непазбежных пашкоджанняў свядомасці.
Як запэўнівае доктарка, ад псіхатропных наркотыкаў пакутуюць лобныя долі мозгу, што вядзе да страты волі, некантраляваных учынкаў і псіхічных адхіленняў.
— Я асабіста некалькі чалавек адправіла лячыцца ў Навінкі — у іх развіўся псіхоз, падобны да шызафрэніі, а разам з гэтым і кардыялагічныя праблемы, бо пры перадазіроўцы спайсам часта збіваецца сардэчны рытм, што можа прывесці нават да смерці.   Спайсы — гэта наркотык кустарнай вытворчасці, колькі там актыўнага рэчыва капнулі на травяную аснову, не ведае ніхто. А арганізмы ва ўсіх розныя, таму зноў жа — колькі вам трэба для таго, каб раз удыхнуць і больш не прачнуцца, таксама ніхто не ведае, – падагульніла загадчыца Баранавіцкага наркалагічнага дыспансера.     Прыкметы таго, што вашы дзеці ўжываюць спайс   * У дзіцяці чырвоныя вочы і незвычайна пашыраныя зрэнкі, якія не рэагуюць на змену асвятлення. * Падлетак пачынае ўжываць некаторыя словы не па тэме ці ў яго лексіконе з’яўляюцца новыя выразы, кшталту «полка», «вес», «грам», «маркі», «закладка», «мікс», «кіслата», «рэагент», «аснова». * Падлетак выглядае нібыта п’яным, але алкаголем ад яго не пахне. На звароты іншых людзей рэагуе марудна ці ўвогуле іх ігнаруе. * З’яўленне ў ягоных рэчах падазроных пакецікаў з травою, складзеных на некалькі частках купюраў малога наміналу, фальгі, невядомых прыладаў у выглядзе піпетак ці мініяцюрных табачных трубак. * Раптоўная змена кампаніі, рэжыму дня. Адмова ад сталых звычак і спыненне наведвання гурткоў і секцый.   Калі паводзіны вашых дзяцей падаюцца вам падазронымі і навідавоку прыкметы ўжывання наркотыкаў, звяртайцеся па кансультацыю ў гарадскі наркалагічны дыспансер па нумарах: 48-73-84, 49-99-80.       Што рабіць, калі вы ўбачылі чалавека ў стане наркатычнага ап’янення?   Парады загадчыцы наркалагічнага дыспансера Марыі Шыльковай:   – У чалавека, які абкурыўся спайсам, звужваюцца сасуды і пачынаецца кіслародны недахоп — наркаман адчувае гэта і любым чынам спрабуе патрапіць на свежае паветра. Пры гэтым праз што выходзіць — дзверы ці вокны, ролі не мае. Таму трэба пільна сачыць за тым, каб чалавек не забіў сам сябе.    Таксама ў такім стане любіцеля спайсаў могуць пераследваць розныя жудасы і д’яблы, у якіх «пераўтвараюцца» людзі побач – засцерагайцеся блізка падыходзіць да наркамана, калі той дэманструе відавочную агрэсію.
Яшчэ верагодны варыянт, калі чалавек проста губляе прытомнасць, бялее, і ў яго пачынаецца прыпадак кшталту эпілептычнага – тады трэба не дазволіць яго галаве разбіцца ў сутаргах аб асфальт.
Але першасна – адразу выклікайце хуткую дапамогу. Можа наступіць такі момант, калі выратаваць чалавека могуць толькі медыкі.    
Трэба ведаць   Што можа з вамі здарыцца, калі вы пакурыце спайсу?  
Гэта не прыдуманыя гісторыі, гэта гісторыі тых, хто пакаштаваў спайс. Падобныя выпадкі могуць здарыцца з вамі. 
 
Патрапіць у турму: Мінімальны тэрмін зняволення за распаўсюд спайсаў – 8 гадоў! Максімальны – 13. А толькі за захоўванне псіхатропаў можна адправіцца ў турму на 5 год.
 
Вы можаце выкалаць суседу вочы: У Гомелі кампанія з трох чалавек ужыла хімічныя наркотыкі, пасля чаго адзін з дзецюкоў назаўсёды пазбавіўся зроку – вочы яму выкалалі ягоныя сябры пад уплывам спайсаў. Пацярпеламу ўсяго 23 гады.
 
Вы можаце разбіцца, скокнуўшы праз акно: У Мінску хлопец з дзяўчынаю, папярэдне ўжыўшы спайс і чамусьці распрануўшыся, разам скокнулі з шостага паверха. Юнак не выжыў, а яго 15-гадовай сяброўцы пашанцавала.
 
Вы можаце парэзаць сабе жывот: Два мінчукі, пакурыўшы спайсы, уявілі, што яны робаты. І, каб глянуць на свой унутраны склад і «запчасткі», пачалі рэзаць адзін аднаму жываты. У выніку аднаго з наркаманаў, які бегаў па надворку з распоратым жыватом, заўважылі мінакі і выклікалі медыкаў.
 
Вы можаце наўпрост загінуць: У пачатку года ў сталіцы загінула ўраджэнка Баранавіч, студэнтка першага курса БДУ. Выдатніца ў школе і кандыдатка ў майстры спорту па гімнастыцы проста паспрабавала невядомае рэчыва і загінула. Папярэдне, праз ацёк лёгкіх і недахоп кіслароду.
Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Комментарий (Максимум 1000 символов)

Вопрос: 24 часа это - ?

Вы знаете что-то интересное или важное и готовы этим поделиться?
Обязательно свяжитесь с нами, это очень просто!

Выберите удобный способ для связи или напрямую отправьте сообщение в редакцию через форму на этой странице.

Govorim.by

vk.com/govorimby

Внимание! Новости рекламного характера публикуются по предварительной договорённости. Подробнее цены на размещение рекламы смотрите здесь

Хотите сэкономить 30% на изготовлении кухни или шкафа-купе?

Новости Барановичей

ФК «Барановичи» 16 июля в 18.30 играет с мозырской «Славией»

Хотите узнать больше? ФК Барановичи - Славия-Мозырь В рамках  1/16 финала борьбы за футбольный Кубок страны в четверг, 16 июля, на стадионе «Локомотив» ФК «Барановичи» 1 019

Пад Баранавічамі ўзгадалі растралянага святара, які ратаваў габрэйскіх дзяцей

Хотите узнать больше? Дзень малітоўнай памяці святароў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, расстраляных у 1942 годзе, адзначылі ў Палонцы Фото: http://catholic.by 13 ліпеня ў 904

В Барановичском районе в ДТП столкнулись «Мерседес», «Фиат» и «Шкода»

Хотите узнать больше? Три машины столкнулись в Барановичском районе Фото: Олег ПУГАЧ Авария произошла утром 13 июля на автодороге Барановичи – Молчадь – Дятлово, вблизи 2 292

В Барановичах после общественного обсуждения 2-й Профессиональный переулок переименуют в ул. Чернышевского

Хотите узнать больше? Ответ горисполкома От жителей города поступило два предложения: назвать данный участок ул. Несвижской или Миловидской, но чиновники решили по-своему. 938

Под Барановичами неожиданный смерч «прошил» гараж, срывая шифер с крыши

Хотите узнать больше? Смерч вырвал полосу шифера с одной стороны крыши. Фото: Юрий ПИВОВАРЧИК Атмосферный вихрь внезапно образовался 13 июля в д. Гирово и так же внезапно 1 169

Жительнице Барановичей родственники подарили деньги и заплатили налог на этот «подарок»

Хотите узнать больше? Горожанка указала в декларации о доходах и имуществе то, что бабушка с дедушкой подарили ей крупную сумму денег. В налоговой выяснили, что расходы 3 015

Двое браконьеров из Барановичского района расставили 10 сетей

Хотите узнать больше? Фото предоставлено Барановичской межрайонной инспекцией охраны животного и растительного мира при Президенте Республики Беларусь. Рыбаки были 1 844

В Барановичах брестский «Буг» почти километр преследовал пьяного скутериста

Хотите узнать больше? Сотрудники ОСВ ДПС «Буг» ГАИ УВД гнались за водителем скутера 800 метров. У мужчины в выдыхаемом воздухе обнаружено более 2 промилле алкоголя. Как 1 078